Інклюзія ў дзеянні

Сінькевіч, Г. Інклюзія ў дзеянні / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2023. — 15 снежня. — С. 17.

Інклюзію не на словах, а на справе рэалізуюць у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова-тэхналагічным каледжы. Адукацыйны працэс у гэтай установе ажыццяўляюць па прынцыпе “роўныя правы і роўныя магчымасці для кожнага вучня”.

Два з паловай дзесяцігоддзі назад у МДЭПТК упершыню ў краіне адкрыўся цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Установа стала наватарам, бо да гэтага мэтанакіраваная адукацыйная работа ў гэтым кірунку не вялася. Педагагічны калектыў каледжа распрацаваў спецыяльныя планы і праграмы для навучання дзяцей з інваліднасцю.

— Мы сталі першай установай адукацыі, дзе быў створаны цэнтр рэабілітацыі, пачала ўкараняцца інклюзія. Сёння ў нас вучацца 177 дзяцей з асаблівасцямі. Прытрымліваемся меркавання, што дыягназ — гэта не прысуд. Калі ўрачы даюць дазвол, любое дзіця павінна мець магчымасць атрымаць якасную прафесійную адукацыю. Нашы педагогі дапамагаюць асаблівым навучэнцам паверыць у сябе, адчуць сваю значнасць і патрэбнасць. Многія навучэнцы з АПФР праяўляюцца ў творчасці, з’яўляюцца старастамі груп, лепшымі ў сваёй прафесіі, — паведаміў дырэктар Алег Бахановіч.

Зараз у цэнтры рэабілітацыі пры каледжы вядзецца падрыхтоўка дзяцей з асаблівасцямі па прафесіях швачкі, сталяра, абутніка па рамонце абутку, цесляра, рабочага зялёнага будаўніцтва, агародніка. Акрамя таго, дзецям з АПФР даступна навучанне па ўсіх наяўных спецыяльнасцях у інтэграваных і інклюзіўных групах. Для гэтага ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе: усталяваны пандусы, ліфты, тактыльная плітка, спецыяльныя поручні. Не так даўно тут пайшлі далей — арганізавалі дыстанцыйнае навучанне для асаблівых дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.

У каледжы асаблівыя хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць не толькі прафесію, але і медыцынскую дапамогу: ва ўстанове ёсць уласны медблок. Да таго ж навучэнцам з асаблівасцямі аказваецца сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне, з імі праводзіцца выхаваўчая работа. Дзеціз АПФР рэгулярна наведваюць заняткі па духоўна-маральным і ваенна-патрыятычным выхаванні, далучаюцца да спартыўных і масавых мерапрыемстваў, займаюцца на факультатывах і ў гуртках, удзельнічаюць у трэнінгах па фарміраванні жыццёвых навыкаў.

Павышаная ўвага і індывідуальны падыход педагогаў да навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця дазваляюць дасягаць іх асобаснага і прафесійнага станаўлення. За 25 гадоў са сцен каледжа выпусцілася 2,5 тысячы маладых людзей з АПФР. Звыш 80% асаблівых выпускнікоў працуюць па на-бытых спецыяльнасцях.

Вопыт арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу для дзяцей з асаблівасцямі развіцця эканамічны каледж прадэманстраваў на ўрачыстасці, прымеркаванай да Міжнароднага дня інвалідаў. На экскурсіі і адкрытыя заняткі завіталі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын і іншыя. Падчас пасяджэння яны адзначылі шэраг педагагічных работнікаў ганаровымі граматамі і падзякамі за шматгадовую плённую працу.

— У свой час у эканамічным каледжы былі распрацаваны перадавыя методыкі работы з дзецьмі з функцыянальнымі парушэннямі і інваліднасцю, якія падштурхнулі да стварэння адпаведнай нарматыўна-прававой базы. Сотні выпускнікоў, сотні цікавых лёсаў, многія навучэнцы гэтай установы сталі сёння знакамітымі, многія проста працуюць, атрымліваюць зарплату і ствараюць сем’і. Гэта самы галоўны вынік: нягледзячы на свае асаблівасці, маладыя людзі адаптаваліся да рэальных умоў жыцця, — адзначыў Валерый Малашка.

— Калектыў каледжа зрабіў вялікую справу. Гэтая навучальная ўстанова стала пляцоўкай, дзе дзеці з асаблівасцямі знаходзяць сваю жыццёвую дарогу. I няхай не кожнае з іх стане прафесіяналам, але ўсе становяцца патрэбнымі грамадству, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Сваімі напрацоўкамі МДЭПТК пастаянна дзеліцца з калегамі. Як вынік — па прыкладзе эканамічнага каледжа работа з дзецьмі з АПФР праводзіцца ва ўстановах адукацыі па ўсёй краіне.

— У будучыні будзем удасканальваць работу па прафесійнай падрыхтоўцы дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Пакуль дыстанцыйнае навучанне ажыццяўляем толькі па дзвюх спецыяльнасцях, у планах — істотна пашырыць пералік. Мы перакананы: наборы 6удуць выконвацца, бо ў нашага каледжа станоўчы імідж. На працягу 25 гадоў мы адзіныя ў рэгіёне пераможцы ў сістэме прафесійнай адукацыі, 15 разоў траплялі на абласную і двойчы на рэспубліканскую Дошку гонару, неаднаразова адзначаліся як лепшыя ў краіне па прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, — заўважыў Алег Бахановіч. — Такі аўтарытэт працуе як прафарыентацыя: каледж ведаюць, цэняць і паважаюць людзі, якія вучыліся, вучацца і яшчэ будуць у нас вучыцца.