Святло праз гады

Капусцін, A. Святло праз гады / А. Капусцін // Звязда. — 1987. — 1 ліпеня.

Нядаўна ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў ра­ман Леаніда Левановіча «Шчыглы». Пісьменнік узнаўляе падзеі апошніх месяцаў вайны на роднай яму Магілёўшчыне, а таксама расказвае пра жыццё землякоў пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раман ахоплівае лета сорак трэцяга года—канец лета сорак шостага. Тры цяжкія га­ды, на фоне якіх раскрываюцца няпростыя чалааечыя лёсы, вырашаюцца надзённыя праблемы.

У цэнтр твора аўтар ставіць шасцігадовага Андрэйку Сахуту, звычайнага вясковага хлапчука — увасабленне памяці пакалення, якое сёння дасягнула свайго пяцідзесяцігадовага ўзросту, а маленства якога бы­ло апалена вайной.

«Шчыглы»… Менавіта з гэтага моменту, калі Андрэйка ўбачыў прыгожую птушку, пачынае гучаць лірычньі матыў, эвязаны эместам сваім з апяваннем свету маленства, які нават у страшэнных выпрабаваннях не растраціў сваёй першароднай чысціні і прывабнасці. «Шчыглы»—гэта Андрэй­ка, яго браты і сястра Марына. «Шчыглы»—гэта ўсе дзеці, што перажылі ваеннае ліхалецце. Тым самым назва тво­ра набывае аб’ёмнае гучанне. Аднак гэта не значыць, што Леанід Левановіч замыкаецца на вобразе Андрэйкі.

У кожным вобразе пісьменнік сфакусіраваў надзённыя праблемы пасляваеннага часу. А што Левановіч дасягае ў абмалёўцы гэтых персанажаў псіхалагічнай пераканаўчасці, яскрава сведчаць лепшыя старонкі рамана.

Асабліва ўдаўся аўтару вобраз раённага ўпаўнаважанага па нарыхтоўках Крупадзёрава. Характер гэты раскрыты ў рамане шматгранна, з належным заглыбленнем ва ўнутраны свет далёка няпростага чалавека, з вяртаннем у яго даваеннае мінулае, калі Крупадзёраў толькі пачынаў сцвярджаць сваё прагавітае жаданне кіраваць людэьмі.

Цікавы вобраз першага сакратара райкома партыі Акапяна, які ў адрозненне ад Крупадэёрава ніколі не адасабляўся ад людзей. Таварыскі, чулы, ён лёгка знаходзіць кантакт з падначаленымі, жыхарамі раёна. Вельмі пераканаўча раскрывае асобу Акапяна эпізод на лесанарыхтоўках, дзе былы франтавік нароўні працуе з калгаснікамі, умее прыслухацца да чалавечых бед і радасцей.

Нельга абысці ўвагай воб­раз Уладзіміра Бравусава. Юнак ідзе служыць у міліцыю, і хоць ён прайшоў на фронце суровую школу, у новых, мірных абставінах не заўсёды належным чынам раскрывае сябе. Ствараецца нават пагроза, што з цягам часу Бравусаў можа ператварыцца ў другога Крупадзёрава, які дзейнічае толькі з пазіцыі сілы.

Toe, што «Шчыглы» — першы ў Левановіча твор буйнога жанру, пэўным чынам адбілася на яго мастацкіх вартасцях. Калі-нікалі хранікальнасць у адлюстраванні падзей вядзе да рэпартажнасці, заўважаецца сям-там і некаторая расцягнутасць, трапляюцца неабавязковыя сюжэтныя лініі. У цэлым жа — гэта значны крок у творчай біяграфіі пісьменніка, які ў апошні час працуе ўсё больш плённа.

А. КАПУСЦІН.