Дуктаў, У. Сіманаву пакланіцца : [Міжнародныя Сіманаўскія чытанні] / У. Дуктаў // Літаратура і мастацтва. — 2014. — 5 снежня. — С. 2.
Міжнародныя Сіманаўскія чытанні — культурная традыцыя Магілёўшчыны. Упершыню яны адбыліся ў 1980-м, праз год пасля смерці Канстанціна Сіманава.
Сіманаўскія чытанні звязаны з падзеямі пад Магілёвам, на Буйніцкім полі, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Знаходзячыся ў акружэнні, савецкія воіны ў жорсткіх баях утрымлівалі Магілёў («Дняпроўскі рубеж») да канца ліпеня 1941-га. Пра бой на Буйніцкім полі 12 ліпеня 1941 года распавёў у сваіх публікацыях ваенны карэспандэнт і пісьменнік Канстанцін Сіманаў.
У дзень нараджэння – Канстанціна Сіманава, 28 лістапада, у гарадской ратушы адбылося пасяджэнне «круглага стала». Пра жыццё пісьменніка і значэнне яго творчасці размаўлялі пісьменнікі з Беларусі і Расіі, грамадскія дзеячы, журналісты, ветэраны вайны, гісторыкі. На наступны дзень расійскія і беларускія літаратары наведалі Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання.
Да сёлетніх літаратурных чытанняў Магілёўскае абласное аддзяленне СПБ і Магілёўскае гарадское аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства» прымеркавалі Міжнародны літаратурны конкурс на лепшыя творы паэзіі і малой прозы, прысвечаны памяці К. Сіманава і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У конкурсе, які праходзіў з 5 жніўня па 20 лістапада, бралі ўдзел звыш чатырохсот паэтаў і празаікаў. Сярод пераможцаў — і грамадзяне Расійскай Федэрацыі: паэты Алег Дарагань, Мікалай Чапурных, празаік Уладзімір Каралёў, якія сёлета разам з іншымі расійскімі літаратарамі прыехалі на Сіманаўскія чытанні; паэт і празаік Яўгеній Гусеў, паэтэса Тамара Патапава. У Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У. I. Леніна ва ўрачыстай абстаноўцы пераможцы атрымалі ўзнагароды — дыпломы і кнігі ад Посольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі. Акрамя таго, удзельнікі чытанняў наведалі мемарыяльны комплекс «Буйніцкае ноле» і ўсклалі кветкі да каменя К. Сіманава.