Перакладчык Шэкспіра родам з Магілёва

Лешніца, К. Перакладчык Шэкспіра родам з Магілёва / Кастусь Лешніца // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 2 жніўня. — С. 10.

Нацыянальны паэт Англіі, адзін з лепшых драматургаў свету Уільям Шэкспір (1564 — 1616) — мастак слова, які прыцягвае чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў. Аўтар 38 п’ес, 154 санэтаў, 4 паэм, 3 эпітафій, ён быў і застаецца таксама і ў полі зроку і чытачоў, якія адкрываюць яго неўміручую творчую спадчыну ў перакладзе на свае родныя мовы. Уіяльма Шэкспіра перакладалі на беларускую мову Юрка Гаўрук, Віталь і Артур Вольскія, Кандрат Крапіва, Язэп Семяжон, Уладзімір Шахавец, Рыгор Барадулін і іншыя таленавітыя мастакі слова.
А яшчэ сярод ураджэнцаў Беларусі ёсць і перакладчыкі твораў класіка сусветнай літаратуры на польскую і рускую мову.


Фота: lib.ru

Фота: lib.ru

 …Адзін з малавядомых у гэтай кагорце — прадпрымальнік, рускі адвакат, паэт, музычны крытык і перакладчык Рыгор Анатольевіч Блох (1867 — 1927), які нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і ўрача Анатоля Іванавіча Блоха і Розы Мендэлеўны Трахтэнберг. Гімназію юнак закончыў ужо ў Вільні, дзе і жыў разам з бацькамі з 1870 года. Дарэчы, яшчэ ў гімназіі малады чалавек пачаў пісаць вершы. Крыху пазней друкаваў іх у «Вестнику Европы» і «Новостях».

Матэрыяльны статус сям’і дазволіў Рыгору закончыць юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, а таксама Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю па класу віяланчэлі. І пачаліся ў Блоха шуканні свайго месца ў жыцці. У свядомасці ўраджэнца Магілёва выбудоўваліся як быццам дзве дарогі — адна вяла да творчасці, другая падказвала шлях у прадпрымальніцтва, банкаўскай сферы. Спрачаліся, словам, муза і мамона…

У «Новостях» Рыгор Блох пачаў актыўна выступаць з арткуламі, рэцэнзіямі, карэспандэнцыямі пра музычнае жыццё Санкт-Пецярбурга, Расіі, пісаў пра кампазітараў, выканаўцаў… У хуткім часе стаў фактычным рэдактарам часопіса «Новости». На пачатку 1890х гадоў выдаў кнігу пра італьянскага і расійскага кампазітара Каваса (1775 — 1840), які адыграў важную ролю ў развіцці расійскай музычнай культуры. Легендарныя пастаноўкі XIX стагоддзя — гэта якраз оперы Кацярыно Альбертавіча Каваса «Святлана», «Іван Сусанін», «Дабрыня Нікіціч», балеты «Дон Кіхот», «Амур і Псіхея»… Кавас вызначаўся і прыязнымі чалавечымі якасцямі: ён сумленна прызнаў верхавенства оперы Глінкі «Іван Сусанін» над уласным творам, сам вывеў глінкаўскую оперу на сцэну…

І ўсё ж Рыгор Анатольевіч аддае перавагу прадпрымальніцтву. Уваходзіць у склад савета Санкт-Пецярбургскага міжнароднага камерцыйнага банка, становіцца членам праўлення некалькіх прамысловых і акцыянерных таварыстваў, якія мелі дачыненне да металургіі і судабудаўніцтва. У час Першай сусветнай вайны Рыгор Блох займаецца пастаўкамі для Чарнаморскага флота, уплывае на рэарганізацыю гэтага буйнага ваенна-марскога злучэння.

У 1918 годзе, ужо ў эміграцыі, Рыгор Блох актыўна вяртаецца да паэзіі. Праз некаторы час у Выбаргу выходзіць яго вершаваны зборнік «Стихотворения» (пад псеўданімам Т. Цюрсеў).

Скажи мне, вечный часовой,
Зачем, откуда ты?
— «Я искра Силы мировой,
Зарница девственно живой
Любви средь темноты».

Кругом лишь мрак, и нет любви,
И смертью живы мы!
— «В морях пролившейся крови
Мечту далекую лови,
Как свет в окне тюрьмы».
Мечта — обман, погаснет свет,
И все, что живо, прах!
— Кто знает счет предвечных лет?
Что было, будет или нет
В кружащихся мирах?»

Миры — бесцельная игра
Слепых, ненужных сил!
— «Пройдет земных ночей пора,
Безумец то, кто до утра
Свой факел погасил».

Скажи, куда же голос твой
Ведет из темноты?
— «Не кончен час сторожевой,
Я только вечный часовой
И смены жду, как ты».
(Верш «Два галасы»).

У час эміграцыі пісьменнік і бізнэсмен жыў у Францыі, у міхземнаморскім горадзе Ніца. Адна з славутых курортных мясцін Французскай Рэв’еры. За 30 кілометраў ад мяжы з Італіяй. У Ніцы заўжды пражывала вялікая руская калонія. У канцы 1920-х — каля пяці тысяч чалавек. Пра гэтую мясціну — апавяданне Уласа Дарашэвіча «Карнавал», вершы Вільгельма Кюхельбекера, Пятра Вяземскага («Край, любовь самой природы,/ Родина роскошных муз,/ Область браней и свободы,/Рабских и сердечных уз!»)… Рыгор Анатольевіч у Ніцы супрацоўнічае з гуртком «Да спасціжэння Расіі», выступае на яго пасяджэннях зрознымі дакладамі. Перакладае санеты, вершы Уіяльма Шэкспіра, Франчэска Петраркі. Разам з арыгінальнымі творамі Блоха яны будуць надрукаваны ў першым і адзіным пасмяротным зборніку твораў нашага земляка — «Вершы» (Парыж, 1928).

Пайшоў з жыцця Рыгор Блох 31 студзеня 1927 года. Пахаваны на Рускіх могілках Какад у Ніцы, якое ўзнікла яшчэ ў 1867 годзе. Другія па памерах рускія праваслаўныя могілкі ў Францыі, яны ў розныя гады далі апошні прытулак болей як 3000 рускіх. З пісьменнікаў тут пахаваны Георгій Адамовіч, Марк Алданаў, паэт і данскі казак Мікалай Альнікін, генерал-маёр Барыс Гартман, драматург і перакладчык Барыс Носік (дарэчы, яго маці, Рыва Самуілаўна Носік, родам са Смілавіч, што зусім паблізу ад Мінска, з мястэчка, якое выправіла ў вялікі свят легендарнага Хаіма Суціна)…

Засталіся арыгінальныя творы, засталіся пераклады з паэзіі класікаў… Няхай сабе і няшмат, затое яны гучаць і сёння, і сёння кладуцца на сардэчныя і душэўныя перажыванні…

Як і гэтыя радкі Петраркі ў перакладзе Рыгора Блоха: «В тени холмов, где некогда в земной/ Прекрасный образ душу ты одела,/ О ком, прервав покой тревожный тела,/ Пославший нас тоскует в тьме ночной,/ Летали мы в свободе мирной смело/ Всем смертным сладкой жизненной стезей,/ Не мысля для себя судьбы иной/ И нового жестокого удела./ Несчастны мы. Но все ж, хотя для нас/ Привольной прежней жизни свет погас,/ Теперь и смерть отрадной мыслью краше:/ Свершилась месть над тем, кто нас сгубил./ И под ярмом иных могучих сил/ Он связан цепью горшею, чем наша!»…

Кастусь Лешніца