Музыказнаўца з сусветнай славай

Сэрвач, Р. Музыказнаўца з сусветнай славай / Раман Сэрвач // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 2 жніўня. — С. 10.

Калі я яшчэ вучыўся ў вайсковым вучылішчы, часта зазіраў у кнігарню «Ваенная кніга», што месцілася паблізу нашага асноўнага вучэбнага корпуса. Не ведаючы чаму, але ці не адразу, з першага курса, мяне прываблі-вала паліца з кнігамі па гісторыі музыкі. Іх трапляла да нас не шмат. Але з таго часу болей як чатыры дзесяцігоддзі захоўваюцца ў хатняй бібліятэцы кнігі гісторыка музыкі Ігара Бэлзы, выданні серыі «Рускія і савецкія кам-пазітары»… Таямніцы музыкі, вобразы кампазітараў, славутых піяністаў прыцягвалі. За плячыма было вясковае жыццё і самае цьмянае ўяўленне пра сапраўдную музычную культуру, пра вялікіх музыкантаў, знакамітых дыры-жораў… З іншых выданняў тады патрапіла на вочы і кніга Льва Гінзбурга «Л. В’ётан». Што аўтар гэтага выдання з’яўляецца земляком, вядомым у Са-вецкім Саюзе і за яго межамі музыказнаўцам, я, зразумела, тады не ведаў.

Нарадзіўся Леў Саламонавіч Гінзбург у Магілёве (1907—1981). У 1931 годзе скончыў Маскоўскую кансерваторыю. Затым, праз шэсць гадоў, у 1937-м, — аспірантуру гэтай аўтарытэтнай навучальнай установы. Вучыўся прафесіі ў Сямёна Казалупава (1884—1961), сапраўды легендарнага музычнага педагога. Яшчэ ў дакастрычніцкі час ён быў салістам аркестра Вялікага тэатра. У 1911 годзе выйграў конкурс віяланчэлістаў у Маскве. У 1912—1916 гг. і за-тым у 1921—1922 гг. выкладаў у Саратаўскай кансерваторыі (і адначасова ў 1921—1922-я займаў пасаду дырэктара гэтай музычнай установы). У 1916—1920 гг. быў дырэктарам Кіеўскай кансерваторыі. А з 1922-га і да самай смерці, амаль сорак гадоў, Сямён Казалупаў — дырэктар Маскоўскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў — Мсціслаў Растраповіч, Святаслаў Кнушавіцкі, Фёдар Лузанаў, Валянцін Фейгін і іншыя выдатныя віяланчэлісты, скрыпачы.

…Леў Гінзбург у 1923—1943 гг. шмат выступаў як музыкант. Быў і салістам, і ансамблістам, і аркестрантам. Адначасова ў 1932—1935 гг. наш зямляк выкладае ў музычным вучылішчы пры Маскоўскай кансерваторыі. А ў 1936 годзе пачынае выкладчыцкую кар’еру па класе віяланчэлі Маскоўскай кансерваторыі.З 1939-га вядзе курсы гісторыі, тэорыі, методыкі смычковага мастацтва. З 1950 года — прафесар. У 1940-я Леў Саламонавіч пачынае працу над грунтоўным творчым праектам — «Гісторыя віяланчэльнага мастацтва» (усяго ў 1950—1978 гг. выйшлі чатыры тамы). І гэта прытым, што з-пад пяра магіляўчаніна выходзілі і іншыя кнігі: «Луіджы Бакерані і яго роля ў развіцці віяланчэльнага мастацтва» (1938), «Ф. Лаўб» (1951), «А. А. Брандукоў» (1951), «Гануш Віган і Чэшскі квартэт» (1955), «Ёзаф Славік» (1957), «Эжэн Ізаі» (1959)…У 1962 годзе Леў Гінзбург выдаў кнігу «М. Растраповіч». На момант выдання нарыса творчасці пра Мсціслава Леапольдавіча будучаму лаўрэату Ленінскай прэміі, народнаму артысту СССР (высокае званне Растраповіч атрымаў у 1966-м), пяцікратнаму лаўрэату прэміі Грэмі было ўсяго толькі 35 гадоў. Вопытны педагог Леў Саламонавіч Гінзбург быў здольны не толькі разгледзець таленты, а вылучаўся яшчэ захопленасцю, уражлівасцю ад вялікіх мастацкіх здабыткаў. Віяланчэль — надзвычай цікавы інструмент. Чатыры струны пры майстэрскім валоданні здольны прымусіць да адлюстравання ўсёй палітры гучання паміж высокім альтам і нізкім кантрабасам. Гісторыя інструмента адносіць яго нараджэнне да XVI стагоддзя. Праз сто гадоў намаганнямі выдатных майстроў італьянскіх школ была створана класічная мадэль віяланчэлі з цвёрда ўсталяваным памерам корпуса. У сярэдзіне XVIII стагоддзя віяланчэль пачалі выкарыстоўваць як канцэртны інструмент. Дзякуючы больш яркаму, поўнаму гучанню і палепшанай тэхніцы выканання яна канчаткова выцесніла з музычнай практыкі віёлу да гамба. Канчатковае сцвярджэнне віяланчэлі адбылося ў XX стагоддзі, найперш дзякуючы намаганням Пабла Казальса (1876—1973), каталонскага музыканта, дырыжора, кампазітара. І пра яго ў Льва Гінзбурга ёсць асобная кніга. Дарэчы, Казальс штогод гастраляваў у Расіі (1905—1913 гг.) як саліст і таксама ў ансамблі з С. Рахманінавым, А. Зілоці, А. Гальдэнвейзерам. Падчас Нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны іспанскага народа 1936—1939 гг. ён актыўна дапамагаў рэспубліканцам. І пасля падзення Іспанскай рэспублікі быў вымушаны эмігрыраваць у Францыю. Калі ў 1945 годзе прэм’ер-міністр Францыі Ж. Бідо ўручаў музыканту ордэн Ганаровага легіёна, то адрасаваў яму наступныя словы: «Вы — адзін з галасоў сусветнага сумлення». У 1958-м Казальс намініраваўся на Нобелеўскую прэмію міра…

Абараніўшы ў параўнальна маладым узросце дысертацыю на ганаровую ступень доктара мастацтвазнаўства (у 1947 годзе, калі яму толькі споўнілася сорак), Леў Гінзбург, здаецца, імкнуўся ў сваіх гісторыка-музычных працах адлюстраваць кожную старонку ў развіцці віяланчэлі і выканання музыкі на гэтым інструменце. Магіляўчаніна цікавілі літаральна ўсе яркія музыкі ранейшых стагоддзяў і яго сучаснікі, увага даследчыка была скіравана і на таленавітую моладзь. Сярод персанажаў кніг і артыкулаў Л. Гінзбурга — віяланчэлісты і скрыпачы Луіджы Бакерані, Джузепэ Тарціні, Карл Давыдаў, Эжэн Ізаі, Марыс Марэшаль. Іх імёны назаўсёды застануцца ў гісторыі сусветнай музыкі.

А што да кнігі, якую я захоўваю доўгія гады, то яе старонкі, выпісаныя талентам, дасведчанасцю нашага земляка, уражваюць і цяпер. Бо ў адлюстраванні лёсу і творчасці геніяльнага бельгійскага музыканта, скрыпача і кампазітара Анры В’ётана (1820—1881) Леў Саламонавіч знайшоў такія словы, такую танальнасць, што чытач не толькі адкрывае высокае прафесійнае майстэрства, асэнсоўвае шлях творцы да самых высокіх здзяйсненняў, але і ўнікліва спасцігае разуменне, якіх высілкаў каштуе праца ў вялікім мастацтве. Між іншым, і сёння шырокай вядомасцю карыстаецца перароблены В’ётанам для скрыпкі вядомы раманс Аляб’ева «Салавей».

Раман СЭРВАЧ