Рэжысура стала падарункам лёсу

Малярэнка, П. Рэжысура стала падарункам лёсу : [рэжысер Магілеўскага абласнога тэатра лялек Цімур Карэпін] / Паліна Малярэнка // Літаратура і мастацтва. — 2021. — 17 верасня. — С. 13. 

Цімур Карэпін па прафесіі акцёр, але апошнім часам таксама працуе рэжысёрам у Магілёўскім абласным тэатры лялек. Наш герой ішоў да гэтага ўсё сваё жыццё: школьны тэатр у Волагдзе, год у Яраслаўскім тэатральным інстытуце, пяць у пецярбургскім інстытуце сцэнічных мастацтваў. Цімур падзяліўся асаблівасцямі працы, ідэяй стварэння фестывальнага тыдня тэатральных сустрэч і расказаў, як гэта — быць часткай заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.


Спектакль «Самы маленькі самалёт на свеце».

Спектакль «Самы маленькі самалёт на свеце».

Зусім нядаўна ў Магілёўскім тэатры лялек пачаўся юбілейны 45-ы сезон, які абяцае быць вельмі насычаным. Ужо працуюць абноўленая дзіцячая студыя і студыя выяўленчага мастацтва. Стартаваў новы праект тэатральных сустрэч «Лялькін куфЭр». Першымі запрошанымі гасцямі сталі лялечныя тэатры Беларусі і Расіі. Да 12 верасня гледачы маглі наведаць сем спектакляў з рэпертуару беларускіх устаноў культуры.

Праграма мерапрыемства досыць разнастайная, уключае ў сябе разнажанравую падборку найлепшых пастановак: як для самых маленькіх, так і для дарослых.

Аўтарам ідэі стаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь. Каманда атрымала гэтае званне ў маі. За некалькі тыдняў да падзеі наш герой стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам і акцёрам Магілёўскага тэатра лялек. Але цікава даведацца, як пачынаўся творчы шлях Цімура Карэпіна…

Цімур Карэпін. Фота аўтара

Цімур Карэпін. Фота аўтара

«Я бачыў сваё жыццё ў творчасці. Любіў драмгурткі, фота, вакал. Пераспрабаваў шмат заняткаў: ад тэніса да вышывання крыжыкам. У маёй школе было многа магчымасцей», — распавядае Цімур. Ён вучыўся ў матэматычным ліцэі, дзе ў актавай зале ставіліся школьныя спектаклі. Удзельнікамі станавіліся вучні, часцей за ўсё старшакласнікі. Адна з выкладчыц, Алёна Яўгенаўна Наўгародава, прапанавала ладзіць пастаноўкі і займалася з навучэнцамі. Аднойчы пасля спектакля, на які прыйшоў гледачом, Цімур вырашыў застацца ў зале і паглядзець, як хлопцы і выкладчыца абмяркоўваюць памылкі. Калі яго ўсё ж такі заўважылі, папрасіўся ўдзельнічаць.

«Я часта прыходзіў на конкурсы чытальнікаў у Дом дзіцячай творчасці. Аказалася, што адзін з хлопцаў, які сядзеў у журы ў апошні год майго ўдзелу, быў мой равеснік. Мы не былі знаёмыя, але аднойчы сустрэліся ў грамадскім транспарце. Ён адразу ўспомніў мяне і параіў паступаць на тэатральнае. Потым мы вучыліся разам.

Са школьным сябрам я адправіўся ў самы блізкі да Волагды тэатральны інстытут, які знаходзіўся ў Яраслаўлі. На жаль, мы не даведаліся загадзя пра ўмовы паступлення, таму апынуліся на месцы занадта позна, набор ужо прайшоў. Але дамовіліся з прыёмнай камісіяй, бо так добра рыхтаваліся, што нават склалі песню… Паказалі сябе найлепшым чынам. Узялі абодвух, але размеркавалі на розныя спецыяльнасці: мой сябар пайшоў на драму, а я — на лялечны кірунак. І гэта была шчаслівая выпадковасць.

Я адвучыўся год і вырашыў развівацца ў гэтым кірунку далей. Разумеў, што ёсць і Масква, і Санкт-Пецярбург», — дзеліцца наш герой. Цімур адлічыўся з яраслаўскага ВНУ і апынуўся на праслухоўванні ў Ра-сійскім дзяржаўным інстытуце сцэнічных мастацтваў у Пецярбургу. Гэта быў апошні дзень праслухоўвання, і ён прайшоў яго паспяхова. Хлопца адразу спыталі: «Ці ёсць дзе застацца ў Піцеры?» «Я, вядома ж, сказаў, што ў горадзе ёсць сястра і з гэтым не будзе праблем, а сам у тыя дні начаваў на паддашку, — смяецца Цімур. — Нават не было ў чым паступаць. Хацеў выглядаць добра і ўладкаваўся афіцыянтам, каб з’явілася прыдатная белая кашуля. Вось такая рамантычная гісторыя».

Там будучы акцёр вучыўся два гады пад кіраўніцтвам Яны Маркаўны Тумінай, але вучобу давялося адкласці на кароткі час: Цімуру прыйшла павестка з ваенкамата. Год правёў у ВМФ. «Калі вярнуўся з арміі, мой курс ужо выпускаўся. Затое я працаваў тады ў Вялікім тэатры лялек, і выпала іграць у дыпломнай пастаноўцы сваіх аднакурснікаў. Пасля было шмат тулянняў», — Цімур падарожнічаў… Не толькі па Расіі, але і па краінах Азіі. А таксама працаваў у Маскве ў кіно, здымаючыся ў эпізадычных сцэнах.

Праз некалькі гадоў ён вырашыў вярнуцца ў інстытут. На другім курсе якраз з’явілася адно вольнае месца, якое можна было заняць, толькі дамовіўшыся з выкладчыкам. Аказалася, што ён трапіў да Яны Маркаўны, у якой вучыўся 5 гадоў, таму адразу ж аднавіўся.

Спектакль «Кандзід, альбо Аптымізм».

Спектакль «Кандзід, альбо Аптымізм».

«У мяне склалася меркаванне, што акцёрская прафесія — гэта стрыжань, на які можна нанізваць кольцы са сваіх уменняў, разважанняў, і ніхто табе не перашкаджае скінуць або дадаць пару кольцаў.

Думаю, менавіта таму я вырашыў паспрабаваць сябе ў рэжысуры.

Сама прафесія з’явілася не так даўно. Першапачаткова акцёры самастойна займаліся пастаноўкай. Потым з’явіліся людзі, якія дапамагалі акцёрам і падказвалі, як спектакль глядзіцца з залы. Цяпер жа рэжысёр — галоўны спецыяліст у тэатры. Добрая рэжысура дазваляе паставіць спектакль такім чынам, што ні адна важная дэталь не застанецца незаўважанай гледачамі.

Дык вось, усё склалася зноў-такі па шчаслівым збегу абставін. Я прыехаў у Магілёў у кастрычніку мінулага года і праз пару дзён пачаў працаваць акцёрам у драматычным тэатры. Чаму не лялечны? Хацеў знайсці працу адразу, але ў лялечным тэатры спачатку нешта не зраслося», — дзеліцца Цімур.

Праз паўгода вырашыў вярнуцца, і цяпер працуе рэжысёрам тут, але разам з тым працягвае іграць у драматычным.

«Адной з важных рэчаў для мяне ў працы з’яўляецца ўзаемадзеянне з акцёрамі. Я дазваляю ім стаць суаўтарамі. Гэта і ёсць акцёрская праца — пранесці праз сябе ролю, вызначыўшы, як і што лепш зрабіць. Даўно ўжо трэба адысці ад той сістэмы, калі рэжысёр вырашае, адкуль выходзіць і як павярнуць галаву. Хтосьці супраціўляецца: “Вы ж не прасілі, не дазвалялі нам гэта рабіць”. Тым самым яны заганяюць сябе ў рамкі, але я спрабую гэтага пазбавіцца».

Рэжысёрскай фішкай Цімура Карэпіна стала лаканічнасць: «Хацелася б, каб на сцэне не было нагрувашчванняў. Не заўсёды ў пастаноўцы неабходна шмат бутафорыі, каб перадаць атмасферу. Напрыклад, ці патрэбны ў спектаклі “Кандзід, альбо Аптымізм” пыласос?»

З калектывам Цімур хутка знайшоў агульную мову. У першую сустрэчу з акцёрамі рэжысёр прапанаваў ім разабраць адно апавяданне эцюдным метадам. Гэта падобна на працэс навучання ў некаторых тэатральных інстытутах. Выглядала ўсё прыкладна так: «Мы выбіраем матэрыял, і кожны акцёр прыносіць свой эцюд з музыкай, тэкстам, магчыма, нават новай задумай».

Цяпер рэжысёр займаецца пастаноўкай «Маленькага прынца» Экзюперы. Цімур выступае тут і драматургам, і часткова мастаком. Гэта сапраўдны спектакль для сямейнага прагляду: дзіцячая казка дарослай мовай і наадварот. Аўтару хацелася ўнесці больш сур’ёзнага ў рэпертуар тэатра. Цяпер бацькі не проста прывядуць дзяцей на спектакль — яны і самі будуць з цікавасцю глядзець.

У працэсе — аднаўленне спектакля «Кандзід, альбо Аптымізм» па матывах аповесці Вальтэра. У рабоце высмейваюцца заганы грамадства, але адначасова пастуліруецца надзея на змяненне людзей. Гэтай пастаноўкай закрыўся тыдзень тэатральных сустрэч.

Цімур на ўсю моц імкнецца ўдыхнуць у тэатр новае жыццё, зрабіць яго цікавым для кожнага гледача, паказаць, што лялечныя спектаклі — не толькі для дзяцей. Падзяліўшыся сваім вопытам працы, ён хоча параіць усім акцёрам і рэжысёрам не здавацца пасля першай няўдачы, ісці да сваёй мэты нягледзячы ні на што.

Не так даўно ў тэатры распачаўся дадатковы набор акцёраў для ўсіх новых спектакляў, установа шукае харызматычных маладых людзей, якія хацелі б развівацца ў акцёрскім кірунку.

Нам жа застаецца чакаць новых пастановак і, вядома ж, пажадаць маладому рэжысёру і ўсяму заслужанаму калектыву творчых поспехаў.

Паліна МАЛЯРЭНКА

Фота з асабістага архіва Цімура Карэпіна