Лісты з фронту

Зігуля, Н. Лісты з фронту / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 11 мая. — С. 12.

Гэта гісторыя — яшчэ адзін прыклад таго, што каханне мацней за смерць. Тое, што яно існавала, пацвярджаюць лісты адэсітаў Раі Бардах і Іосі Цепера, ці, як ласкава называе яго любая, — Юзенькі. Сёння іх перапіска захоўваецца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Еўдакіма Раманава і духоўна-асветніцкім цэнтры імя Свяціцеля Георгія Каніскага Магілёўскай епархіі. Лісты можна было ўбачыць на выставах, прысвечаных 80-годдзю з Дня вызвалення Беларусі. А цяпер яшчэ і пачуць на сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра. 9 Мая ветэраны вайны змаглі прасякнуцца гэтай гісторыяй і ўспомніць ваенныя гады, якія вераломна разлучылі сыноў з бацькамі, сясцёр з братамі, любімых з любімымі. Як Раю і Юзіка. Заслужаны калектыў тэатра стварыў музычна-літаратурны праект па лістах гэтай сямейнай пары «Проста ты ўмела чакаць».


Нявыдуманая гісторыя

Яны толькі ажаніліся, наперадзе — вялікае і шчаслівае жыццё. Але ў яго ўрываецца вайна і ўсё мяняецца. Юзік ідзе на фронт, а Рая лічыць дні ў чаканні любага і піша лісты…

Некалькі гадоў таму загадчыку літаратурнай часткі тэатра Надзеі Валяевай-Дудкевіч трапіла на вочы публікацыя ў газеце. Гісторыя пра закаханых, якія захавалі пачуцці на адлегласці ва ўмовах смерці, уразіла і натхніла ўвасобіць яе ў сцэнічны праект. Надзея пазнаёмілася з аўтарам публікацыі і некалькі дзён правяла ў музеі, каб дасканала вывучыць змест лістоў.

…Рая і Юзік пабраліся шлюбам у красавіку 1941-га, у чэрвені малады чалавек скончыў механічны факультэт Адэскага індустрыяльнага інстытута, але дыплом атрымаць не паспеў — пачалася вайна. Трагедыя разлучыла ўлюбёных, але душой яны заставаліся разам. Юзік атрымліваў ад каханай часам па некалькі пяшчотных пасланняў за дзень. І сам кожную вольную хвіліну пісаў ёй. Каб лісты Раі не згубіліся на фронце, ён адпраўляў іх дадому бандэролямі. У Магілёў частка лістоў трапіла выпадкова. У 80-я гады вучні Магілёўскай сярэдняй школы № 30 (цяпер 4-я гімназія) звязаліся з героем па перапісцы. У школьным музеі знаходзілася экспазіцыя, прысвечаная 64-й стралковай дывізіі, у якой ваяваў Іося Цепер. І, мяркуючы па колькасці ўзнагарод, якія ён атрымаў на фронце, гэта быў чалавек неверагоднай мужнасці. Аб яго подзвігах сведчаць ордэн Чырвонай Зоркі, два ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Чырвонага Сцяга, медалі «За абарону Сталінграда», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй»… Малады чалавек быў перадавым назіральнікам артылерыі, тройчы атрымліваў раненні. Аднойчы перад наступленнем чырвонаармейцаў некалькі дзён прастаяў у ледзяной вадзе, назіраючы за нямецкімі пазіцыямі. Удзельнічаў у рукапашных баях пад Берлінам, браў рэйхстаг. У Адэсу да сваёй каханай Раі вярнуўся толькі ў 1947 годзе…

Ветэран хутка адгукнуўся і перадаў у школьны музей некаторыя свае лісты, у тым ліку тыя, якія датычыліся вызвалення Магілёва. Надзея Валяева-Дудкевіч знайшла на сайце «Подзвіг народа» прадстаўленне да ўзнагароджання Іосі Цепера, дзе гаворыцца, што «За добрае забеспячэнне разведкі ў паласе дзеяння пры фарсіраванні рэк Проня, Бася і Днепр, за асабіста праяўленую мужнасць і адвагу заслужвае ўрадавай узнагароды — ордэна Аляксандра Неўскага».

Музычна-літаратурны праект па лістах Раі і Юзіка «Проста ты ўмела чакаць» — першая рэжысёрская работа Надзеі Валяевай-Дудкевіч у тэатры.

Музычна-літаратурны праект па лістах Раі і Юзіка «Проста ты ўмела чакаць» — першая рэжысёрская работа Надзеі Валяевай-Дудкевіч у тэатры

Музычна-літаратурны праект па лістах Раі і Юзіка «Проста ты ўмела чакаць» — першая рэжысёрская работа Надзеі Валяевай-Дудкевіч у тэатры

І вельмі хвалюючая.

— Калі кіраўніцтва тэатра задумала пастаноўку да 80-годдзя вызвалення Беларусі, я вырашыла, што гісторыя Раі і Юзіка падыдзе як нельга лепш, — расказвае суразмоўніца. — У гэтых франтавых лістах шмат кахання і пяшчоты, а яшчэ — веры і надзеі. Мне падалося, што гэта сапраўдная сімфонія любові. У пастаноўцы прысутнічаюць драматычныя моманты — развітанне Раі і Юзіка перад адпраўкай на фронт, сцэны з салдатамі.

А яшчэ шмат хронікі, ваенных песень і вершаў, якія гучаць у выкананні артыстаў. Але галоўны акцэнт робіцца менавіта на лістах. Гэтай тонкай нітцы жыцця, якая спалучае два любячыя сэрцы. І на тых якасцях, якія загартоўвае любоў: ахвярнасці, гераізме, адвазе, якая, дарэчы, уласцівая ўсяму таму пакаленню герояў, што падарыла нам Перамогу.

Рая

Анастасія Чычына і Аляксандр Ільінскі добра падышлі на ролі Раі і Юзіка. Фота сапраўдных герояў няма, але па апісаннях Аляксандр нават знешне падобны на Іосю — хударлявы, не вельмі высокага росту.

На жаль, пра мірнае жыццё сужэнцаў мала што вядома. З вялікай колькасці лістоў, якія перадаў Іося Цепер у Магілёў, толькі адзін належыць Раі. Яна піша на фронт з эвакуацыі — з Новасібірска. Пра тое, што атрымала ад яго два лісты, паштоўку, тэлеграму да 1 мая ў двух экзэмплярах і грошы. Расказвае, як устроілася на заводзе, што ўмовы жыцця пасля ташкенцкай зямлянкі нашмат лепш. Што трэба яшчэ атрымаць картачкі, і пакуль яна сілкуецца сухарамі і праснакамі, якія прывезла з калгаса. І пра самае важнае — каханне да Юзіка.

Анастасія Чычына яшчэ падчас вучобы ў Магілёўскім каледжы мастацтваў увасобіла ў жыццё галоўную гераіню паэмы магілёўскага пісьменніка Алеся Казекі «Марыйка». Дзяўчыну, якая цудам пазбегла смерці ў карнай аперацыі ў Борках, дзе фашысты забілі некалькі тысяч мірных людзей. Анастасіі прыйшлося літаральна ўжыцца ў ролю. Марыйка перажыла жах, але яе выратавала любоў. Тая любоў крыху іншая, сусветных памераў, ахвяравальная.

У Марыйкі і Раі шмат агульнага. Яны ўмеюць трываць і чакаць.

— Вайна і Любоў — рэчы на першы погляд несумяшчальныя, — разважае Анастасія. — Але менавіта любоў дае магчымасць выжыць. Гісторыя Раі і Юзіка вельмі моцна мяне зачапіла. Вайна разлучае два любячыя сэрцы. І калі б не перапіска, яны не выжылі б. Закаханыя пішуць адно аднаму кожны дзень. І Юзік, калі вяртаецца, прызнаецца, што Рая выратавала яго тым, што ўмела чакаць як ніхто іншы.

Спектакль ідзе на малой сцэне. Перадаваць пачуцці, калі глядач літаральна дыхае на цябе, вельмі складана. Анастасія прызнаецца, што ёй дапамагалі і асабістыя ўспаміны.

— У маёй бабулі бацька не вярнуўся з фронту, — кажа яна. — Яе маці не верыла ў тое, што ён загінуў. Вельмі перажывала, захварэла і рана пайшла з жыцця. Перад смерцю папрасіла, каб каля яе магілы пакінулі пустое месца. Спадзявалася, што муж вернецца. Сем дзяцей засталіся сіротамі… Іх бацька не вярнуўся, ён загінуў пад Барысавам і пахаваны ў брацкай магіле. Пра гэта паведамілі маёй бабулі, калі яна спрабавала знайсці яго. Праўда, прозвішча яго на тым агульным помніку дагэтуль няма.

Дарэчы, Анастасіі сёлета 9 мая споўнілася 22 гады. Яна ўсміхаецца, што дзень нараджэння вызначыў яе амплуа па жыцці. Кажа, што кожнае 9 Мая задзейнічаная ў мерапрыемствах, звязаных з вайной і Перамогай. Сёлета выступала перад ветэранамі ў якасці Раі.

Юзік

Партнёр Анастасіі па сцэне Аляксандр не менш пагружаны ў падзеі ваенных гадоў. На яго погляд, такія ролі дапамагаюць прасякнуцца разуменнем, наколькі гэта страшна. На фронце жыццё ўспрымаецца вастрэй, чым на самай справе. У Магілёўскім драмтэатры Аляксандр Ільінскі зусім нядаўна, да гэтага працаваў у Гомельскім драмтэатры. І вайна для яго вельмі балючая тэма.

— Такія ролі няпростыя, прыходзіцца згадваць жыццёвыя моманты, родных, сваякоў, маці, — кажа ён. — Я яе даўно не бачыў. Сам родам з Украіны, маці жыве ў Крывым Рагу, чатыры гады не бачыліся. Для мяне такія ролі вельмі важныя. Патрыятызм перадаецца з малаком маці, ад сям’і. На Вялікай Айчыннай вайне прадзед ваяваў, загінуў у 1943 годзе. Гэта быў вельмі творчы і таленавіты чалавек. І спяваў, і на музычных інструментах іграў. Для прабабулі яго смерць была моцным узрушэннем.

Любоўная гісторыя Раі і Юзіка кранула Аляксандра тым, што яна працягвалася ў перапісцы. Малады чалавек нават пачаў пісаць лісты маці. І запэўнівае, што гэта яму больш падабаецца.

— Эсэмэскі, перапіска ў сацсетках — гэта не тое, — кажа ён. — Іншая справа, калі пішаш ліст ад рукі. У спектаклі героі пішуць, і гэта спярша было нязвыкла. Нават не ўспрымалася спачатку. Патрэбны асобны стан, паглыбленне ў самога сябе. І тады словы пачынаюць ліцца самі. Мне падзеі вайны вядомыя. Мне яе лягчэй уявіць. Адчуваю гэтыя моманты. Мой герой чалавек рамантычны, вельмі добры, светлы, шчыры.

І лісты гэта перадаюць. Асабліва запомнілася «Учора споўнілася роўна тры гады з твайго апошняга салодкага пацалунка і пячатка светлага і добрага засталася дагэтуль. Абдымаю цябе, твой Юзік». Лепш не прыдумаць. Вайна абвастрае пачуцці. У кожнага ваеннага чалавека ёсць адчуванне трывогі і словы, якія нараджаюцца ў такія моманты, вельмі праўдзівыя.

P. S.

Пра мірнае жыццё Раі і Юзіка амаль нічога не вядома. Пасля распаду Савецкага Саюза ў 90-я гады сям’я Іосі Цепера эмігрыравала ў Аўстралію. Там ён быў віцэ-прэзідэнтам Віктарыянскай асацыяцыі ветэранаў Другой сусветнай вайны з былога Савецкага Саюза. Памёр у 2013 годзе ва ўзросце 98 гадоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Магілёўскага драмтэатра