Якасна і даступна

Сінькевіч, Ганна. Якасна і даступна : станоўчая дынаміка развіцця паказчыкаў дашкольнай адукацыі назіраецца на Магілёўшчыне / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2018. — 10 красавіка. — С. 5.

Станоўчая дынаміка развіцця якасных паказчыкаў дашкольнай адукацыі назіраецца на Магілёўшчыне.

Як паведаміла спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама Людміла Багноўская, зараз у рэгіёне функцыянуюць 482 дашкольныя ўстановы з агульным ахопам выхаванцаў больш за 44 тысячы дзяцей, ці 97% ад тых, хто пражывае.

— Мэтанакіравана ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя сеткі дзіцячых садоў. Актывізавана работа па забеспячэнні выхавання праз укараненне новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі. Мацярынскія школы, адаптацыйныя і шэраг іншых груп функцыянуюць ва ўсіх раёнах. Колькасць такіх груп расце з кожным годам, — расказала Людміла Анатольеўна.

Сёння па рэгіёне амаль адсутнічае праблема забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садках. Павышаная запатрабаванасць дашкольных устаноў крокавай даступнасці існуе толькі ў буйных гарадах, дзе насельніцтва з кожным годам павялічваецца. З мэтай прадухілення дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках мікрараёнаў інтэнсіўнай жылой забудовы і неадкладнага вырашэння пытання прызначэння дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстановы па месцы пражывання бацькоў праводзіцца адпаведная ра­бота.

— Адзін з яе істотных вынікаў у мінулым годзе — рэканструяванне будынка сярэдняй школы № 3 Крычава і размяшчэнне там ясляў-сада на 135 месцаў. У найбліжэйшы час запланавана будаўніцтва дзіцячага сада ў новым мікрараёне Магілёва, — адзначыла Людміла Багноўская.

Адметна, што сістэматычная работа па павышэнні якасці дашкольнай адукацыі стабілізавала пропуск па хваробе адным дзіцем. На працягу апошніх гадоў ён не перавышае сярэднерэспубліканскага паказчыка. Высокаму ўзроўню здароўя выхаванцаў спрыяе захаванне сеткі санаторных груп, якіх у рэгіёне налічваецца 119. Падобныя групы абсталяваны фізіятэрапеўтычнымі кабінетамі, пакоямі псіхалагічнай разгрузкі, наяўнасць якіх стварае належныя ўмовы для правядзення прафілактычных і аздараўленчых працэдур, забяспечвае паслядоўнае ўмацаванне здароўя дзя­цей.

— Назіраецца ў нас і развіццё інклюзіўных ідэй. У шматлікіх дзіцячых садках функцыянуюць спецыяльныя і інтэграваныя групы, карэкцыйна-педагагічныя пункты. Акрамя іх, у вобласці працуюць дзве спецыяльныя дашколь­ныя ўстановы, прадугледжаныя для дзя­цей з асаблівасцямі. У гэтых дзіцячых садках дзеткі дасягаюць паслаблення альбо пераадолення парушэнняў у здароўі і атрымліваюць магчымасць для паўнавартаснай сацыялізацыі ў грамадстве, — расказала Людміла Анатольеўна.

Па яе словах, сістэма дашкольнай адукацыі вобласці ў далейшым будзе скіравана на якасць і даступнасць. Працягнецца работа па папярэджанні дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках, укараненні новых форм работы, захаванні бяспечных умоў жыццядзейнасці для выхаванцаў, павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў. Такі комплексны падыход дазволіць паўнавартасна выконваць сацыяльны заказ сям’і і дзяржавы на дашкольную адукацыю.