Салдаценка, А. Дзеці сталелі рана… / А. Салдаценка // Ленинское слово. — 1987. — 26 мая.
Імя пісьменніка Міхаіла Шумава добра вядома магілёўскаму чытачу. Жыццё і творчасць празаіка цесна звязана з Магілёўшчынай. Нарадзіўся Шумаў 17 кастрычніка 1923 года ў Магілёве. Калі пачалася вайна, М. Шумаў быў студэнтам Магілёўскага педагагічнага інстытута. Прымаў удзел у абароне роднага Магілёва. Пасля вайны вяртаецца ў Магілёў, працуе завучам абласнога Дома піянераў, выкладчыкам культасветвучылішча, а з 1950 , года выкладае мову і літаратуру ў сярэдніх школах.
Чытачу добра вядомы аповесці М. Шумава «Жыццё кліча» і «Печаныя яблыкі», якія з’явіліся адлюстраваннем подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Наступныя аповесці «Прыйдзе і твой час» (1980 г.) і «Хроніка вуліцы Грушавай» (1982 г.) паяднаны як героямі, так і скразной тэмай маладосці ў паходзе, інтэрнацыянальнага братэрства савецкіх людзей.
У аповесці «Прыйдзе і твой час» паказаны апошнія перадваенныя гады. Ціхі, зялёны беларускі горад на беразе паўнаводнага Дняпра. Там жывуць вясёлыя, непаседлівыя хлопцы і дзяўчаты. Яны вучацца ў школе, захапляюцца гісторыяй і краязнаўствам, рыбачаць і ганяюць галубоў, кахаюцца, мараць аб будучым. Восенню саракавога паступаюць у інстытут педагагічны. Вайна спыніла ўсё: мары, планы, надзеі. Учарашнія школьнікі і студэнты бяруцца за зброю, становяцца байцамі народнага апалчэння, абаронцамі Айчыны… Уражваючымі ў аповесці з’яўляюцца старонкі, дзе паказаны дзеянні камсамольскага знішчальнага батальёна, гераічная абарона Магілёва.
Аповесць М. Шумава «Хроніка вуліцы Грушавай» — другая частка аповесці «Прыйдзе і твой час». У ёй жывуць і дзейнічаюць тыя ж героі. Але абставіны рэзка змяніліся. Магілёў акупіраваны фашыстамі. Героі кнігі Андрэй, Барыс, Вера і іншыя юнакі і дзяўчаты шукаюць сувязі з камуністычным падполлем. Кіруе падполлем былы завуч школы, у якой вучыліся рабяты. Ён і дапамагаў юнакам уключыцца ў актыўную барацьбу супраць захопнікаў. Шмат горкіх і цяжкіх выпрабаванняў выпала на долю васемнаццацігадовых патрыётаў. Іх старэйшых таварышаў — камуністаў. Але яны з гонарам вытрымалі пробу агнём, захавалі вернасць Радзіме, свайму народу.
Трылогію Міхаіла Шумава, пачатую аповесцямі «I прыйдзе твой час» і «Хроніка вуліцы Грушавай» завяршае аповесць «Вечны шах», выдадзеную выдавецтвам «Мастацкая літаратура» у 1986 годзе. Яе героі — магілёўскія юнакі і дзяўчаты апошніх перадваенных гадоў, байцы народнага апалчэння, падпольшчыкі і партызаны ў гады Зялікай Айчыннай вайны — сталі дарослымі людзьмі. Усіх іх па-ранейшаму аб’ядноўвае дружба, якая нарадзілася ў смяротных выпрабаваннях, яны, як і раней, байцы, непрымірымыя да подласці, двудушнасці, імкнення схавацца за чужымі плячыма.
А. САЛДАЦЕНКА,
супрацоўніца аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры
Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. I. Леніна.