Сінькевіч, Г. Кожны дзіцячы поспех — яе ўзнагарода : [настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва А. У. Карпечанка] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 3 сакавіка. — С. 6.
Каб стаць добрым педагогам, аднаго прафесіяналізму недастаткова. Трэба кожны дзень дарыць сваім выхаванцам любоў, дабрыню, клопат. Толькі тады дзеці будуць радаваць сваімі дасягненнямі і поспехамі. Такога прынцыпу прытрымліваецца ў сваёй працы настаўнік-дэфектолаг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Алена Уладзіміраўна Карпечанка.
Алена Уладзіміраўна звязала сваё прафесійнае жыццё з педагогікай свядома. У свой час яна скончыла педагагічны клас Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1. Пасля з упэўненасцю працягнула адукацыю на тагачасным факультэце пачатковых класаў МДУ імя А.А.Куляшова.
— Я заўсёды марыла прысвяціць сябе рабоце з дзецьмі. Сталеючы, вырашыла, што звяжу жыццё з выкладаннем у пачатковай школе. Але жыццёвыя абставіны склаліся інакш. У канцы 90-х з працаўладкаваннем былі пэўныя складанасці. Прайшоўшы адпаведную перападрыхтоўку, я стала настаўнікам-дэфектолагам. Цяпер пра той паварот лёсу ніколькі не шкадую. У гэтай прафесіі я сапраўды знайшла сябе, змагла рэалізаваць свой творчы патэнцыял, — расказала А.У.Карпечанка.
Сёння за плячыма Алены Уладзіміраўны ўжо больш за 15 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. За гэты час яна выбудавала сваю сістэму карэкцыйнай работы з дзецьмі, у якіх ёсць розныя маўленчыя парушэнні.
— З-за неспрыяльнай экалогіі, вялікага ўплыву гаджэтаў колькасць дзяцей з маўленчымі парушэннямі пастаянна расце. У гэтым навучальным годзе я займаюся карэкцыяй маўлення ў 30 выхаванцаў нашай дашкольнай установы. За кожнага свайго вучня я адчуваю вялікую адказнасць, да кожнага імкнуся знайсці свой падыход, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей, — адзначыла А.У.Карпечанка.
У сваёй рабоце Алена Уладзіміраўна актыўна выкарыстоўвае метад нагляднага мадэлявання, сінквейны, тэхналогіі Васкабовіча. Па яе меркананні, гэтыя методыкі сапраўды дапамагаюць фарміраваць зразумелае маўленне ў дзяцей. Не менш значным яна лічыць прымяненне ІКТ, электронна-адукацыйных рэсурсаў. Свае заняткі А.У.Карпечанка праводзіць індывідуальна, у групах і падгрупах. Кожная яе сустрэча з дзецьмі праходзіць у форме гульняў, эксперыментаў. Такі падыход дазваляе штодня бачыць пэўныя перамогі выхаванцаў у авалоданні гукамі.
— Алена Уладзіміраўна — цудоўны спецыяліст, ініцыятар укаранення ў карэкцыйную работу перадавога адукацыйнага вопыту. Для яе праца — у радасць, бо яна сэрцам адданая кожнаму выхаванцу, — такую ацэнку дае сваёй падапечнай загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Т.Ю.Швяцова.
Для Алены Уладзіміраўны асоба дзіцяці, індывідуальнае развіццё кожнага малыша насамрэч на першым месцы. Таму, нягледзячы на багаты педагагічны вопыт, яна пастаянна знаходзіцца ў прафесійным развіцці.
— Інтэнсіўнае развіццё сферы адукацыі прад’яўляе новыя патрабаванні да навучання і выхавання. Таму сучаснаму педагогу таксама трэба знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку, — пераканана А.У.Карпечанка.
Алена Уладзіміраўна рэгулярна ўдзельнічае ў навучальных семінарах, канферэнцыях рознага ўзроўню, дзе прэзентуе свой вопыт работы і знаёміцца з новымі адкрыццямі ў карэкцыйнай педагогіцы. Вельмі многае ў плане павышэння прафесійнай кампетэнтнасці ёй даў удзел у Міжнародным конкурсе “Майстэрства без меж”, дзе летась яна стала пераможцай у намінацыі “Лепшы настаўнік-дэфектолаг”.
— Вядомы Міжнародны конкурс “Майстэрства без меж” праводзіцца для спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый краін СНД. У мінулым годзе ў ім прымалі ўдзел 114 педагогаў рознага профілю. Перамогі я не чакала. Для мяне яна вельмі значная, але галоўнае тое, што конкурс адкрыў новыя магчымасці для прафесійнага росту, дапамог глыбей і шырэй зірнуць на сваю педагагічную дзейнасць, — падкрэсліла А.У.Карпечанка.
Акрамя перамогі ў прэстыжным прафесійным конкурсе, у скарбонцы працоўных дасягненняў Алены Уладзіміраўны — ганаровыя граматы мясцовых выканаўчых улад. Аднак сваім галоўным педагагічным дасягненнем яна лічыць іншае. Для яе сапраўдная ўзнагарода — любыя, нават самыя маленькія, станоўчыя вынікі ў развіцці дзяцей.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.