Музыка на кончыках пальцаў

Зігуля, Н. Музыка на кончыках пальцаў / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 16 сакавіка. — С. 12. 

Два дні музыкі, рэпетыцый, майстар-класаў праляцелі як адно імгненне. Аркестры народных інструментаў перажылі сапраўднае вясновае ўзрушэнне. У Магілёў прыехалі вядомыя дырыжоры Беларусі і Расіі. Юныя аркестранты пазашкольных, сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў мастацтваў, а таксама іх педагогі атрымалі неацэнныя веды і самі паказалі, на што здольныя. У анлайн-конкурсе, арганізаваным у рамках Форуму, узялі ўдзел каля 60 калектываў з розных абласцей Беларусі і Расіі. Форум дырыжораў выклікаў вялікі ажыятаж у культурным асяроддзі і даказаў, што вельмі патрэбны для развіцця музыкі.


Дзяніс Чарта і заслужаны артыст Расіі Міхаіл Тоцкі на Гранд-канцэрце

Дзяніс Чарта і заслужаны артыст Расіі Міхаіл Тоцкі на Гранд-канцэрце

Народны здабытак

Форум дырыжораў у Магілёве з’явіўся невыпадкова. Тут закладзены добрыя аркестравыя традыцыі і існуе адзіны ў краіне заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь аркестр народных інструментаў імя Л. Іванова. Леанід Іваноў, які стварыў гэты калектыў і адразу ж даў яму высокі старт, — чалавек-легенда ў музычным свеце. Яго выхаванцы сёння з’яўляюцца прафесарамі прэстыжных расійскіх ВНУ мастацтваў і вельмі падтрымліваюць гэты Форум, у тым ліку і сваёй прысутнасцю на ім.

Кандыдат педагагічных навук, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры і Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава Віктар Акуловіч — адзін з вучняў Леаніда Іванова.

Маэстра ўспамінаў, наколькі неверагодна харызматычным быў яго педагог.

— Культуру рухаюць 5-7 працэнтаў тых людзей, якія працуюць у гэтым жанры, — разважае Віктар Акуловіч. — У іх ёсць ідэі, энергетыка, вакол іх аб’ядноўваюцца іншыя. У Японіі ёсць званне «Нацыянальны здабытак». Яно прысуджаецца тым, хто працуе з народным мастацтвам. Я двойчы быў са сваім калектывам у Японіі і добра ведаю, як там падтрымліваюць нацыянальную культуру. Дзяржава лічыць, што гэта менавіта тая культура, якая павінна ўзрасціць нацыю. У Леаніда Іванова былі ўсе складальнікі: адданасць нацыянальнай музыцы, талент, абаянне. Я помню і тую жалезную дысцыпліну, якая існавала на яго рэпетыцыях. Патрабавальнасць, арганізаванасць, якія былі пры Леанідзе Іванове, прыносілі вынік. Тыя флюіды, якія я і мае калегі атрымалі ў Магілёўскім музычным вучылішчы і канкрэтна ад Леаніда Іванова, суправаджаюць нас усё жыццё. Побач са мной у Санкт-Пецярбургу працуе прафесар Аляксандр Абакшонак — чалавек, які таксама закончыў Магілёўскае музычнае вучылішча. Нашы найлепшыя часы жыцця звязаны з аркестрам Леаніда Іванова. Мая жонка — дамрыстка — таксама вучылася ў Іванова. І што мяне асабліва парадавала ў гэты мой прыезд — тая энергетыка, якая існавала пры маэстра, дагэтуль працуе. Анлайн-конкурс, які таксама быў прысвечаны Леаніду Іванову, паказаў высокі ўзровень майстэрства сярод паслядоўнікаў вялікага майстра.

Людзі, якія рухаюць музыку

Віктар Акуловіч, Уладзімір Шкуроўскі, Міхаіл Тоцкі, Яўген Алешнікаў, Дзмітрый Базанаў, Віктар Валатковіч — гэта імёны з сусветным гучаннем. Для кожнага музыканта вельмі ганарова пабываць на іх майстар-класах, канцэртах.

— Да нас прыехалі ганаровыя госці, прафесура з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Белгарада, Петразаводска — вакол іх мы ўсе і аб’яднаныя, — адзначыў мастацкі кіраўнік міжнароднага культурна-адукацыйнага Форуму дырыжораў, мастацкі кіраўнік, галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Л. Іванова Дзяніс Чарта. — Людзі прыехалі да нас не проста падырыжыраваць аркестрам, мы разам праводзім яшчэ і шмат адукацыйных мерапрыемстваў. Што датычыцца анлайн-конкурсу, то гэта вельмі добры стымулюючы момант. Удзельнікі рыхтуюць праграму, імкнуцца паказаць свае найлепшыя знаходкі. Гэта вялікі рост у адукацыйным плане. Сёлета падключылі да анлайн-конкурсу аркестры дзіцячых школ мастацтваў, дзіцячыя і педагагічныя калектывы. Дзякуючы Форуму развіваем і ўзмацняем нашу сферу. Ацэньваюцца праграма, узровень выканання, эмацыянальнае разуменне твора. Кожны дырыжор прадстаўляе свой калектыў, аркестр, рэгіён, а гэта новыя погляд, вопыт, школа.

Яркай падзеяй Форуму стаў Гранд-канцэрт, падчас якога аркестр народных інструментаў імя Л. Іванова выступаў пад кіраўніцтвам больш як 20 дырыжораў. Яму папярэднічала адкрытая рэпетыцыя, дзе можна было ўбачыць, як, вобразна кажучы, на кончыках пальцаў ствараецца ўнікальны музычны вобраз. У кожнага дырыжора свая энергетыка, свае думкі ў музыцы, свае эмоцыі і ўспрыманне. Для гледача гэта было вельмі незвычайнае відовішча.

Высокія старты

Форум праводзіўся ў Магілёве другі раз, і колькасць яго ўдзельнікаў, прыхільнікаў, гледачоў істотна павялічылася. І, як выказваліся паважаныя госці, ёсць усе прыкметы таго, што фестываль выйдзе на дзяржаўны ўзровень. Пакуль ён праводзіцца па ініцыятыве Магілёўскай філармоніі і Палаца культуры вобласці, пры падтрымцы ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага каледжа мастацтваў.

— Я быў сведкам зараджэння ідэі і ўдзельнікам першага Форуму, — кажа Віктар Акуловіч. — Мы шмат гэтую тэму абмяркоўвалі з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра Дзянісам Чартой. Гэта ён загарэўся ідэяй стварыць Форум пасля таго, як пабываў на парадзе дырыжораў аркестраў народных інструментаў у Белгарадзе. Калі мы размаўлялі пра магілёўскі фармат нашых сустрэч, ужо тады гучала думка, што адной з асаблівасцяў мерапрыемства павінен стаць адукацыйны складальнік.

Сёлета Гран-пры ў анлайн-конкурсе сярод дзіцячых аркестравых калектываў узяў аркестр Бабруйскай дзіцячай школы мастацтваў імя У. Алоўнікава. Яшчэ 25 калектываў адзначаны дыпломамі І—ІІІ ступеняў. Сярод педагагічных аркестравых калектываў 13 лаўрэатаў І—ІІ ступеняў. У катэгорыі аркестравых калектываў сярэдняй спецыяльнай адукацыі дыпломамі І—ІІІ ступеняў узнагароджаны 10 аркестраў рускіх народных інструментаў Беларусі і Расіі. І пяць дыпломаў І—ІІІ ступеняў былі ўручаны аркестрам беларускіх інструментаў. Гран-пры ў гэтай намінацыі атрымаў Віцебскі дзяржаўны музычны каледж пад кіраўніцтвам Сяргея Цімашэнкі. Адразу два дыпломы заваяваў Магілёўскі каледж мастацтваў, дзе праходзілі майстар-класы і іншыя мерапрыемствы Форуму. Дыпломам І ступені адзначаны народны аркестр народных рускіх інструментаў пад кіраўніцтвам Алены Цыганок і дыпломам ІІ ступені — народны аркестр народных беларускіх інструментаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Гаваркова.

— Усе ўдзельнікі сталі лаўрэатамі конкурсу, і гэта вельмі высокая адзнака, — лічыць кіраўнік народнага аркестра народных рускіх інструментаў Магілёўскага каледжа мастацтваў Алена Цыганок. — Калі на І Форуме былі яшчэ і дыпламанты, то цяпер высокі ўзровень прадэманстравалі ўсе. Гэта прагрэс. Аркестры прадстаўлялі музычныя каледжы з розных абласцей і Мінска. Былі дырыжоры з Магілёва, Мінска, Гродна, Віцебска, Наваполацка, Мазыра, Ліды, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Петразаводска, Белгарада, Стаўрапаля. З боку калег назіраўся вялікі інтарэс, патрэба ў зносінах. У нас на Магілёўшчыне вельмі высокія аркестравыя традыцыі. Мы глядзелі розныя дырыжорскія школы, абменьваліся рэпертуарам, нешта цікавае бралі на заметку. Народу было шмат. Форум вельмі цёпла ўспрымаўся публікай.

Аркестрам патрэбна навізна

Галоўны дырыжор Белгарадскага акадэмічнага рускага аркестра, прафесар кафедры музычнаінструментальнага выканальніцтва Белгарадскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў і культуры, прэзідэнт Асацыяцыі дырыжораў прафесійных аркестраў народных інструментаў, заслужаны работнік культуры Расіі Яўген Алешнікаў мае каласальны вопыт у рабоце з рознымі аркестрамі. Гэта па яго ініцыятыве ў Белгарадзе праводзіцца Усерасійскі парад дырыжораў аркестраў народных інструментаў, на які з’язджаюцца прафесіяналы з усіх куточкаў Расіі. І ён верыць, што ў магілёўскага Форуму дырыжораў вялікае будучае.

— Я ўпершыню на гэтым Форуме, але ў Магілёў прыязджаў гадоў 12 таму са сваім Белгарадскім акадэмічным рускім аркестрам на фестываль «Магілёўская вясна», — падзяліўся ён з карэспандэнтам «Звязды». — Калі Дзяніс Чарта быў у нас на парадзе дырыжораў, ён запрасіў мяне на Форум, і я з задавальненнем прыехаў. Вельмі добрая арганізацыя. Конкурс, які адбыўся паміж аркестрамі каледжаў, прадэманстраваў вельмі высокі ўзровень выканальніцтва і падрыхтоўкі. Цудоўныя калектывы. І тое, што тут праводзяцца майстар-класы мэтраў нашай дырыжорскай справы, вельмі важна. Форум не замыкаецца толькі на канцэртнай дзейнасці, хоць галоўным арганізатарам з’яўляецца філармонія. Каштоўна, што яна ўзаемадзейнічае з музычным каледжам, што сюды прыехалі дырыжоры вучэбных калектываў з усёй Беларусі.

Яшчэ адна перавага Форуму, пра якую казалі яго спікеры, — магчымасць абнавіць рэпертуар.

— На жаль, у нас у Расіі, напэўна, як і ў Беларусі, вельмі мала выдаецца партытур для аркестраў народных інструментаў, — адзначае Яўген Алешнікаў. — Гэта выдавецкая дзейнасць пасля развалу Савецкага Саюза практычна перарвалася. Гэтыя абавязкі на сябе ўзялі некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. У прыватнасці, Віктар Акуловіч выдае музыку Андрэя Пятрова, Яўгена Славінскага, Валерыя Гаўрыліна, іншых выдатных кампазітараў. Але гэта ўсё ж такі не ўсерасійская дзейнасць. Тыраж вельмі абмежаваны, такія партытуры не заўсёды трапляюць у крамы і разыходзяцца ў асноўным у Санкт-Пецярбургу і Маскве. Прычым нават там іх бывае цяжка набыць. Таму мы і цэнім такія сустрэчы, дзе ёсць магчымасць абмяняцца рэпертуарам.

Дарэчы, Форум дырыжораў папулярызуе таленавітых беларускіх аўтараў. На іх творы ў Расіі вялікі попыт.

— Знаходжуся на майстар-класе, а студэнтка прысылае эсэмэску з просьбай, каб я прывёз ёй творы беларускага кампазітара Генадзя Ермачэнкава, — заўважае Віктар Акуловіч. — Яна цымбалістка, вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце культуры, выказала жаданне ўзяць творы гэтага аўтара ў свой рэпертуар.

Дырыжоры просяць увагі

Мэта Форуму — папулярызацыя і развіццё аркестравага выканальніцтва ў Беларусі, узбагачэння нацыянальнай школы дырыжорскага майстэрства перадавым міжнародным досведам.

— Дырыжорскае мастацтва сёння наогул мае патрэбу ў вялікай увазе, — кажа дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова Магілёўскай філармоніі Алёна Фядзькова. — Хацелася б, каб аркестравае выканальніцтва развівалася. У нас мала прафесійных аркестравых калектываў. Таму спрабуем падтрымліваць сярэднія вучэбныя ўстановы, згуртаваць паміж сабой дырыжораў, каб была суполка, абмен вопытам.

Чаго не хапае, каб Магілёў стаў сталіцай аркестравага мастацтва? 

— Недахоп праекта толькі ў тым, што мы не можам сабраць аркестры, якія павінны тут выступіць, не можам запрасіць дырыжораў са сваімі аркестрамі, — тлумачыць Віктар Акуловіч. — Але гэта ўжо пытанне дзяржаўнае. Для праекта робіцца ўсё, каб ён выйшаў на дзяржаўны ўзровень. І тут паўстае пытанне фінансавання. Філармонія пашырыць рамкі не можа. Праект класны! Расіянам гэта цікава.

Прафесар кафедры аркестравага дырыжыравання Расійскай Акадэміі музыкі імя Гнесіных, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор рускага народнага аркестра гэтай ВНУ «Душа Расіі» Уладзімір Шкуроўскі падтрымлівае калегу.

— Форум вельмі цікавы і патрэбны, — кажа ён. — Яго адназначна трэба пашыраць. У нас існуе фестываль «Музыка Расіі», які сёлета будзе праводзіцца ўжо ў 21 раз. Да нас прыязджаюць аркестры з еўрапейскай часці Расіі, а летась падключыўся Барнаул. Удзельнікі прывозяць акадэмічную музыку сучасных кампазітараў, напісаных для рускага народнага аркестра. Гэта вельмі цікавы кірунак. Сучасная музыка і сучасныя кампазітары даюць новы штуршок гэтаму жанру. Той жа Аляксей Рыбнікаў пісаў, дарэчы, і для народных інструментаў. Ёсць музыка, якую ён напісаў у канцы 60-х, але яе не ігралі. Мы ўзялі яе ў свой рэпертуар і шчаслівыя: яна цудоўная. У мяне на магілёўскім Форуме дырыжораў адбыўся семінар, на які прыйшлі кіраўнікі аркестраў, дырыжоры, зацікаўленыя людзі. Іх цікавіла, якая ёсць новая музыка, якія імёны, што ўжо зроблена і што толькі будзе. І нам не хапіла часу, каб усё абмеркаваць. У Форуму вялікі патэнцыял.

Нэлі ЗІГУЛЯ