Пегас не ўсіх узносіць на Парнас

Леўчанка, М. Пегас не ўсіх узносіць на Парнас : [магілёўскі пісьменнік В. Арцем’еў] / Мікола Леўчанка // Зямля і людзі. — 2021. — 4 жніўня. — С. 11. 

Магілёўскі пісьменнік Віктар Арцем’еў, бадай, самы старэйшы творца ў беларускай літаратуры, яе патрыярх. У сакавіку сёлетняга года яму споўнілася 94 гады, але шаноўны калега не сядзіць склаўшы рукі, а працягвае і надалей пісаць, даносіць да чытачоў свае адметныя жыццёвыя назіранні з адпаведнымі высновамі.
На ягоным рахунку ўжо багаты набытак у краязнаўстве, публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы, даследванні паэтычнай спадчыны нашага славутага земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы Аляксея Пысіна.

На гэты раз шаноўны Віктар Іванавіч выступіў у зусім ііншым жанры, што асабіста для мяне стала поўнай нечаканасцю. Я ж не ведаў, што ягоным хобі даўно з’яўляюцца вершаваныя прысвячэнні пісьменнікам, творы гумару і сатыры, эсэ, нават рыфмаваныя апавяданні. Некаторыя з іх яўна аўтабіяграфічныя. І большасць такіх твораў аўтар нідзе не друкаваў, бо, па ўласнаму прызнанню, не лічыць сябе паэтам. Таму толькі асабныя ўбачылі свет у мясцовых газетах ды ў рэспубліканскай “Звяздзе” яшчэ ў 1994 годзе. І вось зусім нядаўна атрымаў ад Арцем’ева новую кніжку з інтрыгуючаю назваю “Прыступкі на Парнас”.
На ўяўных прыступках Парнаса ажно да самай яго вяршыні, дзе знаходзяцца імёны самых выбітных айчынных літаратараў, ёсць вершы, прысвечаныя Івану Шамякіну, Нілу Гілевічу, Аляксею Пысіну, Янку Брылю, Раісе Баравіковай, Анатолю Сербантовічу (балада), Рыгору Барадуліну, Змітраку Марозаву, іншым вядомым майстрам роднага беларускага слова.
Упамянёную нізку вершаў “Жыццё правёў як першы спеў”, напісаную толькі радкамі-афарызмамі Аляксея Пысіна, Віктар Іванавіч прысвяціў, як мне падалося, самаму таленавітаму вучню Аляксея Васільевіча — Змітраку Марозаву. Таму лічу неабходным прапанаваць вам, шаноўныя чытачы, складзены такім чынам верш “Твае далоні”.

На схіле дня яшчэ даволі,
Вільготны цень кладзе дубоў сям’я.
О, як патрэбны мне
твае далоні,
Любоў мая.
Замкнуліся глыбокія пласты
Над пройдзеным. І ведаю адно —
Што шчодры свет
Ёсць музыка і ты,
І ёсць тваё зялёнае акно.
Шчыльней лісты кладуцца
на зямлю.
Дарогу сцелюць будучай
вясне.
Сказаў бы дзятлу, як цябе
люблю,
Сказаў бы дзятлу,
як нялёгка мне.

Нізка “Малая Радзіма” складаецца з арцем’еўскіх аўтабіяграфічных твораў, прысвечаных светлай памяці бацькі Івана, маці Маўры, бабулі Хадоры, а таксама дзядзьку Граку, ягоным унукам і праўнукам, стогадовай сястры Надзеі, сваім сябрам юнацтва, іншым вядомым землякам, якіх добра ведаў, меў цесныя творчыя стасункі: спявачцы Вользе Гарон, паэтам Анатолю Сербантовічу, Сцяпану Гаўрусёву, Яўгену Крупеньку, масцітаму вучонаму-мовазнаўцу Фёдару Янкоўскаму, пісьменніку Віктару Карамазаву.
У грамадзянскіх вершах-прысвячэннях хвалююць “Запаветы Георгія Каніскага” і “Рыначны рай”, “Край мой родны, край мой любы”, “Маё маленне”, “Не і Не!!! Трэцяй вайне”, “Людзі і зямля”, а ў роздуме пра жыццё – “Формула шчасця”, “Старасць”, “Мне б маладосць сваю вярнуць”, “Начны ўспамін”, некаторыя іншыя шчырыя рыфмаваныя выказванні.
Пільнымі жыццёвымі назіраннямі творцы прасякнуты раздел “Гумар і сатыра”, дзе асабліва годнае месца займае вершаваная гумарэска “Зямны рай”, напісаная з нагоды светлай памяці пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, вясёлыя і трапныя, узятыя з рэальнага жыцця актуальныя прыпеўкі. Як, напрыклад, вось гэтыя:

“Вельмі танна ў рэкламе —
Дарагое ўсё ў краме,
А заробак ледзь трымціць,
Бо рэкламы не глядзіць”.
Альбо:
“Ах, закон ты закон,
Без дзвярэй і вакон.
Як украдзе хто трыльён —
Не бярэ яго закон”.

Дбайны араты і сейбіт на літаратурнай ніве Віктар Арцем’еў уключыў таксама ў сваю кнігу “Пераклады з рускай мовы” і “Пераклады з беларускай мовы”. Рукамоўныя пераклады пачынаюцца з твораў нашых землякоў Міхаіла Уласенкі і Івана Пехцерава, а беларускамоўныя ўвабралі ў сябе некаторы вершы Аляксея Пысіна, Змітрака Марозава, уключаючы ягоны знакавы верш «Памяці Аляксея Пысіна».
Пасля прачытання кнігі можна сцвярджаць: новае змястоўнае выданне вядомага магілёўскага творцы Віктара Арцем’ева, у якім ён упершыню выступае як паэт, выклікае цікавасць ужо з першых старонак. І тым, што выказвае і паказвае свае асабістыя адносіны да канкрэтных людзей, называе іх прозвішчы, што ў наш супярэчлівы час даволі рэдкая з’ява. А пераканацца ў гэтым можаце самі, калі завітаеце ў абласную бібліятэку, дзе ёсць патрэбныя асобнікі.

Мікола Леўчанка,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі