“Жывыя лялькі”

Рыбалка Святлана. “Жывыя лялькі” народная лялька ў адукацыйным працэсе : [адраджэнне народнай цацкі ў яслях-садзе № 2 Магілева] / Святлана Рыбалка // Настаўніцкая газета. — 2018. — 27 лютага. — С. 13.


Сучаснасць толькі тады набывае поўны сэнс і сілу, калі яна не адарвана ад сваіх гістарычных каранёў. І адраджэнне народнай цацкі ў многім спрыяе захаванню гэтай пераемнасці, лічаць у яслях-садзе № 2 Магілёва.

Выхавальніца ўстановы адукацыі Іна Эдуардаўна Сердзюкова актыўна папулярызуе свой вопыт выкарыстання беларускай народнай лялькі ў адукацыйным працэсе ўстановы дашкольнага выхавання. Майстар-класы па вырабе беларускіх народных лялек яна праводзіць для педагогаў раённых і гарадскіх дзіцячых садоў, бацькоў выхаванцаў.

Гэты таленавіты педагог з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага семінара “Гульня як сродак развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”, Дня беларускага пісьменства ў Быхаве, рэспубліканскіх і абласных семінараў.

— Аналізуючы вопыт сваёй педагагічнай дзейнасці па фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту нацыянальнай самасвядомасці сродкамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, магу сказаць, што выхаванцы вельмі цікавяцца беларускай народнай лялькай, — расказвае Іна Эдуардаўна. — У даўнія часы ў лялькі не толькі гулялі, з імі спраўлялі каляндарныя абрады, заклікалі дождж у засуху або цяпло ў халаднаватую пару. Яны былі побач на вяселлях і пры нараджэнні дзяцей, з імі сустракалі гасцей, іх дарылі на дзень нараджэння, прыдумвалі пра іх казкі, дзяліліся радасцямі і нягодамі. Праз лялек дзеці пачынаюць спасцігаць свае карані. А значыць, ёсць надзея, што ў свеце, які імкліва мяняецца, застанецца памяць продкаў, якая не дасць забыць сваю гісторыю. Упэўнена, народная лялька цалкам адпавядае педагагічным патрабаванням і можа служыць сродкам гарманічнага развіцця дашкольніка.

Праводзячы работу па азнаямленні дзяцей дашкольнага ўзросту з народнай лялькай, выхавальнік вырашае комплекс задач: адукацыйныя (знаёмства з гісторыяй стварэння народнай лялькі, вывучэнне асаблівасцей вырабу, сімволікі, замацаванне разумення ўзаемасувязі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і фальклору); развіццёвыя (развіццё дробнай маторыкі рук, увагі, мыслення, успрымання, памяці, творчых здольнасцей); выхаваўчыя (выхаванне клапатлівых адносін да цацкі, працы народных май-строў).

Іна Эдуардаўна праводзіць работу з народнай лялькай у двух напрамках: агульнавыхаваўчая работа па матэрыялах народнага мастацтва і спецыяльнае навучанне дзяцей адпаведнай дзейнасці.

Далучэнне дашкольнікаў да майстэрства вырабу лялек вядзецца з улікам іх псіхалагічных асаблівасцей. З дзецьмі сярэдняй групы работа вядзецца, абапіраючыся на эмацыянальна-пачуццёвую аснову ўспрымання матэрыялу. На занятках педагог выкарыстоўвала сюрпрызныя моманты, мастацкае слова, музычныя вобразы. Знаёмства дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з народнай лялькай арганізоўвала на пазнавальна-аналітычным узроўні, абавязкова з захаваннем эмацыянальна-вобразнага, пачуццёвага пачатку. Задачай сваёй работы ставіла не падрыхтоўку майстроў-лялечнікаў, а далучэнне дзяцей да вытокаў народнага мастацтва.

Іна Эдуардаўна пачынала работу з дзецьмі з вырабу лялькі Кувадка. Гэта адна з першых лялек, якая сустракае дзіця, як толькі яно з’яўляецца на свет. Падвешваюць такіх лялек над калыскай, як бразготкі. Колькасць Кувадак павінна быць абавязкова няцотнай: лічылася, што тады лялькі будуць ахоўваць дзіця.
Далей дзеці знаёмяцца з іншымі відамі народнай лялькі, якія па сваім прызначэнні дзеляцца на тры вялікія групы:

— абярэгавыя лялькі: Кувадка, Крупенічка, Карміцелька, Падарожніца;

— абрадавыя лялькі: Дзесяціручка, Аддарак-на-падарунак, Масленіца;

— гульнявыя лялькі: Карагодніца, Зайчык на пальчык.

Аснову Крупенічкі, або Зернявушкі, складае мяшочак з зернем, якое збіралі з палёў. Гэта галоўная лялька ў сям’і. Першыя жмені зерня пры сяўбе бралі з мяшочка, пашытага ў выглядзе гэтай лялькі. Пасля ўборачнай ляльку зноў напаўнялі адборным зернем ужо з новага ўраджаю. Яе прыбіралі і клапатліва захоўвалі на прыметным месцы на покуці. У галодны час бралі крупы з лялькі і варылі з іх кашу. Госць, які ўваходзіў у хату, па ляльцы мог вызначыць, ці сытна жыве сям’я.

Карміцелька — сімвал урадлівасці і мацярынства. Яна суправаджала дзіця з самага дзяцінства і да таго часу, пакуль не “сыходзіла” (ірвалася, псавалася). З Карміцелькай можна і трэба мець зносіны, дзяліцца радасцямі ці непрыемнасцямі, удзяляць ёй час і клопат. За гэта вы будзеце ўзнагароджаны яе любоўю і дапамогай. У цяжкія для чалавека часы рэкамендуецца браць ляльку ў рукі і мець зносіны з ёй часцей, каб жыццё наладзілася.

Дзесяціручка — абрадавая шматрукая лялька. Каб паспець усё зрабіць па гаспадарцы, дзвюх рук бывае недастаткова. Вось і прыдумалі жанчыны сабе ў памочніцы многа ручак. Шасціручку рабілі, каб дапамагала па гаспадарцы, ахоўвала майстрыху ў рабоце. Многа ручак рабілі 14 кастрычніка на Пакроў, калі заканчваліся работы ў полі і агаро-дзе і жанчыны садзіліся за рукадзелле.

Аддарак-на-падарунак — самая простая анучная лялька. У ёй закладзены вялікі сэнс: пачынаючы з 2-гадовага ўзросту ў знак удзячнасці за атрыманы падарунак дзяўчынка павінна была аддарыцца вось такой лялькай. З 4 гадоў гэтую ляльку маленькая гаспадынька павінна была ўжо ўмець зрабіць сама. Акрамя таго, дзяўчынка з малых гадоў патроху далучалася да таямніц рукатворнага майстэрства, яна засвойвала і правілы паводзін сярод людзей — вучылася выказваць сваю ўдзячнасць.

Гульнявая лялька Карагодніца. Дзяўчынка пракручвала ў руках палачку, на якой трымалася лялька, і здавалася, што тая кружыцца ў карагодзе. Калі дзяўчынка падрастала, мама ёй давала лялек-карагодніц. Дзіця іх круціла і развівала адначасова дзве ручкі. Дзяўчынкі дапускаліся да карагода толькі ў пэўным узросце. А як прыйсці ў дзявочы карагод, не ўмеючы яго вадзіць? Заблытаеш усё, іншых саб’еш, сама расхвалюешся. І замест радасці — адны засмучэнні. Вось яны і вучыліся загадзя на такіх ляльках у гульні.

Цікава, што пры вырабе абярэгавых і абрадавых лялек не выкарыстоўваюць колючыя і рэжучыя прадметы. Анучкі і ніткі для лялек трэба рваць, а не рэзаць. Выкарыстоўваюць цэлыя кавалкі зношанага адзення. З новай тканіны лялек рабілі для вяселляў і на падарункі. Лялькі прапарцыянальныя часткам цела чалавека: маюць памеры далоні, пальцаў, даўжыні рукі да локця, што робіць іх вобраз гарманічным і завершаным. Ім не малююць твары, таму што лялька без твару лічылася недаступнай для ўсялення ў яе нядобрых сіл. І абавязкова робяць іх з добрымі і светлымі думкамі.

Малышы, выхаванцы дзіцячага сада, з захапленнем і здзіўленнем ператвараюць тканіну ў цацку, спасцігаючы сакрэты творчасці, развіваючы нестандартнае мысленне і ўяўленне. Дзеці з задавальненнем выкарыстоўваюць вырабленыя лялькі ў гульнявой дзейнасці.

jivlial640 jivlial1640

Святлана РЫБАЛКА, 
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Магілёва.