Бачкарова, Ю. Сучасная гімназія: ад традыцый да перспектыў развіцця : [першы форум кіраўнікоў гімназій з міжнародным удзелам] / Юлія Бачкарова // Настаўніцкая газета. — 2019. — 30 красавіка. — С. 7.
Першы форум кіраўнікоў гімназій з міжнародным удзелам “Гімназічная адукацыя: гісторыя, сучаснасць, тэндэнцыі развіцця” прайшоў у Магілёве Мерапрыемства было прымеркавана да святкавання 230-годдзя з дня заснавання Магілёўскай гімназіі № 3 і аб’яднала ўдзельнікаў з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, прыдняпроўскага рэгіёна, Мінска, а таксама Расійскай Федэрацыі. Да іх далучыліся члены савета Асацыяцыі кіраўнікоў Беларускага педагагічнага таварыства.
— Угэтым годзе мы вырашылі ўпершыню правесці форум кіраўнікоў гімназій і тым самым закласці на будучыню добрую форму супрацоўніцтва і абмену вопытам не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсёй краіне, — адзначыў рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Міхайлавіч Жудро. — Я рады, што пляцоўкай правядзення такой маштабнай падзеі стала Магілёўская гімназія № 3 — адна з найстарэйшых навучальных устаноў нашай краіны, якая з’яўляецца сёння адным з флагманаў развіцця тэорыі і практыкі педагагічнай думкі Магілёўшчыны.
Першапачаткова арганізатары мерапрыемства, прадстаўнікі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця планавалі правесці для кіраўнікоў гімназій метадычны фестываль, аднак падчас падрыхтоўкі прапанаваны фармат быў пашыраны да форуму. Такая форма работы дазволіла кіраўнікам абмяняцца перадавымі напрацоўкамі, пазнаёміцца з эфектыўным вопытам кіравання і рэгіянальнымі асаблівасцямі работы асобных навучальных устаноў. Больш за тое, кіраўнікі мелі магчымасць правесці час у нефармальнай атмасферы на майстар-класах і ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да юбілею магілёўскай гімназіі № 3.
На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі праграмы форуму: традыцыі і інавацыі ў сучаснай гімназічнай адукацыі, патрабаванні будучыні і індывідуальная траекторыя развіцця гімназістаў, магчымасці гімназічнай адукацыі ў рэалізацыі ідэй устойлівага развіцця, эфектыўны адукацыйны менеджмент у сістэме гімназічнай адукацыі.
Шматгадовым педагагічным вопытам падзялілася Таццяна Мікалаеўна Саўчанка, намеснік дырэктара па метадычнай рабоце сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 546 з паглыбленым вывучэннем прадметаў мастацка-эстэтычнага цыкла Краснасельскага раёна Санкт-Пецярбурга. На прыкладзе сваёй навучальнай установы яна расказала пра традыцыі і інавацыі мастацка-эстэтычнай адукацыі.
— З першага погляду наша школа звычайная, аднак змест усіх урокаў нестандартны: тут кожны дзень звязаны з мастацтвам, — адзначыла яна. — У школе прытрымліваюцца мастацтвазнаўчага напрамку ў адукацыі. Так, акрамя прывычных прадметаў, у раскладзе навучальнай установы ёсць такія ўрокі, як “Сусветная мастацкая культура”, “Музыка і выяўленчае мастацтва”, “Гісторыя рускай культуры”, “Асновы духоўна-маральнай культуры народаў Расіі”, “Выяўленчае мастацтва” і г.д. Работа ў выбраным кірунку пачынаецца з 1 класа: дзяцей вучаць глядзець шырэй, шанаваць мастацтва і яго разнастайнасць, развіваюць у іх эстэтычнае ўспрыманне.
У пазаўрочны час у школе рэалізоўваецца комплексная праграма мастацка-эстэтычнага развіцця навучэнцаў, у аснове якой — цыкл адукацыйных падзей па мастацтве. Дзеці займаюцца танцамі, выяўленчым мастацтвам, тэатральнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Акрамя таго, пачынаючы з 1995 года школа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Рускага музея. Праграма гэтай установы культуры “Добры дзень, музей!” ахоплівае ўвесь цыкл навучання з 1 па 11 клас. На цяперашні момант яна рэалізуецца ў рамках пазаўрочнай работы.
— З чым мы сутыкнуліся ў сваёй дзейнасці? Школа праводзіла шматлікія мерапрыемствы, але ў выніку мы атрымлівалі нулявы водгук: дзеці сумавалі і адбывалі гэтыя мерапрыемствы як пакаранне, — адзначыла прадстаўніца расійскай сістэмы адукацыі. — Мы доўга шукалі выйсце, і навука нам дапамагла. Зараз мы выходзім у сваёй рабоце на адукацыйную падзею — мадэляванне асобасна значных для навучэнцаў сітуацый, асэнсаваную дзейнасць дзіцяці, якая ажыццяўляецца праз усведамленне адукацыйнай праблемы і пошук шляхоў яе вырашэння. Як вынік, школа атрымлівае прырашчэнне ведаў, вопыту, спосабаў дзейнасці кожнага з удзельнікаў гэтай падзеі. Дзеці больш актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах, самі прапануюць ідэі іх правядзення, далучаюць да гэтай дзейнасці сваіх аднагодкаў, бацькоў і настаўнікаў. Яны мяняюцца самі і мяняюць свет вакол сябе.
Дырэктар Гімназіі Дзяржынска Мінскай вобласці Людміла Станіславаўна Паўхлеб расказала аб праграме развіцця сваёй навучальнай установы. Праграма называецца “Дом вокнамі ў свет устойлівага развіцця”. Згодна з ёй, галоўнымі прыярытэтамі навучання гімназіі з’яўляюцца кампетэнтнасць, інтэлект, сацыялізацыя. Педагогі і адміністрацыя імкнуцца стварыць такія ўмовы для кожнага вучня, каб ён адчуваў сябе як дома.
Гімназія Дзяржынска паспяхова функцыянуе на працягу 27 гадоў. Сёння калектыў установы працуе ў інавацыйным рэжыме, фарміруючы ўласную арганізацыйна-педагагічную мадэль эфектыўнай гімназіі. Яна аб’ядноўвае некалькі складнікаў — высокапрафесійныя педагагічныя кадры, узаемадзеянне сям’і і ўстановы, творчае развіццё навучэнцаў. Высокая якасць адукацыі пацвярджаецца ўдзелам гімназістаў у алімпіядным руху, выступленнямі на творчых конкурсах і конкурсах работ даследчага характару, а таксама іх паспяховай сацыялізацыяй у далейшым асабістым і прафесійным жыцці. Дарэчы, ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступае больш за 96% выпускнікоў.
На базе ўстановы паспяхова функцыянуе міжшкольны педагагічны клас, дзе па суботах вучацца дзеці з усяго раёна. Для іх распрацаваны курс факультатываў увядзення ў прафесійную педагагічную дзейнасць. Пасля навучання ў гэтым класе на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступае пераважная большасць выпускнікоў. Так, па выніках 2017 года іх было 70%, 2018 года — 50%.
У завяршэнні Міхаіл Міхайлавіч Жудро выказаў упэўненасць, што Першы форум кіраўнікоў гімназій павінен стаць пачаткам добрай традыцыі сустрэч актыўных і мэтанакіраваных кіраўнікоў і педагогаў. Ён уручыў прысутным сертыфікаты ўдзельнікаў і адзначыў, што па выніках мерапрыемства выйдзе метадычны дапаможнік для педагагічных работнікаў.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.