Марчанка, Н. Сустрэчы з юнацтвам / Н. Марчанка // Магілёўская праўда. — 1987. — 24 чэрвеня.
Уладзімір Міхайлавіч беражліва дастаў з шафы марскую форму, звыклым жэстам нацягнуў бесказырку і зірнуў у люстра.
— Пастарэў ты, брат, — з сумам падумаў аб сабе, заўважыўшы новыя маршчыны на твары. — Ну што ж, форма і тая вунь як пастарэла. Як-ніяк амаль сорак год мінула, калі ўпершыню павесіў яе сюды…
Час да сустрэчы ў школе №7 яшчэ быў, і Уладзімір Міхайлавіч прысеў, каб яшчэ раз абдумаць, што ён пачне расказваць тым дзяўчынкам і хлопчыкам, якія чакаюць яго сёння ў сёмым «В».
Расхваляваўся былы марак, калі ўспомніў, што на гэты раз ён сустракаецца з сямікласнікамі. А яму ж, Валодзю Станкевічу, было тады роўна столькі ж. Але ў гэтых падлеткаў уперадзе выдатнае будучае, а яго планы і надзеі тым чэрвеньскім днём перакрэсліла вайна.
Яго бацьку, кадраваму рабочаму, разам з сям’ёй трэба было ехаць у Куйбышаў, куды эвакуіравалася і прадпрыемства. З горыччу пакідалі любімы горад Магілёў. Асабліва перажываў Валодзя: тут застаюцца яго таварышы помсціць ворагу, а ён — на ўсход. Ці не крыўдна?
— Не хвалюйся, сын, загад ёсць загад, — супакойваў бацька. — А змагацца за перамогу трэба не толькі тут, але і ў тыле. Павер, там жа ненамнога лягчэй, чым на фронце.
Гэта Валодзя адчуў пазней. На заводзе ў Куйбышаве, дзе быў наладжан выпуск авіяцыйных матораў, працаваць было цяжка. Асабліва, калі табе ўсяго 15 год, і рукі з непрывычкі не ўзняць пасля 12-гадзіннай напружанай змены. Раптоўна памёр бацька і так атрымалася, што сын стаў на яго месца, з гонарам замяніў слаўнага стаханаўца.
Працуючы з усіх сіл, Уладзімір Станкевіч усё ж пастаянна перажываў, як, дарэчы, і многія яго тазарышы, што ён не на перадавой. Асабліва хвалявалі хлопца баявыя дзеянні нашага Ваенна-Марскога Флоту. Як зайздросціў ён гэтым бясстрашным людзям у бесказырках! Абіваў парогі мясцовага ваенкамата, але там і слухаць не хацелі: «Падрасці, маўляў, тады і прыходзь».
— Тады і вайна закончыцца, — з крыўдай гаварыў Валодзя маці, — а я і не вылезу адсюль!
Ідэя трапіць на фронт не давала спакою. Разам з сябрамі ў кожную вольную мінуту пачаў хадзіць на заняткі ў школу юных маракоў. 3 прагай і задавальненнем асвойваў Уладзімір азы марской справы. А калі адзін з яго таварышаў незнарок даведаўся, што на Салавецкіх астравах у Белым моры пачала працаваць школа юнгаў і туды аб’яўлен чарговы набор, хлопцу здалося, што мара яго дзяцінства наблізілася, як ніколі.
…I вось ён юнга. Прычым, адзін з лепшых і здольных вучняў. Выдатна асвоіў спецыяльнасць артылерыйскага электрыка і з адзнакай закончыў школу. Чырвоная Армія пераможна крочыла на Захад і гнала фашысцкага звера ў яго логава. Толькі б паспець адпомсціць гэтым катам за слёзы i гора савецкіх людзей, толькі б не спазніцца!
I юнга Станкевіч паспеў. Семнаццацігадовым юнаком трапіў у храбрую і згуртаваную сям’ю экіпажа кананерскай лодкі «Чырвоны сцяг». Выдатную падрыхтоўку юнага марака тут ацанілі па вартасці. Сам жа Уладзімір вельмі ганарыўся, што трапіў менавіта на гэты карабель, у якога была цікавая біяграфія. Ветэран савецкага флоту, равеснік славутай «Аўроры», ён у гады Вялікай Айчыннай вайны падтрымліваў магутным артылерыйскім агнём дзеючыя ў прыбярэжнай зоне нашы сухапутныя войскі, па-геройску абараняў Ленінград. Свой апошні баявы паход кананерка «Чырвоны сцяг» завяршыла пасля капітуляцыі Германіі, 14 мая, у час разгрому Курляндскай нямецкай групоўкі ў прыбярэжжы Бзлтыйскага мора. У гэтым паходзе юнга Станкевіч удзельнічаў ужо ў званні чырванафлотца. Ён стаў паўнапраўным членам слаўнага экіпажа, сапраўдным матросам, адданым мору і сваёй Радзіме.
Толькі ў 1950 годзе, адслужыўшы абавязковую службу на караблі, вярнуўся Уладзімір Міхайлавіч у родны Магілёў. Яго грудзі ўпрыожвалі медалі Нахімава, «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй», «30 год Савецкай Арміі» і многія іншыя. Сваю марскую форму разам з узнагародамі ён беражліва павесіў у шафу.
А потым была мірная стваральная праца, як і ў многіх тысяч былых воінаў. Захапіўся фатаграфіяй, якой ён прысвяціў амаль сорак год, стаў іграць у народным тэатры. Родным і блізкім назаўсёды застаўся яму аўтазавод імя С. М. Кірава, дзе чвэрць века аддадзена рабоце ў аддзеле галоўнага канструктара. Нязменнымі застаюцца і вось гэтыя шматлікія сустрэчы з юнацтвам.
Уладзімір Міхайлавіч спахапіўся:
— Ды што ж гэта я, час ідзе, а так і не вы рашыў, з чым пайду да рабят. А можа расказаць ім аб школе юнгаў, якая была створана на Салаўках у 1942 годзе і сваімі трыма выпускамі вельмі дапамагла Ваенна-Марскому Флоту краіны? Або аб тым, як школьнікі Масквы, Горкага, Валгаграда, іншых гарадоў адшукалі больш як тысячу былых выхаванцаў школы, і цяпер яны регулярна сустракаюцца на Салаўках? А можа лепш расказаць пра магіляўчаніна Анатоля Мікалаевіча Прарошанку і віцябчаніна Анатоля Георгіевіча Чайкоўскага, якія раней мяне закончылі гэту школу і здзейснілі дзесяткі подзвігаў на сваіх караблях? Так, бадай, так і зраблю!
Н. МАРЧАНКА.
НА ЗДЫМКУ: былы выхаванец школы юнгаў ВМФ СССР У. М. Станкевіч.