Сучасныя лабараторыі — для магілёўскіх студэнтаў

Сінькевіч, Г. Сучасныя лабараторыі — для магілеўскіх студэнтаў / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 18 верасня. — С. 10.

У двух магілёўскіх універсітэтах пачалі функцыянаваць новыя сучасныя вучэбныя лабараторыі.

Так, у Беларуска-Расійскім універсітэце новая лабараторыя з’явілася на кафедры “Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання” электратэхнічнага факультэта. Абсталёўвалася яна пры падтрымцы аднаго з найбуйнейшых рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій — кампаніі iTechArt. Стварэнне сучаснай высокатэхналагічнай лабараторыі з’яўляецца часткай праекта па развіцці інфармацыйных тэхналогій у рамках ІТ-кластара, які аб’ядноўвае інтарэсы адукацыі і навукі, ІТ-кампаній, прамысловых прадпрыемстваў у вырашэнні задач эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёна.

— Супрацоўніцтва з “Тэхартгруп” пачалося тры гады назад. У адпаведнасці з заключаным дагаворам, зараз гэта базавая арганізацыя ўніверсітэта, якая актыўна ўдзельнічае ў адукацыйным працэсе. Для студэнтаў прадстаўнікі кампаніі праводзяць дадатковае, звыш вучэбнага плана, навучанне актуальней мове праграмавання Python. Акрамя таго, супрацоўнікі з’яўляюцца членамі дзяржаўных экзаменацыйных камісій, кіруюць дыпломнымі праектамі студэнтаў, рэцэнзуюць выпускныя квапіфікацыйныя работы, чытаюць лекцыі па топавых тэхналогіях. Дзякуючы рэкамендацыям “Тэхартгруп”, павышаецца якасць падрыхтоўкі студэнтаў. Сумесна са спецыялістамі кампаніі (у нядаўнім мінулым выпускнікамі ўніверсітэта) створаны інфармацыйны партал нашай кафедры, віртуальная лабараторыя для дыстанцыйнага вывучэння тэлекамунікацыйных сістэм. Адкрыццё новай вучэбнай мультымедыйнай лабараторыі дазволіць праводзіць навучанне на сучасным інфармацыйна-тэхналагічным узроўні, — паведаміў загадчык кафедры “Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання” электратэхнічнага факультэта БРУ Анатоль Якімаў.

Паводле яго слоў, новая лабараторыя ўяўляе сабой сучасны кабінет, у якім ёсць усё неабходнае для якаснага навучання: магутныя камп’ютары, мультымедыйны планшэт, праектар, сеткавая падтрымка з выхадам у інтэрнэт для ажыццяўлення кантролю бягучых ведаў студэнтаў. У планах універсітэта — арганізоўваць тут не толькі заняткі, але і IT-марафоны. Усё гэта дазволіць студэнтам больш падрабязна вывучаць практычны бок сваёй прафесіі. Акрамя таго, будучыя інжынеры-распрацоўшчыкі змогуць выконваць у лабараторыі заказы на праграмныя прадукты ад рэальных прадпрыемстваў.

Новую ІТ-лабараторыю адкрылі і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. Яна з’явілася на факультэце матэматыкі і прыродазнаўства.

— Лабараторыя, аснашчаная самым сучасным абсталяваннем, створана за кошт уласных сродкаў універсітэ-та. У памяшканні дастатковая колькасць камп’ютараў, ёсць дзве інтэрактыўныя панэлі. Займацца тут будуць студэнты спецыяльнасцей “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Эканамічная інфарматыка”. Прычым магчымасці лабараторыі дазваляюць праводзіць як традыцыйныя аўдыторныя, так і дыстанцыйныя заняткі. Плануецца, што навучанне студэнтаў стане яшчэ больш практыка-арыентаваным. У лабараторыі будуць рэгулярна пра-ходзіць трэнінгі ад спецыялістаў ІТ-кам-паній, з якімі ўніверсітэт заключыў да-гаворы аб узаемадзеянні. Акрамя таго, маладыя людзі змогуць паглыблена вывучаць актуальныя напрамкі ІТ-індустрыі, праводзіць уласныя даследа-ванні, распрацоўваць праграмныя рашэнні ў галіне камп’ютарнай бяспекі, камп’ютарных сетак, алгарытмізацыі, — расказаў загадчык кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій МДУ Сяргей Батан.

Адметна, што новая ІТ-лабараторыя з’явілася ў рамках агульнай мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу, якая вядзецца ва ўніверсітэце. Па словах прарэктара па вучэбнай рабоце МДУ члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алега Дзячэнкі, толькі за апошнія некалькі гадоў тут з’явіўся шэраг сучасных камп’ютарных кабінетаў і лабараторый, былі перафармаціраваны падыходы да арганізацыі дыстанцыйнага навучання студэнтаў.

— Мы разумеем неабходнасць актуалізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі. Гэтая работа ва ўніверсітэце вядзецца бесперапынна. Так, у хуткім часе на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства плануецца адкрыццё цэнтра методык дашкольнай адукацыі, які забяспечыць якасную практыка арыентаваную падрыхтоўку будучых спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі ў кантэксце інавацыйных патрабаванняў. Будуць створаны ўмовы для павышэння прафесіяналізму педагагічных работнікаў і кампетэнтнасці бацькоў у ажыццяўленні асобасна арыентаванай развіццёвай адукацыі дашкольнікаў. Адукацыйнае асяроддзе цэнтра будзе прадстаўлена мастацка-эстэтычнай студыяй, вучэбна-метадычнай лабараторыяй, кабінетам тэхналогій дашкольнай адукацыі, а таксама насычана разнастайнымі найноўшымі сродкамі навучання. Гэта дазволіць студэнтам і педагагічным работнікам эфектыўна адаптаваць інавацыйныя методыкі і тэхналогіі дашкольнай адукацыі да работы з дзецьмі. Плануецца правядзенне на базе цэнтра адукацыйных курсаў для педагогаў Магілёўшчыны. Асабліва важна, што мадэрнізацыя адукацыі ва ўніверсітэце будзе працягвацца і далей, — адзначыў Апег Дзячэнка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.