Рух наперад

Сінькевіч, Г. Рух наперад / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2024. — 2 жніўня. — С. 8.

Званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва» прысвоена дырэктару МДЭПТК Алегу Бахановічу

Дырэктару Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова­-тэхналагічнага каледжа Алегу Бахановічу прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва”. Высокую ўзнагароду Алег Адамавіч заслужыў шматлікімі стваральнымі здзяйсненнямі ў сферы прафесійнай адукацыі і значнымі дасягненнямі па грамадзянска-­патрыятычным і духоўна­-маральным выхаванні моладзі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пад кіраўніцтвам Алега Бахановіча МДЭПТК функцыянуе ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. За гэты час некалі непрыметная ўстанова ператварылася ў сапраўдны флагман адукацыйнай галіны рэгіёна і краіны.

— Калі ўзначальваў каледж, гэта было вучылішча ў стане, блізкім да закрыцця. Можна было развесці рукамі і нічога не рабіць. Але разам з калектывам мы выбралі шлях да станоўчых перамен, — падзяліўся Алег Адамавіч.

Арыенцір на адзіныя мэты, згуртаванасць і плённая праца прынеслі вынікі. Сёння эканамічны каледж — інавацыйны вучэбны комплекс, дзе ажыццяўляецца навучанне па 29 спецыяльнасцях. Тут ёсць усё неабходнае для якаснай адукацыі: сучасныя лабараторыі і камп’ютарныя класы, рэсурсныя цэнтры, спартыўна-аздараўленчы, культурна-бытавы, медыцынскі комплексы, два інтэрнаты, майстэрні, дзе штогод выпускаецца каля 1000 найменняў разнастайных вырабаў і многае іншае.

Асаблівая гордасць Алега Бахановіча тое, што МДЭПТК стаў піянерам укаранення інклюзіўнай адукацыі ў Беларусі. У 1997 годзе на базе каледжа быў створаны першы ў нашай краіне і на ўсёй постсавецкай прасторы Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, які дапамагае моладзі з абмежаванымі магчымасцямі знаходзіць сваё месца ў грамадстве.

Вялікую ўвагу дырэктар МДЭПТК удзя­ляе выхаванню маладога пакалення. Фарміраванне патрыятызму, прывіццё навучэнцам духоўна-маральных каштоўнасцей Алег Адамавіч лічыць першачарговай задачай. Па яго ініцыятыве пры каледжы быў адкрыты духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія, музейны комплекс “Спадчына роднага краю” і гісторыка-мастацкі комплекс “Магілёў — мой горад”.

— Сёння наш каледж — адна з самых паспяховых устаноў адукацыі краіны. Навучэнцы штогод атрымліваюць сотні дыпломаў на алімпіядах, творчых аглядах і спартыўных спаборніцтвах. МДЭПТК 26 гадоў запар з’яўляецца нязменным пераможцам абласнога працоўнага спаборніцтва, 16 разоў быў занесены на абласную і двойчы на рэс­публіканскую Дошку гонару, тройчы прызнаваўся лепшым па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў у беларускай сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — паведаміў Алег Бахановіч.

Нямала знакавых прафесійных перамог мае і сам Алег Адамавіч. Заслужаны работнік адукацыі ў розныя гады, ён быў узнагароджаны граматамі ўсіх органаў выканаўчай і заканадаўчай улады, медалём “За працоўныя заслугі”, ордэнам Святога благавернага царэвіча Дзімітрыя, які ўручаецца за выключ­ныя справы міласэрнасці. Надоечы да гэтага пераліку дабавілася званне ганаровага грамадзяніна Магілёва. За час існавання гэтага звання Алег Бахановіч стаў 33-м гараджанінам, які ўдастоены такой пашаны.

— Да ўласных узнагарод ніколі не імкнуўся. Для мяне галоўнае ў рабоце — дабрабыт педагогаў і навучэнцаў. Нават будучы пастаянна ў лідарах, важна не стаяць на месцы, не спыняцца ў развіцці. Сумесна з калектывам рэгулярна ставім новыя мэты, рухаемся наперад ва ўдасканаленні дзейнасці каледжа, — адзначыў Алег Бахановіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва А.А.БАХАНОВІЧА