Рыбакова, С. Два мастакі, два лёсы / Святлана Рыбакова // Мастацтва. — 2023. — № 9. — С. 22—25.
Пра мастакоў, якія працавалі ў Магілёве на мяжы XIX—XX стагоддзяў і ў 1920—1930-я, вельмі мала звестак. Большасць твораў тых гадоў з розных прычын не захавалася.
Імя Фёдара Рыгоравіча Пархоменкі (каля 1860 — 1940 (?); паводле іншых звестак 1868—1940) у гісторыі выяўленчага мастацтва Магілёўшчыны згадваецца неаднаразова. Вядома, што ў канцы XIX стагоддзя, калі на нацыянальных ускраінах Расійскай імперыі стала актывізавацца грамадскае і куль-турнае жыццё, у губернскіх гарадах з’явіліся першыя культурна-асветніцкія таварыствы. Узнікла такое Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў і ў Магілёве. Вядомыя імёны ініцыятараў адкрыцця прыватных мастацкіх школ: у Мінску, напрыклад, гэта Васіль Маас, у Віцебску — Юдаль Пэн, а ў Магілёве — выхаванец Віленскай школы Фёдар Пархоменка. Акрамя працы ў мастацкай школе, Фёдар Рыгоравіч Пархоменка з 1903 па 1906 год выкладаўу Магілёў-скай жаночай гімназіі маляванне, а ў гарадскім чатырохкласным вучылішчы — чыстапісанне, чарчэнне і маляванне, пра што сведчаць Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні на 1905 і 1906 гг. 3 іх таксама вынікае, што ён меўзванне настаўніка малявання, быў жанаты, вызнаваў праваслаўе.
3 1906 па 1916 год звесткі пра Фёдара Пархоменку ў Памятных кніжках адсутнічаюць. У 1916-м ён ізноў на педагагічнай працы — выкладае графічныя мастацтвы, а таксама маляванне і чарчэнне ўжо ў трох месцах: прыватнай гімназіі Касовіч, настаўніцкім інстытуце, мужчынскім духоўным вучылішчы. Да гэтага часу ён ужо мае званне калежскага саветніка.
3 дзённікавых запісаў сына мастака даведваемся, што ў перыяд з 1910 па 1914 гг. Фёдара Рыгоравіча не было ў Магілёве, ён «служыў у Заходнім краі, у крэпасці Коўна» і што «пад Оршай у нас была дача, куды мы з мамай ездзілі падчас маіх школьных канікулаў». Ад гэтага перыяду захаваліся невялікія акварэльныя аркушы Фёдара Пархоменкі «Касцёл у Коўне» (1911—1914), «Тарас Бульба» (1910), «Мазэпа і Марыя Качубей. Эскіз да карціны» (1911—1914), якія захоўваюцца ў фондах Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава. Моцнае ўражанне робіць «Тарас Бульба». Тут бачная рука грунтоўнага малявальшчыка, але акрамя таго аўтар прапануе сваю трактоўку вядомай выявы. Бульба паўстае самабытным глыбай-чалавекам, аднак аўтар падкрэслівае не гераічныя рысы Бульбы, а яго добрасардэчны бацькоўскі пачатак.
Як сям’я перажыла Першую сусветную вайну і падзеі рэвалюцыі, мы не ведаем, але, мяркуючы па ўсім, рэвалюцыю Фёдар Рыгоравіч Пархоменка прыняў.
На пачатку 1920-х у Беларусі пачалі адкрывацца мастацкія студыі, роля якіх у выяўленні і развіцці мясцовых арт-сіл была вялікай. Большасць кіраўнікоў студый, у тым ліку Фёдар Пархоменка, строга прытрымлівалася рэалістычных традыцый, у духу якіх мастакі і выхоўвалі сваіх вучняў. У 1938 годзе Магілёўская студыя выяўленчага мастацтва працягвала дзейнічаць, бо вядома, што ў ёй вучыўся да 1941-га вядомы магілёўскі мастак Мікалай Міхайлавіч Федарэнка і што яго выкладчыкам у студыі быў вядомы магілёўскі мастак Канстанцін Геда. Мастацкія студыі адкрываліся таксама пры палітаддзелах шматлікіх часцей Чырвонай арміі. Як успамінаў Марк Жытніцкі, які напісаў кнігу аб сваім жыцці «3 глыбінь памяці; накіды пяром з майго жыцця» і праілюстраваў яе малюнкамі з каментарыямі: «Я прыйшоў у Мастацкую студыю Чырвонаармейскага ўніверсітэта 16-й Арміі г. Магілёва ў 1921 г., кіраваў ёю мастак М. Цеханоўскі (М. Цеханоўскі — стваральнік першага ў Расіі мультыплікацыйнага фільма «Пошта»)».
У 1924 годзе адбылася першая выстава магілёўскіх мастакоў, сярод удзельнікаў якой, акрамя Ф. Пархоменкі, быў I. Чамаданаў (пейзажыст, скончыў Строганаўскае вучылішча, да Магілёва выкладаўу Віленскай рысавальнай школе). У 1925-м магілёўскія мастакі прынялі ўдзел у 1-й Усебеларускай мастацкай выставеў Мінску, якая была прысвечана юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання.
У ёй выстаўляліся каля 1000 беларускіх і яўрэйскіх мастакоў. На першых беларускіх мастацкіх выставах амаль кожны творца экспанаваў краявіды роднага краю. Такой карцінай былі «Аколіцы Магілёва» Фёдара Пархоменкі. Гэтая праца не захавалася, але зберагліся іншыя невялікія работы мастака, акварэлі «Стары Шклоў — Мытная брама» (1929), «Новы Афон. Погляд на мора» (1929), «Наваколле Магілёва» (1928), «Восень у Карабанаўцы» (1930), «Дняпроўскі мост» (1930). Гэта кампазіцыйна добра прадуманыя краявіды, каларыстычнае вырашэнне якіх пабудавана на тонкіх колеравых нюансах. Падобна, што акварэльную тэхніку мастак любіў больш за ўсё. У Дзяржаўным гістарычным музеі (Масква) захоўваецца акварэль «Касцёл езуітаўу Магілёве», што паказвае гістарычны куток горада ў дарэвалюцыйную пару. Малюнак пазначаны грыфам «невядомы мастак», аднак злева ўнізе выразна чытаецца: «Ф. Пархоменка». У канцы 1920-х — пачатку 1930-х мастацкія сілы ў Магілёве не былі ўпарадкаваны і арганізаваны, хаця вядома, што ў 1928 годзе ў горадзе дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусь У 1936-м быў утвораны Усесаюзны Камітэт па справах мастацтваў пры СНК СССР. Магілёўскі абласны аддзел мастацтваў (МААМ) у сувязі з гэтым быў створаны ў верасні 1938-га, І толькі ў 1939 годзе ў Магілёве арганізаваны савет выяўленчых мастацтваў, які аб’яднаў вельмі малалікіх прафесійных мастакоў.
У 1940-м МААМ правёў нараду мастакоў сумесна з выкладчыкамі малявання. У рэзалюцыі, якая дайшла да нас, гаварылася аб неабходнасці паставіць на ўлік усіх мастакоў горада і вобласці, забяспечыць іх матэрыяламі, дапамагчы праз аддзел з рэалізацыяй «мастацкай прадукцыі» і садзейнічаць уступленню мастакоўу Саюз савецкіх мастакоў БССР. Імёнаў магілёўскіх мастакоў дакумент для нас не захаваў. Засталіся імёны мастакоў, якія працавалі ў Магілёве, у іншых архіўных дакументах. Гэта Майсей Воранаў (партрэтыст, бацька вядомага жывапісца Натана Воранава), I. Чамаданаў, Лейзер Цывін (мастак-афарміцель), Абрам Жораў (скульптар, працаваў у Магілёве ў 1932—1933), скульптары Пётр Рыгоравіч і Пятро Пятровіч Яцыны — бацька і сын, Канстанцін Мікалаевіч Геда (мастак, афарміцель). Да гэтага няпоўнага спісу можна смела дадаць імя Рыгора Фёдаравіча Пархоменкі — сына Фёдара Рыгоравіча.
Рыгор Фёдаравіч Пархоменка (каля 1904 ці 1906 — пасля 1941; паводле іншых звестак 1904—1943) быў названы ў гонар дзеда, паспеў павучыцца да рэвалюцыі ў Магілёўскай мужчынскай гімназіі, бо ў сваіх дзённікавых запісах адзначаў: «Ранняй восенню 1925 г. мы з маім гімназічным таварышам Ю. Равякіным апынуліся ў Маскве». Магчыма, менавіта ў Маскве быў зроблены фотапартрэт Рыгора (1927), які прадстаўляе нам маладога чалавека 23-25 гадоў з сур’ёзным позіркам выразных вачэй. Пра Рыгора вядома менш, чым пра ягонага бацьку. 3 дзённікавых запісаў даведваемся аб тым, што ў 1926—1927-м ён скончыў Белпедтэхнікум у Магілёве. 3 прысвячэння на малюнку — аб тым, што ў 1940 годзе ён ужо быў жанаты і жонку яго звалі Шурачка.
У музеі захоўваецда ўнікальны экспанат — часопіс «Летапіс». Гэта «рукапісны мастацка-літаратурны альбом» вялікага фармату, складзены з вершаў, навел, гістарычных нарысаў, напісаны каліграфічна ад рукі пяром, дробнымі друкаванымі літарамі (!), праілюстраваны акварэльнымі малюнкамі збольшага аднаго аўтара — Рыгора Пархоменкі. Акрамя работ самога Рыгора Пархоменкі, у альбоме, датаваным 1939—1941 гадамі, прысутнічаюць асобныя малюнкі М. Федарэнкі, К. Геды, а таксама М. Кляшчэвіча, Д. Сандлер, I. Ліфшыца і інш. Мэты і задачы часопіса аўтар пазначыўу прадмове наступным чынам: «Мне хочацца паказаць у мастацкай і літаратурнай форме, як жылі, змагаліся, пакутавалі і паміралі нашы прадзеды і дзяды…» Далей ён піша: «Гэтая вялікая праца патрабуе шмат матэрыялаў, ведаў, працы, любоўнага цярпення, каб ажыццявіць хаця б збольшага задуманую велізарную працу. Для гэтага патрэбны не адзін год і не два, а можа быць цэлае жыццё! Трэба аддаць шмат гадоў упартай і сістэматычнай працы, зусім пазбаўленай усякіх матэрыяльных і карыслівых падахвочванняў».
У альбоме вялізная колькасць ілюстрацый, заставак, выкананых акварэллю і тушшу. Ёсць устаўленыя аркушы з малюнкамі, асабліва дарагі нам твор «Магілёўскае Брацтва» з выглядам Богаяўленскага храма. Рыгор Пархоменка шырока выкарыстоўвае ў часопісе малюнкі бацькі. Аднак да лета 1940 года Фёдара Рыгоравіча Пархоменкі, відаць, ужо не было ў жывых. На адным з лістоў альбома Рыгор адлюстраваў манахромна ў чорным колеры партрэт пажылога мастака за мальбертам на фоне цярноўніку і чорнага вэлюму — уяўляецца, што гэта пасмяротны партрэт бацькі мастака, ніжэй на аркушы — пышны букет півонь у вазе — прынашэнне старому майстру ад сына. Гэта адзіная вядомая нам партрэтная выява Фёдара Пархоменкі. Рыгору тады было каля 35 гадоў. Ён актыўна ўдзельнічаў у выставачнай дзейнасці, у прыватнасці ва Усесаюзнай выставе абароны СССР у Маскве ў1940-м.
У фондах Музея захоўваюцца чатыры акварэльныя аркушы з гэтай выставы з пячаткамі Упраўлення па справах мастацтваў пры СМ БССР І Фонду Рэспубліканскага Дома народнай творчасці Беларусі (Дом народнай творчасці пры МААМ быў створаны ў 1940 годзе ў Магілёве); «Выезд на манеўры», «На агнявой пазіцыі», «Батарэя на агнявой пазіцыі», «Вясёлая хвілінка» (усе — 1940). Прадстаўлены сюжэты, якія ілюструюць ваенныя будні, адпачынак чырвонаармейцаў. Асабліва ўдалай бачыцца першая з прац — «Выезд на манеўры». Добра прадумана кампазіцыя аркуша, прадэманстраваны ўпэўнены малюнак І лёгкая акварэльная манера, выдатна перададзены жывы склад коней. Усё сведчыць пра добрую мастацкую падрыхтоўку Рыгора Пархоменкі І пра веданне будняў вайскоўцаў. Нездарма ў дзённіку ён піша: «Два гады 1936—1937 я правёў у лагерах Чырвонага Урочышча і Уручча пад Мінскам». Апошняя вядомая нам падпісаная і датаваная праца Рыгора Фёдаравіча Пархоменкі — «Ратуша ў Магілёве. 26 чэрвеня 1941 г.». Дата гаворыць пра многае. Далейшы лёс мастака невядомы.