Астранамічная пляцоўка на школьнай тэрыторыі

Івашнёва, Алена. Астранамічная пляцоўка на школьнай тэрыторыі : [астранамічная пляцоўка  сярэдняй школы № 28 Магілёва] / Алена Івашнёва // Настаўніцкая газета. — 2017. — 16 лістапада. — С. 4.

Ужо другі год наша школа прымае ўдзел у рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Укараненне арганізацыйна-педагагічных умоў фарміравання сацыяльнай паспяховасці вучняў». Гэтая тэма для нас асабліва значная, паколькі адукацыйная ўстанова знаходзіцца ў цэнтры вялікага мікрараёна, які народ называе «Рабочым пасёлкам» і ў якім умовы і асяроцдзе не заўсёды спрыяюць паспяховай дзейнасці нашых выхаванцаў.

Мэта педагагічнага калектыву не толькі дапамагчы дзецям стаць адукаванымі людзьмі, але і даць ім правільныя арыенціры для «плавання» ў пастаянна зменлівым свеце, уменне будаваць гарманічныя адносіны і, у выніку, заняць сваё годнае месца. Паспяховы чалавек — гэта не толькі добры прафесіянал, бацька, кіраўнік ці проста вучань. Гэта перш за ўсё чалавек творчы, даследчык, які нязменна імкнецца пазнаваць штосьці новае, нязведанае. У гэтай сферы прыцягвае ўвагу дзейнасць школьнага клуба юных астраномаў і іх ідэйнага кіраўніка настаўніцы фізікі і астраноміі В. В. Драгальчук. На Рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў у Мінску праект «Астранамічная пляцоўка сярэдняй школы №28» стаў пераможцам і атрымаў грант на суму ў 23 млн рублёў (да дэнамінацыі). Увесь год вучні, настаўнікі і будаўнікі старанна працавалі на ёй — і вось, нарэшце, чырвоная стужка разрэзана і пляцоўка адкрыта. Тут размясціліся флюгер, вялікая мадэль нябеснай сферы, гарызантальны сонечны гадзіннік, геаскоп, схемы сонечнай сістэмы, астранамічны парасон. А гонар юных астраномаў — тры тэлескопы. Адзін вучні зрабілі па часопісах, другі з’явіўся пасля рэстаўрацыі старога савецкага экзэмпляра, трэці ўстанове адукацыі падарылі. У планах — стварыць пояс задыяка, экватарыяльны  і  вертыкальны сонечны гадзіннік, падрыхтаваць астраномаў-экскурсаводаў.

Валянціна Васільеўна адзначае: “Гэтая пляцоўка вельмі зручнае і патрэбнае месца не толькі для ўрокаў геаграфіі і астраноміі, але і для правядзення «Вечароў займальнай астраноміі», куды будуць запрашаць усіх жадаючых. Адкрыццё пляцоўкі прысвечана 750-годдзю р0днага горада і Году навукі. Мы ганарымся, што такі ўнікальны праект з’явіўся ў нашай школе. Спадзяёмся, што гэтае месца стане цэнтрам, куды прыйдуць вучні школ Магілёва, яго жыхары, турысты. Тут яны змогуць бліжэй пазнаёміцца з нябеснымі целамі, адкрыць таямніцы Сусвету, проста паразважаць і, назіраючы за зоркамі, прыняць правільнае рашэнне.

Алена ІВАШНЁВА, дырэктар сярэдняй школы №28 Магілёва.