Песняр з Княжыц

Уладзiмiраў, А. Песняр з Княжыц : памяці Васіля Матэвушава / Алег Уладзiмiраў // Магілёўскія ведамасці. — 2016. — 19 февраля. — С. 14.

Вясна выходзіць на паверку
Пад марш сярэбраных
                                   руччоў.
У возера, нібы ў люстэрка,
Глядзяцца сосны з берагоў.
Спавіты дзеразой паляны,
Цвіце на купінах чабор,
З праменяў сонечных
сатканы
Лугоў рамонкавы убор.
I толькі хай зара над краем
Настроіць горнаў сваіх медзь,
Я пабягу хутчэй да гаю
Вясне у вочы паглядзець.

Гэты верш напісаў журналіст і таленавіты паэт Васіль Матэвушаў. Нарадзіўся ён 6 сакавіка 1915 года ў мястэчку Княжыцы, што за 15 кіламетраў ад Магілёва па мінскім тракце.

Асноўнай тэмай яго творчасці быў родны Прыдняпроўскі край, беларуская прырода. Сам паэт адзначаў у аўтабіяграфіі: «Мяне часта папракаюць, што я паэт адной тэмы: пішу пра хараство роднага Прыдняпроўя. Можа, гэта і так, але не магу «здрадзіць» ёй, бо маё сэрца навекі звязана з роднай бацькоўскай зямлёй, з яе казачнай пекнатой, а гэта тэма шматгранная і невычарпальная».

Вядома ж, Васіль Матэвушаў быў чалавекам свайго часу — пісаў і пра Леніна, партыю, ударнікаў працы, перадавыя будоўлі, але цяжка назваць якога іншага пісьменніка, які б так яскрава і маляўніча апеў нашу Магілёўшчыну.

Нарадзіўся Васіль у сям’і сялян, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей. Хрысцілі хлапчука ў славутым на ўсю Беларусь там-тэйшым касцёле, які на той час належаў праваслаўнай царкве. Бацькі былі пісьменнымі, таму лічылі неабходным, каб і дзеці атрымалі адукацыю. Скончыўшы пачатковую школу, хлопец паступае ў Княжыцкую школу калгаснай моладзі. Менавіта тут Васіль Матэвушаў пазнаёміўся з Міхасём Ларчанкам і здольным маладым паэтам Петрусём Бядуліным. Яны былі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, ча­ста чыталі са сцэны свае вершы. Гэта і натхніла Васіля да напісання ўласных твораў, Пятрусь Бядулін, прачытаўшы першыя вершы Васіля Матэвушава, параіў даслаць іх у газету «Піянер Беларусі». I ў хуткім часе ў 1930 годзе там з’явіўся верш пад назвай «Ліст ад таварыша». Пазней Васіль паступіў у Гомель­скую чыгуначную школу, але па стане здароўя вымушаны быў яе пакінуць.

З 1933 года вучыцца ў Магілёўскім педінстытуце на літаратурна-лінгвістычным факультэце. Па першым часе не было магчымасці зняць кватэру ў горадзе і прыходзілася з Княжыцу Магілёў на заняткі дабірацца пехатою. А затым для вясковага студэнта знайшоўся прытулак на вуліцы Малая Грамадзянская ў сям’і Ізраіля Маісеевіча Ціркельтаўба. Сяброўства з гэтым цікавым чалавекам Васіль пранёс праз усё жыццё.

У інстытуце навучаўся да 1937 года. Спасцігаючы скарбы сусветнай літаратуры на філалагічным факультэце, Васіль Матэвушаў пазнаёміўся з перакладчыкам Юркам Гаўруком, з Уладзімірам Агіевічам, са Змітраком Палітыкам. Набываючы і веды, і досвед, малады Васіль адчуваў сябе больш упэўнена і часцей дасылаў свае вершы ў рэспубліканскія выданні і абласную газету «Камунар Магілёўшчыны». Друкаваўся ён тады пад псеўданімам Васіль Нёман. Пасля заканчэння інстытута працаваў на Віцебшчыне ў Обапьскай школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

З 1939 года быў у радах Савецкай Арміі. Служыў спачатку ў Яраслаўлі ў чыгуначным маставым палку. У час фінскай вайны полк знаходзіўся на рэканструкцыі Паўночнай чыгункі. Затым воінская часць была перакінута ў Бесарабію, дзе байца Матэвушава і застала Вялікая Айчынная вайна. Напрыканцы 1941 года Васіля накіравалі працаваць выкладчыкам курсаўваентэхнікаў артылерыйскай базы ў горадзе Омску.

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе працаваў выклад­чыкам Омскага фінансавага тэхнікума. Тут, удалечыні ад радзімы, спаткаў сваю другую палавінку — прыгажуню Тамару. А паколькі туга па Беларусі была невыноснай, то ў 1948 годзе маладая сям’я Матэвушавых пераехала ў Магілёў. У 1948-1971 гадах Васіль Матэвушаў працаваў у абласной газеце «Магілёўская праўда». Магчымасць ездзіць па Магілёўшчыне, сустракацца са шматлікімі незвычайнымі людзьмі ста­ла для Васіля Іванавіча но­вым штуршком у творчасці. Пра гэта паэт пранікнёна напісаў у вершы «Газеце «Магілёўская праўда»:

Ну як бы я змог падзяліцца I расказаць пра бацькаў край, Дзе звоняць светлыя крыніцы, А над Лахвой гамоніць гай?

У Магілёве ў Васіля Матэвушава ў хуткім часе з’яўляюцца сапраўдныя сябры і паплечнікі. Гэта тутэйшыя пісьменнікі і журналісты з рэдакцыі: I. Аношкін, У. Чэпікаў, С. Гаўрусёў, П. Шасцерыкоў, М. Хведаровіч. Добра быў знаёмы з паэтам Ігарам Шклярэўскім. Нярэдкімі ў сям’і былі і госці з Мінска: Анатоль Вялюгін, Артур Вольскі. Усе, хто ведаў Матэвушава, адзначаюць яго надзвычайную сціпласць, працавітасць, таварыскасць і ветлівасць.

Яго жонка Тамара Аляксандраўна ўсё жыццё працавала выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Магілёўскай шко­ле №4. Яна раздзяляла погляды Васіля Іванавіча і па жыцці была яму надзейным паплечнікам і дарадцам. Як распавядае дачка паэта Наталля Васільеўна Матэвушава, у доме быў культ творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы: «I маці, і бацька маглі бясконца перачытваць і цытаваць на памяць творы песняра». Ведаючы гэта, Саюз пісьменнікаў Беларусі падараваў Васілю Матэвушаву на 50-годдзе невялічкі бюст першага народнага паэта Беларусі. Ён і дагэтуль упрыгожвае кватэру Наталлі Матэвушавай.

У цяжкія хвіліны або ў вольны час лепшымі лекамі і адпачынкам для Васіля Матэвушава былі родныя палеткі і краявіды яго малой радзімы, а самым лепшым сродкам ад скрухі — магчымасць схадзіць па грыбы ў Сумарокава.

Заходжу ў бор, нібыта ў храм, На споведзь шчырую сваю. Асінцы тонкай і дубам з пашанай галаву хілю.

Пачынаючы з 1971 года і да самага скону Матэвушаў працаваў сакратаром Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. На працягу жыцця выйшла некалькі невялічкіх зборнікаў лепшых твораў паэта. Лёс склаўся так, што смерць застала Васіля Іванавіча ў дзень яго нараджэння. Памёр паэт 6 сакавіка 1974 года. Пахаваны ў Магілёве на старых каталіцкіх могілках.