Сінькевіч, Г. Памяць нашчадкаў : вынікі абласной патрыятычнай акцыі «У памяці нашчадкаў вёрсты, абпаленыя вайной» падвялі на Магілёўшчыне / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 14 мая. — С. 12.
Вынікі абласной патрыятычнай акцыі “У памяці нашчадкаў вёрсты, абпаленыя вайной” падвялі на Магілёўшчыне.
У сучасных рэаліях асаблівую значнасць набывае грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Узрастае і роля ўстаноў адукацыі ў гэтай справе. Педагагічныя намаганні сёння павінны быць накіраваны на тое, каб выгадаваць чалавека не толькі адукаванага, але і выхаванага. Чалавека, які любіць сваю сям’ю і родных, свой народ і Радзіму, сапраўднага грамадзяніна. Для гэтага неабходна даваць дзецям не толькі веды і ўменні, але і развіваць іх асобасныя якасці, духоўны свет. Бо быць патрыётам — значыць, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, адчуваць сваё дачыненне да мінулага, сучаснасці і будучыні роднай краіны. Менавіта таму ў нашым рэгіёне рэгулярна праводзяцца тзматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне ў вучняў гэтых пачуццяў. I радуе, што яны заўсёды знаходзяць жывы водгук сярод моладзі, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова.
Удзел у названай акцыі прынялі звыш 460 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі рэгіёна. Свае патрыятычныя пачуцці і грамадзянскую пазіцыю юнакі і дзяўчаты дэманстравалі праз творчасць. Больш за 130 эсэ было прадстаўлена на конкурс «Становіцца гісторыяй вайна», 330 дзіцячых работ сталі экспанатамі выставы «Мы памятаем подзвігі герояў». Лепшых канкурсантаў адзначылі дыпломамі.
У лік пераможцаў увайшоў навучэнец Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска Мацвей Коржык. На сваім малюнку хлопчык адлюстраваў апошні бой — момант перад аб’яўленнем Перамогі.
— Натхніўся важнасцю і значнасцю свята 9 Мая. Мой прадзядуля таксама ваяваў, быў разведчыкам. Я ўдзячны ўсім героям-салдатам за сённяшняе мірнае жыццё. Хочацца, каб такі страшны час больш ніколі не паўтарыўся, — расказаў Мацвей.
Пераможным дыпломам была адзначана і творчая работа вучня Ленінска-га вучэбна-педагагічнага комплексу Горацкага раёна Аляксея Яшчанкі. Хлопец разважаў аб няпростым лёсе галоўнага героя аповесці Уладзіміра Багамолава «Іван».
— Напісанне эсэ далося складана, бо тэма вельмі цяжкая. Але мяне ўразіла неверагодная мужнасць, сіла духу і гераізм Івана. Мой аднагодак, ён быў са-праўдным патрыётам, абараняў Радзі-му, уносіў свой уклад у Перамогу, — падзяліўся Аляксей.
— Цяперашняе пакаленне навучэнцаў ведае аб вайне толькі з аповедаў. Таму мы стараемся як мага часцей запрашаць у школу ветэранаў, вязняў канцлагераў. Гэтыя сустрэчы заўсёды праходзяць вельмі эмацыянальна. Часам у ходзе такіх гутарак слёзы блішчаць у вачах як у нашых гасцей, так і ў дзяцей. Думаю, менавіта такія моманты пакідаюць значны след у сэрцах вучняў. Яны пачынаюць усведамляць, што вайна не павінна паўтарыцца, што подзвіг герояў трэба шанаваць, а заваяваны імі мір — берагчы, — упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ленінскага ВПК Алена Туркова.
Падобныя сцвярджэнні неаднаразова гучалі І падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання канкурсантаў. Гаварылася таксама аб важнасці правядзення такіх акцый.
— Падобныя мерапрыемствы — своеасаблівая цаглінка ў падмурку нашай агульнай гістарычнай памяці, — падкрэсліў, звяртаючыся да прысутных, намеснік пракурора Магілёўскай вобласці старшы саветнік юстыцыі Андрэй Волкаў.
Дарэчы, агульным падарункам для пераможцаў і навучэнцаў стаў прагляд тэатралізаванага канцэрта «Салдатамі былі ўсе» ад калектыву абласнога Цэнтра творчасці. Тэатралізацыя ваенна-гістарычных эпізодаў вызвалення Магілёва і вобласці ў спалучэнні з сучасным песенным матэрыялам, вершамі, харэаграфічнымі кампазіцыямі дазволіла юным гледачам адчуць маштаб гераічнага подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.