Голад, Л. Найстарэйшы і сучасны : чым жыве філіял «Магілёўаблгідрамет» / Лізавета Голад // Звязда. — 2024. — 10 жніўня. — С. 13.
Чым жыве філіял «Магілёўаблгідрамет»
Прагляд прагнозу надвор’я стаў амаль штодзённым рытуалам. Аднак мала хто задумваецца, што за гэтым стаіць карпатлівая праца вялікай колькасці спецыялістаў. Сёлета дзяржаўнай Гідраметэаралагічнай службе спаўняецца 100 гадоў. З нагоды круглай даты мы вырашылі адправіцца ў адзін з яе філіялаў — «Магілёўаблгідрамет», каб расказаць і паказаць, як ствараюцца прагнозы.
АС «Горкі»
Найстарэйшая ў краіне
Гідраметэаралагічная служба Магілёва шмат у чым унікальная. Пачнём з таго, што яна найстарэйшая ў Беларусі. Першыя інструментальныя назіранні за надвор’ем пры Магілёўскай губернскай гімназіі былі пачаты яшчэ ў ліпені 1808 года. Да таго ж яна адзіная ў краіне носіць імя знакамітай асобы. У гонар 175-годдзя аблвыканкам прысвоіў на той момант Магілёўскай абласной гідраметэаралагічнай абсерваторыі імя земляка — гідраметэаролага Ота Юльевіча Шміта.
Дарэчы, гісторыю тут шануюць, і ўсе важныя даты азначаюцца адпаведнымі памятнымі знакамі. 100-годдзе Белгідрамета таксама не стане выключэннем — у гонар прыгожай даты ў Магілёве заклалі дзве алеі: каля будынка Магілёўаблгідрамета і ў гарадскім парку.
Больш чым прагноз надвор’я
Спектр работ у філіяле вельмі шырокі. Тут праводзяць метэаралагічныя, аграметэаралагічныя і гідралагічныя назіранні, ажыццяўляюць экалагічны і радыяцыйны маніторынг.
— Наша назіральная сетка складаецца з шасці метэаралагічных станцый, адной авіяметэаралагічнай станцыі, аднаго пункта назіранняў, размешчанага на тэрыторыі філіяла, і аўтаматычнай метэаралагічнай станцыі «Вялікі Мяжнік» у Шклоўскім раёне. Таксама дзейнічаюць 12 гідралагічных рачных пастоў і адзін азёрны, — распавядае начальнік філіяла Мікалай Костусеў.
Начальнік філіяла «Магілёўаблгідрамет» Мікалай Костусеў
Сёння ўсе метэаралагічныя станцыі Магілёўаблгідрамета, на якіх рэгулярна праводзяцца метэаралагічныя і аграметэаралагічныя назіранні, абсталяваны аўтаматычнымі вымяральнымі сістэмамі тыпу «Вайсала». А чатыры гідралагічныя пасты працуюць цалкам у аўтаматычным рэжыме.
— Увогуле, мы адны з першых у краіне ўстанавілі аўтаматычную станцыю яшчэ ў пачатку 2000-х, — адзначае Мікалай Костусеў. — Так, усе метэаралагічныя параметры: тэмпература, вецер, яго кірунак і хуткасць, а таксама шэраг іншых паказчыкаў вымяраюцца аўтаматычна і аператыўна перадаюцца ў Белгідрамет, дзе ў далейшым выкарыстоўваюцца сіноптыкамі для складання прагнозаў надвор’я.
Тым не менш спадзявацца толькі на тэхналогіі і выключаць чалавечы фактар не варта. Для больш дакладных і аб’ектыўных назіранняў усе дзяжурныя кожныя тры гадзіны выходзяць на метэаралагічную пляцоўку і здымаюць паказанні. І гэтаму, паводле слоў начальніка філіяла, трэба вучыцца. Прычым пастаянна.
— Калі прыходзіць новы спецыяліст, няхай нават дыпламаваны, яму, каб унікнуць ва ўсе тонкасці справы, трэба як мінімум 2-3 гады, — тлумачыць ён.
Сам Мікалай Эдуардавіч па адукацыі эколаг, на прадпрыемстве працуе ўжо больш як 30 гадоў. Рамяство гэта ён вывучыў усебакова: быў і кіроўцам, і інжынерам… І ўжо 10 гадоў як начальнік філіяла.
А што ў Горках?
Удалося нам пабываць і на аграметэаралагічнай станцыі «Горкі», гісторыя якой непарыўна звязана са старэйшай аграрнай ВНУ Беларусі. Так, менавіта пры Горы-Горацкай земляробчай школе ў ліпені 1841 года былі арганізаваны першыя метэаралагічныя назіранні.
У далейшым, дарэчы, шматлікія навінкі галіны выпрабоўваліся таксама тут. Напрыклад, у пачатку 2000-х у Горках упершыню ў краіне ўстанавілі аўтаматычную станцыю. Да таго ж многія метэаназіранні, якія робяць тут, па-сапраўднаму эксклюзіўныя: нідзе ў краіне больш не вывучаюць выпарэнні з воднай паверхні, актынаметрыю, працягласць сонечнага ззяння і тэмпературу на глыбінях пры дапамозе выцяжных тэрмометраў.
Яшчэ адна адметнасць АС «Горкі» — вельмі маляўнічая тэрыторыя. Газоны з узорамі і памятнымі знакамі, клумбы, дэкарыраваны калодзеж, арэлі, баскетбольная пляцоўка і шмат-шмат чаго іншага. У такой атмасферы прыемна працаваць. І прымаць экскурсіі.
— У нас бываюць групы розных узростаў: ад вучняў пачатковых класаў да студэнтаў профільных ВНУ. Да ўсіх у нас індывідуальны падыход. Малых, вядома, інфармацыяй не перагружаем — аглядная экскурсія і ў баскетбол гуляем ці фатаграфуемся на нашых пляцоўках. Да студэнтаў жа падыход зусім іншы, — дзеліцца начальнік метэастанцыі Вячаслаў Паўлоўскі.
Начальнік аграметэаралагічнай станцыі «Горкі» Вячаслаў Паўлоўскі
Лабараторны свет
Маніторынг атмасфернага паветра ў Магілёве праводзіцца на чатырох пунктах назіранняў у дыскрэтным рэжыме (14 кантраляваных паказчыкаў) і на двух аўтаматычных станцыях назіранняў за прыярытэтнымі забруджвальнымі рэчывамі. Але, мабыць, самае цікавае заўсёды адбываецца ў лабараторыях. Тут адбіраюць пробы, аналізуюць іх, атрымліваюць канцэнтрацыі і перадаюць атрыманыя даныя ў Белгідрамет.
— Вызначаем таксама канцэнтрацыі цяжкіх металаў, нітратаў, сульфатаў і нафтапрадуктаў у глебе. Мы адзіныя ў Белгідрамеце вызначаем канцэнтрацыю ртуці, толькі ў нас ёсць адпаведныя абсталяванне і акрэдытацыя, — дзеліцца начальнік аддзела маніторынгу навакольнага асяроддзя Юлія Дзінькевіч.
Акрамя таго, у складзе прадпрыемства ёсць аддзел радыяцыйнага маніторынгу, які з’яўляецца адказам беларускіх вучоных на выклік чарнобыльскай катастрофы. Пад кіраўніцтвам начальніка аддзела Таццяны Ананіч здзяйсняецца радыяцыйны маніторынг атмасфернага паветра і глеб на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Дакладнасць прагнозаў
Важным этапам работы гідраметэаралагічнай службы з’яўляецца адпраўка інфармацыі атрымальнікам. Сярод іх дзяржаўныя органы, сілавыя структуры, дарожныя службы, паліўна-энергетычныя, сельскагаспадарчыя і лясныя галіны.
— У нашых прагнозаў даволі высокі ўзровень апраўдвальнасці: каля 96%—98%, — гаворыць начальнік аддзела забеспячэння спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыяй Алена Цюхай. — Гэта значыць, што са 100 прагнозаў усяго 2-4 не апраўдваюцца, ды і то, тут маюцца на ўвазе невялікія хібнасці, напрыклад па тэмпературным рэжыме.
Паводле яе слоў, самая высокая ступень апраўдвальнасці ў прагнозаў, якія даюцца на трое сутак. Тым не менш даюцца і больш доўгатэрміновыя, напрыклад на 7-10 сутак наперад.
Вядучы інжынер-хімік Юлія Зубовіч выконвае аналіз проб глебы
Цікавы факт — у спісе паслуг філіяла ёсць адзін вельмі крэатыўны пункт: сертыфікат і пашпарт надвор’я.
— Гэта маляўніча аформлены дакумент, які, акрамя слоў віншаванняў і пажаданняў, змяшчае дакладную інфармацыю аб умовах надвор’я, што назіраліся ў любым пункце Беларусі ў пэўны дзень або перыяд, — тлумачыць Алена Уладзіміраўна.
Тэхнік-метэаролаг Таццяна Дукшынская вымярае тэмпературу вады ў выпарніку
Пасля такога падрабязнага знаёмства з гідраметэаралагічнай службай яскрава разумееш, што ад якасці яе работы залежыць вельмі шмат. Гэта значна больш, чым простае «што надзець?». Гэта будаўніцтва, дзейнасць ЖКГ, сельскай гаспадаркі, МНС і многіх іншых галін.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара