«КЛАСная гульня»

Зігуля, Н. «КЛАСная гульня» : [дабрачынная акцыя па зборы развіццёвых настольных гульняў для пацыентаў МАДБ] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 17 верасня. — С. 18. — Мясцовае самакіраванне. 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Наталля ТАРАСЕНКА і Людміла ЗДОРЫКАВА аб’явілі да Дня народнага адзінства дабрачынную акцыю.

Яны прапанавалі ўсім неабыякавым далучыцца да акцыі «КЛАСная гульня» па зборы развіццёвых настольных гульняў для пацыентаў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

— Вясной мы ўжо збіралі для гэтай бальніцы кнігі, каб у аддзяленнях былі невялічкія міні-бібліятэкі, і гэта крыху адцягвала ўвагу дзяцей ад тэлефонаў, — патлумачыла Наталля Эдуардаўна. — Сабралі каля трох тысяч кніг і часопісаў для розных узростаў. Прыемна было пачуць ад медработнікаў, што гэтыя кнігі запатрабаваныя. Таму да Дня народнага адзінства вырашылі працягнуць добрую справу. Мы звярнуліся да ўстаноў адукацыі Магілёва і Магілёўскага раёна, дзе знаходзяцца нашы акругі, з просьбай дапамагчы са зборам развіццёвых настольных гульняў.

Гэта могуць быць як новыя, так і былыя ў выкарыстанні рэчы. Чаму назвалі «КЛАСная гульня»? Таму што, нават калі адзін клас перадасць усяго адну гульню для хворых дзяцей, гэтага будзе дастаткова. Лічы, тэст на спагаду і міласэрнасць удзельнікі прайшлі. Падзеі 2020 года прымусілі насзвярнуцца да пытання аб адзінстве народа і задумацца пра тое, як лёгка можна страціць усё, што папярэднія пакаленні захавалі і перадалі нам у спадчыну. У падмурку нашага адзінства — такія жыццесцвярджальныя паняцці, як радзіма, мова, сям’я, традыцыі, культура, гісторыя. І гэтыя «цаглінкі» замацоўваюць у кожным чалавекутакія высокадухоўныя якасці, як міралюбнасць, чалавечнасць, добрасардэчнасць, ветлівасць, гасціннасць. Яны не з’яўляюцца на пустым месцы, іх трэба выхоўваць у сабе з дзяцінства. Радуе, што шмат хто падтрымаў нашу акцыю. У пятніцу, 17 верасня, мы разам з актывам Магілёўскай піянерскай арганізацыі перададзім гэтыя гульні галоўнаму ўрачу бальніцы, сенатару Ігару КАСКО.

Да ведама: акрамя шматпрофільнага дзіцячага стацыянара бальніцы, дзе працуюць 14 спецыялізаваных аддзяленняў на 610 ложкаў, існуе таксама філіял — «Магілёўскі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю». Штогод лячэнне ў сценах абласной дзіцячай бальніцы праходзіць больш за 20 тысяч дзяцей і падлеткаў з розных куткоў Магілёўшчыны.

Нэлі ЗІГУЛЯ.