Грамыка, Л. Лепш і горш : міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.аrt.кантакт» / Л. Грамыка // Мастацтва. — 2014. — № 5. — С. 28-31.
Адказаць на пытанне: «Дзеля чаго патрэбны фестывалі?» — не так і проста. Асабліва ў тым выпадку, калі арганізатары ставяць перад сабой сур’ёзныя задачы, а свята мастацтва становіцца для іх нечым большым за напышлівую дэманстрацыю штучных амбіцый. Напрыклад, «М.art.кантакт»… Для таго, каб утрымліваць форум у рамках вызначанай канцэпцыі, штогод фарміраваць ды збіраць праграму, урэшце, скіроўваць у патрэбнае рэчышча яго непрадказальную і імпульсіўную плынь, неабходны асаблівыя якасці.
Зусім не беспадстаўна нам, крытыкам, хочацца, каб усе беларускія тэатральныя фестывалі бралі на сябе функцыі творчай інстытуцыі: адлюстроўвалі, аналізавалі і ўплывалі на мастацкі працэс. Каб рабілася гэта не напаўсвядома, а мэтанакіравана і, што вельмі важна, сістэмна. Асабліва калі мець на ўвазе хутарское існаванне сцэнічных калектываў, кожны з якіх застаецца сам-насам са сваімі праблемамі ды памкненнямі і паступова перастае арыентавацца ў сучаснай тэатральнай прасторы. У айчынных рэжысёраў і акцёраў відавочныя праблемы ўзнікаюць з новай сцэнічнай лексікай. Але ж тэатры, якія штогод збіраюць на сваіх падмостках спектаклі з розных краін свету, сучасным павевам і кірункам здатны адпавядаць. Ва ўсякім разе, нязвыклае, увасобленае з дапамогай па-іншаму настроенага інструментарыя выклікае ў іх прафесійны інтарэс, а не правакуе на бясконцыя неаргументаваныя праклёны. Ды гэта я так думаю.
Фармат — не фармат
На самай справе, не кожны фестываль бярэ на сябе нейкую спецыяльную місію. Жыццёвыя абставіны моцна трымаюць арганізатараў у сваіх ланцугах. Пагарджаць гэтымі абставінамі не можа ніводзін форум, нават такі канцэптуальна акрэслены, як «М.аrt.кантакт». Між тым менавіта ідэйна абгрунтаванаму — «пра моладзь і для яе» — фестывалю неабходны спецыяльныя ўмовы і моцная фінансавая падтрымка. Дырэктар форуму Андрэй Новікаў даўно і свабодна арыентуецца на міжнародным фестывальным рынку. І таму дакладна разумее, што змагацца з яго законамі — марная справа. Тым не менш ганарары за пракат зорных спектакляў, міжнародныя маршруты якіх распісаны на некалькі сезонаў наперад, з цягам часу толькі павялічваюцца. Спытайцеся ў любога дырэктара ці прадзюсара, якім чынам збіраюцца самыя буйныя тэатральныя форумы або як можна сфарміраваць лепшую ў свеце праграму? Адказ будзе пэўны: усё залежыць ад бюджэту. Улічваючы гэтыя акалічнасці, можна пагадзіцца з Андрэем Новікавым, які кажа, што «М.аrt.кантакту» дастаткова мець адзін зорны спектакль у праграме. Сёлета гэта быў «Містрас» па п’есе Марыуса Івашкявічуса Дзяржаўнага вільнюскага малога тэатра, які і атрымаў Гран-пры. Сусветнавядомы калектыў са спектаклем славутага рэжысёра. Для маладзёжнага форуму — выдатны прыклад высокага мастацтва.
Кожны, хто мае ўяўленне аб тым, як працуюць фестывальныя механізмы, ведае: на бязмежных міжнародных абсягах круціцца шмат спектакляў, якія сур’ёзнаму форуму мець у сваёй афішы зусім не абавязкова. Ды толькі абысці іх бывае складана. Такім чынам, на «М.аrt.кантакце» — 2014 дарэмна апынуліся: «Да заўтра!» па п’есе Кокі Мітані «Акадэмія смеха» (Тэатр адначасовай гульні «Zоапарк», Ніжні Ноўгарад, Расія) і спектакль-кабарэ «У бары “У кракадзіла”» (Праект Тэрэзы Вайсбах, Берлін, Германія). «Да заўтра!» — выразны прыклад тэатральнай папсы з прэтэнзіяй на мастацкасць. «У бары “У кракадзіла”» — напаўпрафесійнае відовішча, адрасаванае пажылым буржуа: сумніўны вакал і актрыса ў чырвоных калготках з сетачкай пад белым пеньюарам. Акурат тое, што можа зацікавіць сучасную моладзь у якасці вясёлага прыкладу буржуазнай пошласці і памаўзлівасці.
Тут і ўзнікае клятая супярэчнасць паміж «варта» і «трэба», якой не можа ўнікнуць ніводзін беларускі фестываль. Прынамсі эксперыментальныя і жывыя пастаноўкі «для моладзі і пра моладзь» насамрэч не надта выдатковыя. Праблема ў іншым: яны не заўсёды добра прадаюцца на мясцовую публіку. Між тым кошт квіткоў на фестывальныя паказы неабходна трымаць высокім, а запатрабаванні спажыўцоў абавязкова задавальняць. Такія ўмовы выжывання. На жаль, яны не заўсёды суадносяцца з самой канцэпцыяй форуму, прафесійнымі крытэрыямі і паняццем добрага густу. Аргументы арганізатараў пра выхаванне тэатральнай моладзі, мастацкія набыткі і, нарэшце, пра фестывальны фармат тут не спрацоўваюць. Высокія словы — гэта адно, але пытанне пытанняў — як зарабіць грошы? — узнікае ў першую чаргу, не аб’ехаць, не абмінуць.
Паміж брэндам і трэндам
І ўсё ж варта зірнуць на праграму форуму з пэўнай адлегласці і ўзважыць усе яе складнікі. У пярэстым рэпертуары выразна акрэсліваецца галоўнае і неабавязковае… Самае важнае — тое, пра што распавядаюць усе спектаклі разам ды лепшыя паасобку, і тое, што забываецца ўжо на другі дзень. Вось і сёлета па-над сямнаццаццю пастаноўкамі з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Італіі, Балгарыі, Літвы, Германіі, Вялікабрытаніі (упершыню на «М.аrt.кантакце» прадстаўлена такая колькасць краін і столькі спектакляў) паўставала ўражальная карціна рэчаіснасці з чалавекам, які затрымаўся на ростанях лёсу. Ён — разгублены, кранальны, спакутаваны. Не ведае, што рабіць. Свет навокал — бязлітасны і прываблівы. Прасякнуты нябачнымі сувязямі, якія цягнуцца з розных краін, стагоддзяў, культурных пластоў: ад персанажаў — да сучасных гледачоў. Гледачы вымушаны адказваць на складаныя пытанні. Ці здолеюць?
Пра тое, што межы дабра і зла становяцца хісткімі, прывіднымі, распавядалі па чарзе. Надзённасць стварала ўласны кантэкст. Жыццё толькі ўчора змянілася, але маральныя пастулаты больш не ўяўляюцца непарушнымі.
Падзел між дабром і злом выпрабоўваўся на трываласць Нацыянальным тэатрам імя М.Горкага ў «Аракуле?..» паводле Андрэя Макаёнка, што распачынаў фестывальныя паказы. Тэма сутыкнення чалавека з жорсткім светам трансфармавалася праз слова «хімеры» ў іншых спектаклях. Хімеры паўставалі вакол персанажаў і праз вясёлую гульню з імі разбуралі душу («Бясстрашны пан» паводле Аляксандра Афанасьева, Расійскі акадэмічны маладзёжны тэатр). Хімеры паўставалі ўнутры чалавека і апрашчалі паняцце трагічнага, адлюстроўвалі жыццё, цана якога мізэрная («Кароль Лір» Уільяма Шэкспіра, Уладзімірскі акадэмічны драматычны тэатр). Хімеры паўставалі ўнутры і навокал, катавалі і знішчалі генія, ды былі няздольны ўздзейнічаць на ягоныя творы («Баль генія», Львоўскі акадэмічны духоўны тэатр «Уваскрэсенне»).
«Раскіданае гняздо» Янкі Купалы ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ўразіла спробай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, было прасякнута любоўю да беларускай зямлі, напоўнена вынашанымі думкамі. Спектакль, створаны рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым амаль год назад, быццам зрабіў рэзкі рух у часе і разам з «Аракулам?..» Барыса Луцэнкі і «Містрасам» Рымаса Тумінаса акрэсліў у фестывальным марафоне яшчэ адну сур’ёзную тэму — далучанасці, убудаванасці чалавека ў свет і эпоху. Здатнасцю штосьці прадбачыць, адгукацца на зрухі грамадскай свядомасці валодае не кожны творца. Тым не менш трох зусім розных па ўзроўні майстэрства рэжысёраў (няхай на кароткі час, у межах аднаго фестывалю) паяднала дакладнасць мастакоўскага пранікнення ў сутнасць рэчаў. Нечакана на нашых вачах здзейсніўся паварот да агульначалавечых пытанняў, пра якія апошнім часам разважаць было непрынята. Прыроджанае імкненне да справядлівасці Барыс Луцэнка даследуе праз трактоўку вобраза Сына (Уладзімір Глотаў), які ўяўляе сябе месіяй у планетным маштабе. Ні многа ні мала, але ён мусіць апекавацца ўсім чалавецтвам, нагадваць людзям пра іх зямное прызначэнне. Сын здзяйсняе тэлепатычную сувязь са сваім духоўным настаўнікам — Дзедам (Алег Коц). І пасля няўдалых спроб перавыхаваць уласных бацькоў спрабуе скончыць жыццё самагубствам, выкідваецца з вакна шматпавярховага дома, ды рушыць пры гэтым не на зямлю, а да зорак. Вядома ж, нічога падобнага не ўтрымлівае п’еса Макаёнка, прасякнутая смелай сатырай на савецкую рэчаіснасць. Няма ў ёй і шматлікіх маралістычных выкладак, у вялікай колькасці далучаных да тэкста. Няма выбітных зонгаў, напоўненых усё той жа маралістыкай і экспрэсіўна асэнсаваных кампазітарам Аляксеям Ераньковым. Але як нам сёння неабходна гэтая мараль! Справа зусім не ў наіўнай спробе рэжысёра навесці на сапраўдны шлях усё чалавецтва, расказаць пра дэмакратыю на штыках (што ўспрымаецца даволі кан’юнктурна), пра ваенных, якія страцілі пачуццё рэальнасці. А ў тым, што ўсе разумовыя пасылы Барыса Луцэнкі дакладна трапляюць у сённяшні дзень, спрацоўваць накшталт стужкі навін у інтэрнэце і захапляюць публіку сваёй актуальнасцю. На фоне гэтага сумленнасць Сына кранае надзвычайна, а постмадэрнісцкія рэжысёрскія манеўры ўяўляюцца цалкам прымальнымі. Не варта шукаць у драматургічным целе спектакля лагічныя збоі, яны, безумоўна, прысутнічаюць. Нават экстравагантная гульня з жанрамі не можа быць успрынята адназначна. Але сцэнічны твор вабіць асаблівай спавядальнасцю.
У гарцуеўскім «Раскіданым гняздзе» гледачы апынаюцца на папялішчы жыцця герояў. Сэнс таксама паралеліцца з сённяшнім днём, але пры гэтым раскрываецца ў кантэксце знакамітага Купалава верша — «А хто там ідзе?..» Адказ на пытанне: захацелася ці не нам «людзьмі звацца»? — мы ўжо атрымалі, бо жывем у суверэннай краіне. Але ў трагічным лёсе кожнага героя ёсць момант псіхалагічнага надлому, абумоўленага асабістым выбарам. Усе персанажы існуюць на мяжы свядомасці, на мяжы чалавечых сіл. Нібы перад неабходнасцю: выжыць і не звар’яцець. Рэжысёр дакладна акрэслівае гэтую акалічнасць, і спектакль напаўняецца моцным драматызмам. У ім прысутнічаюць і трагічныя інтанацыі. Прыкутая да інваліднага крэсла, перажывае знішчэнне сям’і Марыля (Людміла Сідаркевіч). Спакутаваны марнасцю спроб уратаваць блізкіх, сканчае жыццё самагубствам Лявон (Валянцін Салаўёў). Акцёр існуе на грані эмацыйнага напружання і робіць гэта надзвычай пераканальна. Пачуццёвыя выбухі такой моцы ўвогуле не ўласцівыя нашым выканаўцам. З годнасцю спрабуе цягнуць на сабе сямейны крыж Сымон (Максім Брагінец). Варта адзначыць дакладна-далікатную работу гэтага акцёра. Як напятая струна трымціць каханне Зоські. Беларуская Афелія ў Вольгі Скварцовай імпульсіўна-драматычная, выразная. З болем, які не можа вытрымаць сэрца. Не можа знесці розум. Карціна свету, якую ўзнаўляе рэжысёр, наўпрост звязаная з сучаснай рэчаіснасцю. Так бы мовіць, з капіталістычнай тэмай, якая клінам уваходзіць у сацыялістычную свядомасць. Малады Паніч (Аляксандр Марчанка), што адымае ў арандатараў зямлю, мае на гэта юрыдычныя правы. Ён імкнецца навесці ў гаспадарцы парадак. Нарэшце, заказное забойства, якое здзяйсняецца ў фінале, таксама перакідвае асацыятыўны масток у надзённасць. Нашу або чужую — не мае значэння. Галоўнае — адкрыты боль, сцвярджэнне права жыць на зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і згадзіўся. Жаданне герояў «людзьмі звацца» і канкрэтнае ўсведамленне, што гэта — наша гісторыя.
«Містрас» Дзяржаўнага вільнюскага малога тэатра падхапіў і развіў тэму агульначалавечых каштоўнасцей, выразна заяўленую ў «Аракуле?..» і «Раскіданым гняздзе». Больш за тое — акрэсліў мастацкі ўзровень усяго фестывалю. Думаю, беларускія рэжысёры (тыя, каму пашчасціла ўбачыць гэты спектакль) атрымалі ад Рымаса Тумінаса неацэнны і важны ўрок. Безумоўна, нашы пастаноўшчыкі здатныя існаваць на ўзроўні ідэі, вынаходніцтваў, якія робяцца ў сцэнічным творы вызначальнымі і з большым або меншым поспехам раскрываюць змест. А вось спалучыць, як гэта зроблена ў «Містрасе», ідэальна падагнаць усе мастацкія складнікі, увасобіць у бесперапынную і інтэнсіўную падзейную плынь, здатны не кожны рэжысёр. Перад гледачамі бясконцым шэрагам разгортвалася жыццё ў сваіх шматлікіх праявах. Тут было ўсё: народ і свецкія колы, паны і слугі, чарадзеі і іх прыхільнікі, свет мастацтва, геніі і бяздарнасці, адносіны паміж малымі і вялікімі народамі, пытанні рэлігіі, думкі аб светабудове, якія асэнсоўваліся праз іронію, але ўспрымаліся сур’ёзна.
Апошнія дні галоўнага героя спектакля Адама Міцкевіча (Ёкубас Барэйкіс) праходзілі ў эміграцыі, у Парыжы, куды настаўнік паэта, сектант і містык Анджэй Тавяньскі, прывёз яго з Польшчы. З нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй у літоўцаў усё як мае быць, але рэжысёру Рымасу Тумінасу было важна адрэфлексаваць культурную гісторыю нацыі. Асоба Адама Міцкевіча паўстае як частка гэтай гісторыі, пытанні: хто я? і навошта мы? — асэнсоўваюцца рэжысёрам як жыццёва неабходныя. Галоўная думка твора пульсуе ў кожнай дэталі, падкрэсліваецца сцэнаграфіяй Адамаса Яцоўскіса, дзе галоўнае значэнне мае пэўнасць выказвання, а не прыгожыя элементы. Сама дэкарацыя можа ўспрымацца як метафара зблытанай свядомасці і ссунутых культурных пластоў. І гэта пасланне нашым сучаснікам. Будаўніцтва ніколі не скончыцца, дамы і палацы ўзнікаюць і разбураюцца, толькі культурныя помнікі застаюцца назаўжды. Згадваючы «Містраса», немагчыма абмінуць драматурга Марыуса Івашкявічуса. П’есу, вартую самых высокіх ухвал, ён напісаў спецыяльна для Рымаса Тумінаса і ягонага вільнюскага тэатра, трупа якога лічыцца адной з лепшых у свеце.
Фестывальны калейдаскоп
Пра тое, якую карысць сцэнічнаму калектыву можа прынесці фестываль, сведчыла вытанчаная, па-эстэцку выштукаваная пастаноўка новага галоўнага рэжысёра магілёўскага тэатра «Фрэкен Жулі» па п’есе Аўгуста Стрындберга. Саўлюс Варнас добра вядомы не толькі ў беларускіх тэатральных колах. Улічваючы татальны дэфіцыт рэжысёраў у нашай краіне, здаецца неверагодным, што гэты прыгожы, інтэлектуальны, адукаваны чалавек пагадзіўся стала працаваць у Магілёве. Падобны вопыт, безумоўна, уяўляецца каштоўным. Магчыма, у будучыні яго скарыстаюць іншыя тэатры.
Спектакль «Фрэкен Жулі» ўздзейнічае на гледачоў накшталт гіпнозу. Ён заваблівае, зацягвае ў сваю павольную, нібы наўмысна замаруджаную атмасферу — на памежжы явы і сну. У прыгожым асяродку, напаўасветленым і напаўзатуманеным, вымалёўваюцца дэкаратыўныя чырвоныя дэталі, дзівосныя белыя кветкі, колбачкі і шкельцы… Вялізны празрысты слуп каля парталу. Кола, ахінутае кветкамі, — пасярэдзіне. Месца для прынясення ахвяраў? (Цудоўная, арыгінальная работа мастачкі Юратэ Рачынскайтэ.) Суцэльная шматзначнасць і напружанасць, нібыта на сцэне здзяйсняецца нейкі таямнічы рытуал.
Ад слова да наступнага слова акцёры Алена Крыванос (Жулі) і Аляксандр Куляшоў (Ян), здаецца, пераадольваюць вялізны шлях. Пры гэтым ад іх немагчыма адвесці вочы. Гісторыю раптоўнага кахання гаспадыні і служкі мы па кропельцы вып’ем да дна. Разам з Жулі, якая дзіўным чынам належыць царству сноў, сутыкнемся з рэальным светам і апынемся на шляху да пагібелі. «У сне мы часта спазнаем больш актыўнае існаванне, — зазначыў Саўлюс Варнас. — Мы ўсе ідзем па гэтай зямлі да нябёсаў, у якіх жывем. Тэатр мусіць дапамагчы сысці ад чалавечых зносін да тэлепатычных». «Фрэкен Жулі» прачыніла адну з самых прыгожых фестывальных старонок. Безумоўна, гэта быў эфектны і прафесійны майстар-клас.
У рэпертуары форуму былі спектаклі, якія рэзка падкрэслівалі яго «маладзёжны фармат». «Мілка» паводле п’есы Міхала Вальчака польскага Тэатра імя Стэфана Жаромскага ўспрымалася як экспрэсіўная фантазія, метафарычны расповед Кшыштафа Грабоўскага пра змаганне за месца пад сонцам, якое адбывалася ў … дзіцячай пясочніцы. «Бясстрашны пан» паводле Аляксандра Афанасьева гарэзліва скроены маладым рэжысёрам Марфай Горвіц і з захапленнем выкананы акцёрамі Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра. Феерверк тэатральнай фантазіі і акцёрскай верагоднасці, узведзены ні на чым, амаль пры суцэльнай адсутнасці рэквізіту. Італьянскі Даследніцкі тэатр «АтэльекункеоН», абапіраючыся на суфійскія практыкі ў рабоце акцёраў, паспрабаваў зірнуць на свет вачыма осліка Платэра ў спектаклі «Платэ… Міжземнаморская ўтопія». Праект Пэтара Мілашэўскага з Лондана называўся «The beautiful» — гэта была працяглая пластычна-псіхалагічная рэфлексія ў пошуках самога сябе, сваёй сутнасці. З Тэатрам танца «SKVO’S dance company» як заўсёды паспяхова выступіла Вольга Скварцова. Танцавальны перформанс называўся «Happy Valentine». Невялікі драматычны тэатр з Санкт-Пецярбурга адмыслова асэнсаваў «Злачынства і пакаранне Фёдара Дастаеўскага»…
Разнастайнасць прапаноў на «М.аrt.кантакце» насамрэч захапляла. Шматмерны і размаіты тэатральны свет можна было ўбачыць пры максімальным набліжэнні. Значыць, у моладзі ёсць магчымасць выбраць уласны шлях. Ад іх залежыць, якім беларускі тэатр будзе ўжо заўтра.