Карагод дзіцячых талентаў

Сінькевіч, Г. Карагод дзіцячых талентаў : [абласны этап XII Рэспубліканскага фестывалю «Вясёлкавы карагод»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 30 красавіка. — С. 7. 

Абласны этап XII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” прайшоў на Магілёўшчыне.

Маштабны творчы марафон — своеасаблівы вынік выхаваўчай работы педагагічных калектываў устаноў, дзе рэалізоўваюцца праграмы спецыяльнай адукацыі. Фестываль спрыяе духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей на традыцыях беларускай культуры, фарміраванню пазітыўнага стаўлення да дзяцей з АПФР, узмацненню інклюзіўных працэсаў у грамадстве, стварэнню ўмоў для самарэалізацыі, супрацоўніцтва і партнёрства здаровых дзяцей і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

У ходзе адборачных тураў у творчым спаборніцтве па вобласці прыняло ўдзел каля пяцісот хлопчыкаў і дзяўчынак. Лепшых вызначалі падчас выстаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, а таксама канцэртаў мастацкай сама­дзейнасці.

На выніковай выставе дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці было прадстаўлена звыш 470 дзіцячых работ з 62 навучальных устаноў. Багацце створаных рукамі юных майстроў вырабаў ураж­вала разнастайнасцю творчых тэхнік: выдатныя малюнкі, аплікацыі, вышыўка, бацік, квілінг, выцінан­кі, работы з гліны, бісеру, саломкі. Твор­часць канкурсантаў нікога не пакідала абыякавым.

Цеплыня, душэўнасць пранізвала і праграму выніковага гала-канцэрта фестывалю. Звыш двухсот удзельнікаў з усёй сваёй дзіцячай шчырасцю і непасрэднасцю спявалі, ігралі на інструментах, танцавалі, дэкламавалі вершы, паказвалі невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі.

Таленты на канцэрце дэманстравалі навучэнцы Шклоўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэр­ната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Асіповіцкай спе­цыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната, Камен­скай дапаможнай школы-інтэрната, Глускай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй, Бабруйскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху, сярэдняй школы № 45 Магілёва, Міхееў­скага ясляў-сада Дрыбінскага раёна, ясляў-садоў № 82 Магілёва, № 5 “Буслік” Быхава, № 5 Чэрыкава, Крычаўскага, Горацкага і Мсціслаўскага ЦКРНіР, Бабруйскага дзіцячага дома.

— На канцэрце былі прадстаўлены лепшыя нумары мастацкай самадзейнасці ў вакальным, харэаграфічным, эстрадным, цыркавым мастацтве. Журы конкурсу адзначыла прадстаўленыя кожнай установай арыгінальныя праграмы выступленняў, станоўчую ацэнку атрымала таксама работа па падборы дзіцячага рэпертуару і фарміраванні агульнай сцэнічнай культуры навучэнцаў, — паведаміла начальнік аддзела інклюзіўнай адукацыі МДАІРА А.М.Жураўкова.

Абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” быў больш падобны не на конкурснае спаборніцтва, а на сардэчную сустрэчу сяброў. Між тым ён у літаральным сэнсе закруціў у віхуры дзіцячых талентаў. І вельмі значна, што кожны талент знайшла свая ўзнагарода. Са шчаслівымі ўсмешкамі ўдзельнікі атрымлівалі заслужаныя ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі. Дзеці і іх педагогі былі адзначаны Міністэрствам адукацыі і галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама. Пераможцам у мастацкай самадзейнасці прызналі прадстаўнікоў Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, а па выніках выставы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дыпломы І ступені атрымалі навучэнцы Каменскай дапаможнай школы-інтэрната і дапаможнай школы Магілёва.

Падчас цырымоніі ўзнагаро­джання былі ўручаны таксама шматлікія спецыяльныя дыпломы па намінацыях. Пераможцаў наперадзе чакае ўдзел у рэспубліканскім этапе фестывалю.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.