Віншаванне: аўтарскі фармат

Зігуля, Н. Віншаванне: аўтарскі фармат : у Магілёве падвялі вынікі конкурсу пээфак–2022 / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 21 снежня. — С. 8.

Пээфкі — гэта невялічкія аўтарскія навагоднія фотавіншаванні. Традыцыя даўняя, але адрадзілі яе ў Магілёве менавіта фотамастакі. У апошнія гады народны фотаклуб «Вясёлка» напярэдадні зімовых свят праводзіць спаборніцтвы сярод аматараў гэтага майстэрства.


Магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна адна з самых актыўных арганізатараў конкурсу, разам з кіраўніком клуба Анатолем Талкачовым стаяла каля вытокаў яго адраджэння.

— Конкурс напярэдадні 50-годдзя клуба «Вясёлка»атрымаўся самы маштабны, — кажа яна. — У ім прыняла ўдзел каля 30 аўтараў з Беларусі, Чэхіі, Расіі. Самаму малодшаму ўдзельніку ўсяго 4 гады, а самаму ўзроставаму — 81. Барацьба за перамогу была вельмі жорсткая. І яе яшчэ больш ажывіў удзел прафесійных мастакоў — Веры Юрковай і Святланы Строгінай, якія падзяліліся сваімі рэпрадукцыямі. У Магілёве такое адбылося ўпершыню, удзел мастакоў у фотаконкурсе наогул — вялікая рэдкасць. Раней у нас сустракаліся такія работы, але іх было няшмат. Да таго ж звычайна мастакі малююць нешта ад рукі, а мы ўзялі невялічкія рэпрадукцыі.

Свае работы Ірына зрабіла гэтым разам у стылі рэтра — на кардоне, як гэта было модна ў пачатку ХХ стагоддзя. І з надпісам — «50 гадоў клубу «Вясёлка» на адваротным баку.

На конкурсе можна было ўбачыць у тым ліку і архіўныя работы. Напрыклад, Лукі Маразевіча. Ён рабіў яе на 10-годдзе фотаклуба «Вясёлка» ў 1982-м годзе. За аснову ўзяў навагоднюю паштоўку і замяніў твар Дзеда Мароза на свой.

Сярод навічкоў прысутнічаў Валерый Маскалёў, які ўдзельнічаў у конкурсе ўпершыню, хаця шмат што чуў пра яго ад сваіх сяброў фатографаў.

— Мой здымак увайшоў у дзясятку найлепшых, і для першага разу, лічу, гэта класна, — усміхаецца ён.

Наталля Кавалеўская прынесла на конкурс фота свайго бацькі Сяргея Кавалеўскага і адразу ж захапілася ідэяй. Яна сама таксама здымае, прычым прафесійнай камерай на плёнку. Яе прыярытэты — партрэты людзей і жывёл. Яна яшчэ школьніца, марыць паступіць у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. А зараз у яе з’явілася яшчэ адна мэта — падрыхтаваць што-небудзь арыгінальнае да наступнага конкурсу.

Мікалай Хацяінцаў — пастаянны ўдзельнік конкурсу пээфак. Лічыць, што конкурс набірае абароты і ў яго добрая будучыня.

— Вельмі радуе, што ў з’явіліся новыя аўтары, якія прынялі актыўны ўдзел у нашым конкурсе навагодніх паштовак, — кажа ён. — Гэта сведчыць, што конкурс цікавы не толькі прафесійным фатографам. Нездарма, нягледзячы на пандэмію, прыйшло так шмат людзей. Творчасць аб’ядноўвае нават у такі складаны час.

Прыемна паведаміць, што на гэты раз карэспандэнт газеты «Звязда» Нэлі Зігуля са сваёй работай «Пантонны мост праз раку Сож у Слаўгарадзе» падзяліла другое месца з вядомым магілёўскім фотамастаком Генадзем Карчэўскім. А пераможцам конкурсу пээфак-2022 стала новы член народнага клуба «Вясёлка» Ірына Гладкіх з Масквы. Яе выстава якраз прайшла ў фотаклубе ў лістападзе.

— Работы Ірыны Гладкіх мяне ўразілі, — прызналася мастачка Вера Юркова. — Вельмі цікавы аўтар.

Кіраўнік народнага клуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў прызнаўся, што яму вельмі імпануе такая цікавасць да конкурсу.

— Самае галоўнае ў стварэнні пээфкі — творчы падыход. І чым больш у нас будзе ўдзельнікаў, тым больш цікавым і арыгінальным атрымаецца вынік.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота ІРЫНЫ САВОСІНАЙ