Ўсё ў тваіх руках

Асіповіч, А. Усё ў тваіх руках / Алена Асіповіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 10 лютага. — С. 14. 

Жыццёвая дарога… Так важна пражываць яе, а не плесціся «выпадковым спадарожнікам» з адзінай мэтай забяспечыць сваё існаванне. Яскравы прыклад сапраўднага, а не ўяўнага жыцця — лёс настаўніцы геаграфіі сярэдняй школы № 43 Магілёва Святланы Караленка.

Святлана Мікалаеўна — узор неардынарнай асобы, клапатлівай маці і бабулі, прафесіянала, патрыёта. А галоўнае — чалавека шчаслівага, які сам, сваімі рукамі збудаваў гэтае шчасце і шчыра дарыў усім, каго сустракаў на жыццёвым шляху.

А пачала віцца гэтая жыццёвая нітачка ў далёкім пасляваенным 1951 годзе ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна, дзе ў сям’і маладых настаўнікаў з’явілася на свет бялявая дзяўчынка, якую бацькі таму і назвалі Святлана, значыць «светлая». Потым сям’я перабралася ў Дашкаўку, што прытулілася каля лесу на беразе хуткаплыннага Дняпра. Маляўнічасць мясцовых краявідаў, сямейны лад і пяшчота бацькоў заклал! той трывалы падмурак, на якім і сфарміравалася асоба Святланы Мікалаеўны.

Скончыўшы школу, яна цвёрда вырашыла прадоўжыць педагагічную дынастыю. Пайшла па слядах свайго бацькі — франтавіка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, настаўніка геаграфіі.

Паступіла ў тагачасны Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова. У гады студэнцтва захапленне геаграфіяй толькі ўзмацнілася. Што-год усёй групай падарожнічалі па роднай Беларусі і блізкім замежжы. Ездзілі з палаткамі на Байкал, Урал, ва Украіну, Крым, краіны Балтыі. Не абыходзілася, безумоўна, і без лекцый і семінараў, залікаў і экзаменаў, курсавых і дыпломнай работ… I вось ужо Святлана Мікалаеўна — малады педагог.

Прафесійнае станаўленне Святланы Караленка пачалося ў вясковай школе. Потым было замужжа, нараджэнне дзяцей, пераезд у Магілёў… «Усё як ва ўсіх», — скажаце вы. Ды не, зусім не!

Амаль 50 гадоў свайго жыцця Святлана Мікалаеўна аддавала сваё сэрца дзецям. Настаўніца заўсёды імкнулася рабіць заняткі максімальна займальнымі для навучэнцаў. На яе думку, цікавасць вучняў да предмета непасрэдна залежыць ад настаўніка. Таму на ўроках Святлана Караленка ўмела камбінавала сучасныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі навучання. Сама заўзяты падарожнік (наведала 30 краін свету), педагог старалася цікавасць да спазнання свету прывіць і дзецям. Часта сустракалася са школьнікамі ў пазаўрочны час, разам з імі адпраўлялася на экскурсіі і ў вандроўкі.

На такіх занятках Святлана Мікалаеўна паўставала не толькі як таленавіты настаўнік, але і як чалавек з вельмі цікавай біяграфіяй. Вучні здзіўляліся, калі давёдваліся, што іх педагог асабіста знаёма з вядомым паэтам, драматургам, ваенным карэспандэнтам Канстанцінам Сіманавым і была сведкай так званага неафіцыйнага візіту ў Магілёў сына пісьменніка, які, паводле бацькавага запавету, развеяў яго прах на Буйніцкім полі. Да тага ж Святлана Караленка брала ўдзел у навукова-даследчай экспедыцыі па вывучэнні тэрыторыі Браслаўскіх азёр у якасці эколага, пасля чаго быў створены аднайменны нацыянальны парк. Захопленасць навукай прывяла яе ў Беларускае геаграфічнае таварыства, членам якога настаўніца была не адно дзесяцігоддзе.

Працавала Святлана Мікалаеўна самааддана і карпатліва.. I вынікі яе педагагічнай дзейнасці былі адпаведнымі. Яе навучэнцы штогод станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд, інтэлектуальных спаборніцтваў, конкурсаў навукова-даследчых работ. Нямала ўзнагарод і ва ўласнай прафесійнай скарбонцы настаўніцы. Сярод іх шматлікія ганаровыя граматы, званне «Лепшы па прафесіі», нагрудны знак «Выдатнік адукацыі». Але ж самым значным сваім дасягненнем Святлана Караленка заўсёды лічыла поспехі вучняў, асабліва тых, хто звязаў сваё жыццё з геаграфіяй. А такіх — больш за 50. Толькі ў Магілёве 10 былых вучняў Святланы Мікалаеўны шчыруюць на педагагічнай ніве. А па ўсёй Беларусі? Гэта кіраўнікі школ і прадпрыемстваў, вучоныя і палітыкі, прадпрымальнікі. Настаўніцай геаграфіі, прадаўжальніцай сямейнай дынастыі стала і яе дачка Вольга.

Сёння Святлана Мікалаеўна на заслужаным адпачынку. Але не прывыкла яна сядзець склаўшы рукі, дапамагае ў выхаванні ўнукаў. Традыцыйна 22 чэрвеня а 4-й гадзіне раніцы настаўніца разам з унучкай Ліндай прыходзіць на Буйніцкае поле. I зноў расказвае яна пра супрацьтанкавыя рвы, што капала яе маці, і пра тату, які вярнуўся з той самай страшнай вайны інвалідам, і пра асабістае знаёмства з Канстанцінам Сіманавым, для якога на гэтым жа полі назбірала рамонкаў, каб падарыць букет… Уважліва слухае бабулін аповед маленькая Лінда. Працяг дзейнай справы будзе годным, светла-залатая ніць жыцця будзе віцца і далей. Усё ў тваіх руках, мілая Лінда, і памятай:»Добра быцьу даро-зе, якую ты сам сабе выбіраеш».

Алена АСІПОВІЧ,

настаўніца белоруской мовы і літаратуры сярэдняй школы № 43 Магілёва.