Ваенная перадавая партызана Міхаіла Цітова

Зігуля, Н. Ваенная перадавая партызана Міхаіла Цітова / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2023. — 5 мая. — С. 1, 4.

Вайна пад стрэхамі

Першы дзень вайны супаў з першым працоўным днём 14-гадовага Міхаіла. Каб унук лета не праводзіў дарэмна, дзед Парфірый уключыў яго ў брыгаду па разметцы Дняпра. Дзень быў ціхі і цёплы, успамінае ветэран. Спачатку яны на параходзе спусціліся па Дняпры да Буйніч. І адтуль пачалі ставіць слупочкі ў кірунку Дашкаўкі.

Працавалі да вечара, а потым адправіліся пешшу дамоў. Для маладых ног пара кіламетраў — не адлегласць. Прыйшлі — і не пазналі сваёй вёскі. Каля сельсавета стаяць вялікія машыны, у іх сядзяць мужчыны, песні пяюць, гармонік іграе. Жанчыны галосяць: вайна…

Да прыходу ў пасёлак немцаў сям’я Міхаіла падрыхтавалася загадзя. Дзядзька Віліян, які ваяваў яшчэ у Грамадзянскую вайну, прадбачліва заклікаў радню будаваць укрыццё ад снарадаў. Яны выкапалі непадалёк ад дома вялікую яму, зверху залажылі яе моцнымі дошкамі і засыпалі зямлёй. Калі пачаўся абстрэл, у гэты бліндаж пабеглі хавацца не толькі сваякі Міхаіла, але і аднавяскоўцы. Людзей набілася, як селядцоў у бочку. Цікаўны Міша, як толькі закончылася страляніна, пабег глядзець варонкі ад снарадаў. Выбег, а тут зноў абстрэл. Ён адразу ж успомніў словы свайго мудрага дзядзькі-франтавіка пра тое, што снарад у адну і тую ж варонку двойчы не трапляе. Толькі распластаўся ў ямцы, як пачуў, што над ім праляцеў снарад і разарваўся дзесьці на тэрыторыі іх сядзібы. Калі ўсё сціхла, хлопец вярнуўся назад.

— Баёў на тэрыторыі Дашкаўкі практычна не было, — расказвае суразмоўнік. — Калі прыйшлі немцы, яны з ліку мясцовых выбралі тых, хто будзе падтрымліваць у вёсцы нямецкі парадак. Гэтае так званае кіраўніцтва адразу ж данесла немцам, што ранняй восенню ў вёску вярнуліся з фронту зяці дзеда Парфірыя — Мітрафан і Сцяпан. Абодвух арыштавалі і павялі ў камендатуру. Дзед Парфірый, які да рэвалюцыі меў магчымасць навучыцца нямецкай мове, пабег вызваляць хлопцаў. Пераканаў немцаў, што яго зяці і блізка не камуністы, што яны беднякі і звычайныя працаўнікі. Іх адпусцілі. Але сярод аднавяскоўцаў знайшоўся чалавек, які далажыў акупантам, што і дзед, і яго зяці — не тыя, за каго сябе выдаюць. Яны, маўляў, заўзятыя камуністы, зяці наогул пісьменныя, працавалі кіраўнікамі. І немцы вярнуліся па іх зноў. Мітрафану хапіла розуму схавацца ў бульбоўніку, дзе ён праляжаў да таго моманту, пакуль немцы не з’ехалі з вёскі, а вось дзеда Парфірыя і Сцяпана забралі і расстралялі.

Сыны ідуць у бой

Партызанам юны Міхаіл стаў у 1943 годзе, дзякуючы таму самаму Мітрафану, якому пашчасціла пазбегнуць расстрэлу. Мужчына быў звязаны з магілёўскім падполлем, узначальваў контрразведку Паўлоўскага партызанскага атрада. Немцы не віталі пераезды жыхароў на акупаваных імі тэрыторыях. Але Мітрафан меў сувязі з падпольшчыкамі, якія працавалі ў немцаў, і ў яго атрымалася ўзяць дазвол на выезд сям’і і малалетніх пляменнікаў з Дашкаўкі. У дарозе іх сваяцкі абоз, які рухаўся ў бок Магілёва, змяніў маршрут і накіраваўся ў партызанскую зону за станцыю Друць.

На заяву Мішы ўзяць яго ў партызаны ці то жартам, ці то сур’ёзна дзядзька сказаў: без зброі яны нікога не прымаюць. І падлетак вырашыў заслужыць гэтае права. Падгаварыў таварыша вярнуцца ў Дашкаўку і забраць прыхаваную ім у гаі зброю — вінтоўку і аўтамат, якія ён знайшоў на месцы баёў.

Але спецаперацыя не атрымалася. Як толькі хлопцы дабраліся да станцыі Друць, сутыкнуліся з конным раз’ездам на чале з дзядзькам Мітрафанам. Той пасля растлумачыў няўрымсліваму пляменніку, што фронт ужо стаяў у Чавускім раёне на Проні і тое месца, дзе была яго схованка, кантралявалі немцы.

І ўсё ж такі ўпартага Міхаіла прынялі ў партызаны, ён стаў байцом 346-га партызанскага атрада, які дыслацыраваўся ў Бярэзінскім раёне. На працягу пяці дзён хлопец засвоіў абавязкі мінёра (у арміі гэтаму вучыліся тры месяцы) і ў складзе дыверсійнай групы неаднаразова выходзіў на баявыя заданні. Юнак наогул быў здольны. Убачыў, як яго сусед па зямлянцы дзядзька Вася разбірае кулямёт, і запомніў у драбніцах. Потым у заклад разабраў кулямёт і сабраў з завязанымі вачыма. Дзядзька хацеў яго заблытаць, схаваў адну невялічкую дэталь, але хлопец, не намацаўшы яе, адразу ж спытаўся: дзе? Бывалыя партызаны ацанілі здольнасці юнага байца. Ён нават стаў героем партызанскай газеты, якую чыталі ўсе ў атрадзе ад першага да апошняга радка. За кемлівасць яго часта бралі на дыверсіі. За кароткі тэрмін ён паспеў паўдзельнічаць у дзевяці: пяць на шашы, тры на чыгунцы і адна на прасёлкавай дарозе.

— Апошняя, дарэчы, была незапланаваная, — удакладняе былы партызан. — Мы ішлі закладваць выбуховыя прыстасаванні на некалькі чыгуначных ветак, але на месцы высветлілася, што немцы выкарыстоўваюць толькі адну. Тады я ўмацаваў міну, якую залажыў пад рэйкі. А для другой падшукаў месца на прасёлкавай дарозе. Немцы стаялі ў Лежнеўцы і ездзілі па гэтай дарозе рабіць засады на партызанаў. Ранняй вясной тут яшчэ ляжаў снег. Днём, калі паветра прагравалася ледзь не да 20 градусаў, ён раставаў, а ноччу слупок тэрмометра апускаўся да мінус 10-15 градусаў, і снежная калатуша замярзала. Ад колаў машын на дарозе ўтварылася глыбокая каляя. Адно месца для міны было ідэальным. Гэтакае заглыбленне, прыкрытае сасновай галінай. Калі кола трапіць у яго, адразу не выедзе, падумаў я. Сюды і схаваў свой сюрпрыз для фашыстаў. Толу не пашкадаваў, паклаў некалькі кілаграмаў. Першую машыну з немцамі адразу ж разнесла выбухам, ад разлітага з бензабаку паліва ўсчаўся вялікі пажар. У полымя па замерзлай каляі ўехала другая машына і таксама ўспыхнула. Нікому выратавацца не ўдалося. Загінуў не адзін дзясятак немцаў.

Кіраўніцтва партызанскага атрада лічыла Мішу Цітова адным з найлепшых байцоў, але склалася так, што ва ўзнагародных дакументах галоўныя яго подзвігі не былі пазначаны. У выніку хлопец атрымаў толькі медаль «Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені». А вось ордэны Чырвонай Зоркі і Славы ІІІ ступені, да якіх быў прадстаўлены, яму так і не ўручылі. Цікава, што на сайце «Партызаны Беларусі» яны пазначаны.

Баі за Кёнігсберг

Улетку сорак чацвёртага партызанскі атрад злучыўся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі.

— Сустрэліся мы падчас бою на рацэ Дулебка каля вёскі Галынка, — расказвае ветэран. — Мы з левага боку вялі агонь па фрыцах, чырвонаармейцы — з правага. І вораг хутка здаўся. Партызанскі атрад расфарміравалі. Тых, хто нарадзіўся да 1926 года, адправілі адразу ж на фронт, а мяне і яшчэ двух таварышаў 1926 года нараджэння як асоб, дасягнуўшых прызыўнога ўзросту, паслалі на вучобу ў Казельск на тры месяцы — у запасную пятую стралковую дывізію. Сёмага лістапада мы ў складзе маршавай роты ўжо ехалі ў Прыбалтыку, дзе ўліліся ў склад 11-й гвардзейскай арміі.

За некалькі месяцаў апошняга ваеннага года навабранцы пешшу перасеклі Усходнюю Прусію. Дывізія, дзе ваяваў Міхаіл Цітоў, увесь час была на перадавой. Засталіся ў памяці моманты, калі прыходзілася наступаць па голым лузе: схавацца ад снарадаў не было дзе. Як перасякалі рэчку пад абстрэлам нямецкіх кулямётчыкаў. Былы франтавік расказвае, што ўвесь час яны амаль беглі, прыпыніцца было немагчыма, бо тады трапілі б пад ногі сваіх жа. Усё было так імкліва, што ён нават не запомніў, як пераадолеў водную перапону і выскачыў перад нямецкім акопам. Бачыў толькі, як вораг кінуў пазіцыю і бег хавацца ў лес.

Ваявалі ноччу. Немцы пад сховамі цемры адпачывалі і, калі на іх нападалі чырвонаармейцы, капітулявалі практычна без бою. Маладосць не ўспрымае смерць, нават калі тая падыходзіць зусім блізка. Але Міхаілу Цітову шчасціла. Куля не раз праходзіла ў міліметры ад яго — прабівала шынель, драпала скронь, аднойчы ледзь не прабіла чэрап — засталася толькі плеўка. Некалькі разоў быў кантужаны. У адным з баёў ад разрыву снарада ён на нейкі час страціў прытомнасць. Калі прыйшоў у сябе, ледзь выбраўся з-пад засыпаўшай яго зямлі. Правёў рукой па шчацэ і на пальцах убачыў кроў. Яна цякла з пашкоджаных вуха і носа. Двойчы баец трапляў у шпіталь — пасля ранення ў руку і пасля таго, як падарваўся на міне. Ён тады ваяваў у 202-м асобным палку 3-га Беларускага фронту. Полк атакаваў немцаў, якія выходзілі з акружэння. Асколкамі ад разрыву міны хлопцу цалкам раздрабіла пятку. У шпіталі яе потым ампутавалі. Некалькі гадоў пасля таго ветэран хадзіў на мыліцах. Калі вярнуўся дадому, яму сказалі: «Табе, хлопец, трэба вучыцца, бо для фізічнай працы ты работнік ніякі».

Ні хвіліны без справы

Міхаіл Цітоў — чалавек упарты. Усміхаецца: што яшчэ да вайны, калі хадзіў у школу, добрыя адзнакі атрымліваў, не разгортваючы падручнікаў. Дзякуючы фенаменальнай памяці ён амаль даслоўна запамінаў, што казаў настаўнік. Складанасці пачаліся, калі стаў вывучаць нямецкую і рускую мовы. Апошняя была для яго нязвыклая. Бацьку не падабалася, што сын прыносіць двойкі. Яны дамовіліся, што за пяцёрку Міша будзе атрымліваць 20 капеек, за чацвёрку — 15, за тройку — нічога, а вось за нездавальняючыя адзнакі прыйдзецца грошы вяртаць. Хлопец узяўся за вучобу і ніжэй за чацвёрку дамоў адзнак не прыносіў. За восень сабраў грошы на кляновыя лыжы, на якіх потым катаўся са стромкага берага ў Полацку.

Пасля вайны Міхаіл Цітоў з адзнакай скончыў Пінскі аграрны тэхналагічны тэхнікум, потым — Валагодскі малочны інстытут. Там жа знайшоў свой лёс — жонку Аляксандру, з якой нарадзілі дзвюх дачок і сына. Працаваў на малочным камбінаце ў Горках, Маладзечне, потым у Магілёве. Выручала не толькі добрая памяць, але і ўмелыя рукі. Ён з дзяцінства засвоіў урокі дзеда Парфірыя, які быў добры бондар. Прыходзілася рабіць і мэблю, і посуд. Яшчэ падчас вайны рабіў па просьбах аднавяскоўцаў вёдры, нават жлукту — аналаг сённяшняй пральнай машыны. Так называлася кадзь для мыцця бялізны. Ветэрану ўжо 96 гадоў, але ён самастойна вядзе гаспадарку на летніку ў Дашкаўцы, прыязджае сюды на ўсё лета з пыльнага Магілёва.

— Дагэтуль працую, — з гонарам кажа ён. — Паглядзіце, якую печку злажыў. У інстытуце я добра засвоіў прадмет, дзе расказвалі пра рэканструкцыю печак. Ганак абнавіў, дом абшаляваў, шпакоўню для птушак зрабіў. Без справы не сумую.

А яшчэ наш герой пасля вайны сур’ёзна займаўся фотасправай. Пакуль фатаграфавала, паспела пачуць ад яго некалькі карысных парад.

Пад канец ветэран падзяліўся ўласным рэцэптам бадзёрасці.

— Я заўсёды быў чалавек вясёлы, песні пеў, быў ініцыятыўны, — расказвае ён. — У тэхнікуме і інстытуце мяне выбіралі сакратаром камсамольскай арганізацыі. І па характары работы сваёй быў актыўны. Шэсць гадоў працаваў у абкаме партыі, быў галоўным інжынерам Магілёўскага гармалаказавода, потым аб’яднання, генеральным дырэктарам аб’яднання. На пенсіі некалькі гадоў выкладаў у Магілёўскім тэхналагічным інстытуце (цяпер Магілёўскі ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. — аўт.).

На развітанне франтавік цісне мне руку і я адчуваю, наколькі яна ў яго моцная. Ён смяецца ў адказ: кажа, што пасля вайны, калі хадзіў на мыліцах, рукі ў яго сталі як жалезныя.
А няўрымслівы характар дазволіў захаваць тую моц на гады.

Нэлі ЗІГУЛЯ