Сумленны чалавечы голас Аляксея Пысіна

Ярац, А. Сумленны чалавечы голас Аляксея Пысіна / Алег Ярац, Віктар Ярац // Роднае слова. — 2020. — № 3. — С. 17—21. 

Паэт Аляксей Васілевіч Пысін (22 сакавіка 1920 г. — 27 жніўня 1981 г.) — прадстаўнік славутай кагорты роднай літаратуры, якая заслужана з’яўляецца гонарам усяго народа. Лёс аўтара пазначаны жыццёвымі вехамі, агульнымі з ягонымі равеснікамі: даваенныя дзяцінства і юнацтва, гартаванне характару ў вогненных віхурах на франтах змагання з фашызмам, няпростыя, часам драматычныя пасляваенныя будні з нястачамі і свежымі ранамі крывавага ліхалецця. А поруч з гэтым — парасткі надзей і радасці, калі аднаўлялася, адраджалася з попелу і руінаў разбуранае бязлітасным ворагам жыццё…

Родны куток, дзе будучы лірык бегаў улетку басанож па лугавых і палявых сцяжынах, па пыльных бальшаках продкаў-сялян, хлебаробаў-малацьбітоў, кавалёў, ганчароў і цесляў, — вёска Высокі Борак Краснапольскага раёна на Магілёўшчыне.

Друкавацца А. Пысін пачаў з васямнаццаці гадоў, калі вучыўся ў Мінску ў Інстытуце журналістыкі (1938-1939). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет, ў абласной «Магілёўскай праўдзе», быў сааўтарам аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Ёміста, грунтоўна вызначыла Любоў Гарэлік — даследчыца творчасці А. Пысіна — дамінантнае ў вершах знешне сціплага, а па сутнасці надзвычай глыбокага майстра: «Драматызм ваеннага часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі Пысіна, у якой цесна і непадзельна “даўняе з сягонняшнім сплялося”. Погляд у гераічнае мінулае і погляд у сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта, становіцца найважнейшай адзнакай эстэтычнай вартасці яго паэзіі. У разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог (“часоў былых і новых сувязь”), у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека адчуваецца высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопат, неабыякавасць, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць Пысіна эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманістычную скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць…» [1, с. 426].

У дасягненні мастацкай сталасці, у набыцці сур’ёзнай, неаспрэчнай вышыні не было імгненнага, раптоўнага вертыкальнага ўзлёту. Адбывалася паступовая трансфармацыя ў выяўленні творчай задумы, структурнае пашырэнне радка і страфы, узбагачэнне эстэтычнай прыроды тэксту, палітры нацыянальнай каларыстыкі. Пісьменнік прайшоў доўгі шлях пераадолення многіх стэрэатыпаў. Сярод іх ілюстрацыйнасць, дэкларацыйная рыторыка, безаблічная агульшчына — непазбежныя выдаткі, атавізмы эпохі жалезнай заслоны, ідэалагічнага дыктату ў гіпертрафаваным маштабе.

Няпростым было першае пасляваеннае дзесяцігоддзе не толькі для творчасці А. Пысіна. Часам і ў такіх выдатных майстроў лірыкі, як Максім анк, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Анатоль Вялюгін, можна заўважыць інтанацыйны манументалізм, безаблічнасць. Філасофскі розум пра жыццё, юнацкая прага да нязведанага, неадкрытага часам падмяняліся апісальніцтвам, газетным “хранікёрствам” і пратакольнай “справаздачнасцю”. Разам з тым нельга не бачыць, як пульсуе па-сапраўднаму гарачая кроў паэзіі ў многіх вершах названых аўтараў.

Вырашэнне важных ідэйна-эстэтычных, гуманістычных задач, паглыбленне без маралізатарства выхаваўчай ролі паэзіі, грамадзянскае ўзмужненне аўтара і чытача, дый новыя павевы часу спрыялі болынай смеласці, адкрытай шчырасці ў выяўленні думак і пачуццяў. У беларускай лірыцы другога пасляваеннага дзесяцігоддзя выразна назіраецца якасна новы падыход да раскрыцця задумы і тэмы паэтамі розных генераций, комплекснае ўдасканаленне, узбагачэнне структур вершаванай мовы за кошт узмацнення інтанацыйнага пачатку, што было вынікам большай увагі паэтаў да складанага духоўнага свету сучасніка. Невыпадкова нараджаліся творы выключнай душэўнай шчодрасці, бескампрамісных самаацэнак, якія з поўным правам можна аднесці да жанру спавядальных маналогаў. Сказанае адносіцца і да паэтычнага слова А. Пысіна.

Пысінскі верш у згодзе з эпохай перамен і зрухаў у грамадстве імкнецца да лаканізму і рэалістычнасці, той густой метафарычна-асацыятыўнай “вязі”, што стане візітнай карткай яго лірыкі. Вершам аўтара ўсё болын уласцівыя высокая версіфікацыйная тэхніка, адметная рытмамелодыка. Здаецца часам, што радкі твораў, прасякнутыя глыбокім музычным адчуваннем, народжаны не столькі думкай майстра слова, колькі слыхам кампазітара. Пры гэтым музычны бок яго тэкстаў 1960-1970-х гг. не з’яўляецца самамэтай. Рытмічны лад выяўляе структурную арганізацыю моўных элементаў з такой жа сілай, з якой гэтая структура надзелена багатым зместам і све-жасцю сродкаў. Вядома, што моцнае, непадобнае да іншых гучанне лірыкі А. Пысіна, яе рытмічная разнастайнасць і адпаведнасць аўтарскай задуме не прыйшлі да паэта адразу. Вось невялікі экскурс з некалькімі прыкладамі: у першых зборніках аўтара “Наш дзень” (1951) і “Сіні ранак” (1959) было нямала такіх вершаў, дзе прысутнічалі звычайная павярхоўнасць і статычнасць. Недастаткова выразнай была і іх рытмамелодыка. Анемічны характар выкарыстання лексічнага матэрыялу, многіх мастацкіх сродкаў адбіўся на такіх вершах канца 1940-1950-х гг., як “Серп”, “Мост”, “Летапіс”, “Наваселле” і інш.

Аднак ужо з сярэдзіны 1950-х гг. у пысінскай лірыцы адбываецца якасны зрух. Засяроджанасць аналітычнага складу, філасафічнасць радка, яго самабытнае гучанне, неспакойны, актыўны роздум над актуальнымі праблемамі часу — вось тыя адзнакі, якія выявілі сутнасць мастака. Усё гэта прывяло да ўсталявання ўласнага стылю, болыпай увагі да розных формаў паэтыкі. Зрок паэта стаў больш пільным, а сэрцы ягоным адгукнуліся з небывалай сіла старыя раны, франтавыя повязі, вёрсты маладосці, хрышчоныя кулямі, аскепкамі снарадаў, смерцю аднапалчанаў… Гэта засведчана паўнакроўна і ёміста ў такіх яркіх кнігах, як “Твае далоні” (1967 г., Дзяржаўная прэмія БССР ім Я. Купалы 1968 г.), “Мае мерыдыяны” (1969), “Да людзей ідучы” (1972), “Ёсць на свеце мой алень (1978). Суровая памяць пра перажытае — у дзясятках высокамастацкіх вершаў і ў ліра-эпічных паэмах “Белы камень”, “Жураўліны бераг”, “Кара”. Невыпадкова многія літаратуразнаўцы, крытыкі нярэдка праводзілі цалкам апраўданыя паралелі паміж паэзіяй Аляксея Пысіна і прозай Васіля Быкава, у чыіх творах шмат канцэптуальна роднаснага, незалежна ад сюжэтаў, сітуацый, калізій. Блізкае не абавязкова выяўляецца ў аналагічных фабулах і эпізодах, пададзеных маестаком, а ў поглядах на з’яву, у ацэнках вызначальнага, ў паводзінах чалавека як у звычайным, без катаклізмаў, жыцці, так і ў экстрэмальных сітуацыях, калі паўстае пытанне выбару: якой цаной апраўдаць права на жыццё, на якую дыстанцыю адступіць ад той мяжы, што аддзяляе ад немінучай дэградацыі, самазнішчэння?

Шырокі дыяпазон мыслення паэта не рэгламентуецца і выяўленчымі, у тым ліку і графічнымі, прыёмамі. Што ўсё-ткі першаснае ў А. Пысіна — музыка (рытм) альбо ідэя (змест, думка), — адказаць не так і проста, паколькі з’ява гэтая празмерна індывідуальная. Нездарма нямецкі класік Фрыдрых Шылер прызнаваўся: “Калі я сядаю пісаць верш, то музычны бок узнікае перада мной раней, чым выразныя ўяўленні пра яго змест” (цыт. паводле: [2, с. 179]). Можна меркаваць, што музычныя імпульсы таксама ў многім вызначалі фарміраванне пысінскага верша. Кожнае яго слова імкнецца зліцца з другім, як ноты, якія ўтвараюць гаму:

Вясна свайго нічога не згубіла,
Дзе адсвяціў лісток — успыхне два.
Вясна ваду на далягляд вяла
I мімаходзь крыніцу затапіла.

Зліліся далячыні і вытокі,
Ўсё даўняе сышло у глыбіню.
I светлы куст, і птушак лёт высокі
Я пазнаю, як новую радню [3, с. 13].

Усе індывідуальныя кампаненты верша дапамагаюць стварэнню адметнай рытмамелодыкі, вызначаючы схільнасць аўтара да нетаропкай апавядальнасці, надзеленай разважлівасцю і густой метафарычнай навізной.

Нягледзячы на традыцыйную сілабатанічную аснову, гэты верш набыў “лица не общее выраженье” (Яўген Баратынскі), сінтэзаваў некаторыя ўстойлівыя рысы класічнай паэтыкі і асаблівасці лірыкі XX ст. (пачынаючы ад Уладзіміра Маякоўскага з яго неад’емнай “лесвічкай”). Не паверхні такія відавочныя асаблівасці, як графічная свабода страфы, у якой ролю аўтаномнага радка выконваюць не толькі словазлучэнні, але і асобныя словы (“крыніцу’, “затапіла”), разнастайнае выкарыстанне спосабаў рыфмоўкі (у першай страфе поруч з сумежнай прысутнічае апаясальная, у другой — перакрыжаваная). I хоць гэта нібыта знешнія, прынцыпова не кардынальныя адметнасці, яны не менш, чым унутраныя, уплываюць на рытмічны лад. Як паказвае заключная частка твора, тэндэнцыя да графічнага дынамізму не знікае, а ўзмацняецца, асабліва ў фінале, а вось рыфмоўка — наадварот: яна набывае стабільны характар (становіцца толькі перакрыжаванай):

Мяне таксама некалі віталі
I крылы белыя, і рукі дрэў…
I не шкада,
Што на вясновай хвалі
Я толькі крыгі зімнія сустрэў.
Са мною ўсё, што не сплыве ніколі;
Я чую гул не плыні ледзяной.
Бягуць,
бягуць
майго маленства коні,
Бягуць да той крыніцы
над вадой [3, с. 13-14].

Аналіз паэтыкі А. Пысіна пацвярджае бясспрэчнае панаванне ў ёй форм сілабатонікі. Асабліва актыўна выкарыстоўваюцца двухскладовыя памеры, у пераважнасці ямб. Напрыклад, у зборніку “Да людзей ідучы”, у які ўключана 65 вершаў, 54 маюць яскравыя формы двухскладовікаў (пры гэтым вершаў з ямбічнай асновай -31, гэта значыць — 57 %).

У адрозненне ад М. Танка і П. Панчанкі, якія выкарыстоўвалі з большым ці меншым поспехам формы верлібра і акцэнтнага верша, А. Пысін — прыхільнік сілабатанічнай сістэмы. Надаючы вершу кампазіцыйную цэласнасць, выяўляючы адзінства задумы і мастацкіх сродкаў, аўтар імкнецца да найбольшага лаканізму, філасофскай вагі і эўфаніі. Такая ашчаднасць да слова выклікаецца не толькі жыццёвым досведам, але і ўсё большым спазнаннем таямніц вершаванай мовы, якая тады становіцца паэзіяй, калі не губляецца ў шматслоўі галоўная мастацкая ідэя. Шлях спазнання не абыходзіць і рытмічную прыроду. I хоць звыкла лічыць першасным момантам, першаштуршком у творчым акце думку, змест, які хоча данесці аўтар, урэшце — нейкую дэталь, што выклікала да сябе ўвагу, нельга не браць у разлік і настраёвасць, інтанацыйна-гукавую хвалю, якія валодаюць мастаком у працэсе задумы.

Характэрнае разумение рытму як адной з дамінантаў лірычнага твора ўсведамляў яшчэ англійскі паэт Томас Эліят: “…верш (альбо частка верша) мае тэндэнцыю да таго, каб здзейсніць сябе перш за ўсё як асаблівы рытм перад тым, як ён дасягае адлюстравання ў словах і… гэты рытм можа прынесці нараджэнне ідэі і вобраза; і я не думаю, што гэты досвед выключна мой” [4, с. 186]. Дапаўняючы выказванне, можа дадаць, што акрамя канвергентнай сувязі, якая існуе паміж рытмам і вобразам (ідэяй), досыць часта імпульсам для ўзнікнення многіх мастацкіх сродкаў можа стаць само слова. Прычым часам такое адзінае слова можа паслужыць зарадам для нараджэння цэлага твора, падказаўшы не толькі сюжэтную лінію, але і рытміка-інтанацыйны ключ. Прыклад — наступная афарыстычная замалёўка-імпрэсія:

Старажытная каплічка.
Гарадзішча над ракой.
Ледзь прыкметная крынічка,
Што ўзялася асакой.

Не, не спадчына сівая
I не ўцэнены тавар
Мне радзіма адкрывае
Ў дарагіх
радзімках
твар [3, с. 92].

У адносна простай інтанацыйнай плыні верша выклікае ўвагу блізкасць гучання слоў-вобразаў радзіма і радзімка. Можна меркаваць, што менавіта адно з іх паслужыла непасрэдным імпульсам для лексічнай паралелі і, магчыма, для ўзнікнення самога твора. Нават знешні выгляд верша пераконвае ў тым, што пабудова яго не стандартная. З асаблівай сілай гэта пацвярджае заканчэнне, дзе адзін рытмарад набывае тры графічныя вышыні. Такое размежаванне цэласнай адзінкі на некалькі “аўтаномій” — глыбока ўсвядомленае дзеянне, яно падказана інтуіцыйным мастацкім адчуваннем вагі слова, яго значнасці. Графічнае вырашэнне парушае і рытмічную інерцыю пэўнага памеру (харэй з густой плынню пірыхіяў), хоць і застаецца нязменным аб’ём складоў рытмарада. Моўны тэмп набывае тут каларытную градацию, якая выклікае зліццё рэльефнасці вобразаў з дынамічнасцю эмоцый. Простасць і даходлівасць зместу знайшлі эфектыўнае, аптымальнае вырашэнне.

Прыкладам выкарыстання класічных прыёмаў арганізацыі сілабатанічнага верша можа служыць наступим лірычны верш без назвы:

Спіць зямля. Заснулі ў полі
Цені змроку і святла.
Не былі, відаць, ніколі
Вы ля гэтага сяла.

Хтось праехаў, хтось прамчаўся,
Бачны дрэвам і платам.
Хто сышоў і хто пачаўся,
Невядома мне і вам.

Не трывожуся бязмерна,
Што сустрэнуся з зямлёй.
Возьме нас зямля і верне
Тым, што сёння сніцца ёй [3, с. 97].

Музычнае гучанне радкоў стварае адчуванне шырокай сімфанічнай карціны, дзе настолькі шчыльна паяднаны ўсе элементы, што, калі за-кранем адзін з іх, — імгненна адбудзецца руйнаванне ўсёй структуры. Безумоўна, нельга ставіць знак роўнасці паміж музыкай і рытмамелодыкай лірычнага твора. Аднак як няма музыкі без гукаў, так і няма вершарытму без гучання слоў. Міхаіл Лермантаў выказваў нават, вядома, не ў катэгарычнай форме, пажаданне пра тое, што “варта было б, калі пішаш, расстаўляць ноты над словамі”. Ён усур’ёз шкадаваў, што іншы раз чытаць — “нібы глядзець на партрэт: няма ні жыцця, ні руху; выраз нерухомай думкі, не-шта тое, што адгукаецца смерцю” [5, с. 717].

Выбіраючы тую або іншую форму, аўтар ставіць на мэце перадаць найболын поўна думкі і адчуванні, раскрыць свой мастакоўскі дыяпазон з максімальнай пераканальнасцю. Лірыка А. Пысіна, якія тэмы ні гучалі б у ёй, вылучаецца не толькі важкім, нетрывіяльным зместам, але і эстэтычнай паўнакроўнасцю, багаццем выяўленчых сродкаў. Аўтар, як правіла, дакладна знаходзіць гармонію зместу і яго выяўлення, знаходзіць сваё, без эпатажу і вонкавых афектацый, індывідуальнае і ў тым, да чаго не раз ужо звярталіся. Англійскі драматург Бернард Шоу, асэнсоўваючы складанасць пошуку пісьменніка (нягледзячы на жанры) у выбары найболын прымальнага варыянта, сюжэтнага ходу ці пэўнай рэмінісцэнцыі, нейкага эпізоду і г. д., заяўляў: «Існуе 50 прыёмаў сказаць “так” і 500 прыёмаў казаць не , і толькі адзін прыём напісаць так або “не”» (цыт. паводле: [6, с. 3]).

У мірныя шасцідзясятыя А. Пысін здолеў разгледзець і нешта такое, чаго раней не заўважаў у полымі пажараў, у гарачцы першых пас ляваенных будняў:

Зямля такая маладая,
Ў ёй столькі свежасці, святла.
З падстрэшша ластаўка ўзлятае
I бачыш цень яе крыла [7, с. 89].

“Старыя” формы набывалі новае жыццё., Ішло іх актыўнае напаўненне — арыгінальным, не збітым, адметна ўласным. Усё гэта — і ў змес-це, і ў спосабах-прыёмах яго выяўлення, у багатай эўфанічнасці, у мелодыі радкоў… Да такіх твораў, у якіх па-новаму раскрываецца Пысін-паэт, можна аднесці вершы “Ручнікі”, “Сок бяроз і начлежны дымок…”, “Над возерам”.

Паглыбленне лірычнай споведзі ішло поруч з пашырэннем рытмаўтваральных формаў і ўзмацненнем інтанацыйнай выразнасці, дзе пачалі знікаць не толькі стэрэатыпнасць мыслення, але і механічнае выкарыстанне застарэлых сродкаў, паўторы сказанага раней. Ствараюцца вершы (“Іван-чай” “Пяць патронаў у абойме.. ”, “Бы радзіўся я да нашай эры…” “Забыта многае ў жыцці…” і інш.), у якіх асоба паэта (а ён у лірыцы найчасцей — галоўны герой) раскрываецца з усёй паўнатой, нерушнасцю адчування свету. Хрэстаматыйнымі становяцца прызнанні паэта: “Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта…”

Не меней крылатымі зрабіліся і такія пысінскія словы: “Ведайце, калі мяне не стане — я ў сваю дывізію пайшоў”. У вершы “Вада” шчодра выяўляецца тая настраёвая гама, тая палітра эмоцый, якія — сведчанне актыўнага душэўнага неспакою, пякучага роздуму над перажытым і паэтам, і іншымі людзьмі, што напоўніцу зведалі “пачастункі” лёсу на зямлі, палітай потам і крывёю…

Аб чым гаворыць з берагам вада,
Мне невядома;
Ў яе свая любоў і правата,
I немата, і мова.

З маленства, з баразён, з калоссяў дня
Паверыў я бязводдзю, што вучыла:
Вада — яна цыганская радня,
Вада — яна з зялёнымі вачыма [7, с. 223].

Выразным дысанансам першым строфам выступае заключная, зусім з іншай структурай і мелодыкай:

Як звер лагодны, што сваё дзіця
Аблізвае і лашчыць — нежывое…
А ўсё ж страшней было
Да забыцця
Трызніць хоць кропелькаю дажджавою [7, с. 224].

Сілабатанічны верш, захаваўшы свае канструкцыйныя жыццяздольныя рысы, набыў шырокае інтанацыйнае рэчышча з глыбінёю меладычных віроў, гукавых перакатаў, узбагаціўся аўтарскімі рытмаўтваральнымі асаблівасцямі.

Нярэдка адметны інтанацыйны каларыт у вершах А. Пысіна дасягаецца шляхам паўтору цэлых радкоў (рэфрэнам):

Сосны з ветрам адрыпелі,
Зняў звярынец свой заслон.
Слон мой шэры, слон мой белы,
Вось і скончыўся сезон.

Свету — верыцъ, людзям — верыць
I пачуцъ бы ад кагось,
Слон мой белы, слон мой шэры,
Што сланы на свеце ёсць! [3, с. 44-45].

Тут нязначная інверсія ў радках-дублёрах толькі ўзмацняе агульную сілу і шматзначнасць твора, яго сэнсавую, настраёвую поліфанію. Рэчаіснасць у лірыцы А. Пысіна без прыхарошвання, без ідэалізацыі. Але — і без дальтанізму, і без катэгарычнага падзелу выключна на чорнае — белае.

Антываенным пафасам, не збітым і рытарычным, не механічна-дэкларацыйнымі лозунгамі прасякнуты многія творы паэта. У асуджэнні-праклёне жорсткасці, антычалавечнасці нелюдзяў, удзельнікаў крывавых злачынстваў, А. Пысін салідарызуецца як з найболын вядомымі прадстаўнікамі свайго пакалення, так і з аўтарамі, якія прыйшлі ў нашу літаратуру пазней (Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Янка Сіпакоў, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Алесь Наўроцкі, Сцяпан Гаўрусёў, Ніл Гілевіч, Анатоль Грачанікаў…).

Пра Аляксея Пысіна пісалі шмат — кожны па-свойму: Варлен Бечык, Дзмітрый Бутаёў, Рыгор Бярозкін, Уладзімір Гніламёдаў, Міхась Стральцоў, Віктар Каваленка, Віктар Карамазаў, Алег Лойка, Мікола Мішчанчук, Янка Шпакоўскі… I ў кожным выпадку перад чытачом паўставала асоба з сумленным голасам — без фалыйу і ружовай бадзёрасці.