Продкаў слаўныя імёны

Філіповіч, І. Продкаў слаўныя імёны / І. Філіповіч // Магілёўская праўда. — 1989. — 25 мая.

У асноўным я згодзен з артыкулам М. Ножнікава «Як імя тваё, вуліца?» надрукаваным не так даўно ў газеце. Хачу прадоўжыць размову на гэту тэму.

Назвы вуліц разам з помнікамі на іх гэта напамінак пра мінулае і сучасная культура горада. На жаль, Магілёў пазбаўлены свайго гістарычнага твару, сваёй вобразнай мовы ў выглядзе назваў.

Пра шматлікія недарэчныя і нават бязглуздыя назвы многіх сённяшніх вуліц горада дастаткова сказана ў прыгаданым вышэй артыкуле. Між тым, у шматвяковай гісторыі горада ёсць мноства забытых, цяпер невядомых імёнаў людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у яго куль­туру, гісторыю, плёнам дзейнасці якіх мы карыстаемся і цяпер. Яны больш заслугоўваюць права быць увекавечанымі, чым асобы, чые імёны выпадкова ўзяты са слоўнікаў і энцыклапедый. У сваю чаргу прапаную вярнуць у Магілёў імёны некалькіх яго слаўных гараджан і іншых выдатных людзей, сваёй дзейнасцю памятных у гісторыі горада.

Стахор Мітковіч. Кіраўнік паўстання гарадскіх рамеснікаў 1606—1610 гадоў.

Спірыдон Собаль. Асветнік і друкар з Магілёўшчыны. Працаваў у Оршы, Кіеве, Буйнічах. У Магілёўскай друкарні выпусціў у 1636-38 гадах некаторыя царкоўныя і свецкія кнігі, у ліку якіх «Буквар» — адзін з першых у славянскіх народаў.

Георгій КаніскІ. Украінскі і беларускі пісьменнік, царкоўна-палітычны і культурны дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1755— 1795 гадах ён быў у Магілёве праваслаўным беларускім архіепіскапам. Каніскі арганізаваў у Беларусі і на Магілёўшчыне шмат народных прыходскіх школ для навучання дзяцей, заснаваў магілёўскую семінарыю і народнае вучылішча пры ёй. Пушкін высока ацаніў яго асветніцкую дзейнасць, сказаў, што «жыццё яго належыць гісторыі». Партрэт (барэльеф) Каніскага змешчаны на помніку 1000-годдзя Расіі ў Ноўгарадзе.

Трафім Раманавіч Суртэ. У 1679 годзе казначэй Магілёўскага магістрата, купецкі стараста. Першы летэпісец славутага беларускага летапісу «Хро­ника г. Mariлева з 1526 і да па­лавіны 1701 года».

Юрый Трубніцкі — рэгент (кіраўнік, адказны сакратар) Магілёўскага магістрата, які працягваў хроніку Магілёва з 1701 да 1746 года. Далейшыя пакаленні Трубніцкіх пісалі хроніку да 1864 года; Трубніцкія жылі на Падніколлі, паблізу Нікольскай царквы, дзе мелі свой дом і ўчастак. Можна адной з вуліц горада даць імя ўсіх Трубніцкіх.

Раеўскі Мікалай Мікалаевіч, генерал, герой Айчыннай вайны 1812 года. Камандзір 7-га пяхотнага корпуса ў арміі Баграціёна. Кіраваў бітвай з фран­цузамі 11 (23) ліпеня ля вёскі Салтанаўка, чым зэбяспечыў магчымасць Баграціёну пераправіць 2-ю рускую армію цераз Дняпро ля Быхава і выйсці да Смаленска, злучыцца з 1-й арміяй Барклая-дэ-Толі.

Барклай-дэ-Толі. Герой Айчыннай войны 1812 года. Камандуючы 1-й рускай арміяй. Пасля перамогі над Напалеонам галоўнай кватэрай штаба арміі быў Магілёў; Месцам жыхарства для камандуючага — «Аляксандраўскі палац», які стаяў на тагачаснай Шклоўскай (цяпер Першамайскай) вуліцы паблізу Іосіфаўскага сабора. У Магілёве Барклай жыў з 1815 да чэрвеня 1818 года. Па яго указанию ваенным ведамствам быў набыты ў горадзе дом Запольскага (цяпер СШ № 3) для размяшчэння ў ім сіроцкага до­ма для салдацкіх дзяцей.

Камбураў Пётр Георгіевіч. Архітэктар, інжынер-будаўнік. Аўтар праектаў будынкаў гарадскога тэатра, абшчыны сяс цёр міласэрнасці (не захаваўся), ваеннай царквы на Машэкаўцы (былая СШ № 9), цэнтральнай фельчарскай школы (медвучылішча), сялянскага банка (цяпер карцінная галерэя і рэдакцыя «Магілёўскай праўды).

Максімаў Мітрафан Цімафеевіч. Член Магілёўскай арганізацыі РСДРП (бальшавікоў), прадстаўнік у Палескай арганізацыі РСДРП(б). У Магілёве жыў на Быхаўскай вуліцы ў до­ме № 24. Прадстаўнік Рэвалюцыйнай стаўкі на II з’ездзе Саветаў і старшыня з’езда. Пер­шы старшыня самастойнай партыйнай арганізацыі бальшавікоў у Магілёве, створанай у снежні 1917 года.

Кумельскі Уладзімір Уладзіміравіч. Заснавальнік і рэжысёр рускага драматычнага тэатра ў Беларусі ў перыяд яго магілёўскай дзейнасці ў 1928—1939 га­дах. Заслужены артыст БССР (1933), заслужены дзеяч мастацтваў БССР. Адзначыў у 1929 годзе ў Магілёве 25-гадовы юбілей сцэнічнай дзейнасці. Пахаваны ў Магілёве ў 1939 го­дзе на брацкім могільніку (Карабанаўка).

Грачоў Міхаіл. Камандзір 35-га бронеатрада, загінуў у баях з белапалякамі 4 ліпеня 1920 года. Пахаваны на Савецкай плошчы. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Усаў Васіль Міхайлавіч. Камандзір бронемашыны 35-га бронеатрада. Пахаваны на Савецкай плошчы. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чыр­вонага Сцяга.

Паўлаў Ілья Паўлавіч. Старшыня Брадзецкага валаснога рэўкома, загінуў ад рук белапалякаў 4 сакавіка 1920 года, пахаваны на Савецкай плошчы.

Мяцёлкін Міхаіл, Ражкоў Анатоль, Хахлоў Павел — магіляўчане, павешаныя на Савецкай плошчы фашыстамі 25 красавіка 1942 года за падпольную дзейнасць на тэрыторыі горада.

І. ФІЛІПОВІЧ,
краязнавец.