Айчыны верныя сыны

Тарасава, М. Айчыны верныя сыны / М. Тарасава // Магілёўская праўда. — 1986. — 11 студзеня.

У шматвяковай гісторыі нашай Радзімы нямала выдатных дат. Асаблівае месца сярод іх належыць дню 14 снежня 1825 года. Калі «Расія ўпершыню ўбачыла рэвалюцыйны рух супраць царызму». У той дзень «лепшыя з дваран» — Дзекабрысты — выступілі супраць самаўладдзя і прыгоннага права.» Рэвалюцыйныя хваляванні ў Пецярбургу, на Украіне, у Беларусі ў канцы 1825— пачатку 1826 гадоў — звенні аднаго ланцуга: вызваленчага руху ў Расіі першай чвэрці XIX стагоддзя. Самай яркай яго праявай быў рух дзекабрыстаў.

У гісторыі дзекабрызма Беларусі належыць асаблівае месца. Быў звязаны з першым этапам рускага вызваленчага руху і наш старажытны горад. У Магілёве 1 лютага 1801 года нарадзіўся Сямён Пятровіч Юшнеўскі — родны брат аднаго з дырэктараў Паўднёвага таварыства генерала А. П. Юшнеўскага. У Магілёўскім езуіцкім пансіёне вучыўся член Паўднёвага таварыства Мацвей Дзям’янавіч Лаппа. Член Паўночнага таварыства Валерыян Міхайлавіч Галіцын пасля адбыцця ссылкі ў Сібіры і службы на Каўказе радавым атрымаў дазвол выехаць на лета 1841 года ў маёнтак сястры — мястэчка Хіславічы Магілёўскай губерні.

Трагічна склаўся лёс ураджэнца Магілёўскай губерні Ігнація Ракузы. У 1821 годзе «за грубасць і дзёрзкасць супраць начальства» яго разжалавалі з паручнікаў у радавыя з пазбаўленнем дваранства. І. Ракуза, не раздумваючы, стаў пад рэвалюцыйныя сцягі і быў узяты на полі бою са зброяй у руках. У час допытаў, катаванняў Ігнацій Ракуза захварэў псіхічна, аднак гэта не перашкодзіла царызму прыгаварыць яго да неверагоднага пакарання — 6000 удараў шпіцрутэнамі. У час прывядзення прыгавору Ракуза памёр.

У Магілёве служылі члены Саюза благадзенства — палкоўнік А. А. Авенарыўс і палкоўнік В. І. Гурко. Яны знаходзіліся пры штабе 1-й арміі, галоўная кватэра якой з 1815 па 1832 год знаходзілася ў Магілёве.

У 1825 годзе ў Магілёве была створана «паўуправа» Паўночнага таварыства. Стваральнікамі яе былі ад’ютанты галоўнакамандуючага 1-й арміі П. П. Цітоў і В. А. Мусін-Пушкін. Паручнік лейб-гвардыі кірасірскага палка Пётр Паўлавіч Цітоў стаў членам Паўночнага таварыства ў 1824 годзе. У тайнае таварыства яго прыняў М. М. Нарышкін — адзін з кіраўнікоў Магілёўскай арганізацыі Паўночнага таварыства. Цітоў ведаў аб патаемнай мэце таварыства: увядзенні канстытуцыі. Па даручэнню таго ж М. М. Нарышкіна П. П. Цітоў за год да паўстання ўстанавіў у Магілёве паўуправу і прыняў у яе двух членаў — Гвоздзева і Жамчужнікава. У пачатку 1826 года ён быў арыштаваны, заключаны у Петрапаўлаўскую крэпасць. У час следства Цітоў упарта адмаўляў сваю прыналежнасць да таварыства, адкрыў суддзям вельмі нямногае. Па прыгавору Мікалая І быў сасланы ў Омскі гарнізон.

Дзейнасць магілёускай паўуправы яшчэ не да канца вывучана, спадзяюся, што будуць адкрыты новыя цікавыя старонкі гэтай гісторыі.

З Магілёвам звязаны і трагічныя дні следства над удзельнікамі паўстання. Праз штаб 1-й арміі адпраулялі ў Пецярбург многіх дзекабрыстаў. Пры самім штабе у студзені—лютым дзейнічала следчая камісія па справе афіцэраў Чарнігаўскага палка. Першыя Допыты вядомых дзекабрыстаў, кіраўнікоў Васількаўскай управы Паўднёвага таварыства С. І. Мураўёва-Апостала і М. П. Бястужава-Руміна праходзілі таксама у Магілёве. 13 л!пеня 1826 года на кронверку Петрапаўлаўскай крэпасці яны былі пакараны смерцю разам са сваімі таварышамі — рэвалюцыянерамі П. І. Пестэлем, К. Ф. Рылеевым і П. Г. Кахоўскім.

Памяць аб дзекабрыстах жыве, мы захапляемся іх подзвігам.

М. ТАРАСАВА,
старшы навуковы супрацоўнік філіяла абласнога краязнаўчага музея.