Кухарава, А. Ніколі не сумнявайцеся ў сваіх магчымасцях / Алёна Кухарава // Веснік Магілёва. — 2023. — 15 ноября. — С. 11.
Як гэта, быць маладым спецыялістам на вялізным прадпрыемстве з тысячамі супрацоўнікаў? Напэўна, няпроста. Кожны дзень Яне Сініцкай, юрысконсульту ААТ «Магілёўліфтмаш», даводзіцца камунікаваць з рознымі людзьмі. А таксама вырашаць безліч разнастайных пытанняў і змагацца з прафесійнымі выклікамі. Недасведчанаму чалавеку прафесія Яны можа падацца нуднай. Але наша гераіня паспяхова абвяргае стэрэатыпы і шчыра ганарыцца тым, што працуе менавіта на гэтым прадпрыемстве.
Надзвычай прадуманая і лагічная, сур’ёзная і мэтаскіраваная. А яшчэ вельмі творчая і рознабаковая. Яна нарадзілася ў Магілёве. I яшчэ ў школе ведала, з чым звяжа сваю будучыню.
— Вучылася я ў МДУ імя Куляшова на факультэце эканомікі і права, на спецыяльнасці «правазнаўства». Атрымала кваліфікацыю «юрыст», — расказвае Яна Сініцкая. — На ААТ «Магілёўліфтмаш» працую з сакавіка 2022 года на пасадзе юрысконсульта. Шмат у каго з тых, хто звязаў сваё жыццё з правазнаўствам, успаміны звязаныя з тым, як у дзяцінстве яны глядзелі серыялы «Глухар», «Мухтар» і падобныя. I гэта натхніла іх на выбар прафесіі. А мая гісторыя крыху іншая. Мой выбар склаўся з многіх фактараў: тэмперамента, характара, маіх захапленняў. Я люблю шукаць інфармацыю, «дакопвацца» да ісціны. Люблю ў спрэчках абапірацца на аргументы і падмацоўваць свой пункт гледжання фактамі. Родныя падтрымліваюць любы мой выбар, таму ў выбары прафесіі таксама падтрымалі. Яшчэ ў класе, напэўна, восьмым, ведала, што звяжу жыццё з правазнаўствам. У 10 класе паступіла ў юрыдычны клас — тады прафарыентацыйныя класы толькі набіралі абароты. Паглыблена вывучала грамадазнаўства, ангельскую і рускую мовы.
Аднак, як бы лагічна ні выглядаў жыццёвы план Яны, месца будучай працы да апошняга курса для яе самой заставалася таямніцай. I толькі за некалькі месяцаў да размеркавання наша гераіня даведалася, што яе чакаюць на Ліфтмашы.
А значыць, на адным з асноўных прадпрыемстваў роднага горада.
— Размеркаванне менавіта на завод ліфтавага машынабудавання атрымала, можна сказаць, выпадкова. На этапе падрыхтоўкі заяўкі мяне выбралі ў якасьці перспектыўнага кандыдата на гэтую пасаду. Аформіла ўсе патрэбныя дакументы і ў выніку патрапіла працаваць па размеркаванні менавіта сюды. Як студэнтка я найперш радавалася, што застаюся працаваць у родным горадзе. Пра завод я ведала мала. Пісала дыплом, рыхтавалася да здачы дзяржаўных экзаменаў, таму палягчэння не адчула. Тым больш, што працаваць тут я пачала яшчэ да размеркавання.
Першы працоўны дзень для Яны выдаўся супярэчлівым. 3 аднаго боку, прафесійныя задачы вырашаць не давялося. Але вось адчуць сябе часткай вялікага прадпрыемства атрымалася. Вакол віравала жыццё, але нашай гераіні не далі ў ім згубіцца.
— У нас на прадпрыемстве прадугледжана паўгадовая стажыроўка для маладых спецыялістаў. Мы наведвалі тэарэтычныя лекцыі, вывучалі асаблівасці функцыянавання прадпрыемства, а напрыканцы для нас правялі экскурсію па ўсім заводзе. Гэта было вельмі цікава. Таксама па сістэме стажыроўкі за мной быў замацаваны настаўнік, які дапамагаў уключыцца ў работу, вучыў і падказваў. Дэталёва першы працоўны дзень не ўзгадаю. Але найбольшай цяжкасцю было, напэўна, азнаямленне са спецыфікай працы, вялікім аб’ёмам новай інфармацыі. Я не адразу ўключылася ў працу — першым этапам было знаёмства з асновамі, базай. Калі мае кіраўнікі бачылі, што я гатовая самастойна выконваць заданне, мне яго даручалі. Паступова ўзровень прафесійнай адказнасці ўзрастаў.
Калі ўяўляеш маладую дзяўчыну, якая толькі-толькі прыйшла на першае месца працы, разумееш, што без чалавечай падтрымкі, цёплага стаўлення калектыва не абыйсціся. Аднак лагічна ўзнікае пытанне пра жыццёвыя рэчы: жыллё, матэрыяльную падтрымку.
— Як малады спецыяліст я атрымала ўсе агульнадзяржаўныя выплаты, а таксама бонусы, прапісаныя ў Калектыўнай дамове прадпрыемства. Яшчэ адзін плюс для маладога спецыяліста на Ліфтмашы — у працоўны стаж уключаюцца гады навучання ва ўніверсітэце. Таксама з першых дзён новага супрацоўніка ўключаюць у грамадскае жыццё завода, прапануюць яму ўдзел у розных мерапрыемствах, грамадскіх аб’яднаннях, спартыўных секцыях. Таму расслабіцца пасля працы, знайсці сваю аддушыну маладому спецыялісту дакладна ёсць дзе. А вось інтэрнат мне не спатрэбіўся, бо я сама з Магілёва. Тым жа, каму жыллё неабходнае, прадпрыемства імкнецца дапамагчы.
Сёння Яна Сініцкая — паўнапраўны член калектыва. Са сваімі абавязкамі і адказнасцю. А яны ў маладога спецыяліста сур’ёзныя. Простаму чалавеку цяжка зразумець спецыфіку працы юрысконсульта, а вось наша гераіня авалодала ёй дасканала.
— Мае асноўныя абавязкі — удзел у падрыхтоўцы і распрапроўцы праектных дагавораў з контрагентамі і ўсімі структурнымі падраздзяленнямі, праверка гэтых дагавораў на адпаведнасць заканадаўству, візіраванне. Таксама вядзенне прэтэнзійна-іскавай работы, прававая дапамога структурным падраздзяленням і прадстаўленне інтарэсаў нашага прадпрыемства ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях. Даводзіцца камунікаваць з вялікай колькасцю людзей, для кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход, кампраміс. У нас цудоўны калектыў, чулы, калегі заўсёды падтрымаюць, дапамогуць. Але ўсё роўна я жывы чалавек і, вядома, хвалююся, адчуваю адказнасць.
Але не спяшайцеся думаць, што Яна — дзяўчына выключна сур’ёзная і сканцэнтраваная на працы. Гэта зусім не так. Наша гераіня не толькі прыемная і ўсмешлівая суразмоўніца, але і надзвычай творчая асоба з унікальнымі захапленнямі.
— Я чалавек розных фарматаў, у мяне рознабаковыя хобі. Захапляюся ілюстрыраваннем, раблю кніжныя ілюстрацыі, малюю паштоўкі. Да гэтага проста захаплялася маляваннем. Люблю фатаграфаваць, а пасля апрацоўваць фотаздымкі. Сярод захапленняў і музыка. А нядаўна зацікавілася кіналогіяй, вывучаю псіхалогію паводзін сабак, як чалавеку з імі ўзаемадзейнічаць. Цяпер у мяне ёсць шчанюк Кінай, з якім хачу паспрабаваць спартыўную падрыхтоўку сабак, удзельнічаць у спаборніцтвах.
Напрыканцы сустрэчы запыталі ў Яны, што для яе значыць працаваць на вядомым далёка за межамі Беларусі, унікальным для нашай краіны прадпрыемстве.
— Для мяне адчуваць сябе часткай вялізнага калектыву Ліфтмаша — гэта не ведаць многіх людзей, з кім даводзіцца ўзаемадзейнічаць, — усміхаецца малады спецыяліст. — Толькі маладых супрацоўнікаў у нас больш за 600. Але заўважыла такую асаблівасць: калі заходжу ў ліфт у новым месцы, звяртаю ўвагу, на якім прадпрыемстве ён зроблены. I калі бачу наш лагатып, заўсёды становіцца прыемна, што я працую менавіта тут.