Зігуля, Н. Свае і чужыя : [захаванне воінскіх пахаванняў савецкіх воінаў на тэрыторыі краін Усходняй Еўропы] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 19 лютага. — С. 18.
Магілёўскі сенатар Алег Дзячэнка заклікае выправіць гістарычную несправядлівасць і абараніць імёны загінулых на тэрыторыі еўрапейскіх краін чырвонаармейцаў.
Мы вельмі паважліва ставімся да памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны і працягваем шукаць «сляды» зніклых без вестак на спецыялізаваных сайтах і падчас палявых пошукавых экспедыцый. Але што рабіць з тымі, хто застаўся ляжаць на тэрыторыі краін, дзе іх подзвіг падвяргаецца сумненню? Тэма гэтая, на жаль, адкрытая. І магілёўскі сенатар Алег Дзячэнка, намеснік рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, адзін з нямногіх, хто ёй займаецца. Сёння ён расказвае, наколькі важна абараніць нашы воінскія пахаванні на тэрыторыі краін Усходняй Еўропы.
Беластоцкая вобласць.
Загінулі за Беларусь, а апынуліся ў Польшчы
Па іроніі лёсу пасля вайны Беластоцкая вобласць, якая раней уваходзіла ў склад БССР, была перададзена Польшчы. Атрымалася, што нашы салдаты і камандзіры загінулі за Беларусь, а цяпер ляжаць на польскай тэрыторыі. У іх ліку байцы 1291-га стралковага палка 110-й Верхнедняпроўскай стралковай дывізіі, якая ў ліпені 1944 года папаўнялася ў асноўным выхадцамі з Беларусі, у тым ліку з Магілёўшчыны. Гэта былі былыя партызаны і моладзь прызыўнога ўзросту.
— На жаль, гэтыя героі сёння літаральна забытыя, — перажывае Алег Дзячэнка. — А гаварыць пра гэта трэба, тым больш што сёння ў Еўропе набіраюць моц вельмі правыя неанацыяналістычныя арганізацыі і партыі, мэта якіх у літаральным сэнсе слова сцерці з сусветнай памяці подзвіг нашых салдат і камандзіраў, тых, хто цаной свайго жыцця вызваліў ад фашызму краіны Балтыі, Польшчу і Украіну.
Еўдакім Лянькоў.
Пётр Мысаў.
Гэтай тэмай Алег Дзячэнка пачаў займацца гады два таму, пасля таго як да яго на адным з прыёмаў грамадзян звярнуліся родныя стрыечных братоў з вёскі Куты Магілёўскага раёна Пятра Мысава і Еўдакіма Лянькова.
26-гадовы Еўдакім загінуў у баі за хутар Радагошч у Навагрудскім раёне Беластоцкай вобласці ў апошні дзень аперацыі «Багратыён» — 29 жніўня 1944 года. Сёння хутара няма, а месца пахавання байца невядомае. Гвардыі лейтэнанта Пятра Мысава не стала 4 кастрычніка 1947 года. Пасля заканчэння вайны ў заходніх абласцях Украіны нацыяналістычныя бандфарміра ванні больш за 10 гадоў вялі баявыя дзеянні супраць Савецкай улады, праваахоўнікаў і чырвонаармейцаў. Мысаў стаў ахвярай «АУНаўцаў» — членаў арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Месца яго першапачатковага пахавання знаходзілася ў горадзе Золачаў Львоўскай вобласці, але ці захавалася яно да сёння, невядома. Алег Дзячэнка па адукацыі — гісторык, і яму гэтая тэма аказалася вельмі блізкая. Па просьбе родных Пятра Мысава ён накіраваў зварот ва Украіну, каб высветліць, што там з пахаваннем камандзіра Чырвонай Арміі, але прайшло ўжо некалькі месяцаў, а адказу ўсё няма.
Страчаныя імёны
На сайце «Памяць народа» ёсць грунтоўная інфармацыя пра 110-ю стралковую дывізію. Гісторык звярнуў увагу, што ў яе ўваходзілі жыхары Чавускага, Магілёўскага, Клімавіцкага, Бялыніцкага і іншых раёнаў Магілёўшчыны. І шмат хто з іх загінуў на тэрыторыі Беластоцкай вобласці.
— Гэтыя людзі аддалі свае жыцці за нашу незалежнасць, а мы пра іх практычна не згадваем, — абураецца Алег Дзячэнка. — І нават не кажам пра іх на Дзень Незалежнасці. Забыліся, што ў 1944 годзе Беларусь была іншая.
Савецкі ваенны мемарыял у польскім горадзе Астраленка — адзін з найбуйнейшых. Па афіцыйных даных, там пахавана 10 625 байцоў Чырвонай Арміі, з іх вядомыя імёны крыху больш чым 2,2 тысячы.
— Большая частка цел байцоў 110-й стралковай дывізіі была перапахавана менавіта на гэтым мемарыяле, — кажа Алег Дзячэнка. — Узбуйненне могілак адбывалася пасля вайны паўсюдна, бо было шмат адзіночных пахаванняў. Але кагосьці пераносілі, а хтосьці так і застаўся ляжаць на тым месцы, дзе загінуў. А ў выпадку з Беластоцкай вобласцю яны яшчэ і адышлі іншай дзяржаве. Калі праект «Памяць народа» стаў прабіваць гэтую інфармацыю, высветлілася, што захаваліся журналы баявых дзеянняў і кнігі першапачатковых пахаванняў. Я ўзяў за прыклад адзін хутар, які ў 1944-м быў на паграніччы Беларусі і Польшчы, — Радагошч. Там загінула 28 чырвонаармейцаў, з якіх больш чым палова — ураджэнцы Магілёўшчыны. Калі параўнаў звесткі з інфармацыяй польскай кнігі перапахаванняў, даведаўся, што з 28 перапахавана ўсяго 10. І гэта толькі адзін прыклад. Невядомыя салдаты пры перапахаванні не ўлічваліся. А з імёнамі былі ў асноўным толькі тыя, каго пераносілі са шпітальных могілак, там быў строгі ўлік. Тыя ж байцы, якія гінулі каля вёсак і хутароў, практычна абязлічаны. Смяротных медальёнаў на той час ужо не было. Іх замянілі чырвонаармейскімі кніжкамі. Бой прайшоў, кніжкі забралі, салдат пахавалі, схемы склалі і ўсе справы. Адзін спіс павінен быў ісці ў штаб, другі — застацца ў мясцовых улад. Але хто тады за гэтым сачыў? Да таго ж, калі пачаліся перапахаванні, прайшло некалькі гадоў і некаторыя магілы зніклі. Бо забітых хавалі ў асноўным без трун. Не дзіўна, што іх астанкі так і не знайшлі.
Спіс пахаваных каля хутара Радагошчына.
Яны абаранілі нас, цяпер трэба абараніць іх
На фоне тых антысавецкіх настрояў, якія пануюць на тэрыторыі Польшчы, краін Балтыі, Украіны, захаванне памяці савецкіх салдат становіцца ўсё больш актуальнай справай. Як гэта зрабіць? Сенатар лічыць, што меры трэба прымаць на самым высокім дзяржаўным узроўні. Актывізаваць адмысловую работу па лініі Міністэрства замежных спраў, а яшчэ лепш прыняць адпаведную праграму. Праблема відавочная, яе трэба неадкладна вырашаць.
Перапахавана з Радагошча дзесяць чалавек.
— На тэрыторыі Беларусі пошукавікі працуюць, а да тых байцоў, якія ляжаць у зямлі ў Польшчы, нікому няма справы, — непакоіцца сенатар. — Сёння, калі абвастрылася палітычная сітуацыя і савецкія воінскія пахаванні падвяргаюцца нападам з боку вандалаў або ціха ліквідуюцца пад соусам так званага савецкага акупацыйнага рэжыму, нельга маўчаць. Трэба заступіцца за беларусаў, якія загінулі за вызваленне сваёй краіны, і не іх віна, што яны апынуліся на тэрыторыі Польшчы. Гэта вельмі трагічная для беларусаў старонка. Дастаткова ўспомніць жорсткую разню ў студзені-лютым 1946 года, калі польскія нацыяналісты здзяйснялі акты знішчэння карэннага беларускага насельніцтва на гэтай тэрыторыі і выразалі беларусаў сем’ямі. Беларусь — адзіная краіна, якая ў выніку вайны панесла не толькі вялікія фізічныя, але і тэрытарыяльныя страты. І гэта таксама вельмі важная тэма. У Год народнага адзінства было б добра зацвердзіць яшчэ і звязаную з такім пасылам дату. За аснову можна ўзяць 17 верасня, дзень, калі ў 1939 годзе пачалося аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Гэта дата якраз упісваецца ў тэму захавання памяці нашых салдат. Яна магла б стаць падставай для аднаўлення іх памяці. І гэта абавязкова трэба зрабіць. Яны чакаюць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Алега Дзячэнкі. Спіс імёнаў з партала «Памяць народа»