Праз методыку да прагнозу

Валчкова, В. Праз методыку да прагнозу : [погляд праз 80-гадовую гісторыю на Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы] / Валянціна Валчкова // Культура. — 2019. — 28 верасня. — С. 12. 

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы — адна з найстарэйшых устаноў культуры вобласці. З архіўнай даведкі: “…пастановай Рады Народных Камісараў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ад 10 мая 1939 года № 22… арганізаваць абласны Дом народнай творчасці з мэтай паляпшэння кіраўніцтва справай развіцця народнай творчасці ў абласцях… прадаставіць для гэтай мэты адпаведныя памяшканні”. У архівах захавалася справаздача Усесаюзнаму камітэту па справах мастацтваў пры Радзе Народных Камісараў СССР за 1940-вы год: “…Уся работа Дома народнай творчасці была скіравана на развіццё і павышэнне ідэйна-палітычнага і мастацкага ўзроўню ў дзейнасці і змесце работы калектываў мастацкай самадзейнасці і асобных выканаўцаў…” Паводле архіўных дадзеных у вобласці налічвалася 286 калектываў самадзейнай творчасці, 125 спевакоў і 115 музыкантаў (салістаў). Вялікую папулярнасць меў драматычны жанр, які развіваўся ў 118 гуртках і калектывах. Асаблівая ўвага надавалася выяўленчаму мастацтву, бо ў вобласці налічвалася 99 мастакоў.

На кані і калёсах

У штаце абласнога Дома народнай творчасці ў 1940 годзе працаваў таленавіты мастак Кастусь Геда. Дзякуючы яго намаганням як выкладчыка, вучнем Маскоўскага мастацкага вучылішча стаў Майсей Лянглебен — савецкі жывапісец, графік, партрэтыст. У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава дзейнічае мемарыяльная зала, дзе экспануюцца работы Кастуся Геды, асабістыя рэчы і дакументы. Некалькі ягоных твораў жывапісу захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску і Навукова-асветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны. Пяць карцін дачка мастака Ірына ў 1990-м падарыла Савецкаму фонду культуры.

Пасля вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абласны Дом народнай творчасці аднавіў сваю работу ўжо 24 жніўня 1944 года. У першыя пасляваенныя галодныя гады нашы калегі, нягледзячы ні на якія нягоды, “шматгранна развівалі культурна-асветную работу так, каб яна адпавядала патрэбе стварэння новага эканамічнага і культурнага аблічча калгаснай вёскі”, працавалі не шкадуючы ўласных сіл, як умеюць гэта рабіць толькі сапраўдныя культработнікі.

У 1945 — 1946-х гадах пры ўстанове створаны хор таварыства сляпых пад кіраўніцтвам Сцяпана Зохана — таленавітага харавіка. За выступленне хору ў Маскве Зохан атрымаў вялікую прэмію, на яе набыў піяніна… Спецыялісты Дома народнай творчасці з энтузіязмам ездзілі па вобласці (быў у наяўнасці для гэтага свой транспарт — конь і калёсы), кансультавалі кіраўнікоў харавых, драматычных, харэаграфічных, аркестравых гурткоў, высылалі ў раёны метадычныя лісты і часам нават наракалі (як паказана ў архіўных справаздачах) “на нядбайных выканаўцаў іх рэкамендацый…”

Вучыліся ладзіць Купалле

Напачатку 1980-х гадоў установа перайменавана ў Магілёўскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. У гады перабудовы і ў постперабудовачны час спецыялісты Цэнтра і яго кіраўнікі вырашалі няпростыя практычныя пытанні, звязаныя з элементарным выжываннем. Але і тады калектыў жыў паўнакроўным і цікавым жыццём, аб’ядноўваў вакол сябе творчыя сілы вобласці. Гэта былі гады імклівага развіцця, пошуку далейшага творчага шляху і стылю работы. На 1990-я гады прыпадае, мабыць, самы цікавы этап адраджэння традыцыйнай культуры. Нібы з небыцця вярталіся ў жыццё народныя святы і абрады, адраджаліся, здавалася б, забытыя назаўжды народныя песні і танцы. Вырасла цікавасць да рамёстваў і промыслаў. Работнікі культуры вучыліся праводзіць Купалле і Каляды, гукаць Вясну і выпраўляць Зіму. Вывучалі спецыяльную літаратуру, якая выдавалася тады ў вялікай колькасці, самі праводзілі даследчую работу, фальклорныя экспедыцыі, па драбніцах збіраючы неацэнныя дыяменты народнага фальклору, кожнага народнага свята. Каталізатарам творчай, пошукавай, экспедыцыйнай работы стаў абласны фестываль фальклорна-этнаграфічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што прайшоў упершыню ў 1993 годзе. У гэты ж час быў праведзены першы абласны агляд-конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў метадычных службаў “Праз вучобу — да майстэрства!”

У 1992 годзе пры Цэнтры стварылі свой ансамбль народнай музыкі, песні і танца “Магілёўцы”, у склад якога ўвайшлі аркестравы, танцавальны і вакальны гурты. Кіраўніком інструментальнага гурта стаў Уладзімір Рубанік, які да таго ж яшчэ быў кампазітарам і паэтам. Кіраўніком вакальнага гурта стала Вольга Кандраценка — выкладчык Магілёўскага музычнага вучылішча, якая атрымала асновы пеўчага мастацтва ў знакамітым Варонежскім хоры. Танцавальны гурт узяў пад сваю апеку дасведчаны харэограф і таленавіты балетмайстар Мікалай Рубцоў. Рэжысёрам калектыву быў Васіль Галец, які з’яўляецца акцёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра і выкладчыкам Магілёўскай гарадской школы мастацкай творчасці.

У кожнай вёсцы — свой звычай

Менавіта тады, у 1990-я, пад уплывам імклівых змен у глыбінях сацыякультурнай дзейнасці стала мяняцца аблічча культурна-асветных устаноў. З’явілася тое, што цяпер завуць новымі тыпамі і мадэлямі клубных фарміраванняў. “Што ні вёска — то свой мае звычай, што ні клуб — то на іншы не падобны абліччам…” Сталі з’яўляцца клубы фальклору, дамы народнай творчасці, дамы рамёстваў.

У 2005 годзе рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта шляхам зліцця абласной філармоніі і Цэнтра народнай творчасці быў створаны Цэнтр культуры і мастацтва Магілёўскай вобласці. Праз год яго рэарганізавалі ў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. На жаль, у архівах не захаваліся імёны і прозвішчы ўсіх дырэктараў Цэнтра. У даваенныя гады Дом народнай творчасці ўзначальваў Астраў. У архіўных дакументах 1944 — 1946-х гадоў дырэктарам значыцца Палякоў , 1948 — 1950-х гадах — Леакадзія Даноўская. Добра памятаем Уладзіміра Бараноўскага — таленавітага рэжысёра, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі; Уладзіміра Гіля, які ўзначальваў цэнтр з 1991 года па 2000 год. У 2000 — 2005-я гады кіраваў Ігар Кузняцоў.

З 2006 года і па цяперашні час Цэнтр узначальвае Алег Хмялькоў, старшыня рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, пераможца рэспубліканскага конкурсу “Чалавек Года культуры” ў намінацыі “Клубная дзейнасць”.

Каардынатары

Гісторыю ўстановы стваралі і дасведчаныя спецыялісты: Валянціна Пруднікава — галоўны хормайстар, Святлана Сарока — намеснік дырэктара, Вольга Маісеева — галоўны рэжысёр, Іван Пехцераў — начальнік рэдакцыйна-выдавецкага аддзела. А таксама людзі, якія працягваюць работу і цяпер: Аліна Фядосава — галоўны хормайстар, Жанна Палханава і Алена Хмялькова — вядучыя метадысты, Людміла Сухава — галоўны бухгалтар…

Праведзена тэхнічная мадэрнізацыя ўстановы. Сёння Цэнтр — гэта адладжаны, сінхранізаваны арганізм, які дзейнічае па сучасных тэхналогіях. У нас ёсць добра абсталяваная канферэнц-зала на 80 месцаў і канцэртная — на 470 месцаў са сцэнічнай пляцоўкай у 110,7 квадратных метраў, рэпетыцыйныя памяшканні і клас для заняткаў дзяцей дашкольнага ўзросту. Усе паверхі маюць выставачнае абсталяванне, дзе прэзентуюцца вырабы майстроў народных рамёстваў і ладзяцца самыя розныя абласныя конкурсы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Работу ўстановы ажыццяўляюць: аддзелы традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці, інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай работы, тэхнічнай творчасці і мультымедыйных тэхналогій, гаспадарчы, сектар мастацка-эстэтычнай адукацыі, бухгалтэрыя.

Цэнтр каардынуе дзейнасць 21 цэнтралізаванай клубнай сістэмы Магілёўскай вобласці і клубных устаноў гарадоў Магілёва і Бабруйска, ініцыюе новыя творчыя праекты, ладзіць буйныя рэгіянальныя і абласныя фестывалі ды святы. Штогод клубы праводзяць больш за 100 тысяч культурна-масавых мерапрыемстваў, з іх звыш 29 тысяч — канцэрты, спектаклі, тэатралізаваныя святы і абрады.

Сёння зразумела, што культурныя каштоўнасці выступаюць галоўным крытэрыем падтрымкі духоўнасці і непарыўнай сувязі пакаленняў, яднаюць іх у адзін ланцуг гістарычнага развіцця. Магілёўскі абласны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы адным з першых у краіне пачаў работу па выяўленні і захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны і сёння актыўна яе працягвае пры падтрымцы экспертаў Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Таму вобласць займае асноўныя пазіцыі ў рэспубліцы па гэтым кірунку дзейнасці — 13 аб’ектаў Магілёўшчыны занесены ў Дзяржаўны спіс аб’ектаў, што маюць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сёння Цэнтр адраджае мясцовыя народныя рамёствы і промыслы, падтрымлівае каля 500 майстроў, 103 з іх — сябры Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, 21 з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь. Пад патранатам цэнтра знаходзіцца 17 Дамоў рамёстваў.

Стасункі са светам

Штогод спецыялісты і майстры Цэнтра прымаюць удзел больш чым у 50 міжнародных культурных акцыях. Такім чынам выпрацоўваецца стратэгія вырашэння агульных праблем захавання і развіцця культуры. Наша ўстанова супрацоўнічае з Літоўскім цэнтрам нацыянальнай культуры, Цэнтрам навуковай методыкі і павышэння кваліфікацыі ў сферы культуры Міністэрства культуры Азербайджанскай Рэспублікі, Курскім абласным Домам народнай творчасці, Валагодскім абласным навукова-метадычным цэнтрам культуры, Цвярскім абласным Домам народнай творчасці, аўтаномнай установай Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югры “Акруговы Дом народнай творчасці”, Дзяржаўным Расійскім Домам народнай творчасці імя Васілія Паленава.

Цэнтр штогод выпускае каля 30 адзінак метадычнай прадукцыі ў дапамогу спецыялістам, выдае ўласны інфармацыйна-аналітычны часопіс “Культура & Аrt”.

Замест заканчэння

80 гадоў дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы — гэта адрэзак гісторыі не толькі ўстановы, але і вобласці, краіны. 80 гадоў установа выконвае місію падтрымкі і развіцця народнай творчасці, захавання традыцыйнай культуры. Дзякуючы гэтай дзейнасці кожнае новае пакаленне мела і мае магчымасць дакранацца да неацэннай культурнай спадчыны, што дазваляе захаваць шматвобразнасць этнакультур Магілёўскага рэгіёна, фарміруе падмурак для развіцця прафесійнай творчасці, стварае альтэрнатыву шоу-бізнесу. Адным словам, установа была і застаецца сацыякультурным інстытутам, практыка работы якога дазваляе будаваць прагнозы культуры Магілёўшчыны.

Валянціна ВАЛЧКОВА