Ад Іаана Залатавуста да Савы Мажукі

Зігуля, Н. Ад Іаана Залатавуста да Савы Мажукі : што шукаюць магіляўчане ў царкоўнай бібліятэцы Спаса-Праабражэнскага храма? / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2022. — 13 снежня. — С. 12. 

Бібліятэкі пры храмах часта называюць яшчэ і духоўнымі аптэкамі. Шукаеце сродак ад нянавісці, здрады, нуды, адзіноты, залежнасці ад шкодных звычак? Няма праблем. У царкоўнай бібліятэцы знойдуць сродак ад любой душэўнай пошасці. Што гэта за выданні і хто імі цікавіцца, расказвае бібліятэкар Галіна Люшына.


Людзі прыходзяць у царкоўную бібліятэку па-рознаму. Хтосьці па аб’яве, якая вісіць у прытворы храма, але часцей спрацоўвае сарафаннае радыё. Сёння тут больш за 200 чытачоў. Гэта мала ці шмат? Гледзячы па чым меркаваць. Некалькі гадоў таму тутэйшую бібліятэку можна было лічыць такой чыста ўмоўна. Так, некалькі кніжных паліц у маленькім падвальным памяшканні храма. Сёння бібліятэчны фонд пашырыўся да больш чым 2,5 тысячы кніг. А сама бібліятэка пераехала ў прасторнае светлае памяшканне ў будынку па суседстве з храмам. Галіна Люшына па адукацыі філолаг. Выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. На пенсіі авалодала новай для сябе спецыяльнасцю — бібліятэкара. І вось ужо некалькі гадоў прафесійна вядзе ўлік чытачоў, запаўняе фармуляры, выдае кнігі. Узгадвае, што яе ідэю з бібліятэкай падтрымаў былы настаяцель храма айцец Іаан. На жаль, святар ужо пайшоў з жыцця, але ўсё пачалося з яго благаславення. Ён добра разумеў, што людзям гэта сапраўды патрэбна.

— Я сама вырасла ў сям’і, дзе ў Бога верылі, але ў храм хадзіла толькі маці — па вялікіх святах, — кажа Галіна Макараўна. — Але, як расказвалі бацькі, адзін мой дзядуля быў дзякам, а другі спяваў на клірасе. Апошняга, дарэчы, у 1930-я гады рэпрэсавалі і расстралялі як «ворага народа». А яшчэ ў нас дома захоўваўся бабулін абраз Багародзіцы, не ведаю, праўда, як называўся. Маці яго потым брату аддала. Сама я ў храм прыйшла недзе на пачатку 1990-х. Памятаю, зайшла і адразу ж сканфузілася. Не ведала, што рабіць, куды стаць, як сябе паводзіць. Здавалася, што ўсе на мяне глядзяць з непаразуменнем. Вельмі камплексавала, хацелася, каб нехта мне падказаў, што рабіць. Вось і да чытачоў падыходжу з гэтай пазіцыі — параіць, растлумачыць.

Чытачы ўсе розныя і па сацыяльным становішчы, і па ўзросце. Не выключэнне і дзеці. Найбольш запатрабаваная ў іх проза вядомага беларускага праваслаўнага пісьменніка Барыса Ганага. Ёсць кнігі пра Ісуса Хрыста, Багародзіцу, анёлаў. У шафе стаіць некалькі дзіцячых Біблій, ёсць і на беларускай мове.

У дапамогу дарослым неафітам, якія толькі што далучыліся да веры, невялікія брашуркі, дзе ўсё распісана — навошта прычашчацца, пасціцца, змагацца з пошасцямі. Камусьці цікава даведацца пра гаючыя ўласцівасці святой вады, чым яна адрозніваецца ад звычайнай. А камусьці не хапае інфармацыі пра шлюб, вадохрышча, памінанне блізкіх. Па назіраннях бібліятэкара, гэтыя кнігі бяруць вельмі часта. А яшчэ малітвасловы, Псалтыр, Евангеллі, Закон Божы.

Не затрымліваюцца на паліцах пропаведзі даволі папулярнага сёння свяшчэнніка Андрэя Ткачова, па некалькі разоў перачытваюцца цёплыя апавяданні архімандрыта Ціхана Шаўкунова «Несвятыя святыя» аб насельніках Пскова-Пячэрскай Лаўры, мудрыя павучанні вядомага старца ХХ стагоддзя архімандрыта Іаана Красцьянкіна. Яго «Вопыт пабудовы споведзі» лічыцца ў праваслаўных колах настольным дапаможнікам, у тым ліку і для пачаткоўцаў.

Нядаўна прыходзіла ў бібліятэку маладая дзяўчына, прасіла даць ёй пачытаць што-небудзь сур’ёзнае. Звычайна з такімі просьбамі звяртаюцца старэйшыя людзі і часцей за ўсё ў пост, калі трэба асабліва папрацаваць над сабой, духоўна ачысціцца. Хаця ўсе людзі розныя. Шмат чытачоў сярэдняга ўзросту, ёсць нават «залатога». Адной жанчыне ўжо дзявяты дзясятак пайшоў, дарэчы, адна з актыўных чытачак. З апошняга ўзяла пачытаць тварэнні Ігнація Бранчанінава.

Павучальнага і асветніцкага ў бібліятэцы ўвогуле шмат чаго. Кнігі свяціцеля Феафана Затворніка (гэта ён сабраў, пераклаў на рускую мову і аб’яднаў многія помнікі святаайчыннай літаратуры пад назвай «Добраталюбства»), вядомых багасловаў чацвёртага стагоддзя Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, публіцыста-прапаведніка Іаана Кранштацкага, Паісія Святагорца. Да паслуг спрактыкаваных чытачоў поўны збор твораў цяперашняга Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, працы вучонага Мікалая Пестава, вядомага рускага рэлігійнага філосафа Аляксея Хамякова, лекцыі прафесара Маскоўскай духоўнай акадэміі Аляксея Осіпава.

Кнігі вядомага беларускага праваслаўнага публіцыста, пісьменніка і тэлевядучага Савы Мажукі ў рэкламе не маюць патрэбы. Яны папулярныя нават у далёкіх ад рэлігіі чытачоў. Там і лёгкасць падачы, і глыбіня думкі, і мараль.

— У нас шмат кніг гэтага аўтара, нядаўна купіла для бібліятэкі яшчэ адну — «Каханне і пустата»,— кажа Галіна Макараўна. — Тут ён, як заўсёды, вельмі цікава разважае на маральна-багаслоўскія тэмы.

Людзям заўсёды не хапае гісторый з жыцця, яскравых прыкладаў. На такія тэмы часта пішуць і самі клірыкі, і свецкія пісьменнікі. Памятаю свае ўражанні ад фэнтазі Юліі Вазнясенскай «Мае пасмяротныя прыгоды», якую гадоў 20 таму прачытала на адным дыханні. Нават здзівілася, што на рэлігійныя тэмы можна пісаць так проста і цікава. Потым адкрыла для сябе Наталлю Сухініну, якая прыйшла да веры пасля свайго паломніцтва ў Іерусалім. Карэспандэнтка вядомай савецкай газеты збіралася напісаць сенсацыю пра Бога, а атрымалася, што напісала… пра сябе. Яе дзіўнае падарожжа пад назвай «Дарога, якая стала лёсам» ёсць і ў тутэйшай бібліятэцы. Бачу на паліцы яшчэ адну кнігу, якая пакінула след у душы, — Генрык Сянкевіч «Quo vadis». Тут і гісторыя, і любоў, і вера, як кажуць, у адным флаконе. Самае тое, каб пагрузіцца ў веру.

Галіна Люшына дастае з палічкі кнігу ў ярка-чырвонай вокладцы. Гэта «Вялікдзень Чырвоны», трагічная аповесць Ніны Паўлавай аб навамучаніках Опцінскіх. У свой час яна зрабіла на маю суразмоўцу незабыўнае ўражанне.

— Я зразумела, наколькі чыстай і моцнай можа быць вера, — расказвае яна. — У 1993 годзе, калі я яшчэ проста з цікаўнасці хадзіла ў храм, мае аднагодкі ўжо аддалі жыццё за Хрыста. Кніга настолькі кранула мяне, што я адправілася ў той манастыр. Месца незвычайнае па сваёй энергетыцы.

Дарэчы, з гэтай кнігай у бібліятэцы адбылася загадкавая гісторыя. Аднойчы яна знікла. Пошукі ні да чаго не прывялі. Усе фармуляры былі некалькі разоў перагледжаны, знаёмыя апытаныя, але кніга як у ваду канула. А чытачы, як спецыяльна, прасілі даць пачытаць менавіта яе. У выніку сабралі грошы і купілі новую кніжку. Праз некаторы час і згуба знайшлася. Чытач прынёс яе і папрасіў прабачэння за затрымку, сказаў, што не мог вярнуць раней. Але нездарма кажуць, што не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Цяпер у бібліятэцы тры кнігі замест адной. Яшчэ адзін экзэмпляр прынесла ў падарунак прыхаджанка. «Напэўна, Бог вырашыў мяне так суцешыць», — усміхаецца суразмоўніца.

Ёсць кнігі, якія становяцца стымулам для жыцця, дапамагаюць змагацца са страшнымі хваробамі. Раман Віктара Ліхачова «Хто пачуе канаплянку» — з гэтай серыі. Галіна Люшына кажа, што шмат каму яна дапамагла перамагчы адчай. У галоўнага героя невылечная хвароба, і ёсць толькі адзін сродак, які можа выратаваць, — Бог. І мужчына прыходзіць да яго, каб перамагчы страшны дыягназ.

Кніжны фонд перыядычна дапамагаюць папаўняць чытачы. Пад сталом — некалькі сумак з кнігамі, якія яшчэ трэба паставіць на ўлік. Напрыклад, маляўнічая серыя кніг аб рускіх і замежных мастаках. Іх прынесла адна з прыхаджанак, прызналася, што купляла для ўнукаў, а ім гэта не спатрэбілася.

— Кнігі сапраўды добрыя, — кажа бібліятэкар. — Там і Андрэй Рублёў ёсць, і Феафан Грэк. Мы ж таксама не ўсё запар прымаем. Толькі тое, што можа быць цікава людзям, а галоўнае — карысна.

Нядаўна Галіна Макараўна папоўніла бібліятэку новымі выданнямі, якія купіла ў Маскве. У Белакаменнай выбар кніг праваслаўнага зместу куды шырэй. З найбольш сур’ёзных твораў, аўтары якіх маюць багаты духоўны вопыт, бібліятэкар выбрала «Дыялог верніка з няверуючым» мітрапаліта Антонія Сурожскага, «Экзамен без права на пераздачу» протаіерэя Алега Сцяняева. Не менш захапляльны раман Веранікі Чорных «Пяты мост». У аснове гісторыя пра чалавека, які пасля аварыі страціў памяць. Ён пачынае жыць з чыстага ліста, прыходзіць да Бога і раптам… успамінае сваё мінулае. А было яно не такім ужо і бязгрэшным. Мужчына ў замяшанні: што рабіць? Вярнуцца да сябе ранейшага ён ужо не жадае. Застаецца з Богам. Пра сапраўднае каханне і пра тое, на якія ахвяры дзеля выратавання чалавека здольныя моцныя духам, — дылогія Эдуарда Качана «Дзікая масліна».

— У нас ёсць некаторыя творы гэтага аўтара, і кніга амаль увесь час на руках — адзін здаў, другі тут жа ўзяў пачытаць, — кажа Галіна Макараўна. — Гісторыі вельмі жыццёвыя. Адна, напрыклад, пра наркагандляра, які аднойчы ледзь не загінуў пры караблекрушэнні. Ратуючыся, ён трапіў на востраў Новая Гвінея. І стаў там, кім бы вы думалі? Прапаведнікам! Кніга, дарэчы, напісана па ўспамінах праваслаўнага місіянера.

Напрыканцы Галіна Люшына раскрывае сакрэт папулярнасці бібліятэкі. Вернікі — людзі, якія чытаюць і часцей аддаюць перавагу папяровым кнігам. Ну, а кніжны фонд фармуецца зыходзячы з чытацкіх запытаў. А яны вельмі розныя. Некалькі гадоў таму бібліятэкар прывезла з Адэсы кнігу з пасланнямі і лістамі прападобнага Феадора Студыта. Чытачы цікавіліся, а прапанаваць не было чаго. Кніга дастаткова рэдкая. Зараз у блакноце ў Галіны Люшынай «вісіць» новы заказ. Нядаўна адна жанчына спытала пропаведзі архімандрыта Хрыстадула Афонскага «Люстэрка жыцця». На жаль, у бібліятэцы пакуль такой кнігі няма. Але бібліятэкар ужо ў актыўным пошуку.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара