Чатыры сустрэчы з Аляксеем Пысіным

Марозаў, З. Чатыры сустрэчы з Аляксеем Пысіным / Змітрок Марозаў // Літаратура і мастацтва. — 2023. — 10 сакавіка. — С. 11.

Ёсць паэты, якія жывуць і будуць жыць, пакуль іх вершы чытае і перачытвае хаця б адзін чытач. Я рады і шчаслівы тым, што знаходжуся ў шэрагу такіх чытачоў, што на самым пачатку творчага шляху лёс мяне звёў менавіта з Аляксеем Васільевічам Пысіным.


А. Пысін з удзельнікамі літаратурнага аб’яднання «Натхненне» (Бялынічы). Злева направа: З. Марозаў, В. Хаўратовіч, В. Дзеравяшка, А. Мельнікаў.

А. Пысін з удзельнікамі літаратурнага аб’яднання «Натхненне» (Бялынічы). Злева направа: З. Марозаў, В. Хаўратовіч, В. Дзеравяшка, А. Мельнікаў.

Сустрэча першая

Мая першая сустрэча з Аляксеем Васільевічам адбылася напрыканцы восені 1976 года.

Да гэтага часу я, выпускнік агранамічнага факультэта Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, прайшоў паўтарагадовую «абкатку» ў якасці агранома па насенняводстве ў калгасе «Рэвалюцыя» на Быхаўшчыне. Там жа пачаў пісаць і дасылаць нататкі пра вясковых працаўнікоў у раённую газету «Маяк Прыдняпроўя». Пры раёнцы дзейнічала літаратурнае аб’яднанне, якое ўзначальваў карэспандэнт газеты, тады малады пачынаючы паэт, а сёння вядомы пісьменнік Мікола Леўчанка.

Менавіта ад яго я даведаўся, хто такі Аляксей Пысін у нацыянальнай літаратуры, пачуў шмат цёплых прачулых слоў пра тое, як паэт клапоціцца аб творчасці маладзейшых: Святланы Бусуматравай, Міколы Мінчанкі, Апанаса Палітыкі, Міхася Губернатарава і самога Міколы. Я таксама меў з тузін вершаў, напісаных на рускай мове. Відаць, таму Мікола запрасіў мяне на сустрэчу мясцовых паэтаў з Аляксеем Васільевічам, якая адбылася ў рэдакцыі раённай газеты.

На працягу дзвюх гадзін знакаміты паэт з непадробнай шчырасцю і цеплынёй, як роўны з роўнымі, слухаў вершы Міколы Рыхлова, Анатоля Цішкіна, Віктара Сокава, Уладзіміра Кныша, Сяргея Украінкі, а таксама мае. Рабіў кароткія заўвагі, кожнаму з нас раіў, на чым засяродзіцца ў далейшай рабоце над вершамі. Мне ж сказаў: «Ты хлопец здольны. Паспрабуй пісаць на роднай мове».

Сустрэча другая

Другая сустрэча з Аляксеем Пысіным адбылася ў сакавіку 1977 года ў рэдакцыі абласной газеты «Маілёўская праўда».

Тады я працаваў старшым аграномам Упраўлення сельскай гаспадаркі Магілёўскага аблвыканкама.

Страціўшы жывую сувязь з вясковымі працаўнікамі, я ўжо не мог пісаць нататкі і нарысы, а цалкам пераключыўся на вершы. З лёгкай рукі супрацоўніцы рэдакцыі магілеўскай раённай газеты Лідзіі Перасыпкінай падборкі маіх вершаў друкаваліся на літаратурных старонках раёнкі.

Перасыпкіна параіла мне паказаць вершы Аляксею Пысіну. Сама пазваніла яму, дамовілася пра дзень і час маёй сустрэчы з паэтам.

Была сярэдзіна сакавіка 1977 года. Апрануты ў сціплае, даволі паношанае паліто, Аляксей Васільевіч чакаў мяне ў доўгім, халаднаватым калідоры рэдакцыі абласной газеты.

Коратка павітаўшыся, Пысін пачаў засяроджана чытаць вершы, напісаныя мной ад рукі, ў даволі аб’ёмістым агульным сшытку. Дзе-нідзе ставіў пытальнікі і плюсікі. Часам адрываўся ад чытання, на імгненне засяроджваўся на нечым сваім, нібыта штосьці ўспамінаў, і пачынаў чытаць зноў. У рэшце рэшт, агораўшы добрую палову сшытка, ён, уздыхнўшы, вымавіў: «У цябе тут ёсць верш, які пераклікаецца з вядомым: «А значит, нам нужна одна победа, одна на всех — мы за ценой не постоим». Аляксей Васільевіч спахмурнеў і з горыччу ў голасе дадаў: «Калі б яны толькі ведалі цану аднаго бясцэннага чалавечага жыцця…»

І жорсткі прысуд — як адрэзаў: «Цьмяна. Абмежавана. Працуй!»

Пасля такой ацэнкі майго «вершаскладання» я вырашыў: пісаць не буду.

Ды толькі лёс распарадзіўся па-іншаму. За паўгода працы на новай пасадзе я так і не змог прызвычаіцца да жыцця вялікага горада, балюча адчуваў недахоп вопыту, неабходнага для працы ў такой высокай упраўленчай структуры. Таму, негледзячы на тое, што нам з жонкай абяцалі выдзеліць кватэру, я падаў заяву на звальненне і быў накіраваны ў калгас імя Энгельса Бялыніцкага раёна на пасаду галоўнага агранома гаспадаркі. І там мяне, як гавораць, «прарвала».

Напісаў цыкл вершаў на вясковую тэматыку і даслаў яго ў «Магілёўскую праўду». З лёгкай рукі Мікалая Іванавіча Падабеда, рэдактара раённай газеты «Зара камунізму», была надукавана мая першая паэма, прысвечаная найлепшаму камбайнеру нашага калгаса Івану Данілавічу Галаеву.

А колькі ж у мяне было радасці, калі я ўбачыў амаль усе дасланыя вершы на літаратурнай старонцы «Прыдняпроўе» ў абласной газеце!..

Забягаю ў рэдакцыю раёнкі з новымі вершамі. А Мікалай Іванавіч гаворыць: «Толькі што званіў Пысін. Сказаў: „У вас працуе малады таленавіты паэт, трэба яго падтрымаць“».

Сустрэча трэцяя

Трэцяя сустрэча з Аляксеем Васільевічам Пысіным адбылася ў канцы верасня 1978 года. У калгасе капалі бульбу. Прыляцеўшы на матацыкле з поля, нават не зняўшы з ног кірзачы, я прыбег у калгасны клуб. На сцэне за доўгім сталом сядзелі рэдактар бялыніцкай раённай газеты Мікалай Іванавіч Падабед (зараз вядомы празаік і гумарыст, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь), Віктар Хаўратовіч — паэт, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне» пры раённай газеце, Аляксей Васільевіч Пысін і Міхаіл Хонінаў — даўні сябра паэта, народны паэт Калмыкіі.

Сакратар парткама коратка прадставіў гасцей калгаснікам і запрасіў мяне на сцэну пачытаць вершы. Я вельмі хваляваўся. Прачытаў па памяці некалькі твораў, сярод якіх быў верш «Проня». Пазней яго ўключылі ў мой першы паэтычны зборнік «Пад небам бусліным».

Пасля майго выступлення перад паважанай аўдыторыяй і аўтарытэтнымі гасцямі ўжо дома жонка запытала: «Калі ты чытаў свае вершыкі, Пысін увесь час выціраў насоўкай вочы. Не магу зразумець, што яго так усхвалявала?»

Адказ на гэтае пытанне я знайшоў праз тры дзесяцігоддзі ў кнізе «Народны душою» Віктара Арцём’ева, сябра і бібліёграфа Аляксея Васільевіча Пысіна..

«Гвардыі радавы Пысін быў удзельнікам чатырох франтоў Вялікай Айчыннай вайны: Калінінскага, Ленінградскага, Першага і Другога Прыбалтыйскіх. Давялося яму і родную Беларусь вызваляць….

Бясснежны пачатак зімы 1943–1944 гг. Фронт на працяглы час прыпыніўся на рэчцы Проня пад Горкамі, Чавусамі, Прапойскам… На левабярэжжы Проні, пад Горкамі, побач з польскай дэвізіяй, салдаты якой прыйшлі сюды „пад сцягам Касцюшкі“, заняла свае пазіцыі і 9-я Гвардзейская дывізія Чырвонай арміі, у якой служыў малады паэт Пысін. (Дарэчы, на вайне будучы паэт вершаў не пісаў. На маё пытанне „чаму?“, коратка адказаў: „Не мог, патрэбна было выжыць…“ <…> Камандзір роты ўзяў у салдата Пысіна шынель, надзеў на сябе, а яму даў новенькі, белы-белы кажух. На прамерзлым, чорна-шэрым лузе — добрая мішэнь для нямецкіх снайпераў. Віктар Ракаў, верны сябар А. В. Пысіна, пазней прысвяціў яму верш „Камсаставаўскія кажухі гвардыі радавога Аляксея Пысіна“.

Залячыўшы раны ў армейскім шпіталі, Пысін вярнуўся ў сваю роту і летам 1944 года прыняў удзел у прарыве фронту на Проні і вызваленні вёсак Горацкага раёна ад фашысцкіх акупантаў».

Паэтам Аляксей Пысін стаў значна пазней, у мірны час, калі перажытыя жахлівыя праявы вайны ўваскрэслі ў яго чуйнай збалелай душы ў іншым асабістым і агульначалавечым, я б сказаў, планетарным вызначэнні. Сведчаннем таму — радкі Паэта: «Мне пажары, пажары ўсё сняцца, я баюся аслепнуць ад іх».

Дарэчы, у тым жа 1958 годзе, толькі праз 13 гадоў пасля вайны, выйшаў у свет першы зборнік вершаў Аляксея Пысіна «Сонечная паводка».

І яшчэ адзін эпізод-сведчанне, як паэт-франтавік ставіўся да ўсяго жывога. Яго мне нагадаў пісьменнік-магіляўчанін Аркадзь Лявонавіч Кандрусевіч:

«Некалькі гадоў Аляксей Пысін узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адачасова ў „Магілёўскай праўдзе“ ён вёў літаратурную старонку „Прыдняпроўе“.

Няведама адкуль і якім чынам сярод завейнай зімы ў рэдакцыйным пакоі, дзе, акрамя Пысіна, таксама працаваў сталы, вядомы на Магілёўшчыне журналіст, з’явілася яшчэ адна жывая душа — маленькі, рухавы камарык. Прыходзячы на працу, Пысін з дзіцячым замілаваннем слухаў вясёлае зумканне камарыка. Здавалася, вёў маўклівы дыялог са сваім крылатым сябрам. Але аднойчы, прыйшоўшы раніцай на працу, ён не застаў камарыка. Пра яго адсутнасць сведчыла невялікая брудна-
шэрая плямка на шыбіне акна, зашклёным начным прымаразкам. Гэтае „забойства“ Аляксей Васільевіч не змог дараваць свайму суседу па кабінеце і перастаў з ім размаўляць».

Сустрэча апошняя

Мая апошняя сустрэча з Пысіным адбылася ў ліпені 1980 года ў рэдакцыі Бялыніцкай раённай газеты. Аляксей Васільвіч прыехаў у Бялынічы з нагоды прысваення нашаму літаратурнаму аб’яднанню «Натхненне» звання Ленінскага камсамола Магілёўскай вобласці.

Сказаць шчыра, папярэдне паэт хадайнічаў перад абкомам камсамола аб вылучэнні на прэмію Змітрака Марозава. Але там прынялі іншае рашэнне. Напэўна, з-за таго, што тагачасны першы сакратар абкама камсамола Мікалай Грынёў на працягу трох гадоў пры любой нагодзе (на бюро абкама, на семінарах і розных іншых камсамольскіх тусоўках), як той індык, заўсёды далдоніў адно і тое ж: «Дзіма, кідай пісаць вершы». Не ведаю, як склаўся далейшы лёс камсамольскага функцыянера, ды толькі пісаць я не кінуў. І мне сёння не сорамна за абраны шлях.

Тады ж, у тым незабыўным ліпені 1980 года, мы, сябры літаратурнага аб’яднання «Натхненне», з хваляваннем чакалі прыезду Пысіна. У рэдакцыю ён прыйшоў разам з М. Падабедам.

Неяк раней у прыватнай размове Мікалай Іванавіч расказаў мне цікавы эпізод свайго першага знаёмства з паэтам.

Аляксей Пысін, ужо тады вядомы паэт, па заданні абкама партыі быў накіраваны ў Чэрыкаўскі раён з мэтай праверкі стану ўстаноў культуры. М. Падабед ў той час працаваў рэдактарам раённай газеты.

Напрыканцы рабочага дня Мікалай Іванавіч запрасіў Пысіна павячэраць у мясцовай сталоўцы. Прынеслі ўсё неабходнае, каб добра падсілкавацца, паставілі на стол пляшку. Нечакана да рэдактара падбегла ўсхваляваная афіцыянтка: «Мікалай Іванавіч, у бальніцу вашу жонку забралі».

Запісаў са слоў Падабеда: «У маёй жонкі пачаліся перадродавыя сутаргі. Каля бальнічнай палаты я праседзеў каля дзвюх гадзін. Калі парадзісе зрабілася лягчэй, я паспяшаўся ў сталоўку. Зайшоў у залу. Бачу, Аляксей Васільевіч сядзіць, як сядзеў. Ні ежа, ні пітво не чапаныя. Было ўжо даволі позна, і я прапанаваў Пысіну не ісці ў гасцініцу, а пераначаваць у мяне. Сярод ночы пазванілі з бальніцы: „Мікалай Іванавіч, у вас нарадзілася дачка…“

З тае пары пры сустрэчы са мной Пысін заўсёды задае першае пытанне: „Ну як маецца мая хрэсніца?“»

У той незабыўны ліпеньскі дзень мы заседзеліся ў рэдакцыі дапазна. Чыталі знакамітаму паэту новыя вершы, успаміналі падобныя «падабедаўскім» эпізоды са свайго жыцця. Пысін гаварыў мала, больш слухаў, раз-пораз па-дзіцячы ўсміхаўся. На развітанне падпісаў мне свой двухтомнік выбраных твораў: «Змітраку Марозаву, — мае самыя шчырыя зямныя пажаданні: моцнага здароўя, дабра, шчасця, поспехаў». Гэтыя словы Паэта для мяне сталі блаславеннем на ўсё астатняе жыццё.

Аляксею Пысіну

…Узараны нябёсы густыя,

Толькі памяць усё аб зямным.

А. Пысін

Я не апошні і не першы,

У кожнага свой век і час…

Чытаю з болем Вашы вершы —

І бачу Вас, і чую Вас —

Ваенных будняў сувязнога

З удзячнай памяццю людской,

Па Вашых песнях і дарогах

Звяраю крок і голас свой.

Нябёсы Вашыя ўзараны,

А я пад чыстымі бягу.

Усё, што Вамі пажадана,

Да скону ў сэрцы зберагу.

Змітрок МАРОЗАЎ