Сучаснасць пакінута назаўтра?

Хадыка, К. Сучаснасць пакінута назаўтра? / Кастусь Хадыка // Літаратура і мастацтва. — 2024. — 9 жніўня. — С. 7.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. А. Куляшова выдадзены зборнік навуковых артыкулаў па матэрыялах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні», якая прайшла ў вядучай ВНУ краіны 4–5 мая 2023 г. 

Наклад выдання 48 асобнікаў. Пад адной вокладкай аб’яднаны матэрыялы пленарнага пасяджэння і чатырох раздзелаў: «Актуальныя напрамкі і пытанні мовазнаўства. Мова і мысленне. Мова і соцыум. Супастаўляльныя даследаванні моў. Медыяпрастора, медыялінгвістыка і медыястылістыка»; «Мастацкая літаратура Беларусі і нацыянальная самасвядомасць. Сусветная мастацкая літаратура і актуальныя праблемы літаратуразнаўства. Мова, стыль і інтэрпрэтацыя мастацкага твора»; «Актуальныя пытанні айчыннай і сусветнай гісторыі і культуры. Станаўленне, развіццё і ідэалагічныя асновы беларускай дзяржаўнасці»; «Актуальныя пытанні методыкі выкладання гуманітарных дысцыплін у вышэйшай і сярэдняй школе. Асаблівасці міжкультурнай камунікацыі ў адукацыйнай прасторы».

Больш за 40 дакладаў і выступленняў адлюстроўваюць характар, сутнасць «Куляшоўскіх чытанняў» 2023 года, удзел у якіх прынялі, акрамя вучоных, даследчыкаў з Магілёва, навукоўцы з Мінску (Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва, Нацыянальны інстытут адукацыі), Гродна (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы), Расійскай Федэрацыі (Ліпецкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П. П. Сямёнава-Цян-Шанскага. Ялецкі дзяржаўны ўніверсітэт імя І. А. Буніна).

Што, мякка кажучы, «зачапіла», што падштурхоўвае да нераўнадушных разваг? Звернемся да другога раздзела, які, відавочна, аб’яднаў працы ўдзельнікаў аднаго секцыйнага пасяджэння — літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў. Прызнацца, хацелася знайсці хаця б адну тэму, так ці іначай звязаную з жыццём і творчасцю Аркадзя Куляшова, чыё імя носіць універсітэт, чыё імя дадзена канферэнцыі. Няўжо куляшовазнаўства спыніла сваё развіццё?!

Выдатна, што ў адным з дакладаў разглядаецца творчасць сучаснага літаратуразнаўца і пісьменніка — размова пра тэму «Уклад І. І. Саверчанкі ў навукова-адукацыйную і духоўна-культурную спадчыну Беларусі».

Ёсць яшчэ і даклад, звернуты да сучаснай рускамоўнай літаратуры Беларусі. Праўда, пабудаваны ён толькі на аглядзе творчасці 15 паэтаў Беларусі, якія пішуць на рускай мове і чые творы ўвайшлі ў калектыўны зборнік «Споведзь». Дарэчы, кніга пабачыла свет у 2010 годзе. Гэта, вядома, добра, што выданне разглядаецца. Хаця разам з тым і тэма ў назве заяўлена шмат шырэй.

Ёсць даклады, прысвечаныя творчасці Аляксея Дударава, Алеся Разанава, народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. І гэта надзвычай добра. Прысутнічаюць у гэтым і іншым раздзелах ці секцыях даклады, звязаныя з творчасцю рускіх пісьменнікаў: Валянціна Катаева, Захара Прылепіна, Ганны Ахматавай.

Шкада, што не знайшлося сярод удзельнікаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прэзентуе і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова, і Магілёўшчыну, тых, хто звярнуўся б да творчасці Аркадзя Куляшова, Максіма Гарэцкага, а яшчэ да спадчыны знакамітых пісьменнікаў-магіляўчан старэйшага пакалення. Сярод іх — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Пысін, народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, вядомы літаратуразнавец Міхась Мушынскі, ураджэнцы Магілёўшчыны, паэты, празаікі Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Казлоў, Уладзімір Саламаха, Кастусь Кірэенка… І сёння ў Магілёве і вобласці жывуць і працуюць Алесь Казека, Мікалай Барысенка, Мікола Леўчанка, Віктар Арцём’еў, Алена Кісель, Жанна Міус, Уладзімір Ясеў і іншыя. Чаму б не звярнуцца да разгляду іх творчасці ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця беларускай літаратуры і культуры ўвогуле? Ці і надалей сучаснасць будзе пакінута назаўтра?

Кастусь ХАДЫКА