Ён да канца заставаўся разведчыкам…

Папова-Маневіч, Т. Ён да канца заставаўся разведчыкам… / Т. Папова-Маневіч // Магілёўская праўда. — 1988. — 6 лістапада ; 7 лістапада ; 8 лістапада ; 10 лістапада ; 12 лістапада ; 15 лістапада ; 16 лістапада.

  (Працяг. Пачатак у 214):

Тут я зноў павінна зрабіць адступленне, каб яшчэ лепш раскрыць характер бацькі. Гэта будзе як бы позірк збоку на Льва Маневіча і яго маленькую сям’ю.

Частку з таго, што мне вядома пра бацьку, я пачарпнула з расказаў людзей, якія блізка яго ведалі. I гэта цялер стала ўжо як бы часткай майго асабістага ведання. Да таго ж пісьменнік Вараб’ёў, які найбольш прасачыў жыццёвы шлях майго бацькі, гэтыя матэрыялы не выкарыстаў, сканцэнтраваўшы сваю ўвагу на разведвальнай дзейнасці Маневіча ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вось чаму я вырашыла, са згоды аўтараў, уключыць фрагменты іх успамінаў у свой расказ аб бацьку — удзельніку грамадзянскай вайны, аб чым вядома менш за ўсё.  /

З успамінаў члена КПСС з 1917 года, прафесара, доктара філасофскіх навук БЛУДАВА:

…1919 год. Прыкладна ў канцы жніўня або ў пачатку верасня мяне накіравалі ў Самару для работы ў Дарпалітаддзеле. У першы ж дзень перазнаёміўся і з усімі супрацоўнікамі Дарпалітаддзела, і так ужо здарылася—са Львом Маневічам, якога прывялі ў Самару дарогі грамадзянскай вайны. Запрасілі яго жыць у нашым вагоне, ён з задавальненнем прыняў прапанову, і мы зажылі свайго роду камунай, утрох: Аляксандр Андрэевіч Маргуноў, Леў Маневіч і я. Літаральна з першага дня мы сышліся і ўсе трое моцна пасябравалі. Асабліва цесная дружба была з Лёвам.

Гэта быў стройны, даволі прыгожы весяльчак, які мог пажартаваць, павесяліцца, ніколі не сумаваўшы. Але чым ён быў асабліва прыгожы — дык гэта развітым пачуццём таварыскасці, сяброўства. Вось ужо хто ўмеў сябраваць! Вось ужо хто ў адносінах з таварышамі не ведаў слова «маё» (гэта сло­ва было для яго чужым, а толькі — «наша»). Хаця б такі штрых: часта бываючы ў горадзе і раздабыўшы што-небудзь (яблык, таранку, пару або пяток цукерак і г. д.), Лёва ніколі не з’ядаў нічога адзін, а абавязкова прынясе дамоў і падзеліцца з намі, а калі хто яшчэ ў гэты час быў у нас, то і з ім.

Або вось штрых: уязджаючы з апошнім эшелонам са Сватава (у чэрвені), я, акрамя пары бялізны, ручніка і маленькай падушачкі, не прыхапіў з сабой нічога. I тут выручаў «гардэроб» Лёвы. Бяры, што хочаш, апранай, што толькі табе падабаецца. Калі табе падабаецца тое, у чым Лёва зараз апранут ён і гэта здыме з сябе і аддасць табе. Забягаючы некалькі ўперад, скажу, што, калі я ўязджаў затым з Самары, то быў у адным з Лёвіных касцюмаў, які ён літаральна прымусіў мяне апрануць.

Леў (я наўмысна не называю яго па бацьку, бо імя па бацьку яго я тады і не ведаў) быў начытаным і тады ўжо дастаткова эрудзіраваным чалавекам. Скажу шчыра, я захапляўся яго эрудыцыяй. I мне проста прыемна было мець такога разумнага і адукаванага сябра. Да ўсяго гэтага Лёва быў выдатным расказчыкам, дэкламатарам. Ды і прамоўцам ён быў моцным. I хто з работнікаў Дарпалітаддзела і знаёмых мне ваенных карыстаўся на мітынгах , у чыгуначнікаў-чырвонаармейцаў асаблівай папулярнасцю, дык гэта Леў Маневіч. Запомнілася яго выдатнае выступление на адным з мітынгаў,  калі было атрымана паведамленне аб разгроме дзянікінскіх войск пад Варонежам. У горадзе і на чыгуначным вузле, у дэпо, майстэрнях і на вакзале адбыліся мітынгі. I вось на адным з ix (на вакзале) выступіў Маневіч. Удзельнікі мітынгу— чыгуначнікі, галоўным чынам чырвонаармейцы з праходзіўшых праз станцыю паяздоў (ішла перакідка войск з Усходняга фронту на Паўднёвы, і Дарпалітаддзел рабіў пасадку на кожны эшалон свайго камісара з шырокімі паўнамоцтвамі для прасоўвання эшалонаў). Чырвонаармейцам так спадабалася выступление Льва Маневіча, што яны яго ледзь ці не за­качалі, і ўсе наперабой клікалі да сябе.

У снежні 1919 года, калі разгарнулася рашучае наступлен­ие Чырвонай Арміі на Паўднёвым фронце, я, Маргуноў, Косцін і яшчэ два таварышы атрымалі ўказанне Галоўпалітпуці неадкладна выехаць для работы ў Харкаў. Нашы з Лёвам шляхі разышліся, але я з ім нейкі час яшчэ перапісваўся…

З успамінаў Раісы Якаўлеўны СТАРАСЦІНАЙ:

У грамадзянскую вайну мой бацька, Старасцін Якаў Мікітавіч, імем якога Маневіч потым назваўся ў канцлагеры Эбензее ў Аўстрыйскіх Альпах, быў накіраван з Масквы на Усходні фронт. Летам ці то 1918-га, а, магчыма, 19-га года (дакладна не запомнілася — мне было сем год) мы з мамай прыехалі ў Самару (цяпер Куйбышаў), дзе бацька служыў палітработнікам на чыгуначнай станцыі. Жылі ў чыгуначных вагонах. 3 намі разам у вагоне быў таварыш гэты Леў Яфімавіч Маневіч — дзядзька Лёва. Дзядзька Лёва вельмі многа працаваў, прыходзіў дамоў стомленым. Але гэта не перешкаджала яму заўсёды займацца са мной, расказваць казкі, якіясьці вясёлыя гісторыі, заводзіць гульні. У яго быў прыгожы голас, ён добра іграў на гітары і ціха спяваў. Калі наступаў час спаць дзядзька Лёва ўкладваў мяне і, укатваючы, абавязкова напяваў песеньку, відавочна, ім жа самім складзеную, — аб спячых бярозках, аб старым слане і прыгожых матыльках. Я яе запомніла на ўсё жыццё, і калі ў мяне самой ужо паявіліся дзеці, спявала яе ім.

Дзядзька Лёва аб сваёй рабоце звычайна не расказваў. Але мой бацька расказваў аднойчы вось што. Белагвардзейцы ўзнялі ва Уфе паўстанне. 3 Самары для яго падаўлення быў накіраван браняпоезд з атрадам чырвонаармейцаў. На якімсьці паўстанку поезд спыніўся. I раптам да яго падступіла група ашуканых белагвардзейцамі башкір. Магло адбыцца кровапраліцце. Але тут Леў Маневіч на віду ва ўсіх здымае з сябе зброю і разам са сваім таварышам-башкірам смела ідзе да паўстанцаў. Маневіч падыходзіць да самага старога башкіра, вітаецца па-башкірску і пачынае гаварыць. Ён гаварыў, чаму белагвардзейцы падманулі башкір, гаварыў пра ўсё, што рабілася ў тыя гады, гаварыў так, што замест кровапраліцця пачалося братанне. Браняпоезд вярнуўся, нагружаны мукой, соллю і іншымі падарункамі, зробленымі башкірамі.

Калі пачалася грамадзянская вайна, мы зноў вярнуліся ў Маскву. А хутка туды прыехаў і дзядзька Лёва. Нейкі час ён жыў у нас у кватэры са сваёй жонкай Надзеяй Дзмітрыеўнай. Цяжкі гэта быў час — голадна, холадна. Пакойчыкі былі ў нас маленькія. Але жылі мы ўсе вельмі дружна, шмат працавалі.

Дзядзька Лёва займаўся ў ваеннай акадэміі, меў грамадскія нагрузкі, але тым не менш знаходзіў час і для мяне. Цікавіўся маімі ўрокамі, наогул усім маім жыццём у школе, гаварыў са мной аб жыцці.

Калі нарадзілася Танечка, мы ёй прыгатавалі пасцельку ў вялізным бяліэнавым кошыку, таму што дзіцячы ложак і дастаць было цяжка, і паставіць няма дзе. Дзядзька Лёва з акадэміі вяртаўся позна. Спачатку ён падыходзіў да Танечкі, слухаў, як яна спіць. А потым доўга яшчэ займаўся дзе-небудзь у куточку, стараючыся нікога не турбаваць. Потым яны пераехалі ад нас. Але мы часта бывалі ў іх, і яны прыходзілі да нас. Пакой у іх быў маленькі і халодны, таму што знаходзіўся над варотамі, а там заўсёды дзьмула. Затым яны переехалі да Пакроўскіх варот: там пакоі былі добрыя, светлыя, цёплыя — адзін крыху большы, другі меншы, але ў вельмі населенай камунальнай кватэры. Усе жыхары ў кватэры вельмі любілі, паважалі і лічыліся з дзядзькам Лёвам. Пры непазбежных канфліктах паміж жыхарамі ў такой перанаселенай кватэ­ры адно паяўленне і слова дзядзькі Лёвы спынялі ўсе непаразуменні.

Мая мама часта прыязджала да ix i дапамагала ва ўсім, чым магла. Я таксама часта бывала ў іх. Такое пачуццё было — як да самых блізкіх ідзеш, родных, нават больш. Я вельмі любіла Татуську, гуляла з ёй, карміла яе, даглядала.

(Працяг будзе).
(Працяг. Пачатак у №№ 214,215):

Пасля заканчэння сваёй вучобы дзядзька Лёва шмат разоў уязджаў за мяжу. Калі ён уязджаў у апошні раз з Масквы, мая мама была вельмі хворая. Часу ў яго было мала, але ён усё-такі прыехаў да нас і доўга сядзеў ля мамінай пасцелі, ціха размаўляючы. Дзядзька Лёва больш не вярнуўся…

У дзядзькі Лёвы неяк спалучаліся і бяспрыкладная цвёрдасць, і душэўная мяккасць. Для мяне ён заўсёды заставаўся прыкладам, ідэалам сапраўднага чалавека, камуніста. Гэта пачуццё любві і павагі да яго передала і сваім дзецям, хаця яны ніколі не бачылі яго.

З успамінаў палкоўніка ў адстаўцы Б. В. ВЕРАНІКІНА:

Мне давялося тры гады вучыцца разам са Львом Маневічам на адным курсе ў Ваеннай акадэміі РККА (цяпер Ваенная Чырванасцяжная ордэнаў Леніна і Суворава акадэмія імя Фрунзе). На вучобу Маневіч прыбыў восенню 192) года, маючы высокі ўзровень агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, вопыт грамадзянскай вайны і партыйна-палітычнай работы.

Вопыт гэты, нягледзячы на маладосць — Маневічу споўнілася тады ўсяго дваццаць тры, — быў унушальным: добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, змагаўся з контррэвалюцыяй на Усходнім фронце і на Каўказе. Быў камісарам браняпоезда, штабным работнікам і, нарэшце, камандзірам атрада асобага прызначэння.

Ён належаў да катэгорыі тых людзей, якія запамінаюцца, адароных вялікімі інтэлектуальнымі здольнасцямі.

Кола інтарэсаў Льва было вялікае: вучэбная, ваенна-навуковая, грамадская і літаратурная работа. Яго цікавілі і пытанні партыйнага будаўніцтва, і агітацыйна-прапагандысцкая рабо­та на прадпрыемствах па пуцёўках райкома партыі.

У яго было шмат грамадскіх нагрузак. Быў членам парт­бюро ячэйкі (так называліся тады партыйныя арганізацыі курсаў). Акрамя таго, быў ён і членам праўлення клуба акадэміі, займаўся ў падсекцыі Ваенна-навуковага таварыства па вывучэнню Блізкага Усходу, змяшчаў у часопісах свае переклады з французскай, працаваў у зямляцтве Асобнай каўказскай арміі пры акадэміі, у якую яго ўключылі пастановай Рэўваенсавета гэтай арміі.

Па сваёй падрыхтаванасці і асабістых якасцях ён мог стаць агульнавайсковым або ж авіяцыйным камандзірам, у роўнай меры і палітработнікам, але быў накіраван на работу ў ваенную разведку, дзе яго шырокая эрудыцыя, веданне замежных моў, хуткая кемлівасць, гібкі розум, добрая памяць, вытрымка, мужнасць былі таксама вельмі патрэбныя.

У той год, калі бацька прыехаў у водпуск са сваёй першай камандзіроўкі, лета мы правялі ў невялікім до­ме адпачынку пад Масквой, куды прыязджалі пасля цяжкай працы такія ж людзі, як мой бацька. Гэта была друж­ная многанацыянальная сям’я. Я і зараз памятаю многіх з іх: эстонца Тумельтау, чалавека, які насіў два ромбы і, як я потым даведалася, аднаго з наших буйнейшых тэарэтыкаў. Балгарына Вінарава, якога ўсе ведалі пад імем Ванко і які шмат зрабіў для нашай перамогі як да, так і ў час другой сусветнай вайны. Мазгавым цэнтрам і сэрцам усяго гэтага калектыву быў латыш Ян Карлавіч Берзін, або Павел Іванавіч, як ведалі яго ўсе акружаючыя (нават жонка яго называла Паўлушам). Відаць, гэта была яго дарэвалюцыйная партыйная мянушка. Яго першым намеснікам быў рускі Ніканаў, дабрэйшай душы чалавек, выдатны знаўца краін Усходу.

Па выхадных днях у гэты дом адпачынку з’язджаліся амаль усе саслужыўцы, пачынаючы ад начальніка і заканчваючы прыбіральшчыцай. Гэта быў шчаслівы час. Абстаноўка ў доме адпачынку панавала непрымусовая, дружалюбная і вельмі вясёлая. Гулялі ў валейбол, наладжвалі ўсялякія забаўныя атракцыёны. Самым папулярным відам спорту былі гарадкі. Мой бацька, таксама ж, як і Берзін, быў заўзятым гарадошнікам. Я неаднойчы бачыла, як яны змагаліся паміж сабой, зусім забываючы аб усім на свеце. Яны абодва захапляліся гэтай гульнёй зусім па-дзіцячаму, спрачаліся, а вакол абавязкова збіраўся натоўп ажыўленых балельшчыкаў. У добрае надвор’е снедалі, абедалі, вячэралі ў адкрытай сталовай пад навесам. Менавіта тады было асабліва прыкметна, якой павагай і якой любоўю сярод сваіх таварышаў карыстаецца баць­ка. Яго заўсёды ўважліва слухалі, многа смяяліся над яго забаўнымі гісторыямі. Іншы раз наладжвалі самадзейныя канцэрты. У бацькі быў нядрэнны голас, ён вельмі любіў спяваць, акампануючы сабе на гітары. Але мінула лета, і бацька зноў паехаў (я чамусьці гэтага не помню, я наогул не помню яго ад’ездаў, але затое добра помню яго вяртанні).

Але вось ён вярнуўся. I наступныя два або тры гады я ўспамінала як самыя шчаслівыя гады свайго дзяцінства.

Я добра памятаю адно лета, якое наша сям’я правяла пад Рыльскам, дзе бацька быў у лагерах, здаецца, у якасці камандзіра роты. Мы жылі ў вёсцы, непадалёку ад лагера, у якім стаяла часць бацькі. Мы — гэта я, мая дарагая сяброўка Надзя Каваленка, якая ў час вайны пайшла на фронт санінструктарам і загінула ў сорак другім годзе, мая рыжая няня Каця. У водпуск прыехала і мама. Гэта былі выдатныя дні.

Увесь свой вольны ад вучэнняў час бацька ўдзяляў нам. Катаў нас на лодцы. Мы часта хадзілі гуляць да грэчневага поля, якое так пахла мёдам. Тут пачыналіся нашы з Надзеяй урокі па палітграмаце. Бацька навучаў нас любімым рэвалюцыйным песням. Як цяпер помню, у першы раз я менавіта ад яго пачула песню «Там вдали за рекой загорались огни…». I яшчэ песню, якую больш я ніколі не чула. Яна пачыналася сло­вами «Под грохот разрывов гремучих гранат отряд коммуна­ров сражался…».

Мы з Надзюшай вывучылі гэту песню і потым часта распявалі ўдзвюх. Ад бацькі ж я упершыню пачула ўрывак з арыі князя Irapa: «О, дайте, дайте мне свободу, я свой позор сумею искупить», ён часта напяваў гэтыя словы, якія цяпер мне здаюцца страшным прароцтвам.

Прагулкі ў лес і поле выклікалі ў бацькі ўспаміны аб родных месцах.

— Глядзі, якое прыгожае гэта рудовае грэчневае поле! Калі вы падрасцяце і мы паедзем з вамі ў Беларусь, я пакажу ­вам, як цвіце лён… Поле блакітнае, як неба…

— Тата, а што такое лён?

— Бачыш Надзюшыну сукенку? Гэта лён. — I бацька цярпліва растлумачыў нам, як лён ператвараецца ў сукенку, сарочкі, хусткі… А калі хадзілі ў грыбы, бацька заўсёды гаварыў, што ў лесе пад Чавусамі, дзе ён збіраў грыбы хлапчуком, іх так многа, што хоць касой касі…

Іншы раз бацька браў нас з сабой у лагер. Катаў там на конях, карміў у салдацкай сталовай.

Хочацца сказаць яшчэ некалькі слоў аб адносінах бацькі да сям’і. Ён быў нязменна ўважлівы, ласкавы і стрыманы. Я ніколі не чула, каб ён павысіў голас на нас, дзяцей (Надзюша і ў Маскве часта бывала ў нас дома), на маму або на кагосьці з акружаючых. Чалавек эмацыянальны і гарачы, ма­ма іншы раз магла ўскіпець. Але ні разу бацька не адказаў ёй грубасцю. Калі яму станавілася вельмі цяжка, ён проста моўчкі выходзіў з пакоя. Аднойчы я адмовілася выканаць яго маленькую просьбу. Ен нічога мне не сказаў. Ён проста перастаў са мной гаварыць, перастаў мяне заўважаць. Для мяне гэта было самым вялікім пэкараннем.

Воля ў яго была жалезная. Па натуры ён быў вельмі га­рачы і наогул жа запальчывы чалавек. Але ўмеў трымаць сябе ў руках і ў сям’і, і на службе. Аднак з расказаў мамы я ведаю, што былі выпадкі, калі ён даваў волю свайму незадавальненню. Стрымліваць сябе бацьку не ўдавалася ў тых выпадках, калі ён чуў, як які-небудзь хуліган зневажаў прахожых, калі прыставалі да жанчыны — наогул ва ўсіх выпадках несправядлівасці і грубасці, якія ён назіраў на вуліцы.

(Працяг будзе).
(Працяг. Пачатак у №№ 214,215, 216):

Маму часта злавала павольнасць бацькі. Яна была хуткай і рухавай, як ртуць, але затое страшэнна неарганізаванай. Бацька ж, хоць і займаўся спортам — канькамі, лыжамі, быў як гзта ні дзіўна, даволі павольным. Але затое адрозніааўся рэдкай метадычнасцю і скрупулёзнай акуратнасцю. Усё, што ён рабіў, было выканана старанна і заўсёды даведзена да канца.

— Лёва, — абуралася мама, — нельга ж цэлую гадзіну мыць посуд!

Але затое посуд быў вымыт так, што магла пазайздросціць любая гаспадыня. Праз шмат год мне расказвалі, што, калі ён у Італіі ў якасці ўладальніка фірмы вёў справы з іншымі фірмамі, то ўся яго бухгалтэрыя, уся дзелавая перапіска, усе рахункі знаходзіліся ў такім парадку, што ні адзін агент італьянскай «ахранкі» ў час вобыску не мог выявіць нічога падазронага.

У той год бацька пачаў займацца са мной нямецкай мовай. Гэта адбылося раней, чым я навучылася чытаць па-руску. Ён прывёз з сабой некалькі нямецкіх кніг і чытаў мне іх. Ад яго я ўпершыню пачула пра папу Карла і драўлянага чалавечка, выразанага з чурбана. У мяне да гэтага часу захоўваюцца некаторыя кнігі на нямецкай мове, якія ён пры­вёз калісьці для мяне.

Бацька аднолькава свабодна валодаў французскай і нямецкай мовамі. Але любіў ён французскую. Відавочна, гэта прыгожая, гучная мова больш імпанавала яго музычнай натуры. Але вучыць мяне ён усё-такі пачаў нямецкай. Акрамя таго, калі я ўжо пакрыху пачала чытаць па-нямецку, бацька адразу прывучыў мяне як да лацінскага, так і да гатычнага шрыфту, і я свабодна чытала як той, так і другі. Усё гэта я ў поўнай меры ацаніла ў час вайны, калі была ваенным перакладчыкам. Хачу напомніць, што ў часы Гітлера ў Германіі для ўсіх публікацый выкарыстоўваўся амаль выключна гатычны шрыфт.

Бацька шмат працаваў, позна сядзеў за кнігамі, еле заўсёды знаходзіў час для мяне. Як непрыкметна, ненадакучліва ён даваў мне ўрокі павагі да людзей, урокі мужнасці і спачування. Гэта я зразумела, толькі стаўшы дарослай. Хочацца ўспомніць некалькі эпізодаў, якія моцна адбіліся на фарміраванні майго характару.

Калі я пайшла ў школу, то стала часта вяртацца дамоў са скаргамі на тое, што мне пападала ад хлопчыкаў, якіх раздражняў мой «замежны» выгляд. Я плакала і патрабавала каб замест прыгожага ранца мне купілі просты партфель і самае простае паліто. I наогул замянілі ўвесь мой невялікі гардэроб. Бацьку ўсё гэта вельмі не падабалася.

— Не ный, — гаварыў ён мне, — не раві, цябе стукнуць — дай здачы. Ты павінна ўмець пастаяць за сябе.

Але аднойчы, калі ў зімовую сцюжу хлопчык з суседняга двара сарваў з мяне шапку і кінуў у сумёт, бацька вырашыў умяшацца. Узяўшы мяне, ён пайшоў да бацькоў гэтага хлопца. Калі ж мы ўвайшлі ў цесны, душны, слаба асветлены пакой, то ўбачылі ля сцяны ляжаўшую на высокіх ладушках схуднелую, смяротна хворую жанчыну, маці хлопчыка. Уся абстаноўка была такая цяжкая, што я ўжо не ведала, як выбрацца хутчэй адтуль i не чула, што гаварыў бацька. Калі мы вярталіся, ён доўга ішоў моўчкі, потым сказаў: «Няхай гэта будзе тебе урокам. Вы з хлопцамі паб’ецеся, потым памірыцеся. А мы з табой патурбавалі хворага чалавека, а ёй нельга хвалявацца і нерваваць. Ты сама бачыла, як дрэнна яна выглядае. Больш не скардзіся, спраўляйся сама, заступацца не буду».

Праз нейкі час я, набраўшьіся мужнасці, паследавала яго парадзе і сама была здзіўлена вынікам: мяне пересталі біць і прызналі «сваёй».

I яшчэ адзін эпізод з таго года застаўся ў мяне ў памяці. Насупраць нашага дома была царква, дзе ў тыя гады яшчэ ішла служба. Мы з хлапчукамі іншы раз заходзілі туды паглядзець на вянчанне або хрысціны. I вось аднойчы зімой даволі вялікай і шумнай кампаніяй мы ўціснуліся ў натоўп тых, што маліліся, цягнучы за сабой санкі. На нас зашыкалі, узняўся абураны шум, мы рванулі да дзвярэй, санкі зачапіліся за дзверы, загрукаталі па каменнай падлозе і мы, давячыся ад рогату, вываліліся на вўліцу. У той жа вечер да нас дамоў з’явілася старэнькая, якая ведала бацьку. Трэба сказаць, што ён у той час быў выбран членам дамавога камітэта. Бабулька разглядзела мяне ў кампаніі парушальнікаў спакою. Яна, натуральна, з абурэннем расказала бацьку аб тым, што здарылася.

— Выслухай мяне ўважліва, Татусь. — сказаў ён, усаджваючы мяне побач з сабой. — Мы з табой ведаем, што бога няма. Але ёсць людзі, якія вераць у яго. I ты з тваімі сябрамі не маеце права наладжваць з гэтага балаган. Яны вераць, і гэта іх справа. Але царква не месца для вашых забаў. Каб больш гэтага не было.

Тут мне хочацца ўпамянуць яшчэ вось аб чым. У той час ля Крапоткінскіх варот яшчэ горда ўэвышаўся храм Хрыста Збавіцеля, і іншы раз у час нашых прагулак бацька падводзіў мяне туды.

— Паглядзі, як прыгожа: залатыя скляпенні, белы мармур. Які прыгожы гэты Храм на фоне сіняга неба. — I ён тлумачыў мне, у гонар чаго і на якія грошы быў пабудаваны гэты храм, і іншы раз уваходзіў са мной унутр, даючы мне палюбавацца яго ўнутраным убранствам. А бацька ж быў перакананым атэістам…

Я іншы раз задумваюся над тым, адкуль у ім, кадравым ваенным, так моцна было развіта пачуццё прыгажосці… У тыя далёкія гады краіна не магла плаціць камандзірам сваёй арміі вялікія, тым больш валютай, грошы. Таму нямногім мог ён папесціць маму і мяне, вяртаючыся з-за мяжы. Але тое, што ён прывозіў, было заўсёды знойдзена і выбрана з вялікім густам. У мяне да гэтага часу захавалася тая адзіная лялька, якую ён прывёз мне з Германіі. Яна выклікала трапяткое захапленне няспешчаных дзяцей тых цяжкіх год, дзе б я з ёй ні паяўлялася. I зараз я іншы раз дастаю з чамадана маміну шыфонавую сукенку — падарунак бацькі. Яна і ў нашы дні магла прынесці гонар самай патрабавальнай модніцы.

Напэўна, самы шчаслівы час для нашай сям’і быў той год, калі бацька вярнуўся з-за мяжы і быў накіраван на курсы пры Ваенна-паветранай акадэміі імя Жукоўскага. Душэўны спакой і мір панавалі ў нашым доме яшчэ таму, што Берзін паабяцаў бацьку не накіроўваць больш на нелегаль­ную работу за мяжой.

— Ты зрабіў так многа, Лёва, — сказаў Павел Іванавіч, — так доўга рызыкаваў, што я не маю права яшчэ раз выпрабоўваць лес…

Мне вельмі падабалася новая форма бацькі: сіні фрэнч з блакітнымі пятліцамі, светлая сарочка і гальштук. Але бачыць яго дома мы сталі яшчэ радзей. Аднойчы, пасля працяглай адсутнасці, ён прыйшоў дамоў увесь абмарожаны і расказаў, што здарылася. Калі ён быў у палёце — у якасці лётчыка-назіральніка і сядзеў ззаду пілота, — то не прывязаў сябе рамянямі, і ў час аднаго з крутых віражоў на невысокай вышыні выпаў з кабіны. Але, на яго шчасце, ён упаў у полі ў глыбокі сумёт, страціў прытомнасць і ляжаў там да та­го часу, пакуль якісьці селянін, што праходзіў міма, не падабраў яго. Бацька, вядома, моцна абмарозіўся. I калі мама пачала папракаць яго і гаварыць, што ён дастаткова рызыкаваў сваім жыццём, што яна не хоча, каб ён лятаў і каб ён спыніў усе гэтыя «небяспечныя жартачкі», ён ёй адказаў:

— Надзюша, ты ведаеш, як я люблю цябе і Татусю. Але ты павінна ведаць, што мой абавязак перед партыяй і перед краінай для мяне вышэй за ўсё.

(Працяг будзе).
(Працяг. Пачатак у №№ 214 — 217):

Я добра памятаю тое лета, калі ён стажыраваўся ўжо ў якасці пілота. Гэта было апошняе шчаслівае лета нашей сям’і. Нам знялі маленькі домік, непадалёку ад аэрадрома. У вольны ад палётаў час бацька прыязджаў да нас. Гэта былі вельмі шчаслівыя дні. Ён зноў удзяляў мне шмат часу, займаўся са мной нямецкай мовай, бегаў па полю, лавіў матылькоў. Цяпер, успамінаючы гэтыя падрабязнасці, я разумею, якім жыццярадасным, жыццелюбівым чалавекам быў мой бацька. Іншы раз, у час палётаў, ён пралятаў над нашым домікам і рабіў некалькі кругоў, махаючы крыламі. Я ведала — гэта мой бацька. Вельмі цікавае здарэнне адбылося ў гэта лета.

Мая няня Каця так уразіла сваёй прыгажосцю грузінскіх хлопцаў, што яны днём і ноччу літаральна асаджалі наш дом. Спачатку белакурай масквічцы гэта падабалася, але потым справа дайшла да сур’ёзнага. Адчуваючы, што Каця не можа адагнаць ад нашага дома надакучлівых кавалераў, бацька пайшоў да начальніка аддзялення мясцовай міліцыі і ўзяў мяне з сабой.

— Паслухай, таварыш камандзір, — сказаў яму начальнік міліцыі, — я ім усім пакажу, я іх усіх ад твайго дома адвучу. Але няхай твая Каця выйдзе за мяне замуж.

Бацька рагатаў усю дарогу да дому. Разам з ім смяялася і я. Аднак у душы я была вельмі рада за тое, што з маёй мілай Кацяй хоча жаніцца такі вялікі начальнік і яшчэ ўладальнік такіх пышных вялізных вусоў, якіх я ніколі не бачыла.

Праз нейкі час бацьку выклікаў Берзін і аб’явіў, што пераводзіць яго ў іншае ведамства. Ён сказаў бацьку, што той дастаткова доўга рызыкаваў сваім жыццём, дастаткова доўга жыў удалечыні ад сям’і, зрабіў многае і цяпер мае права на спакойную работу.

I раптам усё рэзка змянілася. Зноў бацьку выклікаў Берзін.

— Я не магу табе загадваць, — сказаў ён, — але не мне тебе растлумачваць, што такое вось Берлін—Рым і чым гэта пагражае. Мне неабходна зноў паслаць у Італію чалавека. Але толькі такога, які б ведаў краіну і мову так, як ты, і валодаў бы таксама нямецкай. Але ты маеш права адмовіцца. Паступай як ведаеш. Я даю табе права выбару.

Ён, вядома, добра ведаў, які выбар зробіць Маневіч. Але дома разбушавалася сапраўдная бура. Мама плакала і гаварыла, што больш яна не застанецца адна.

— З мяне хопіць Або ты застаешся, або бярэш нас з са­бой. Я не магу ўвесь час чакаць, — гаварыла яна. — Стамілася баяцца за цябе.

Яе, вядома, можна было зразумець. I тады вырашылі так: спачатку бацька едзе адзін, праз нейкі час вяртаецца і забірае нас з сабой. На гэта мама згадзілася. I праз нейкі час бацька паехаў. Мы зноў засталіся адны.

Калі бацька бываў у ад’ездзе, ён заўсёды пісаў маме вельмі доўгія, вельмі падрабязныя і ласкавыя пісьмы. Але на гэты раз ёч пісаў не толькі ёй. Ён пісаў і мне. Да таго часу я ўжо выдатна ведала нямецкую мову і ён пісаў мне на нямецкай аб усім, аб чым толькі можна. Ён выхоўваў мяне гэтымі пісьмамі. І што яшчэ вельмі цікава, ён пісаў мне казкі з працягам. Так у пісьмах ён расказваў мне казку аб брэменскіх музыкантах. I вельмі вельмі шкада, што ўсе гэтыя пісьмы давялося спаліць у 1941 годзе, калі немцы падыходзілі да Масквы.

Акрамя пісьмаў, бацька час ад часу пасылаў нам свае фатаграфіі. Ен заўсёды фатаграфаваўся на фоне якога-небудзь прыгожага пейзажу або будынка. Ён прыслаў нам некалькі здымкаў выдатнага Міланскага сабора.

Мінула некалькі месяцаў. I вось аднойчы, вяртаючыся з Мамай дамоў, мы ўбачылі святло ў нашым пакоі. Адчычяем дзверы, а ля пісьменнага стала стаіць бацька. Такі родны і такі любімы. Ен прыехаў за намі.

Я і цяпер вельмі добра памятаю, як бацька рыхтаваў мяне да гэтай паездкі, спакойна і ласкава прыстасоўваючыся да майго дзіячага розуму. Ен растлумачыў мне, як многа будзе залежаць ад маіх паводзін за мяжой. I як гэта важна не толькі для нас, але і для яго работы. I ў свае восем год зразумела, якая адказная яго работа.

І вось, нарэшце, ад’езд. Міжнародны вагон, граніца, праверка пашпартоў.

У станцыйным рэстаране польскага пагранічнага гарадка, дзе мы абедалі, я зрабіла сваю першую памылку.

— Тата, — гучна ўсклікнула я, зрабіўшы круглыя вочы, — чаму нам даюць суп у чашках, ды яшчэ навошта ж туды кінулі яйка?

Бацька ціхенька сціснуў мне руку.

— Татусь, не так гучна. Ты яшчэ многаму будзеш здзіўляццa. Але прашу цябе, каб тваё здзіўленне не было прыкметна нікому, акрамя нас з мамай. Памятай, аб чым я гаварыў з табой дома…

I вось вялізны шэры Берлін, дзе мы спыніліся ў гасцініцы на некалькі дзён. Там, у гасцініцы, адбыўся яшчэ адзін маленькі эпізод, які мог каштаваць нам вельмі дорага. Я, як і бацька, вельмі любіла спяваць, спявала цэлымі днямі. I вось аднойчы, танцуючы па калідору гасцініцы, накіроўваючыся да нашага нумара, я распявала песню, якую цяпер не магу ўспомніць, але добра памятаю, што яна заканчвалася слова­ми «ура, ура, Савецкая краіна!». I з гэтымі словамі я ўляцела ў нумар. Да гэтагэ часу помню пабялеўшыя твары бацькоў, якія кінуліся да мяне. Мама з уласцівай ёй гарачнасцю начала папракаць мяне. Бацька ж не сказаў ні слова папроку. Ён доўга-доўга сядзеў са мной і растлумачваў, як я павінна паводзіць сябе ў гасцініцы.

Нарэшце, мы ў Вене, дзе нам з мамай належала жыць ад­ным, і дзе бацька зняў два пакоі ў прыватным доме. Ён знаходзіўся з намі некалькі дзён, вазіў нас па гораду, паказваў прыгожыя палацы, выдатны парк Шэнбрун. Гэта былі таксама шчаслівыя дні, хаця і набліжалася разлука. І, як потым аказалася, разлука назаўсёды. Уязджаючы, ён абяцаў прыехаць як мага хутчэй, каб пабачыцца з намі. Яго апошнія словы былі:

— Надзя, будзь асцярожная. Беражы сябе і Татусю. Мне здаецца, што кватэрная гаспадыня ведае рускую мову…

Мяне да гэтага часу не пакідае думка, што, можа, наша няўдалае жыццё там у якойсьці ж меры садзейнічала таму, што бацька быў западозраны ў прыналежнасці да савецкай разведкі.

Усё-такі тая абставіна, што мы гаварылі на рускай мове, напэўна, насцярожвала гаспадароў дома. Ды і я час ад часу рабіла памылкі, якія вопытнаму чалавеку маглі многае сказаць. У мяне была фрэйлен — дзяўчына, якая рыхтавала мяне да паступлення ў аўстрыйскую школу. Яна праводзіла са мной даволі многа часу і некалькі разоў брала з сабой у лютэранскую кірху, абрады якой значна адрозніваюцца ад абрадаў праваслаўнай царквы. 3 апошняй я была некалькі знаёма, те­му што насупраць нашага дома ў Маскве была царква, у якую мы з хлопцамі іншы раз заглядвалі. Таму, вядома, пасля на­ведання лютэранскай царквы я пачала распытваць сваю фрэйлен аб такіх падрабязнасцях свяшчэннага пісання, якія дзяўчынка майго ўзросту, выхаваная ў веруючай сям’і, па­інна была б ведаць.

— Фрау Марыя, — запытала яна аднойчы маму, — чему ваша дачка нічога не ведае аб жыцці Хрыста?

Што магла адказаць мая маці?..

— Божа мой! — са здзіўленнем ускрыкнула дачка нашей кватэрнай гаспадыні, уваходзячы ў наш пакой, — чему ваша дачка п’е чай са сподка?

Здавалася б, дробязь, але чай са сподка п’юць толькі ў адной краіне — у Расіі.

(Працяг будзе)
(Працяг. Пачатак у №№ 214 — 218):

Хутка мама заўважыла, што за намі іншы раз сочаць у горадзе. Праз нейкі час я ўжо ведала ў твар таго-сяго з тых агентаў, якія былі да нас прыстаўлены.

— Паглядзі, ці не ідзе хто за намі, — гаварыла маці.

Я кідала мячык назад, бегла за ім і глядзела, хто сёння да нас прыстаўлен. Аднойчы мама затрымалася ў магазіне, і я вярталася дамоў адна. Раптам на другім баку вуліцы я заўважыла чалавека, які збіраўся мяне сфатаграфаваць. У той час яшчэ не было фотаапаратаў, якімі можна было б сфатаграфаваць тайком. Я павярнулася да яго спіной, робячы выгляд, што разглядваю цацкі ў вітрыне магазіна. Потым хутка пабегла дамоў, дзе са мной пачалася самая сапраўдная істэрыка. Кватэрная гаспадыня пачала мяне распытваць, што са мной здарылася. Я ёй схлусіла, што ў мяне вельмі баліць галава. Калі прыйшла мама, я ёй катэгарычна заявіла, што больш тут жыць не буду. Я хачу дамоў.

Некалькі разоў да нас прыходзілі людзі ў цывільным і распытвалі доўга і падрабязна пра бацьку. Я ведала, што такіх людзей трэба баяцца куды больш, чым паліцэйскіх у форме. Бяда заключалася ў тым, што ўсе тлумачэнні павінна была даваць я, таму што мама, хаця і займалася нямецкай мовай з дачкой нашай кватэрнай гаспадыні, на такія тлумачэнні здольнай не была. Па-нямецку я гаварыла даволі добра. Але былі такія рэчы, якія я проста не магла растлумачыць. Напрыклад, што мой бацька інжынер дрэваапрацоўчай прамысловасці. Я гартала слоўнікі, спрабуючы знайсці там якія-небудзь падыходзячыя словы — дрэва, лес. Вядома, трэба думаць, што ўсё гэта гучала вельмі непераканаўча. Становішча станавілася крытычным. Паведаміць бацьку аб нашым становішчы мы не маглі. Мы павінны былі проста чакаць.

Бацька ўсё не прыязджаў. Дзверы савецкага пасольства былі для нас зачынены. I цяжка сказаць, чым скончылася б гэта паездка, калі б не выпадковая сустрэча на вуліцы з адной супрацоўніцай нашага пасольства, якая добра ведала нашу сям’ю і работу бацькі.

— Наташа, мне неабходна пагаварыць з табой, — кінула ёй мама на хаду, не паварочваючы галавы.

Здаецца, у той дзень за намі не было назірання. I ў адным з самых аддаленых куткоў Шэнбруна мама расказала ёй пра ўсё. Дамовіліся аб сустрэчы.

У той дзень, калі мы павінны былі зноў сустрэцца з нашай знаёмай на адной з аддаленых алей Шэнбруна, ішоў праліўны дождж. Паліцэйскі праводзіў нас да магазіна, у які мы зайшлі пад выглядам якіхсьці пакупак. У парку маша знаёмая перадала нам грошы, білеты і загад: неадкладна выязджаць дамоў. Назад мы ехалі зноў праз Берлін.

I ў гэтым горадзе здарылася невялікае, але некалькі дзіўнае здарэнне. У спешцы мы забыліся ў гасцініцы адзін з чамаданаў. Так як мы заказалі таксі з разлікам, каб прыехаць на вакзал за некалькі мінут да адходу поезда, то вяртацца за чамаданам часу не было. Думалася, што ў гасцініцы ніхто не ведае аб тым, куды мы едзем і з якога вакзала. I тым не менш, калі поезд ужо крануўся, у акно хтосьці прасунуў наш чамадан.

I вось зноў дарога, граніцы, праверка пашпартоў, якую мы з мамай, цяпер ужо навучаныя горкім вопытам, чакалі з вялікай трывогай. Дзесьці ж на сярэдзіне шляху да нас у купэ сеў чалавек, які прадставіўся інжынерам, які едзе на ра­боту ў Савецкі Саюз. Я да гэтага часу памятаю, як няёмка я сябе адчувала. Але было ўжо Негарэлае, наша граніца, чырвонаармейцы на вартавой вышцы. Мы былі дома. Гэта было шчасце — чуць вакол рускую мову.

Трывога за бацьку, цяпер ужо ўсвядомленая і падмацаваная ўласнымі перажываннямі, увесь час жыла ў маёй душы. Маме было літаральна ў шмат разоў цяжэй. Цягнуліся меся­цы, чаканні. Мінуў год. Пайшоў другі. Пачаліся падзеі ў Іспаніі. Мы ўсе жылі гэтым. Многа гаварылі аб іх і сярод нашых сяброў. Па некаторых дробных фактах, па недагаворках я зразумела, што многія таварышы бацькі змагаюцца ў радах Рэспубліканскай арміі. Я зразумела, што Берзін, які раптам знік надоўга, таксама ў Іспаніі. I я зразумела, што і бацька не можа заставацца ў баку ад гэтых грозных падзей. Трывога за яго расла. А ён пісаў нам усё такія ж доўгія і ласкавыя пісьмы.

I вось праз нейкі час мама пачала ўлоўліваць у пісьмах бацькі якіясьці трывожныя ноткі. Не, ён не скардзіўся. Ён не пісаў ёй ні аб чым, што магло б устрывожыць яе. Але сэрца цяжка ашукаць. Мама была права. Над бацькам згушчаліся хмары. Да дня майго нараджэння ён прыслау сваю фатаграфію, дзе ён зняты на фоне нейкага прыгожага італьянскага пейзажу. Стаіць усміхаючыся, насунуўшы набок шляпу. Бесклапотны і вясёлы. Але маму падмануць было цяжка. «Лёва,— пісала яна яму, —усмешка твая на фотакартцы фальшывая, не твая. Штосьці адбываецца. Я адчуваю, што табе штосьці пагражае».

А ў той час бацька пісаў Берзіну, які ўжо вярнуўся ў Маскву, што адчувае на сабе чыюсьці пільную ўвагу, адчувае небяспеку, і яму неабходна замена. «Мы рыхтуем табе замену,» — адказваў Берзін. — Але калі ты адчуваеш, што тваё знаходжанне ў Італіі небяспечнае, едзь у Швейцарыю».

Бацька не мог паехаць. Ён разумеў, як неабходна і патрэбна яго работа Радзіме. Ён чакаў і чакаў замену.

Можна верыць або не верыць у тэлепатыю, у шостае пачуццё, асабліва развітае ў нервовых людзей. Але факт застаецца фактам. У той дзень, калі навісла пагроза, мама не знаходзіла сабе месца. Яна не спала ўсю ноч і раніцай, прыйшоўшы на работу, адразу заспяшалася да намесніка начальніка ўпраўлення. Уваходзячы да яго ў кабінет, яна запытала:

— Што з Лёвам?

— Хто табе сказаў? — адказаў ён ёй пытаннем на пытанне.

(Працяг будзе).
(Працяг. Пачатак у №№ 214 — 219):

Бацька быў ужо арыштаван. Хутка і я даведалася аб тым, што здарылася. Для нас з мамай пацягнуліся меся­цы чакання, якія складаліся ў гады. Мы пераходзілі ад надзеі да адчаю і зноў да надзеі. То бацьку рыхтавалі ўцёк, і мы яго чакалі з дня на дзень, але ўцёк не ўдаваўся. То ён павінен быў трапіць пад амністыю, але чамусьці яго ўсё роўна не выпускалі. Ішлі гады.

Аднойчы маме перадалі маленькі шматок папіроснай паперы з некалькімі словамі, напісанымі бацькам. Гэты аркуш змог вынесці з турмы таварыш бацькі па зняволенню, італьянскі камуніст Бруно — імя, пад якім ён быў вядомы ў гады Супраціўлення, калі камандаваў партызанскім злучэннем славутай брыгады імя Гарыбальдзі. Пад гэтым жа імем ён вядомы ў кнізе Взраб’ёва «Зямля, да запатрабавання». Калі Бруно быў вызвален са зняволення, ён змог звязацца з савецкім пасольствам і перадаць запіску бацькі. I ласля ён многа зрабіў, каб аблегчыць лёс чалавека, якога лічыў своім настаўнікам і памяць аб якім свята захоўвае да гэтага часу. Забягаючы некалькі наперад, скажу, што як толькі Бруно прыехаў у Савецкі Саюз (здарылася гэта ў канцы пяцідзесятых гадоў), ён пачаў адшукваць нас з мамай. I яму ўдалося гэта, нягледэячы на тое, што ён не ведаў сапраўднага імя бацькі. Ён стаў нашым вялікім сябрам і, калі бывае ў Савецкім Саюзе, заўсёды знаходзіць час, каб пабачыцца з намі.

Усе гэтыя гады, аб якіх я зараз расказваю, мы з мамай, шкадуючы адна адну вельмі рэдка гаварылі аб бацьку. Кож­ная несла сваё гора ў адзіноце. Я была ўсё-такі дзіцём, потым падлеткам, і мае школьныя справы, таварышы, сяброўкі днём адцягвалі мяне ад маіх цяжкіх думак. Але ноччу я, утыкаючыся ў падушку, плакала, стараючыся, каб не пачула мама. Я залівала слязамі и свой дзённік, які вяла тайком ад усіх. I, як зараз, помню адну старонку са слоёвмі:         «Тата, родны, любімы, вярніся! Мне так дрэнна, цяжка без цябе!».

Ліловае чарніла расплылося па паперы ад слёз. Сустракаліся са мной таварышы і начальнікі бацькі, гаварылі:

— Ты можаш ганарыцца сваім бацькам. Ён паводзіць сябе ў турме так, што яго паважаюць і любяць не толькі яго таварышы па зняволенню, яго паважаюць і баяцца турэмшчыкі. Ён умее працаваць і застаецца сапраўдным камуністам і змагаром нават у зняволенні.

Так, я ганарылася бацькам. Але сваё гора, свой боль, трывогу и гордасць за яго мне не было з кім раздзяліць. Я не мела права гаварыць аб ім. Калі мне, дзіцяці, было так невыносна цяжка, то як жа павінна была пакутаваць мама, якая так кахала бацьку. Яна потым расказвала, што была на грані псіхічнага расстройства. Што ёй давялося перажыць, я зразумела да канца толькі, калі стала дарослай.

Я лічу сваім абавязкам упамянуць аб тым, што ўвесь гэты цяжкі час мама і я бачылі з боку начальнікаў бацькі — Паўла Іванавіча Берзіна і яго намесніка Аляксандра Мацведвіча Hiканава — самую цёплую ўвагу і клопат. Мы часта бывалі ў Доме ўрада (так называўся ў той час дом на Набярэжнай побач з кінатэатрам «Ударнік») у сям’і Берзіна. Мама сябравала з яго жонкай Лізаветай Канстанцінаўнай. Іншы раз ён сам заязджаў да нас. Неяк на мой дзень нараджэння ён зрабіў мне «царскі» па тых часах падарунак — прайгравальнік-аўтамат з наборам пласцінак.

Надышоў 1937 год. Год, які, я ўпэўнена, адыграў злосную ролю ў лесе бацькі. У той дзень, калі стала вядома аб арышце Берзіна (незадоўга да гэтага ён быў пераведзен на Далёкі Усход), да мамы падышоў Аляксандр Мацвеевіч Ніканаў:

— Надзея Дзмітрыеўна, я не магу паверыць, што ён — вораг. Не, не магу. Я вельмі добра яго ведаю…

А хутка і ён быў арыштаван і аб’яўлен ворагам народа.

I пачаліся арышты кіраўнікоў разведкі: Урыцкі — арыштаван, Арлоў — арыштаван, Праскураў — таксама.

Як толькі назначылі новага начальніка, мама адразу ж звярнулася з адной адзінай просьбай: выратуйце мужа. Усе гэтыя сумленныя і дастойныя людзі абяцалі зрабіць усё магчымае, але яны проста не паспявалі. I толькі адзін, апошні перадваенны начальнік разведкі, генерал Пэлікаў адмахнуўся ад мамы, як ад надакучлівай мухі: «Потым, потым…». Па логіцы падзей, якія адбываліся ў той час, менавіта ён рэпрэсіраван не быў.

А знішчэнне разведкі, яе старога выдатнага саставу, працягвалася. Услед за начальнікамі і іх намеснікамі пачаліся арышты сярод афіцэраў усіх рангаў. Вось імёны тых, каго я помню: Герольд Ценясавіч Тумельтау, Карл Мартычавіч Рым, Аляксандр Пятровіч Лазоўскі. Апошняга выклікалі з-за мяжы і арыштавалі разам з жонкай прама на вакзале. I гэты спіс можна працягваць яшчэ доўга.

Я расла сярод гэтых людзей, гуляла з іх дзецьмі, пры- выкла паважаць іх. I раптам… ворагі народа. Гэіа было не- зразумела!

І бедная мая мамаі Тады я, вядома, не разумела, што адбывалася. Але бачыла, як яна, седзячы ў ваннай, паліла і паліла фатаграфіі сяброў і таварышаў бацькі. Паліла і… кожную ноч чакала, што прыйдуць за ёй.

А я на працягу гэтых страшных год пісала пісьмы: спачатку Сталіну, потым Молатаву, потым Варашылаву ўсё з той жа просьбай — выратаваць бацьку. Натуральна, ніякай рэакцыі на гэтыя пісьмы не было. Цяпер жа я разумею, як бяссэнсава было звяртацца за дапамогай да людзей, па ўказанню якіх, калі б бацька быў на свабодзе, ён быў бы таксама арыш­таван, замучан і расстралян, як і яго таварышы.

Да пачатку 1941 года тэта крывавая карусель некалькі заціхла. У красавіку таго ж года я была на прыёме ў аднаго з кіраўнікоў разведкі, цудоўнага чалавека, генерала П. I. Тады ён мне сказаў:

— Наша контрразведка арыштавала адну даму, у якой італьянцы вельмі зацікаўлены. Мы вядзём перагаворы праз нейтральны бок аб абмене яе на твайго бацьку. Я абяцаю табе, што твой бацька праз некалькі месяцаў будзе дома.

Я ляцела дамоў на крылах. Мы з мамай чамусьці адразу паверылі гэтым словам. Так цвёрда і так пераканана яны былі сказаны. I, відаць, так яно І было б. Але… чэрвень сорак першага. Пачалася вайна…

Цяжкія крывавыя гады перажывала краіна. Амаль не было сям’і, якая не панесла б страты. I наша гора растварылася ў агульным горы краіны.

Паступова мы з мамай прыйшлі да думкі, што бацькі няма, проста ён не можа застацца ў жывых у такой сітуацыі. Мы былі ўпэўнены, што калі нават яго і не расстралялі, то наўрад ці яго схуднелы працяглым зняволеннем арганізм мог столькі вытрымаць. Паступова мы прывыклі да гэтай думкі.

Але лёс рыхтаваў нам яшчэ адно цяжкае выпрабаванне Мінула некалькі месяцаў пасля цудоўнага Дня Перамогі. I вось мы даведваемся, што апошнія гады жыцця бацька правёў у фашысцкіх лагерах Маутхаўзене і Эбензее. Што ён памёр пасля таго, як амерыканцы вызвалілі лагер. Ен памёр ужо свабодным чалавекам, але так і не ўбачыў сваёй Радзімы. Горка было ведаць, што ён пасля ўсіх цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю ў турме, яшчэ быў павінен прайсці ўсе жахі фашысцкіх канцлагераў. Я не буду расказваць аб тым, як ён, ужо смяротна хворы, знаходзіў у сабе сілы быць адным з кіраўнікоў руху Супраціўлення ў лагеры. Аб гэтым падрабязна расказваецца ў кнізе Яўгенія Вараб’ёва «Зямля, да запатрабавання». Толькі адзін маленькі эпізод мне хочацца расказаць, таму што ў ім быў увесь бацька яшчэ з часоў яго юнацтва.

 (Працяг будзе).
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 214 — 220):

Калі бацьку пазнаёмілі з адным з вязняў, які збіраўся стаць удэельнікам Супраціўлення, бацька як гасцінны гаспадар аддаў яму сваю порцыю — маленькі кавалачак хлеба з маленькім кавалачкам сялёдкі. Аб тым, якія мукі голаду адчувалі ўсе вязні фашысцкіх лагераў, вядома ўсяму свету. Так што мне не трэба растлумачваць значэнне гэтага невялікага эпізода, які ў тых умовах быў подзвігам.

Я старалася ў сваіх успамінах не спыняцца на тых падзеях, якія адлюстраваны ў кнізе «Зямля, да запатрабавання». Але гэта хачу паўтарыць: нават паміраючы, бацька нікому не сказаў свайго сапраўднага імя.

— Перадайце ў Маскву: я — Эцьен.

Гэта былі яго апошнія словы таварышам. Мяне гэта ўразіла не таму, што гэта быў мой бацька. А проста па-чалавечы цяжка ўявіць сабе, што, развітваючыся з жыццём, ён заставаўся разведчыкам, верным законам канспірацыі.

Вось і ўсё, што хацелася расказаць пра бацьку, Льва Яфімавіча Маневіча. Але мне не хочацца, каб мае ўспаміны пакінулі ў душы чытача пачуццё горычы і болю. I таму я вырашыла расказаць аб адным з самых шчаслівых дзен, якія выпалі на нашу з мамай долю.

Мінула дваццаць год. Неяк лютаўскім вечерам 1965 го­да ў нашай кватэры раздаўся званок. На парозе стаяў незнаемы маёр.

— Я з рэдакцыі «Красной Звезды», — адрэкамендаваўся ён.

Стараючыся ўтаіць сваё здзіўленне, мы запрасілі яго ў пакой. I ён пачаў нас падрабязна распытваць пра бацьку Мяркуючы па яго пытаннях, ён быў добра дасведчан аб лёсе Льва Манезіча. Мы з мамай былі ўражаны. Пасля столькіх год маўчання раптам такая нечаканасць. I чаму? Калі маёр ужо збіраўся ўходзіць, я ўсё-такі рызыкнула яго запытаць:

— Скажыце, а чаму раптам вас так зацікавіў лёс майго бацькі?

Маёр яўна разгубіўся.

— Як, — сказаў ён, — ці вы нічога не ведаеце? Ёсць жа Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб прысваенні яму зван­ня Героя Савецкага Саюза.

На наступны дзень была субота, і я дапазна затрымалася ў гасцях. Калі я прыйшла, мама першай справай запытала мяне: — Ты нічога не чула па радыё? Толькі зараз передавалі пра татку!

Яна так яго заўсёды называла.

— Передавалі аб прысваенні яму звания Героя Савецкага Саюза… пасмяротна…

— Не можа быць! Ты памылілася!

— Ды не, Леў Яфімавіч Маневіч, палкоўнік. Няма ж іншага такога.

Я не магла паверыць. Мне ўсё яшчэ здавалася, што мама памылілася.

— Ну, добра, — сказала я, — калі гэта так, заўтра павінна быць у газетах.

Раніцай, як толькі прынеслі газету, я першым чынам прабегла першую старонку і… нічога не выявіла пра бацьку. На апошняй старонцы быў вялікі артыкул пад назвай «Героі не паміраюць». Але прачытаць я яго не паспела. Раздаўся званок, i ўбегла запыхаўшаяся, расхваляваная суседка.

— Надзея Дзмітрыеўна, Таня, віншую ад усёй душы, віншую.

— З чым?

— Як, ці ж вы не чыталі? — і падала мне «Правду»

I сапраўды, як я не заўважыла? Чорным па беламу там быў надрукаван Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза савецкаму разведчыку палкоўніку Льву Яфімавічу Маневічу. Мала таго, артыкул «Героі не паміраюць» аказаўся прысвечаным майму бацьку. У гэты дзень дзверы нашей кватэры не зачыняліся. Людзі ішлі і ішлі — знаёмыя, сябры. Віншавалі, радаваліся разам з намі. Без канца прыносілі тэлеграмы. Адгукаліся людзі, з якімі, як здавалася, ужо даўно страчаны сувязі. Прыехалі карэспандэнты Усесаюзнага радыё, разглядалі фатаграфіі, распытвалі пра бацьку. Гэта сапраўды была радасць са слязамі на вачах, як гаворыцца ў нашей цудоўнай песні «День Победы».

У той вечар мы і ўсе нашы сябры ў выпуску апошніх паведамленняў па Усесаюзнаму радыё праслухалі той запіс, які карэспандэнты зрабілі ў нашей кватэры. Ка­рэспандэнты змаглі перадаць тую атмасферу, якая панавала ў нас ў гэты незабыўны дзень. Усё было захевана менавіта так, як было, шчыра і проста. Воклічы віншаванняў, збіўлівыя радасныя прамовы.

Наступныя дні наш дом атакавалі карэспандэнты цэнтральных газет, карэспандэнты з гарадоў, у той або іншай ступені звязаных з імем бацькі. Потым было выступление па тэлебачанню, у час якога разам з намі плакала ўся студыя…

I, нарэшце, — Крэмль. Уручэнне нам Граматы аб прысваенні бацьку пасмяротна звання Героя Савецкага Саюза. Прамова Анастаса Іванавіча Мікаяна. Гэта былі радасныя, вельмі радасныя дні. Нарэшце ж мы змаглі гаварыць аб бацьку адкрыта. Гаварыць усё, што мы помнім, і ўсё, што мы ведаем.

Ішлі пісьмы з піянерскіх дружын, камсамольскіх арганізацый, з воінскіх часцей і проста ад незнаемых людзей, якіх глыбока крануў лёс бацькі. Нечакана адгукнуліся І сябры яго юнацтва. Мы атрымалі пісьмо ад Якава Сямёнавіча Блудава, прафесара Харкаўскага універсітэта, якога лёс зводзіў з бацькам у гады грамадзянскай вайны. Адгукнуўся таварыш бацькі па вучобе ў акадэміі, палкоўнік у адстаўцы Барыс Мікалаевіч Веранікін. Адгукнуліся многія былыя вязні нямецкіх канцлагераў, якія ведалі бацьку пад імем палкоўніка Старасціна.

Атрымалі мы пісьмы і ад сяброў дзяцінства бацькі з Чавус: Барыса Цёмкіна і Савелія Давыдава, якія з вялікай цеплынёй успаміналі іх дзіцячую дружбу. Вельмі сардэчнае запрашэнне прыехаць на радзіму бацькі прыйшло ад калектыву Чавускага райкома камсамола. Да гэтага часу шкадую, што па цэламу раду асабістых прычын не змагла выкарыстаць тады гэтае запрашэнне. Вучань восьмага класа адной з чавускіх школ Сярожа Самойлаў прыслаў нам свае вершы, прысвечаныя бацьку, якія ён назваў «Бессмяротнасць». Мы да гэта­га часу перапісваемся з ім і яго бацькамі. Сувязь з Чавусамі не спыняецца.

Радуе, што бацьку там помняць душэўна і лічаць «сваім», а не проста чалавекам, які нарадзіўся ў іх горадзе, а потым з’ехаў у «боскі свет», як гаворыцца. Маневіч рабіў усё, што мог, як правільна напісаў у сваім вершы Сярожа Самойлаў, для шчасця і міру на зямлі, у тым ліку і для шчасця сваіх землякоў. I, вядома, у самыя цяжкія мінуты выпаўшых яму выпрабаванняў сагравалі душу бацькі ўспаміны аб тым, з ча­го для кожнага чалавека і пачынаецца Радзіма. Так што Ся­рожа перадаў душэўны стан вязня Санта-Стэфана даволі caпраўдна, напісаўшы такі маналог:

Речка Бася, дорога в Заречье, — вы так далеки.
И жива ли там мельница, что перемелет все горе!
И куда Своеволка бежит, отделившись от Баси-реки!
Я навеки продрог в стылых камерах тюрем.
Все опять вспоминаю…

Успаміны… Напэўна, без многіх з іх жыць было б, здаецца, лягчэй.

— Таццяна Львоўна, — сказаў мне аднойчы адзін вельмі добры чалавек. — Не трэба так перажываць. Гэта ж усё гісторыя.

Так, вядома, гэта усё гісторыя, мінулае. Але колькі разоў аказвалася, што помніць яго хочам не толькі мы з мамай, для якіх у ім заключена значная частка нашага жыцця, але і сённяшняму чавускаму школьніку гэта важна. I не толькі радаснае, але і горкае.