Пушкін і магілёўскі край // Ударны фронт. — 1989. — 6 чэрвеня ; 8 чэрвеня.
Усім вядомы паэт
Пра беларусаў у А. С. Пушкіна ёсць такія радкі: «…народ издревле нам родной». Ен добра ведаў гісторыю і культуру Беларусі, яе людзей. Двойчы быў у Магілёве.
Як і ва ўсёй Беларусі, на Магілёўшчыне вялікага рускага паэта ведалі яшчэ пры жыцці. У 30-х гадах мінулага стагоддзя ў Горках была напісана ананімная сатырычная паэма «Тарас на Парнасе». Невядомы аўтар з вялікай пашанай І добрай усмешкай расказвае пра сустрэчу свайго героя з Пушкіным І яго паэтычнымі саратнікамі. Не ў прыклад Булгарыну І Грэчу, шлях на Парнас для іх шырока адчынены:
Во нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
I, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў усё нетакоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
I Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Калі ў 1899 годзе ў краіне адзначалася стагоддзе з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, то ўрачыстасці былі праведзены і ў Магілёве.
Пры Савецкай уладзе «імя геніяльнага паэта стала вядомым усім ад мала да зяліка» (Аркадзь Куляшоў). У 1937 годзе паўсюдка ў краіне шырока адзначана стагоддзе з дня смерці А. С. Пушкіна. На Магілеўшчыне літаратурныя вечары паэта праводзіліся нават у невялічкіх вёсках. Добра помню, як у пачатковай школе вёскі Радзішына, што на Шклоўшчыне, настаўніца В. Лук’янава разам з вучнямі падрыхтавала літаратурна-музычны вечар. Быў выпушчан нумар насценнай газеты, якую размясцілі пад партрэтам Пушкіна. Дзеці вывучылі напамяць вершы паэта, падрыхтавалі некалькі песень. На вечар запрасілі бацькоў. Прасторная школа была перапоўнена. Рабяты чыталі пушкінскія вершы, пад скрыпку (добра валодаў ёю настаўнік Ф. Лук’янаў) пелі песні «Зімовы вечар», «Нявольнік» і іншыя (на словы А. С. Пушкіна). Для ўсіх вучняў, што былі на вечары памяці, у тым ліку і для аўтара гэтых радкоў, А. С. Пушкін на ўсё жыццё стаў самым любімым паэтам.
I гэта сапраўды так. Бо і паэт Сяргей Грахоўскі сказаў: «Як памятаю сябе, памятаю і Пушкіна. Спачатку зачаравалі казкі, потым вершы, паэмы і яго імклівая, празрыстая і лаканічная проза».
А. С. Пушкін быў у Магілёве ў 1820 і ў 1824 годзе. У вершах паэта-земляка Пятра Прыходзькі ёсць такія радкі:
I сёння знайшлі мы знаёмыя словы
На пыльных старонках архіўных тамоў
Аб тым, як хадзіў па камнях Магілёва
Паэт, сустракаючы блізкіх сяброў.
Звесткі, хаця і вельмі скупыя, пра тое, што 11 мая 1820 года праязджаў праз Магілеў А. С. Пушкін, пакінуў нам Іван Пушчын, ліцэйскі сябар паэта, «друг бесценный». Ен у той час вяртаўся з Бесарабіі ў Пецярбург. А Пушкіна імператар Аляксандр саслаў на поўдзень у распараджэнне генерала Інзава. У падарожнай былі пералічаны мястэчкі і гарады, праз якія павінен пралягаць маршрут без усялякіх’ адхіленняў. Пасля Оршы быў названы Магілёў.
Іван Пушчын пакінуў такі ўспамін: «Беларускі шлях страшэнна сумны. Не сустрэўшы нікога на станцыях, я звычайна зазіраў у кнігу для запісаў падарожных і там шукаў путнікаў. Бачу аднойчы, што напярэдадні праехаў Пушкін на Екацярынаслаў. Пытаюся ў станцыйнага наглядчыка: «Які гэта Пушкін?» Мне і ў галаву не прыходзіла, што гэта мог быць Аляксандр. Наглядчык гаворыць, што гэта паэт Аляксандр Сяргеевіч, едзе, здаецца, на службу, на перакладных, у чырвонай рускай з поясам кашулі, у паяркавым капелюшу (час быў надта спякотны). Я тут роўна нічога не зразумеў — жыў у Бесарабіі, вядома, ніякіх звестак пра нашых ліцэйскіх не меў. Гэта мяне азадачыла.
У Магілёве, на станцыі, сустрэў фельд’егера, вядома, адразу ж пытаюся ў яго, ці не ведае ён што-небудзь пра Пушкіна. Ён нічога не змог паведаміць мне пра яго…»
I толькі ў Пецярбургу даведаўся I. Пушчын пра ўсё, што здарылася з сябрам. А праз шмат гадоў ён, успамінаючы пра гэты эпізод на Беларускім шляху, з горыччу ўздыхне:
«Каб Пушкін праязджаў суткамі пазней да паварота на Екацярынаслаў, я сустрэў бы яго ў дарозе, І якая радасць была б абняць яго ў такую хвіліну. Бачна нам было наканавана толькі адзін яшчэ раз убачыцца, і то не раней 1825 года».
У ліпені 1823 года Пушкін пераехаў з Кішынёва ў Адэсу. Тут яго жьщцё ўскладнілася канфліктам з новасібірскім генерал-губернатарам М. С. Варанцовым. Паліцыя перахапіла пісьмо паэта, у якім ён называе сябе прыхільнікам чыстага атэізму («афеізму»). У выніку яго звольнілі са службы і накіравалі ў ссылку ў Пскоўскі маёнтак бацькоў — сяло Міхайлаўскае, пад нагляд мясцовых улад.
А. С. Пушкін у Магілёве
I зноў далёкая дарога… 31 ліпеня 1824 года калежскі сакратар Пушкін выехаў з Адэсы на поўнач па маршруту, які падпісаў адэскі гараднічы Гур’еў. Паэт даў падпіску нідзе не затрымлівацца ў дарозе…
5-га жніўня Пушкін праехаў праз Беліцу і Чачэрск, а надвечар 6-га ўз’ехаў на вуліцы Магілёва. Цікава, па якой вуліцы ехаў Пушкін? Жыхары горада даўно звыкліся з думкай, што і ў 1820 годзе па дарозе на поўдзень, і ў 1824 годзе з Адэсы А. С. Пушкін прыязджаў і выязджаў з горада па дарэвалюцыйнай Чарнігаўскай вуліцы. Магчыма, з гэтых меркаванняў яе і пераіменавалі ў савецкі час ў праспект Пушкіна. Аднак, паводле сцвярджэння краязнаўцы I. Філіповіча, якія ён абгрунтаваў гістарычнымі фактамі, А.» С. Пушкін ніколі не быў у раёне Лупалава, на левабярэжжы Дняпра. Справа ў тым, што ў пачатку 19-га стагоддзя дзяржаўны паштовы шлях Пецярбург — Адэса праходзіў у граніцах Магілеўшчыны па праваму берагу Дняпра праз Оршу, Шклоў, Магілеў, Быхаў, Рагачоў. I толькі потым пераходзіў на левабярэжжа.
(Працяг будзе).
(Працяг. Пачатак у № 68)
Вось чаму 11 мая 1820 года па дарозе з Пецярбурга на Екацярынаслаў А. С. Пушкін мог трапіць у Магілёў са Шклова толькі па тагачаснай Шклоўскай (цяпер Першамайскай) вуліцы, а вяртаючыся 6-га жніўня 1824 года з Адэсы ў сяло Міхайлаўскае, Аляксандр Сяргеевіч пад’язджаў да Магілёва з боку паштовай станцыі Буйнічы. Такім чынам, уязджаў у горад ён па сённяшняй вуліцы Чалюскінцаў.
Сучасная магістраль Ленінград—Адэса была пракладзена пасля смерці Пушкіна, толькі ў 50-х гадах 19-га стагоддзя. Тады і з’явілася Чарнігаўская вуліца на левабярэжжы Дняпра.
Пра сустрэчу А. С. Пушкіна з магіляўчанамі мы ведаем па ўспамінах «Сустрэча з А. С. Пушкіным у Магілёве» якія пакінуў афіцэр гусарскага палка А. П. Распопаў. Гэтыя ўспаміны ў 1876 годзе надрукаваў часопіс «Руская старина».
«6-га жніўня 1824 года, калі перед манежам палкавая музыка іграла вячэрнюю зару, а публіка, скарыстаўшы святочны дзень і прыемнае надвор’е, гуляла па Шклоўскай вуліцы, праязджала на паштовых брычка: наперадзе ішоў хтосьці ў афіцэрскай шапцы, шынель наапашкі, у чырвонай шаўковай рускай кашулі, падперазанай вітым поясам. Брычка павярнула па Ветранай вуліцы на пошту: я адразу ж паспяшаўся ўслед за ёю, каб дазнацца, хто ж прыехаў. Наглядчык сказаў мне, што едзе з Адэсы калежскі асэсар Пушкін; я ў тое ж імгненне кінуўся ў пасажырскі пакой і, узяўшы Пушкіна за руку, спытаў яго:
— Вы, Аляксандр Сяргеевіч, пэўна, мяне не пазналі? Я — пляменнік былога дырэктара ліцэя — Ягора Антонавіча Энгельгадта; у святочныя дні мяне забіралі з корпуса ў Царскае Сяло, дзе вы з Дэльвігам прымушалі мяне дэкламаваць вершы.
Пушкін, абдымаючы мяне: сказаў:
— Помню, помню, Саша, ты жвавы быў кадэт.
Я ад радасці такой нечаканай сустрэчы не ведаў, што рабіць: стрымгалоў пабег да таварышаў, што гулялі са мною, паведаміць ім, што праездам наш дарагі паэт А. С. Пушкін (у той час усе зацікаўлены былі «Яўгенам Анегіным», выйшаў VI раздзел гэтага рамана пра дуэль Яўгена з Ленскім).
Усе паспяшаліся на пошту. Захаплення немагчыма апісаць. Пушкін загадаў адкаркаваць некалькі пляшак шампанскага. Пілі за ўсё, што прыходзіла ў галаву: за здароўе няні, Тані і за ўпамін душы Ленскага».
Тут час якраз зрабіць агаворку, што свае паўвекавыя ўспаміны А. П. Распопаў публікаваў ва ўзросце 73 гады, таму вядома, што памяць магла і падвесці (так, ён назваў Пушкіна калежскім асэсарам, а ён быў калежскі сакратар; раман у вершах «Яўген Анегін» яшчэ не з’явіўся ў друку і, выходзіць, пра яго герояў не маглі весці гаворку ў той вечар). Затое атмасфера сустрэчы перададзена надзвычай ярка:
«Але гэтага для нас было мала: у захапленні, што з намі вялікі паэт Пушкін, мы ўзялі яго на рукі і аднеслі непадалёк на маю кватэру (я жыў разам з карнетам Куцынскім). Пушкін быў у захапленні нашым энтузіязмам, мы ўзнімалі на руках дарагога госця, пілі за яго здароўе, за гонар і славу ўсяго ім створанага. Пушкін быў у самым вясёлым і прыемным настроі, ён ускочыў на стол і прадэкламаваў:
Я люблю вечерний пир,
Где веселье председатель,
А свобода, мой кумир,
За столом законодатель.
Где до утра слово пей
Заглушает звуки песен:
Где просторен круг гостей,
А кружок бутылок тесен.
Такім чынам Распопаў запомніў, што Пушкін чытаў менавіта гэты верш «Вясёлы пір». А вось яго сябру А. Куцынскаму запомнілася гаворка з паэтам пра «Бахчысарайскі фантан», які быў апублікаван вясною таго ж 1824 года. Куцынскага, ужо генерала ад кавалерыі ў адстаўцы, распытваў у жніўні 1873 года ў Варшаве нястомны археограф П. I. Бартэнеў. Нямногае паведаміў стары генерал. I ўсё ж мы маем новыя штрыхі да малюнка знаходжання Пушкіна ў Магілёве. S
Калі Куцынскі «прама аб’явіў паэту, што ён і яго таварышы зачытваюцца «Бахчысарайскім фантанам», то Пушкін «удакладніў, што ў друкаваным тэксце адзін радок не так, а трэба:
Корана заповедь святую
Не строже соблюдает он?
Заўвага Пушкіна адносілася да ўмяшання цэнзуры ў тэкст паэмы.
Але і Куцынскі недакладна перадаў нам адзін радок. Пра «злога евнуха» у Пушкіна так:
Святую заповедь Корана
Не строже наблюдает он.
Магчыма, што паэт падзяліўся ўражаннямі свайго адэскага жыцця —«Варанцова ён разносіў». Пушкін распытваў маладых афіцэраў пра іх службу. Куцынскаму запомнілася нечаканае пытанне пра тое, «колькі ў Расіі павінна быць дзяншчыкоў». Падлічылі, і атрымалася, што да ста тысяч. «Сто тысяч загубленага народу, які павінен боты чысціць!» — усклікаў і гарачыўся Пушкін.
Ва ўспамінах Распопава ёсць яшчэ імёны двух афіцэраў, якія былі на сустрэчы з Пушкіным. Гэта штаб-ротмістр Елізаветградскага гусарскага палка князь Міхаіл Абаленскі і паручык Марыупальскага палка Станіслаў Юр’евіч.
Віно ўсім разгарачыла галовы, і князь Абаленскі закрычаў:
— Панове, гэтая ўрачыстасць выходзіць за межы агульнай радасці, яна павінна быць адзначана чым-небудзь асаблівым. Панове! Зробім нашаму куміру ванну з шампанскага!
Усе згадзіліся, але Пушкін, усміхнуўшыся, сказаў: Сябры мае, шчыра ўдзячны, сапраўды было б цудоўна, я не супраць папаласкацца ў шампанскім, але спяшаюся: ехаць трэба.
Гэта было ў 4 гадзіны раніцы. Мы ўсім гуртам праводзілі яго на пошту, дзе зноў адзначылі шампанскім і, развітаўшыся, пажадалі яму шчаслівай дарогі».
Як бы там ні было, а ўспаміны А. Распопава і А. Куцынскага — гэта сцвярджэнне, гэта дакументы сапраўднасці таго факта, што А. С. Пушкін на самой справе бываў у Магілёве, хадзіў па яго вуліцах, любаваўся краявідамі Дняпра, сустракаўся з мясцовымі жыхарамі.
(Працяг будзе)