Лабаноўскі, Л. Новае пра бакінскага камісара / Л. Лабаноўскі // Магілёўская праўда. — 1986. — 6 верасня.
Цэнтральны Дзяржаўны архіў Азербайджанскай ССР прыслаў у адрас гісторыка-краязнаўчага музея Краснапольскай сярэдняй школы некалькі фотакопій знойдзеных нядаўна дакументаў пра нашага земляка, прафесіянальнага рэвалюцыянера Якава Зевіна.
Якаў Давыдавіч Зевін нарадзіўся ў 1888 годзе ў Краснаполлі ў сям’і гандляра. У 16 год ён уступіў у члены РСДРП і ўжо ў гады першай рускай рэвалюцыі быў арганізатарам баявых дружын у Каменску (цяпер Днепрадзяржынск). Пасля паражэння рэвалюцыі па рашэнню Екацярынаслаўскага камітэта РСДРП прыязджае ў Баку, дзе вядзе рэвалюцыйную работу пад партыйнай мянушкай Уладзімір.
Загадчык ахоўнага пункта Баку 23 сакавіка 1908 года даносіў начальніку Бакінскага губернскага жандарскага ўпраўлення:
«Сакрэтна. Мною затрыманы вядомы Вашаму Высакароддзю «Уладзімір — член стачачнага камітэта і вядомы дзеяч па наладжванню ўсялякага роду забастовак.
Затрыманы назваўся Якавам Зевіным, дакумента, які мог бы засведчыць яго асобу, не прад’явіў і ўказаць сваю кватэру адмовіўся…»
Тут жа паследавала пастанова № 1878 начальніка Бакінскага губернскага жандарскага ўпраўлення ад 24 сакавіка 1908 года аб узяцці пад арышт Я. Зевіна ў бакінскую турму. Канцылярыя бакінскага гораданачальніка тэрмінова паведаміла начальніку Бакінскага ахраннага аддзялення, што «…мешчанін м. Краснаполле Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні Янкель Якаў-Шаеў-Давідаў Зевін за марскую забастоўку (быў сакратаром забастовачнага камітэта) міністрам унутраных спраў быў падвергнуты высылцы пад галосны нагляд паліцыі ў Валагодскую губерню тэрмінам на два гады…».
Зевін адбываў пакаранне ў г. Ярэнску разам з вядомым рэвалюцыянерам Азербайджана I. Фіялетавым. Пасля ссылкі вярнуўся ў Екацярынаслаў. Адтуль гарадская партыйная арганізацыя ў 1911 г. накіроўвае яго ў Францыю ў Ланжумо, дзе ён становіцца слухачом партыйнай школы, якой кіраваў У. I. Ленін. Праз год удзельнічаў ў рабоце Пражскай партыйнай канферэнцыі. Але у сакавіку 1912 года яго зноў арыштавала царская ахранка. Зноў ссылка, на гэты раз на тры гады ў Архангельскую губерню.
Праз некаторы час пасля адбыцця ссылкі Я. Зевін прыязджае ў Баку. Працаваў на нелегальным становішчы, пад чужым імем. I зноў у лютым 1916 года арышт. Пра гэты перыяд жыцця рэвалюцыянера расказваюць прысланыя нам дакументы: «Апісанне прадметаў, якія аказаліся пры вобыску ў кватэры П. Н. Кузьміна», «Пратакол допыту Кузьміна П. Н. ад 11 сакавіка 1916 года».
Пры вобыску былі выяўлены пракламацыі рэвалюцыйнага характару, у тым ліку «Інтэрнацыянальная Сацыялістычная Канферэнцыя ў Цымервальдзе» (Швейцарыя), «Рэзалюцыя парады каўказскіх арганізацый РСДРП», а таксама рукапісная пракламацыя, напісаная Я. Зевіным, у якой выказваецца пратэст рабочых супраць першай сусветнай вайны — «бойні мільёнаў простых людзей».
Бакінскі гораданачальнік 22 сакавіка 1916 года паведаміў начальніку Бакінскага губернскага жандарскага ўпраўлення аб заключэнні пад варту ў бакінскую турму Паўла Кузьміна (Я. Зевіна). Гэты дакумент таксама зараз знаходзіцца ў нашым музеі.
А жандары працягвалі наводзіць даведкі пра Зевіна. 16 красавіка 1916 года на імя спраўніка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні паследавала за пытанне: «Арыштанцкае. Сакрэтна. Прашу паведаміць мне ў магчыма непрацяглы час, ці ёсць у ліку мяшчан мястэчка Краснаполле даверанага вам павета Янкель (Якаў) Давідаў Зевін і ў станоўчым выпадку прашу паведаміць прыкмёты яго, род заняткаў, сямейнае становішча (халасты або жанаты), родзічы… па якому пісьменнаму віду пражывае і дзе знаходзіцца зараз. Падпісаў палкоўнік Шатроў». Тут жа на адвароце прыстаў 3 стана Чэрыкаўскага павета 29 красавіка 1916 года і даў адказ.
Пасля начальнику Бакінскага губернскага жандарскага ўпраўлення 30 красавіка 1916 года паследавала паведамленне ад департамента паліцыі: «…мешчанін Янкель (Якаў) Давідаў Зевін у 1908 годзе..; за арганізацыю забастовак быў высланы ў Валагодскую губерню пад галосны нагляд паліцыі на два гады. Потым у 1912 годзе… быў высланы пад галосны нагляд паліцыі у Архангельскую губерню на тры гады…»
Зевін Я. Д. быў прыгавораны ў 1917 годзе да 5 гадоў высылкі ў Іркуцкую губерню, але адбылася Лютаўская рэвалюцыя, і ён прама з этапнага поезда трапляе ў Маскву — ў цэнтр рэвалюцыйных падзей. Затым яго адзываюць у Баку, дзе ён разам з С. Шаумянам, П. Джапарыдзе, I. Фіялетавым і іншымі рэвалюцыянерамі прымае ўдзел у абвяшчэнні славутай Бакінскай камуны, становіцца камісарам працы.
Калі здраднікі рэвалюцыі — меншавікі, эсэры, падтрымліваемыя англійскімі і турэцкімі штыкамі, захапілі Баку, бакінскія камісары былі арыштаваны і кінуты ў турму.
Архіўны дакумент-распараджэнне контррэвалюцыйнай «Дыктатуры Цэнтракаспія» начальніку бакінскай турмы аб арышце П. А. Джапарыдзе, Я. Д. Зевіна, I. Т. Фіялетава, М. В. Васіна ад 18 жніўня 1918 года таксама стаў экспанатам нашага музея.
20 верасня 1918 года на 207-й вярсце ад Краснаводска белагвардзейцы і англічане расправіліся з камісарамі Бакінскай камуны. Расстраляны быў і Якаў Зевін.
Мы ганарымся, што краснапальчанін Якаў Зевін быў у слаўнай кагорце прафесіянальных рэвалюцыянераў-бальшавікоў. Мемарыяльная дошка, вуліца Зевіна ў Краснаполлі — даніна глыбокай павагі нашаму земляку, байцу ленінскай гвардыі, даніна нашай вечнай памяці.
Л. ЛАБАНОЎСКІ,
настаўнік краснапольскай сярэдняй школы.