Выдатны паэт і грамадзянін

Арцем’еў, В. Выдатны паэт і грамадзянін : да 100-годдзя з дня нараджэння А. В. Пысіна / Віктар Арцем’еў // Днепровская неделя. — 2020. — 1 апреля. — С. 5.

Да 100-годдзя з дня нараджэння А.В.Пысіна

Лес і поле – міма,міма,
Лес і поле – чарнатроп.
Не бяжы, прырода, стоп,
Вось мой край, мая радзіма.
……………………………
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў
у свет.
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
……………………………
Сухі пясок, сухія гаці.
Сухі туман балтыйскіх вод.
На дзюны ўпаў сяржант
Ігнацьеў
Пад біўні зломленых
грымот.
Чарнеюць спаленыя дзюны,
Чарнее глыба валуна.
Парваныя сцякаюць струны:
Сямёнаўна,
Іванаўна…
……………………………
Мой сцяг вышэй усіх няўдач,
Вышэй усіх няпраўд.
Ты будзеш неўміручы, сцяг,
Бо мы цябе нясём
Ў сваёй крыві, у сваіх касцях.
Перадаём — з жыццём.
……………………………
На схіле дня святла яшчэ
даволі,
Вільготны цень кладзе
дубоў сям’я.
О, як патрэбны мне твае
далоні,
Любоў мая.
……………………………
Шчасце так не даецца,
І яго не купіць,
Шчасце сеецца, жнецца,
Шчасце ў кузнях куецца,
У мартэнах кіпіць.
Усе гэтыя радкі належаць паэту Аляксею Пысіну, 100-годдзе нараджэння якога мы адзначаем сёлета.  Якое ж яго месца сярод пісьменнікаў нашай роднай Беларусі? Адкажу двума словамі: самае пачэснае. Аляксей Васільевіч сёння ў светлым куце беларускай літаратуры. Ён класік, унікальны і тонкі лірык, а пра вайну яго творчасць фенаменальная: ён сказаў сваё слова франтавіка мацней з усіх беларускіх паэтаў, яно на ўзроўні паэзіі Янкі Купалы, Аляксандра Твардоўскага, Канстанціна Сіманава… Хаця ўлады і не паспелі ўганараваць яго званнем, ды ўсё роўна ён з намі, ён народны душою.
Пра Пысіна яшчэ пры жыцці гаварылі і пісалі больш за іншых. Вазьміце ў рукі кніжку «Вянок Аляксею Пысіну», які складзены мною яшчэ ў 2006 годзе, і вы ўбачыце каля сотні прозвішчаў пісьменнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны,Казахстана…
Аляксей Пысін вельмі любіў прыроду. І хлапчуком, і ўжо будучы паэтам, выходзіў за ваколіцу і ўсё назіраў, слухаў, запамінаў… Ён бачыў, як «пласт кладзецца, як колас гнецца», чуў шаптанне лоз, пах суніц. Размаўляў з барознамі, з зарою, разумеў спяванне мудрых пчол. Ён любіў родны край, зямлю Прыдняпроўскую, сінявокую Беларусь. І ў вершы пісаў: «Няхай хоць сто зямель прайду — зямлі не трэба іншай».
Украінскі паэт Станіслаў Рэп’ях у прадмове да кнігі Пысіна «Жураўліныя трубы» на ўкраінскай мове прывёў радкі з яго перадсмяротнага верша «Элегія самотнай грывы»:
Пасля вайны, калі
Я сам у плуг упрогся,
Я думаў аб кані:
Куды сышоў, звалокся
Мой добры кося? (…)
Зноў бачу праз гады:
Скон – мінаю пад колы,
Конь — к небу капыты,
На капытах падковы,
Бляск маладзіковы.
Куды сышоў, звалокся,
Мой добры кося?
І сказаў пра іх так: «Гэтыя радкі цудоўна перадаюць сутнасць творчага аблічча паэта, своеасаблівасць яго паэтычных драбніц, вобразнай сістэмы, рытмічнага моманту, а галоўнае — характар аўтара, яго трывогу за лёс жыцця, свету. Поле — конь — вайна. Жывая істота нібыта звязвае два полюсы найбольшых інтарэсаў паэта: мірную працу і ўспаміны пра вайну. Тут ён увесь як на далоні, выдатны паэт і грамадзянін. Але ўкласці ўсю творчасць Аляксея Пысіна нават у рамкі бездакорна выверанай схемы немагчыма. Яго паэзія — жывая рака, у якой кожная хваля мае свой, толькі ёй уласцівы водбліск, рака хуткаплынная, глыбокая, пявучая».
У свет пысінскай паэзіі прырода ўвайшла ў прамой сувязі з духоўным жыццём чалавека. А паэт — мужны і светлы чалавек  з сэрцам добрым. Мабыць, таму яго лепшыя вершы выпраменьваюць святло і цеплыню. Вельмі слушна сказала аб гэтым літаратар Маргарыта Прохар: «Духоўны стрыжань яго паэзіі — знітаванасць з роднай зямлёй, з яе зажуранымі ўвосень і ўзнёсла-радаснымі ўвесну, вялікімі і малымі рэчкамі, сінявокімі азёрамі, мядовым водарам лугавых траў, шчымліва-развітальным курлыканнем журавоў, світальнай расой у яблынавым садзе… Усім гэтым поўніцца паэзія Пысіна. У гэтым для мяне яе святло і хараство, яе сіла і веліч. І яе вечнасць».
Трэба сказаць, што ў творах Пысіна вайна і мірная праца людзей пераплецена, мінулае і сённяшняе знітавана і моцна завязана сялянскім вузлом.Паэт як бы «мінулае з будучым сшывае». Вельмі многія паэты і крытыкі адзначаюць разнастайнасць і інтэлектуальнасць твораў Аляксея Пысіна. Чаму так атрымалася? Адказ  мы знаходзім у манаграфіі Таццяны Хоміч «Мастацкая канцэпцыя чалавека і свету ў лірыцы Аляксея Пысіна»: «…паэтычны свет Аляксея Пысіна гарманічна злучае ў сабе самыя неадназначныя светапоглядныя адценні. Аб’яднальным фактарам стала галоўная тайна быцця, якую паэт разглядваў на працягу творчага шляху: свет — гэта адно цэлае, суладнасць, дзе ўсё ўзаемазвязана і ўсё павінна  быць у раўнавазе, за што ў адказе кожны чалавек».
Творы паэта Пысіна ў бібліятэках чытаюць ахвотна. У Магілёве і Краснаполлі ёсць вуліцы Аляксея Пысіна, мемарыяльныя дошкі. У Палужскай школе сталічнага ўзроўню мемарыяльны літаратурны музей А.В.Пысіна. У абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна штогод ладзяцца Пысінскія літаратурныя чытанні. Магілёў­скі гарвыканкам станоўча разгледзеў пытанне аб выданні маёй кнігі «Народны душою. Жыццё і творчасць А.В. Пысіна».
І ўсё ж паэту як недадалі пры жыцці, так і сёння недастае той павагі і ўшанавання, якія ён заслужыў. Не ўбачылі свет абяцаныя савецкай уладай зборнік успамінаў пра яго і кніга прозы паэта. А за ўсе наступныя гады ў Рэспубліцы Беларусь не выдадзена аніводнай яго мастацкай кнігі. І чытаць ягоныя патрыятычныя, «высокай праўды ў мільярды кілават» творы у многіх школах і бібліятэках няма магчымасці. І няма яму такой пашаны і павагі ў Магілёве, якая ёсць Канстанціну Сіманаву, а ў Мінску — як Васілю Быкаву, Аркадзю Куляшову, Івану Чыгрынаву, увогуле, народным пісьменнікам, хаця Аляксей Пысін таксама паэт-класік, паэт вялікі. Дарэчы, паэт ён нацыянальны, а не магілёўскі. Спадзя­юся, што настане час, калі нас пачуюць, і памылка будзе выпраўлена.
Аляксей Пысін вершаваным радком сказаў:
Палім мы маршанскую
махорку,
Бачым мы Дняпроўскую
граду.
Будзе сёння бой. На тым
узгорку,
Можа, я таксама ўпаду.
Будуць травы над курганам.
Будуць
Адлятаць у вырай жураўлі.
Нас, напэўна, у свеце
не забудуць,
Успомняць, што на свеце
мы жылі.
Удзячныя магіляўчане не забылі, помняць ратныя подзвігі і палеглых , і жывых франтавікоў, свята ўшаноўваюць іх памяць. Помняць і свайго паэта-земляка — у дні векавога  яго юбілею выкладчыкі і студэнты-філолагі ўніверсітэта імя А.А.Куляшова разам з пісьменнікамі-магі­ляўчанамі наведаліся на поль­скія могілкі і да помніка паэту ўсклалі вянок кветак, а затым з цеплынёю сэрца падзяліліся ўспамінамі пра Аляксея Васіль­евіча і шчыра дэкламавалі яго праўдзівыя лірычныя вершы. Магіляўчане падрыхтавалі вель­мі змястоў­ныя і цікавыя дзясятыя Пысінскія чытанні, якія пройдуць у маі месяцы ці крыху пазней у абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна,  а ў дамах культуры,  бібліятэках, навучальных установах і школах вобласці — літаратурныя вечары.
Слова і слава Аляксея Пысіна жылі раней, жывуць сёння, яны ўпэўнена ідуць у будучыню. Вечная слава і вечная памяць народнаму душою паэту! Чытайце творы Аляксея Пысіна!

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ.