Васілеўскі, П. Мастацтва — справа не толькі мастакоўская / Пётра Васілеўскі // Мастацтва. — 2024. — № 1. — С. 12—13.
Летась Беларускі саюз мастакоў адзначаў 85-гадовы юбілей, і ўсё культурніцкія акцыі, якія ладзіў Саюз у 2023-м, у большай ці меншай ступені адпавядалі святочнаму кантэксту. Не выключэнне і выстава «Высокае неба Прыдняпроўя», што адкрылася ў Магілёве напрыканцы снежня ў Музеі імя Паўла Масленікава. Яна прысвечана 50-годдзю утварэння абласной арганізацыі творчага саюза. Безумоўна, мастакі-адмыслоўцы і досыць выразнае, з рэгіянальнымі адметнасцямі, мастацтва былі на прыдняпроўскай зямлі і раней, але так здарылася, што творчы прафсаюз склаўся тут толькі ў 1973 годзе.
50 гадоў супольнай працы — гэта нешта большае, чым простае падсумаванне канкрэтных дасягненняў канкрэтных асоб, якім выпала працаваць пад адным «дахам», быць, паводле збегу абставін, чальцамі абласной арганізацыі БСМ. Тут мы маем выпадах, калі шэраг жыццяпісаў пры спалучэнні становяцца Гісторыяй — менавіта з вялікай літары.
Выстава, прымеркаваная да юбілею, уяўляе сабою рэтраспектыву, якая дае досыць аб’ектыўную карціну эстэтычных і сэнсавых прыярытэтаў у творчасці мастакоў некалькіх пакаленняў. Іменна ў гэтым яе каштоўнасць. Гэта як сямейны альбом гартаць: нібыта ўсё знаёмае, а вось глядзіш на старыя, падзабытыя фотаздымкі — і сэрца адгукаецца нечаканымі, зноў жа падзабытымі эмоцыямі. Гэткая правакацыя настальгіі.
А калі з прагматычнага гледзішча, дык экспазіцыя адлюстроўвае сучасны стан мастацтва прыдняпроўскага рэгіёна і дае разуменне, ад якога грунту нам адштурхоўвацца, каб ісці далей. Нам — гэта не толькі магілёўцам, але беларускім мастакам увогуле, бо тое, што я пабачыў гэтым разам у Магілёве, не надта адрозніваецца ад падобных рэтраспектыўу іншых гарадах нашай краіны. 3 Мінскам уключна.
Можна было б і не называць канкрэтных прозвішчаў, бо гэта не рэцэнзаванне работ, прадстаўленых на нейкі конкурс, — гэта ўжо здабытак гісторыі, а гісторыю трэба прымаць такой, якая яна ёсць. Да таго ж, паводле законаў жанру, чым шырэйшая і глыбейшая рэтраспектыва, тым лепей.
Прычым у гістарычным кантэксце нечаканымі фарбамі можа заззяць твор калісьці незаўважаны і недаацэнены. Але для тых, хто хацеў бы наведаць выставу і загадзя ведаць, з чым сустрэнецца, я згадаю некалькі імёнаў. Жывапісцы Аляксандр Шкляр, Барыс Первунскіх, Галіна Конанава, Васіль Камароў, Марыя Таболіч, Юрый Несцярук. Графікі Ларыса Журавовіч, Уладзімір Самачэрнаў. Скульптары Антон Ціханавец, Карней Аляксееў, Андрэй Вераб’ёў, Уладзімір Пахаўцоў, Уладзімір Конанаў. Мастак-кераміст Валерый Калтыгін. Гэта да прыкладу. Шэраг жа можна доўжыць, бо астатняе не менш вартае.
Яшчэ адным цікавым уражаннем ад згаданай вандроўкі ў Магілёў стала наведванне прыватнай мастацкай галерэі, што месціцца на мяжы гістарычнага цэнтра горада і, відавочна,з’яўляецца важным складнікам культурніцкага абшару Магілёва і вобласці. Гэта перабудаваны гараж. Вонкавы выгляд брутальны, а інтэр’еры вельмі ўтульныя. Трансфармацыя прамысловых аб’ектаў, што страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне, у культурніцкія ўстановы — сучасны архітэктурны брэнд. Вось і Магілёў закранула гэтая з’ява. Уладальнік галерэі — прадпрымальнік, а да сферы мастацтва прычыніўся дзеля ўшанавання свайго бацькі Мікалая Маўчанава (1933 —1993). Той аддаў жыццё ваеннай авіяцыі. А як выйшаў на пенсію — заняўся жывапісам. I дальбог, дасягнуў такога ўзроўню, што ягоныя краявіды могуць канкурыраваць з работамі дыпламаваных прафесіяналаў. Сын знайшоў грошы на выданне альбома твораў бацькі і стварыў галерэю, частку прасторы якой гэтыя творы займаюць. Астатняя плошча пад зменнымі экспазіцыямі. Гаспадар галерэі шчыльна супрацоўнічае па культурніцкіх справах і з мясцовай ўладай, і з магілёўскай філіяй Беларускага саюза мастакоў.
Добра, калі мастацтва — справа не толькі мастакоўская.