Дуктаў, У. Слова пісьменніка – важкае / Уладзiмiр Дуктаў // Магілёўскія ведамасці. — 2011. — 15 февраля. — С. 11.
Абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» правяло напрыканцы студзеня свой справаздачна-выбарны сход.
На Магілёўшчыне сёння тры дзесяткі аўтараў з гонарам носяць у кішэні білет гэтага творчага аб’яднання.
За пяць гадоў, пройдзеных з часу стварэння абласной творчай суполкі, праведзена пэўная работа па прапагандзе творчасці як класікаў беларускай літаратуры, так і сучасных пісьменнікаў. Ажыццеўлены мерапрыемствы ў гонар 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 200-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вікенція Дуніна-Марцінкевіча, 95-годдзя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Падзеямі грамадскага жыцця сталі юбілеі членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Пехцерава, Ніны Кавалёвай, Мікалая Падабеда, Мікалая Салаўцова, Віктара Кунцэвіча і г.д.
Шмат увагі надаецца падрыхтоўцы літаратурнай змены. Для тых, хто пачынае пісаць, праводзяцца літаратурныя конкурсы. Праходзілі яны і ў межах літаратурных Сіманаўскіх чытанняў. Аказваецца пастаянная творчая дапамога літаратурным аб’яднанням, гурткам. Да гэтай справы далучаны сталыя пісьменнікі. Напрыклад, празаік Мікола Падабед чатыры гады вёў гурток «Юны карэспандэнт і літаратар» у гімназіі №1 г.п.Бялынічы, паэт Мікола Салаўцоў больш за пяць гадоў кіруе гуртком «Юны журналіст і літаратар» пры Доме дзіцячай творчасці ў г. Чавусы. Ахвотна і плённа дапамагаюць пачаткоўцам пісьменнікі Іван Пехцераў, Аляксандр Церахаў, Мікола Мінчанка, Аляксандр Казека, Уладзіслаў Кавалёў і іншыя.
Пісьменнікі сустракаюцца з чытачамі, выступаюць ва ўстановах культуры, адукацыі і па месцы жыхарства.
Паэты, празаікі і публіцысты змяшчаюць свае творы ў рэспубліканскім перыядычным друку. Выдадзены шэраг цікавых кніг. Пісьменніцкае аддзяленне дапамагло атрымаць спонсарскую дапамогу на іх выданне Міколу Падабеду, Міхаілу Уласенку, Міколу Салаўцову, Івану Пехцераву і іншым аўтарам.
За апошнія пяць год здзейснены выпуск чатырох нумароў (з другога па пяты ўключна) абласнога альманаха «Магілёўскі пошукавы веснік». Кіруе гэтай важнай выдавецкай і патрыятычнай справай Мікола Барысенка. Актыўна ўдзельнічаюць у гэтай працы Мікола Хобатаў, Аляксей Кажамяка і іншыя пісьменнікі.
У 2008 годзе да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выйшла з друку кніга нарысаў крычаўскага аўтара Аляксандра Балдоўскага «Ветэраны. Перамаглі ворага і разруху». Кніга гэта пра землякоў, якія мужна змагаліся за вызваленне і адраджэнне Крычаўшчыны. Летась выйшла другая кніга нарысаў «Ветэраны» празаіка Аляксандра Балдоўскага. У 2009 годзе да 65-га юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў убачыла свет кніга нарысаў Мікалая Барысенкі «Вызваленне: ад Хоцімска да Магілёва і Бабруйска /верасень 1943 года — чэрвень 1944 года/». Дзве цікавыя кнігі выдаў быхаўчанін Мікола Леўчанка: пра ветэранаў-землякоў кніга нарысаў «Урокі мужнасці» і кніга нарысаў «Непраходзячы боль» пра землякоў — інвалідаў дзяцінства ў сувязі з Вялікай Айчыннай вайной і малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Вялікую цікавасць у бабруйчан выклікалі кнігі нарысаў і мастацкай прозы земляка Мікалая Давідовіча «Я выбіраю Бабруйск» і «Вугал зроку». Да значных спраў можна аднесці выпуск у 2009 годзе літаратурнага альманаха «Прыдняпроўе — маё натхненне». Прымае ўдзел наша пісьменніцкае аддзяленне і ў рэспубліканскіх літаратурных конкурсах. Празаік з г.п. Бялынічы Мікалай Падабед стаў лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2008 года» ў намінацыі «Сатыра і гумар» за кнігу «Мільён за ўсмешку». Заснаваны літаратурныя прэміі абласнога пісьменніцкага аддзялення. Названы першыя лаўрэаты. Імі сталі: за кнігу паэзіі «Окно во все времена» — Іван Пехцераў, за кнігу прозы «Святая память» — Аляксандр Церахаў, за кнігу для дзяцей «Адмыслоўцы» — Васіль Рагаўцоў.
Пісьменнікі не могуць задаволіцца дасягнутым. Аб гэтым адкрыта і востра яны казалі на сходзе, прапаноўвалі шырэй прапагандаваць кнігі мясцовых аўтараў праз прэзентацыі, аўтарскія вечарыны. Больш выкарыстоўваць для гэтага сродкі масавай інфармацыі. Часцей павінны бачыць нашых аўтараў чытачы ў працоўных калектывах, бібліятэках і навучальных установах вобласці. Узмоцніцца праца з маладымі літаратарамі, будуць часцей наладжвацца конкурсы і творчая вучоба.
Для кіраўніцтва літаратурнымі справамі абраны савет аддзялення, разам са старшынёй у яго ўваходзяць цяпер пісьменнікі Мікола Барысенка, Васіль Рагаўцоў, Аляксандр Церахаў і Мікола Хобатаў.