Філіповіч, I. Першая электрастанцыя / I. Філіповіч // Магілёўская праўда. — 1987. — 30 мая.
У пачатку верасня 1872 г. у Магілёве адбыліся таргі за права асвятлення гарадскіх вуліц 200 керасінавымі ліхтарамі з 15 верасня па 15 сакавіка наступнага года за 2100 рублёў. У той час у горадзе жыло 40 тысяч чалавек, было 1620 драўляных і 285 цагляных дамоу, 85 розных вуліц і завулкаў.
У чэрвені 1880 г. гарадская управа прыняла пастанову аб неабходнасці электрыфікацыі горада і пабудовы гарадской электрастанцыі. 28 ліпеня пачалося ўзвядзенне будынка для яе (цяпер дом № 3 па 2-му Крутому завулку за кінатэатрам «Чырвоная зорка»), а ў сярэдзіне 1910 г. электрастанцыя трохфазнай сістэмы пастаяннага току напружаннем 220—380 вольт, дала першы ток.
Паколькі для такога, на той час маштабнага, мерапрыемства ўласных сродкау не было, давялося ўзяць у Маскоўскім зямельным банку 300 тысяч рублёў доўгатэрміновага крэдыту. Ён быў выкарыстаны на закупку механізмаў, абсталявання, установачных электраматэрыялаў.
Станцыя была абсталявана двума дызельнымі рухавікамі па 200 конскіх сіл кожны, якія ў суме давалі магутнасць у 400 кілават. Акрамя гэтага, мелася акумулятарная батарэя ёмістасцю ў 440 ампер-гадзін.
Да 1919 г. колькасць устаноўленых у абанентаў горада электралямпаў у 20 і 40 ват склала 12 тысяч. Па асноўных вуліцах было ўстаноўлена 350 электрычных ліхтароў. Аднак яшчэ звыш 300 керасінавых ліхтароў асвятлялі вуліцы, якіх разам з завулкамі было больш за 210. У горадзе было 4747 дамоў. Насельніцтва — 69700 чалавек. 90 падваротных ліхтароў асвятлялі прахадныя двары некаторых дамоў.
Да канца 1918 года магутнасць станцыі зменшылася да 150 кілават, была спынена падача электраэнергіі прыватным абанентам, значна зменшана асвятленне вуліц. Недахоп паліва для рухавікоў пагражаў поўным спыненнем работы станцыі, якая пасля рэвалюцыі перайшла ў састаў упраўлення гарадскіх прадпрыемстваў пры Магілёўскім губернскім саўнаргасе. 8 лістапада 1918 г. быў выбран першы рабочы камітэт электрастанцыі. У яго ўваходзілі тт. Прыгарын, Гужвій, Банін, Доблер. Увесь калектыў налічваў 45 чалавек. У канцы таго ж года станцыя працавала толькі 10 гадзін у суткі. Водпуск энергіі абанентам, якіх тады налічвалася 1300, быў абмежаваны трыма кілават-гадзінамі ў месяц кожнаму, пры ўмове карыстання толькі адной лямпай у 25 ват, коштам 6 руб. за кілават пры наяўнасці лічыльніка, і 45 руб. у месяц — пры яго адсутнасці.
3 19 студзеня 1919 г. была спынена падача электраэнергіі для асвятлення прыватных кватэр. У лютым разглядалася і магчымасць поўнага спынення падачы энергіі для асвятлення горада. У сярэдзіне 1919 года быў устаноўлены лакамабіль з-за адсутнасці нафты і іншых матэрыялаў для рухавікоў. Праз год пасля іх капітальнага рамонту станцыя амаль дасягнула першапачатковай магутнасці.
У жніўні 1928 г. з устаноўкай новага рухавіка магутнасць станцыі павялічылася да 950 кілават. Яе калектыў складаўся з 48 чалавек. Дырэктарам станцыі быў т. Шульман, галоўнымі механікам і дзяжурныміі шчыта працавалі тт. Сцяпанаў і Федаровіч. Машыністамі былі тт. Філіповіч, Ільін, Стасюнас. электрыкамі Гусарэвіч, Красоўскі, Шуцько і іншыя. Некаторыя ветэраны гэтага калектыву жывуць у Магілёве і сёння.
15 кастрычніна 1931 г. быў здадзен у эксплуатацыю першы кацёл ЦЭЦ-1, як даў цяпло, ток і пару фабрыцы штучнага валакна і гораду.
Яшчэ праз два гады, 4 верасня 1933 г. газета «Камунар Магілёўшчыны» паведаміла, што ў сувязі з пераводам электразабеспячэння горада на ток станцый Белэнерга Магілёўская гарадская электрастанцыя ліквідуецца. Будынак былой электрастанцыі ў 1938 годзе быў рэканструяваны пад 24-кватэрны жылы дом.
І. ФІЛІПОВІЧ, краязнавец.