Аляксей Ганчарэнка вярнулся з баявога задання

Зігуля, Н. Аляксей Ганчарэнка вярнулся з баявога задання / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2019. — 19 чэрвеня. — С. 6. 

…У той дзень з ваеннага аэрадрома каля сяла Адуева Смаленскай (сёння Калужскай) вобласці ў неба падняліся 20 бамбардзіроўшчыкаў. Ішоў трэці год вайны, і савецкія лётчыкі ляцелі бамбіць буйны нямецкі аэрадром у раёне Балбасава, што ў Аршанскім раёне. На жаль, не ўсім выпала вярнуцца з таго баявога задання. Увесь пасляваенны час лічылася, што экіпаж самалёта Іл-4 прапаў без вестак. Але чатыры гады таму байцы абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» выйшлі, як той казаў, на след. На днях большая частка дэталяў і фрагментаў бамбардзіроўшчыка была паднятая на паверхню.

Ваенная гісторыя

Летась падчас разведкі пошукавікі канчаткова вызначыліся з месцам, дзе быў збіты самалёт. Сярод тых, хто адправіўся ў экспедыцыю, знаходзіўся і карэспандэнт «Звязды». З месца падзей быў зроблены рэпартаж пра тое, як самазабыўна працуюць «віккруўцы» ў пошуках згінулых герояў вайны. Яшчэ тады было зразумела, што бамбардзіроўшчык разляцеўся на часткі — яго дэталі знаходзіліся на даволі вялікай адлегласці адна ад адной. Але што гэта за самалёт і што стала з яго экіпажам, дакладна не ведаў ніхто. Былі аповеды мясцовых з эмацыянальнай афарбоўкай. Сын аднаго з відавочцаў — Аляксандр Заблоцкі расказаў пра тое, як яго бацька знайшоў у лесе штурмана гэтага бамбардзіроўшчыка і прывёў да сябе дамоў. Лётчык быў паранены, і сям’я з вялікай пагрозай для сваёй бяспекі пэўны час лячыла яго. Пасля вайны былы штурман прыехаў у вёску, каб асабіста падзякаваць выратавальніку. Сустрэча атрымалася вельмі хвалюючая. Паслухаць госця, які цудам пазбегнуў смерці і жывы вярнуўся з вайны, збеглася ўся вёска. Менавіта тады лётчык назваў імёны сваіх баявых таварышаў, якіх — аднаго ў паветры, а другога ўжо на зямлі — расстралялі немцы. На той час вяскоўцы тайком пахавалі іх на ўскрайку сяла. Адзіны, хто застаўся ў збітым самалёце, стралок-радыст Аляксей Ганчарэнка. Гэта было адзінае імя, пра якое ведалі жыхары. Пры спробе дастаць тое, што засталося ад самалёта, яны яшчэ тады, у 43-м, выцягнулі з балотнай твані пасведчанне на імя Ганчарэнкі разам з кавалкам тканіны. Яшчэ летась пошукавікі не маглі сказаць са стапрацэнтнай упэўненасцю, ці быў гэта той самы самалёт, пра які расказаў Заблоцкі. У клічаўскіх лясах у раёне вёскі Рагі гэта не адзіны бамбардзіроўшчык, які з часоў вайны ляжыць у зямлі. Цяпер дакладна вядома — гэта ён.

Самалёт выходзіць на паверхню

Збіраючыся ў чарговую экспедыцыю, пошукавікі ўзялі з сабой на дапамогу навучэнцаў Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Баявая машына ляжала на глыбіні да чатырох метраў, і трэба было добра папрацаваць, каб яе дастаць. Маладых хлопцаў запрасілі таму, што вось такія ўрокі мужнасці засвойваюцца хутчэй, чым любая інфармацыя ў вучэбнай аўдыторыі. Калі ўгрызаешся ў зямлю, кавалкам за кавалкам адваёўваючы ў пражэрлівай вайны парэшткі, а калі пашчасціць, то і імёны тых, каго яна не жадае вяртаць, зусім паіншаму пачынаеш разумець той страшны перыяд гісторыі. А гэтым хлопцам, будучым работнікам сельскай гаспадаркі, яшчэ і карысна ведаць, што ў зямлі, на якой спее збожжа і квітнее канюшына, вельмі часта можна сустрэць такія вось стыхійныя пахаванні. І трэба ведаць, як на гэта рэагаваць.

У лесе разгарнуцца перашка-джаюць абмежаваная прастора і рой крыважэрных насякомых, якім усё адно, чым тут займаецца чалавек — шукае суніцы або аднаўляе шматгадовую несправядлівасць. Байцы клуба «Віккру» — хлопцы трывалыя, загартаваныя ў шматлікіх экспедыцыях і паходах. Яны не рэагуюць ні на насякомых, ні на спякоту, ні на якія іншыя знешнія раздражняльнікі. Справе дапамагае тэхніка мясцовай ПМК. Але ж усе тоны зямлі трэба перапрацаваць і прапусціць праз спрактыкаваныя да гэтага рукі. Яны ніколі не пераблытаюць нікчэмную жалезку з важнай знаходкай.

Пад’ём бамбардзіроўшчыка Іл-4 працягваўся тры дні. Увесь гэты час пошукавікі працавалі амаль бязвылазна. Сабралі, страшна падумаць, паўмашыны розных дэталяў і фрагментаў. Галоўную нумарную дэталь ад самалёта «запеленгаваў» вопытны баец клуба Юрый Кармазін. Некалькі важных дэталяў знайшоў Ілья Трыханаў. У пошукавым клубе ён яшчэ з часоў вучобы ў Беларуска-Расійскім універсітэце. Паўгода таму адслужыў у арміі і зноў вярнуўся ў строй. Віталь Масольд, яшчэ адзін актыўны пошукавік, вывучыў за апошні перыяд, здаецца, усю начынку самалёта. Ён упэўнена даваў апісанне дэталяў і выдзяляў, што важна, а што ніякага інтарэсу не ўяўляе. Пад’ём самалёта стаў баявым хрышчэннем для Дзяніса Хітрыкава, аднаго з навучэнцаў Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Хлопец працаваў амаль без перапынку, нават на абед. «Наш чалавек», — сходу даў яму характарыстыку галоўны пошукавік Мікалай Барысенка. І паабяцаў, што хутка хлопец будзе прыняты ў пошукавае брацтва. А ён ужо марыць, як адправіцца з вопытнымі калегамі на пошукі яшчэ аднаго «клічаўскага самалёта», пра які яму расказваў бацька.

— З сотняў дэталяў знойдзены дзве галоўныя — з нумарамі рухавіка, — адзначае Мікалай Барысенка . — У выніку гэтага ўдалося высветліць мадэль і нумар самалёта, баявое заданне, экіпаж, часць, дзе служылі лётчыкі. Гэта 17-ы гвардзейскі Рослаўльскі бамбардзіровачны авіяполк. У самалёце знаходзіліся камандзір экіпажа Юрый Кралявец з сяла Палтаўка Омскай вобласці, штурман Уладзімір Нікіфараў з Чаркас, паветраны стралок Павел Перасянчук з сяла Паўлаўка Вінніцкай вобласці і паветраны стралок-радыст

Аляксей Ганчарэнка з горада Трасцянец Сумскай вобласці. На жаль, Аляксея мы так і не знайшлі, хоць ён павінен быць на месцы падзення. З каштоўных знаходак таксама фрагмент прыцэла для бомбакідання, частка крыла і іншыя дробязі. Самалёт разваліўся яшчэ ў паветры. Мы яго збіралі па частках на плошчы каля ста квадратных метраў.

Гэта трэба не мёртвым…

Паважаныя байцы клуба «Віккру», дзякуй вам за ўедлівасць, апантанасць, настойлівасць. Без вас не было б вось гэтых вернутых з небыцця імёнаў, шчаслівых слёз нашчад-каў тых, хто не вярнуўся з вайны. Бо для роду не існуе пачуцця часу ў сваі м жаданні знайсці блізкага чалавека і пакланіцца яго праху. Пакаленні змяняюцца, а боль страты не праходзіць. Гэта, напэўна, перадаецца на генным узроўні. Зусім нядаўна пісала аб тым, што ў Слаўгарадскім раёне знайшлі астанкі радавога Нурмухамеда Магдзеева, ураджэнца Кзылардзінскай вобласці. Яго пляменнік Хаміт Магдзееў прыляцеў на месца раскопак, як толькі даведаўся, што яго дзядзька знойдзены. А на мінулым тыдні, калі другі раз была ў гэтым раёне, мне расказалі, што Хаміт зноў прыязджаў, каб разам з пошукавікамі і музейнымі работнікамі яшчэ раз аднавіць падзеі тых страшных ваенных дзён і таго бою, з якога не вярнуўся яго продак.

Вось і гэтым разам, не паспела інфармацыя пра самалёт абляцець сайты, як з кіраўніком гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» звязалася ўнучатая пляменніца стралка-радыста Аляксея Ганчарэнкі. «Мікалай Сяргеевіч, добры дзень, — піша яна. — Са мной звязаўся Сяргей і падказаў ваш электронны адрас. Справа ў тым, што Аляксей Ганчарэнка — гэта дзядзька маёй бабулі. Я займаюся яго пошукам і тут даведваюся, што знайшлі месца, дзе ён разбіўся і яго астанкі да гэтага часу знаходзяцца пад зямлёй. Вось гэта быў сюрпрыз! Сваякоў, якіх я ведаю і якія маюць да гэтага дачыненне, я апавяшчу са свайго боку. Нам гэта цікава! Прыкладзём намаганні, каб пабываць на месцы. Калі не цяжка, трымайце нас у курсе. Буду вельмі вам удзячная!!! Дзякуй вам за працу, якую вы робіце і тым людзям, якія ўваходзяць у такія атрады! З павагай Карына Баўкова».

— Адкуль гэта Карына, я не ведаю, бо толькі атрымаў ліст і яшчэ не паспеў спісацца, — кажа Мікалай Барысенка. — Яна спасылаецца на нейкага Сяргея, але і гэтае імя мне нічога не гаворыць. А вось напісанае вельмі кранула. Дзеля гэтага мы і працуем. Месца падзення самалёта будзе ўвекавечана. Зараз мы вядзём пошук родных астатніх лётчыкаў. Усім гэтым хлопцам, калі яны загінулі, было крыху болей за 20 гадоў. Па нашых звестках іх дома чакалі бацькі, свае сем’і яны яшчэ не паспелі стварыць. Тое, як адрэагавала на паведамленне Карына, сведчыць, што лётчыкі дагэтуль лічацца зніклымі без вестак. Мы ім дапамаглі вярнуцца з небыцця.

Дарэчы, па нямецкіх дакументах дакладна ўстаноўлена, калі і хто збіў у 43-м савецкі бамбардзіроўшчык. Усё адбылося а палове дванаццатай у ноч з 13 на 14 кастрычніка на вышыні 4200 метраў. За штурвалам «месера» сядзеў лётчык нямецкай эскадрыллі «Начныя знішчальнікі» капітан Алоі с Лехнер. Але праз год, у лютым 44-га, у той жа Магілёўскай вобласці яго «юнкерс» трапіў на прыцэл савецкай «зеніткі» і быў абясшкоджаны. Сам лётчык з цяжкімі раненнямі ўзяты ў палон. Што з ім пасля гэтага адбылося, гісторыя замоўчвае. У нямецкіх спісках ён дагэтуль лічыцца зніклым без вестак. Гэтай інфармацыяй з магілёўскімі пошукавікамі падзяліліся іх расійскія калегі.

Нэлі ЗІГУЛЯ