Моладзь — за Саюзную дзяржаву

Бачкарова, Ю. Моладзь — за Саюзную дзяржаву : [у рамках афіцыйнай праграмы V форуму рэгіёнаў Беларусі и Расіі ў Магілёве прайшоў ІV маладзёжны форум «Моладзь — за Саюзную дзяржаву»] / Ю. Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2018. — 13 кастрычніка. — С. 1.

У рамках афіцыйнай праграмы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве прайшоў VI Маладзёжны форум “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, а таксама рэгіянальных арганізацый дзвюх краін, лідараў маладзёжных рухаў і бізнес-супольнасці, прадстаўнікоў органаў заканадаўчай улады і дзяржаўнага кіравання.

“Сёння мы закладваем асновы доўгатэрміновай палітыкі, якая праводзіцца ў нашых краінах і якую ўдзельнікам гэтага форуму прыйдзецца рэалізоўваць у будучыні, — адзначыў на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. — У рамках такіх сустрэч у поўнай меры адкрываецца гатоўнасць нашай моладзі стаць правадніком ідэй саюзнай інтэграцыі, пераняць эстафету ў старэйшага пакалення і актыўна ўкараняць сучасныя інавацыйныя праекты ў розных сферах дзяржаўнага і грамадскага развіцця”.

Міністр выказаў упэўненасць, што форум стане добрай пляцоўкай для абмену вопытам і выпрацоўкі змястоўных і цікавых ідэй, будзе спрыяць развіццю пазітыўных тэндэнцый у маладзёжным асяроддзі, росту духоўнага патэнцыялу, прадпрымальніцкай і творчай ініцыятывы моладзі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Ігар Карпенка адзначыў, што маладым людзям усё часцей даводзіцца сутыкацца з выклікамі, якія дыктуе сучасны свет — палітычнымі, інфармацыйнымі, эканамічнымі і нават ваеннымі. Менавіта таму сёння важна захаваць тыя даверныя брацкія адносіны, заснаваныя на агульнай гісторыі і традыцыях двух славянскіх народаў.

“Лічу асабліва важным прадэманстраваць на гэтым форуме адзінае імкненне да супрацоўніцтва на шляху да дасягнення агульных мэт, наглядна паказаць усім, наколькі важныя мір і паразуменне, традыцыйныя маральныя каштоўнасці, сяброўства і гасціннасць, грамадская стабільнасць і ўзаемная згода, — падкрэсліў ён. — Мы цэнім здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю моладзі, а таксама яе настроенасць на важныя і патрэбныя для нашых дзяржаў канструктыўныя справы”.

Таксама міністр адукацыі адзначыў, што беларускай моладзі ёсць чым падзяліцца са сваімі расійскімі аднагодкамі: у краіне назапашаны станоўчы вопыт працы з моладдзю, створана дзейсная сістэма падтрымкі маладых людзей — ад атрымання запатрабаванай адукацыі да гарантаванага працаўладкавання і рэальнай сацыяльнай дапамогі маладым сем’ям. Удзел маладых людзей у жыцці грамадства рэалізоўваецца праз дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Так, у краіне актыўна развіваецца маладзёжны парламентарызм і валанцёрскі рух, у які ўцягнуты больш за 54 тысячы навучэнцаў і студэнтаў. Новай формай удзелу беларускай моладзі ў грамадскім жыцці краіны выступае дзейнасць грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Пра садзейнічанне творчаму і патрыятычнаму развіццю моладзі гаварыў на адкрыцці форуму старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка.

“Мы павінны паважаць гісторыю, аднак самае галоўнае, мы павінны думаць пра будучыню, а будучыня — гэта моладзь, наша надзея, — падкрэсліў ён. — Нам важна разумець, у якім кірунку яна сёння рухаецца, каб на ўзроўні заканадаўчай і выканаўчай улады своечасова падставіць плячо ў вырашэнні пытанняў, якія хвалююць маладое пакаленне”.

Маладзёжны форум Беларусі і Расіі стаў пляцоўкай для дыялогу юных грамадзян з прадстаўнікамі заканадаўчай і выканаўчай улады дзвюх краін. Так, адразу пасля адкрыцця форуму адбылася фарсайт-сесія, на якой моладзь Саюзнай дзяржавы змагла задаць пытанні міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігару Карпенку, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктару Сірэнку, старшыні Асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Нацыянальны савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі” Рыгору Петушкову, першаму сакратару ЦК БРСМ Дзмітрыю Варанюку.

Мерапрыемства прайшло ў форме адкрытага дыялогу. Маладыя людзі цікавіліся пытаннямі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, развіцця маладзёжнага парламентарызму дзвюх дзяржаў, прасілі ганаровых гасцей падзяліцца сакрэтамі паспяховага прасоўвання па кар’ернай лесвіцы і расказаць пра свае жыццёвыя арыенціры.

У гэты ж дзень была арганізавана секцыйная работа. Так, на базе ААТ “Бабушкина крынка” ўдзельнікі форуму абмеркавалі пытанні маладзёжнага парламентарызму як формы грамадзянскай супольнасці, а ў СВК “Калгас “Радзіма” Бялыніцкага раёна правялі дыскусію на тэму: “Удзел моладзі ў развіцці сучаснай інфраструктуры і стварэнне грамадскіх прастор”.

Маладзёжны форум таксама стаў пляцоўкай для заключэння двухбаковых міжрэгіянальных пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж маладзёжнымі і дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі Беларусі і Расіі. У рамках мерапрыемства пагаднення аб супрацоўніцтве падпісалі Мінская абласная арганізацыя БРСМ і Бранская рэгіянальная арганізацыя Расійскага саюза моладзі, Гродзенская абласная арганізацыя БРСМ і Пскоўская абласная арганізацыя РСМ.

Пасля завяршэння форуму была прынятая рэзалюцыя, у рамках якой бакі будуць працаваць над павышэннем узроўню інфармаванасці моладзі па пытаннях працаўладкавання, развіваць студатрадаўскі рух у рамках Саюзнай дзяржавы, удасканальваць нарматыўна-прававую базу па абароне правоў, забеспячэнні сацыяльных гарантый студэнцкай і працоўнай моладзі. Акрамя таго, бакі дамовіліся распрацаваць стратэгію развіцця маладзёжнай інтэграцыі Саюзнай дзяржавы і стварыць інфармацыйны партал маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі.

Арганізатарамі маштабнага маладзёжнага мерапрыемства выступілі Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Асацыяцыя грамадскіх аб’яднанняў “Нацыянальны савет маладзёжных і дзіцячых аб’яднанняў Расіі”.

gpo3fw640 gpo3fw1640

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.