Зігуля, Н. Нябесная хроніка стралка-радыста Фёдара Крываногава / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 23 лютага. — С. 1, 4.
ВІДАВОЧЦА ПЕРАМОГІ
ГЭТЫ праект цалкам адпавядае ідэі Году міру і стваральнай працы. За мірнае неба нашы дзяды і прадзеды заплацілі ў Вялікай Айчыннай вайне высокую цану. Сёння важна тыя здабыткі не страціць. На жаль, відавочцаў Перамогі з кожным годам становіцца менш. Гэтыя людзі ў сталым узросце, ім ужо за 90, але іх сэрца па-ранейшаму баліць за краіну. Сумесны з Магілёўскай абласной арганізацыяй ветэранаў праект «Звязды» — унікальная магчымасць яшчэ раз пагутарыць з тымі, хто набліжаў для нас Перамогу.
Нядаўна ў Магілёве ўра-чыста віншавалі з 97-годдзем заслужанага чалавека Фёдара Іванавіча Крываногава, жыццёвы шлях якога адзначаны франтавымі і працоўнымі ўзнагародамі. Пра яго напісана ў кнігах, газетах, зняты дакументальны фільм. Але зусім па-іншаму ўспрымаеш чалавека, калі сядзіш з ім побач і адчуваеш, якая моцная ў яго энергетыка.
Нягледзячы на ўзрост, ветэран выглядае бадзёра. Паказвае на гантэлі, што ляжаць пад сталом.
Кажа, што без гімнастыкі і 20 прысяданняў з ган-тэлямі не ўяўляе свайго жыцця. Гартаем з ім сямейны альбом, разглядаем фота. Якое багатае ў ветэрана жыццё! Ён успамінае розныя гісторыі і прызнаецца, што апошнім часам шмат разважае пра сутнасць чалавечага існавання. І чым больш ён пра гэта думае, тым мацней пераконваецца, што нічога не існуе на свеце важнейшага, чым сумленне і любоў да сваёй краіны.
ДЗЯЦІНСТВА
У сібірскай вёсцы Выдрыха Шэманаіхінскага раёна (да пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ўваходзіла ў склад Алтайскай губерні), дзе ён нарадзіўся, нават радыё не было. Тайга, рэкі — прыгажосць неверагодная. У памяці засталася рака з загадкавай назвай Уба — прыток Іртыша — вялікая, горная, з крутымі перакатамі. Уздоўж яе населеныя пункты з красамоўнымі назвамі: Валчанка, Мараліха.
— Жылі адной сям’ёй, дапамагалі адзін аднаму, шмат дзяцей мелі. Вёска вялікая — працягнулася на сем кіламетраў, шмат вуліц і завулкаў, — расказвае ветэран.
У 1941-м Фёдар Крываногаў закончыў восем класаў. Юнак марыў: праз два гады развітаецца са школай, і пачнецца новае, вялікае на падзеі жыццё. Планы разбурыла вайна.
— Пра бяду вёсцы паведаміў вястун, які прыскакаў з райцэнтра на кані, — успамінае Фёдар Іванавіч. — Уварваўся ў сяло і крычаў: вайна, вайна. Гэтае слова ўсё жыццё паралізавала. Мужчыны сталі збірацца на фронт, жанчыны плакалі. Мой бацька адным з першых пайшоў ваяваць. Да вайны ён працаваў у мясцовай гаспадарцы каняводам. Што значыць застацца без кармільца сям’і, дзе шмат дзяцей, тлумачыць не трэба. Мне на фронт яшчэ было рана, уладкаваўся ў калгас трактарыстам. І араў, і сеяў, і ўраджай збіраў.
НЯБЕСНЫ ЭКІПАЖ
З фота глядзіць прыгожы малады хлопец у шлеме. Стралку-радысту Фёдару Крываногаву тут усяго 18 гадоў. Вочы празрыстыя і глыбокія, як бяздоннае неба, куды падымаўся выпускнік лётнай школы на баявым Іл-4 бамбіць нямецкія пазіцыі.
— У 1943-м сабралі нас, прызыўнікоў 1926 года нараджэння, у ваенкамаце і прапанавалі выбіраць — марфлот або авіяцыя, — працягвае ветэран. — Набралася ў лётчыкі шэсць чалавек. Усіх адправілі ў другую Іванаўскую вышэйшую афіцэрскую школу начных экіпажаў авіяцыі далёкага дзеяння.
На вучобу навабранцаў збірала ўся вёска. Быў кастрычнік, і ў далёкі паход хлопцы адпраўляліся з поўнымі сумкамі прадуктаў і цёплых рэчаў. Паром ужо не хадзіў, дабіраліся спачатку да Шэманаіхі, потым на цягніку ехалі да Ташкента, а адтуль у туркменскі гарадок Мары, куды эвакуі равалі Іванаўскую лётную школу. Умовы былі цяжкія нават для сібірака. Там правучыліся месяцаў пяць, а потым, калі немцы пачалі адступаць, вярталіся самалётамі на ранейшае месца дыслакацыі.
— З раніцы да позняга вечара вывучалі авіяцыйную зброю, радыёсправу, тыпы лятальных машын, — расказвае Фёдар Іванавіч. — Умовы ў Іванаве былі лепшыя, чым у Сярэдняй Азіі. Жылі ў казармах, а не ў зямлянках, як у Мары. Спачатку ляталі над сваёй тэрыторыяй. Зверху глядзелі на Ноўгарад, Маскву, Кінешму. Правабярэжны бок Волгі не так моцна пацярпеў ад ворага. Вайна нарабіла шмат гора, і пералом быў успрыняты як новы жыццесцвярджальны этап. Нашы прарвалі кальцо і пагналі акупантаў.
У Іванаве пачалі фарміраваць экіпажы з навічкоў і са жніўня 1944 года адпраўляць на фронт. 18-гадовы Фёдар Крываногаў лятаў бамбіць варожыя аб’екты на цяжкім бамбардзіроўшчыку далёкага дзеяння Іл-4. Двухматорны, спраектаваны АКБ-240 пад кіраўніцтвам Сяргея Ільюшына, ён быў адным з самых вядомых самалётаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў ва ўсіх найважнейшых аперацыях на савецка-германскім фронце. Самалёт быў абсталяваны магутнымі рухавікамі, якія дазвалялі яму развіваць хуткасць да 430 кіламетраў у гадзіну. Лётчыкі на Іл-4 вялі начное паляванне на нямецкія вайсковыя эшалоны, знішчалі баявую тэхніку, бамбілі нямецкія аэрадромы.
Стралкоў-радыстаў у баявой машыне было двое, плюс лётчык і штурман. Ляталі заўсёды з вялікай колькасцю бомбаў на борце. У кватэры Фёдара Іванавіча на сцяне пад шклом фота яго баявой машыны з указаннем характарыстык і прозвішчаў членаў іх чацвёркі — камандзіра малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Мяжэніна, штурмана малодшага лейтэнанта Паўла Данільчанкі, стралкоў-радыстаў Фёдара Крываногава і Аляксандра Сапожнікава.
— Ацяплення ў кабіне не было, а лятаць прыходзілася на вышыні 6-6,5 тысячы метраў, — расказвае суразмоўнік. — Нямецкія малакалі-берныя «Эрліконы» не маглі нас узяць, хоць разрывы было чуваць, нават драпала асколкамі машыну. Але гэтыя ўдары былі аслабленыя, шкоды вялікай не рабілі. Іншая справа, калі самалёт ішоў на зніжэнне. Зброя ў немцаў была вельмі магутная, але і наша авіяцыя ў гэты момант бурна развівалася. У 1943 го-дзе мы сталі выціскаць з неба немцаў. Ворагі вельмі баяліся нашых асаў, якія знішчалі некалькі дзясяткаў нямецкіх самалётаў.
— А памятаеце свой першы баявы вылет?
— Так. За штурвалам знаходзіўся намеснік камандзіра палка Барыс Азгур, брат знакамітага беларускага скульптара. Ляталі спачатку з вопытнымі лётчыкамі. Потым працавалі сваі м экіпажам. Атрымлівалі бартавое заданне — і наперад.
Задача стралка-радыста была трымаць сувязь з зямлёй. Паміж самалётамі сувязі не існавала. Калі заблукаеш у небе, прывадная станцыя прывядзе дадому. Светламаякі, радыёмаякі — усё прадугледжана для таго, каб самалёт апазнаў сваю тэрыторыю.
— Страшна было?
— Усяляк, — прызнаецца ветэран. — І страшна было, і радасна. Калі ляціш бамбіць буйныя аб’екты, ведаеш, што там моцныя сістэмы супрацьпаветранай абароны. Міжволі бярэ мандраж. Мы ж у асноўным буйныя парты знішчалі. А там і зеніткі, і магутныя пражэктары, і знішчальнікі. Сярод нашых стратэгічных аб’ектаў быў умацаваны польскі порт Свінямюндэ. Наогул самыя страшныя вылеты былі, калі праляталі над Германіяй.
Самалёт двойчы падбівалі. Адзін раз нямецкія зеніткі дасталі яго ў Гданьску, другі — над Берлінам. Але абодва разы экіпажу пашчасціла давесці баявую машыну да свайго аэрадрома. 9 мая 1945 года экіпаж збіраўся ляцець у Лібаву бамбіць варожыя пазіцыі. Ужо сядзелі ў самалёце, калі ў неба ўзляцела чырвоная ракета. Лібава капітулявала! Радасці не было меж. Стралку-радысту Фёдару Крываногаву на той момант споўнілася 19 гадоў. За свае баявыя подзвігі ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалём «За баявыя заслугі», іншымі медалямі.
ВАЙНА ЗА ЎРАДЖАЙ
Не менш насычаным быў пасляваенны шлях ветэрана. У фотаальбоме захаваліся здымкі, зробленыя ў Быхаўскай вайсковай часці, дзе пасля вайны дыслацыраваўся іх 170-ы гвардзейскі авіяполк 57 марской ракетаноснай авіядывізіі. Тут наш герой служыў да дэмабілізацыі. «Калі стаў лейтэнантам, заняў пасаду начальніка штаба эскадрыллі. Маёрская пасада, але ж даверылі», — успамінае ён. У Быхаве лёс яго звёў з будучай жонкай, з якой яны выгадавалі двух сыноў і дачку. Быў перыяд, калі Фёдар Іванавіч прывёз сваю сям’ю на малую радзіму ў Казахстан, куды ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя ўвайшла тая тэрыторыя.
— Паехаў дадому, мяне там чакалі, — успамінае ён. — Выклікалі ў абкам партыі і накіравалі на цаліну. Маўляў, там людзей не хапае. Я разлічваў на іншае, але ніколі нічога не прасіў для сябе. Куды пасылалі, туды і ішоў, не шукаў выгады. Заўсёды лічыў для сябе важным застацца чалавекам.
На цаліне Фёдар Крываногаў працаваў у калгасе імя Леніна намеснікам старшыні. Падчас знаходжання ў Казахстане займаў розныя пасады, быў камсамольскім і партыйным лідарам. Сустракаўся ў той перыяд з Леанідам Брэжневым, Панцеляймонам Панамаровым, Мікітам Хрушчовым. А ў 1968 годзе жонка ўгаварыла яго вярнуцца ў Беларусь. Працаваў старшынёй саўгаса імя Ф. Смалячкова, начальнікам Быхаўскага райсельгасхарча, быў старшынёй Абідавіцкага сельсавета, старшынёй Быхаўскага райсавета ветэранаў. У асобнай папцы ветэрана — стос ганаровых грамат і падзяк. Пра баявыя і працоўныя подзвігі Фёдара Крываногава напісана ў дзвюх кнігах — «Крылатая гвардыя» і «Вялікая Айчынная вайна: сямейныя гісторыі». Апошнюю нядаўна склалі магілёўскія дэпутаты Галіна Бяляева і Максім Гурын.
Ветэран удзячны за ўвагу да яго, за клопат і падтрымку. Яго наказ — ні ў якім разе не дапусціць больш вайны. Ён бывалы чалавек, але не можа стрымаць слёзы, калі ўспамінае свайго бацьку, які ў 1944 годзе загінуў на фронце. У сямейным альбоме ёсць здымак мемарыяла, дзе пазначана прозвішча Івана Давідавіча Крываногава. Так удзячныя жыхары Выдрыхі ўшанавалі памяць сваіх землякоў, якія не вярнуліся з вайны.
Старшыня Магілёўскага абласнога Савета ветэранаў Анатоль ГЛАЗ:
— Перш за ўсё хачу сказаць словы падзякі найстарэйшай рэспубліканскай газеце за прапанову зрабіць сумесны праект, прысвечаны ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Важнасць яго відавочная. Гэтых герояў засталося вельмі мала. І не толькі ўдзельнікаў, але і наогул ветэранаў. На 1 студзеня было 52 удзельнікі вайны, сёння — ужо менш. І тыя з іх, якія ў сілах нешта расказаць, абавязкова сустрэнуцца з чытачом. Яны апошнія з тых людзей, што перажылі Дзень Перамогі, аднаўлялі народную гаспадарку, адраджалі краі ну. Іх словы сёння на вагу золата. Абласны Савет ветэранаў акажа ўсякае садзейнічанне для рэалізацыі праекта.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара і з архіва Фёдара КРЫВАНОГАВА.