Рыхтаваць не толькі спецыялістаў, але і патрыётаў

Сінькевіч, Г. Рыхтаваць не толькі спецыялістаў, але і патрыётаў : [міністр адукацыі І. Карпенка наведаў МДУХ] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 9 чэрвеня. — С. 3.

Актуальныя пытанні і наяўныя праблемы функцыянавання вышэйшай школы і сістэмы адукацыі ў цэлым былі абмеркаваны падчас візіту міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Ігар Васільевіч падрабязна азнаёміўся з дзейнасцю ўстановы, а таксама ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў са студэнцкім актывам універсітэта.

Кіраўнік адукацыйнага ведамства накіраваўся з рабочай паездкай менавіта ва ўніверсітэт харчавання не выпадкова. Сёння ўніверсітэт — адзіная профільная ўстанова вышэйшай адукацыі ў краіне, дзе ажыццяў­ляюць падрыхтоўку поўнага спектра спецыялістаў для харчовай, пера­працоўчай і хімічнай прамысловасці. Зараз тут вучацца звыш 3 тысяч студэнтаў.

— Універсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў па 20 спецыяльнасцях і спецыялізацыях. Адметна, што спецыялізацыя “тэхналогія кудзелістых і плёнкавых матэрыялаў і вырабаў” у сувязі са значнай патрэбай у выпускніках уключана ў пералік найбольш запатрабаваных эканомікай. Спецыяльнасці ў нас пастаянна абнаўляюцца. Сёлета адкрыты набор на спецыяльнасць “Кіраванне інавацыйнымі праектамі прамысловых прадпрыемстваў”, выпускнікі якой набудуць кваліфікацыю “праект-менеджар. Эканаміст” і будуць запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі. Дарэчы, у краіне практычна няма харчовага ці хімічнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі нашы выпускнікі. Многія з іх сталі кіраўнікамі адпаведных прадпрыемстваў, арганізацый, галіны ў цэлым, — зазначыў рэктар універсітэта Максім Кіркор.

Магілёўскі ўніверсітэт харчавання сёння — гэта яшчэ і буйны навукова-даследчы цэнтр. Навуковая і інавацыйная дзейнасць тут праводзіцца па напрамках, якія адпавядаюць як профілю падрыхтоўкі спецыялістаў, так і прыярытэтам Беларусі ў пытаннях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Фундаментальныя навуковыя даследаванні, якія вядуцца ва ўніверсітэце, увахо­дзяць у план найважнейшых навукова-даследчых работ Нацыянальнай акадэміі навук. З самымі перадавымі і перспектыўнымі навуковымі распрацоўкамі падрабязна азнаёміўся міністр адукацыі. На адпаведнай выставе Ігару Карпенку прадставілі дасягненні навукоўцаў універсітэта ў галіне перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, стварэння новых відаў харчовай прадукцыі.

Развіццю інтэлектуальнага патэнцыялу, навуковай думкі выкладчыкаў і студэнтаў спрыяе наяў­насць ва ўстанове самых сучасных навуковых лабараторый. Кіраўніку адукацыйнага ведамства прадэманстравалі магчымасці нядаўна створанай лабараторыі інавацыйнай камп’ютарнай тэхнікі, якая адкрыла студэнтам доступ да самых сучасных праграмных прадуктаў і тэхналогій. Міністр наведаў і навуковую галіновую лабараторыю збожжавых прадуктаў, якая спецыялізуецца на навуковых даследаваннях і распрацоўках у сферы пасляўборачнай апрацоўкі, захоўвання і перапрацоўкі збожжа для элеватарнай, мукамольна-крупяной, камбікормавай, соладавай, кандытарскай і іншых галін прамысловасці. Такая лабараторыя  — адзіная ў краіне. Ігару Карпенку паказалі таксама адметнасць універсітэта — цэнтр прафесійнага майстэрства “Кулінарны трэнд”.

— Нашы студэнты ўжо традыцыйна дэманструюць высокія вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Яны — пастаянныя пераможцы нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus па кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс” і “Хлебапячэнне”. На занятках у цэнтры студэнты праводзяць майстар-класы, вырабляюць кулінарную прадукцыю на заказ, удзельнічаюць у арганізацыі кейтэрынгу. Усё гэта спрыяе развіццю прадпрымальніцкіх кампетэнцый у рамках паглыблення практычнай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, павышэнню канкурэнтаздольнасці выпускнікоў у сферы іх прафесійнай дзейнасці, — расказала прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Вольга Мацыкава.

Вельмі значна, што ва ўніверсітэце харчавання вялікую ўвагу ўдзя­ляюць не толькі прафесійнай падрыхтоўцы, але і фарміраванню жыццёвых каштоўнасцей студэнтаў, выхаванню іх годнымі грама­дзянамі і патрыётамі. Тут актыўна вядзецца работа па развіцці студэнцкага самакіравання, пошуку балансу правоў і абавязкаў, а таксама адказнасці студэнцкай моладзі. У прыярытэце таксама — падтрымка пазітыўных студэнцкіх ініцыятыў, ідэй і праектаў. Больш падрабязна аб гэтым падчас сустрэчы с міністрам адукацыі расказалі самі студэнты. Актывісты студэнцкага самакіравання гаварылі аб насычанай дзейнасці ўніверсітэта, сваіх вучэбных поспехах, удзеле ў грамадскім жыцці.

— Сёння ў склад Каардынацыйнага савета ўніверсітэта ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх факультэтаў, члены пярвічак маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, актывісты. Пры падтрымцы кіраўніцтва ўніверсітэта мы аб’ядноўваем усіх студэнтаў і разам рэалізоўваем шматлікія дзейсныя праекты, — паведаміў кіраўнік Каардынацыйнага савета ўстановы Аляксандр Жукаў.

І сапраўды. Сёння студэнцтву Магілёўскага ўніверсітэта харчавання ёсць чым ганарыцца. Мясцовыя студэнты аднымі з першых далучыліся да рэспублікан­скага прафілактычнага праекта “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”. Штогод студэнты становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Маладзёжны погляд”, які право­дзіцца з мэтай фарміравання ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі. Яны выступілі ініцыятарамі правядзення рэспубліканскага конкурсу “Шчаслівыя разам”, скіраванага на папулярызацыю сямейных каштоўнасцей у маладзёжным асяроддзі.

Студэнты ўніверсітэта актыўна праяўляюць сябе і ў грама­дзянскім жыцці. Яны заўсёды з карысцю праводзяць свабодны ад вучобы час: працуюць у студэнцкіх атрадах, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Так, зараз у сувязі з няпростай эпідэмічнай сітуа­цыяй студэнты ўключыліся ў работу па аказанні дапамогі адзінокім пажылым людзям, інвалідам, іншым грамадзянам, якія знаходзяцца ў самаізаляцыі. Пасля заканчэння сваіх выступленняў лідары студэнцт­ва запэўнілі: “Мы ўсё зробім для таго, каб жыць у мірнай квітнеючай Беларусі і працаваць на яе карысць”.

Вітаючы студэнтаў, Ігар Карпенка адзначыў, што, наведваючы розныя рэгіёны, заўсёды абавязкова знаходзіць час для гутарак з моладдзю. Бо лічыць асабліва важным пачуць маладых людзей, даведацца аб тым, што іх хвалюе, у фармаце адкрытага дыялогу абмяняцца з імі думкамі.

— Сёння мы кожнага навучэнца разглядаем як актыўнага суб’екта адукацыйнага працэсу. А каб гэты працэс быў якасным і эфектыўным — неабходна плённае ўзаемадзеянне. У гэтым і неабходнасць падобных сустрэч. Яны праводзяцца не для “птушачкі”. Нам сапраўды важна ваша меркаванне, ваша пазіцыя. Гэтая зваротная сувязь дапамагае стварыць аптымальную пляцоўку ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу з мэтай падрыхтоўкі кваліфікаванага спецыяліста, які будзе валодаць высокімі грамадзянскімі якасцямі. І ў гэтым плане асаблівая ўвага тут ўдзяляецца студэнцкаму самакіраванню, — падкрэсліў Ігар Васільевіч і прапанаваў моладзі паразважаць аб неабходнасці студэнцкага самакіравання ў эпоху глабальнай лічбавізацыі.

На думку міністра, ніякая сацыяльная сетка не зможа замяніць фармальныя органы студэнцкага самакіравання, маладзёжныя грамадскія арганізацыі. У іх вельмі важная функцыя, бо сёння адукацыйны працэс ва ўстановах вышэйшай адукацыі не абмяжоўваецца непасрэдна падрыхтоўкай спецыяліста.

— Сучасныя работадаўцы ацэнь­ваюць не толькі ўзровень прафесійных ведаў і ўменняў. Для іх важныя таксама камунікабель­насць, уменне працаваць у камандзе, лідарскія і арганізатарскія здольнасці. Усе гэтыя якасці фарміруюцца не се­дзячы за вучэбнай партай, а ў працэсе сацыяльна-значнай дзейнасці. І якраз органы самакіравання, маладзёжныя грамадскія аб’яднанні з’яўляюцца своеасаблівымі міні-сацыяльнымі пляцоўкамі, дзе маладыя людзі могуць атры­маць пэўны сацыяльны вопыт, які ў далейшым спатрэбіцца і ў прафесійнай дзейнасці, і наогул у жыцці. У гэтым і ёсць важнасць студэнцкага самакіравання. Яго неабходнасць яшчэ і ў тым, што гэтыя аб’яднанні дазва­ляюць арганізатарам, кіраўнікам сферы адукацыі, выкладчыкам чуць голас моладзі і такім чынам буда­ваць гэты ланцужок супрацоўніцтва, узаема­дзеяння. Таму развіццю студэнцкага самакіравання сёння ўдзяляецца павышаная ўвага. Колькасць маладых людзей, уцягнутых у дзейнасць па развіцці маладзёжных аб’яднанняў, з кожным годам павялічваецца, — паведаміў Ігар Карпенка.

Кіраўніцтва, выкладчыкі і студэн­ты ўніверсітэта харчавання слухалі міністра з цікавасцю. Была ў іх магчымасць звярнуцца да кіраўніка адукацыйнага ведамства з надзённымі пытаннямі. Самай хвалюючай тэмай аказалася функцыянаванне сістэмы адукацыі ва ўмовах пандэміі.

— У гэтай няпростай эпідэмічнай сітуацыі сістэма адукацыі спрацавала здавальняюча. Нашы ўстановы вышэйшай адукацыі, яшчэ раней стварыўшы адпаведныя вучэбна-метадычныя комплексы, нядрэнна справіліся з арганізацыяй дыстанцыйнага навучання. Але неабходна разумець, што не заўсёды дыстанцыйнае навучанне здольна даць тыя навыкі і веды, якія будуць неабходны будучаму спецыялісту. Пэўныя ўменні віртуальна набыць немагчыма, як бы студэнт ні стараўся. Тое самае ў агульнай сярэдняй адукацыі: ніякае дыстанцыйнае навучанне не заменіць класна-ўрочную сістэму, бо мы ставім перад сабой задачу не толькі даць веды, але і займаемся агульным развіццём дзіцяці, — адзначыў Ігар Карпенка. — Сістэма адукацыі са шматлікімі выклікамі сутыкнулася ўпершыню. Вядома, гэта выклікала пэўныя цяжкасці. Галоўная з іх: адсут­насць адзінай платформы для арганізацыі дыстанцыйнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым навучальным го­дзе мы спраўляліся некалькімі спосабамі: задавалі заданні на дом, арганізоўвалі заняткі праз пэўныя інтэрнэт-сэрвісы. Сёння перад намі стаіць задача стварэння адзінай платформы для арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў школах. Яна павінна не замяніць класна-ўрочную сістэму, а дапоўніць яе, каб дзіця маг­ло атрымліваць веды самастойна. Але настаўнік усё роўна застаецца цэнтральным звяном. Мы бу­дзем развіваць дыстанцыйнае навучанне, але не на шкоду якасці адукацыі, — дадаў Ігар Васілье­віч.

Міністр падкрэсліў, што ў кожнай краіны свой шлях барацьбы з пандэміяй. Але неабходна ўлічваць і тое, што каранавірус у найбліжэйшы час не знікне і насельніцтву прый­дзецца вучыцца жыць у гэтых складаных умовах. Таму і не былі падтрыманы такія радыкальныя ідэі, як, напрыклад, адмена цэнтралізаванага тэсціравання. Бо ЦТ дазваляе забяспечыць прынцып сацыяльнай справядлівасці пры паступленні ва УВА, а калі раптам замяніць тэсціраванне на вусныя экзамены — гэтая форма іспытаў прыйдзецца не зусім даспадобы сёлетнім выпускнікам, якія рыхтаваліся менавіта да здачы тэстаў.

Сустрэча ў Магілёўскім дзяр­жаўным універсітэце харчавання была непрацяглай, але абмежаванасць у часе не перашкодзіла ёй выліцца ў канструктыўны адкрыты двухбаковы дыялог. На ўсе пытанні прагучалі кампетэнтныя адказы. Пасля заканчэння мера­прыемства кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта шчыра па­дзякавалі Ігару Карпенку за змястоўную гутарку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Фота аўтара.