Каля вытокаў

Ільюшэнка, М. Каля вытокаў / М. Ільюшэнка // Магілёўская праўда. — 1989. — 1 красавіка.

На ўсёй прасторы, далучанай у 1772 годзе да Расіі, з насельніцтвам у 1360 тысяч душ, адукацыя цалкам знаходзілася ў руках рымска-каталіцкага духавенства. У асноўным на гэтай ніве працавалі іезуіты. У Полацку, Віцебску, Оршы, Магілёве і Мсціславе яны ўтрымлівалі свае калегіі, у якіх шляхецкія юнакі і атрымлівалі адукацыю. Пра вучобу простага народа рымска-каталіцкае духавенства не клапацілася. У 1775 годзе зроблена бы­ло першае распараджэнне аб паўсямесным будаўніцтве вучылішчаў у Расіі. У састаў курса павінны былі ўвайсці наступныя прадме­ты: закон боскі для дзяцей праваслаўнага спаведання, чытанне, пісьмо, арыфметыка і маляванне. Настаўнікі абавязаны былі клапаціцца і аб тым, каб падлеткі прывучаліся да культуры ўзаемаадносін і акуратнасці. Рэкамендавалася назіраць «каб пакоі былі чыстыя, падлога кожны дзень вымяталася і паветра ў іх перамянялася адкрыццём вокнаў летам на ўвесь дзень, каб дзеці ад духаты ў пакоях не пацярпелі ў здароўі сваім пашкоджання».

Назначэнне настаўнікаў і іх звальненне, назіранне за тым, каб вучні і школы своечасова атрымлівалі патрэбнае ім утрыманне, уваходзіла ў абавязак загадаў грамадскага догляду. Але, трэба заўважыць, гэтыя установы ствараліся марудна і не заўсёды. Імператрыцы Кацярыне II было вядома становішча спраў. Зрабіўшы у 1780 годзе паездку праз Полацк у Магілёў і адтуль у Пецярбург праз Смаленск, Ноўгарад, імператрыца не знайшла зусім вучылішчаў не толькі ў многіх павятовых гарадах, але і ў губернскім Пскове.

Галоўнай прычынай затрымкі была адсутнасць падрабязнага статута пачатковых вучылішчаў, поўная ад­сутнасць падручнікаў і дапаможнікаў. А таксама недахоп настаўнікаў. На Віцебшчыну і Магілёўшчыну палажэнне аб зацвярджэнні губерняў распаўсюджана бы­ло толькі ў 1778 годзе. Таму рускія школы тут сталі ўзнікаць пазней, чым у Цэнтральнай Расіі. Аднак ужо ў 1780 годзе ў Полацкай губерні было 7 такіх школ, а ў Магілёўскай — 32 школы з 956 вучнямі.

Імператрыца загадала магілёўскаму генерал губернатару П. Б. Пасе­ку прыступіць да будаўніцтва народных вучылішчаў на першы раз у губернскіх і буйнейшых гарадах яго генерал-губернатарства за кошт грамадскага апекавання і гарадскіх дум. Ужо ў канцы снежня ў Полацкай і Магілёўскай губернях, на яе думку, можна пабудаваць 7 вучылішчаў, з іх 3 галоўныя і 4 малыя, і «ўтрыманне іх найлягчэйшым чынам можа быць узята з гарадскіх даходаў». Пры адкрыцці Магілёўскага вучылішча ў 1788 годзе ў яго паступіла 95 хлопчыкаў і 8 дзяўчынак. Да пачатку 1796 года — апошняга года жыцця Кацярыны II, навучэнцаў у галоўным Полацкім вучылішчы было ўжо 235, а ў Магілёўскім 198. Праз два гады пачалося адкрыццё малых ву- чылішчаў. У 1871 годзе яны былі створаны ў Оршы, Копысі, Мсціславе, Чэрыкаве і Чавусах. На іх утрыманне з даходаў гарадсхіх дум адлускалася 500 рублёў у год. Цяжкасцю ў працягу той справы ў 1789—1790 га­дах стала адсутнасць добра падрыхтаваных кандыдатаў на настаўніцкія пасады. У Магілёўскай духоўнай семінарыі знайшлося толькі некалькі маладых людзей, якія пажадалі стаць настаўнікамі ў малых школах.

Гэтыя звесткі пра развіццё народнай асветы і адукацыі ў нашым краі я знайшоў у кнізе А. Бялецкага «Клопаты Кацярыны II аб распаўсюджанні адукацыі ў Полацкай і Магілёўскай губернях», выдадзенай у Вільні ў 1905 годзе.

 М. ІЛЬЮШЭНКА, краязнавец.