Год завяршаецца добра, але гэтага недастаткова

Зігуля, Н. Год завяршаецца добра, але гэтага недастаткова / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2024. — 9 лістапада. — С. 4.

У Магілёве падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і выканання бюджэту за дзевяць месяцаў

У пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва аблвыканкама, адміністрацый раёнаў Магілёва і Бабруйска, дэпутаты, сенатары, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, арганізацый вобласці.


Як адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, сітуацыя ў вобласці стабільная і кіраваная. За дзевяць месяцаў выкананы асноўныя паказчыкі матрыцы, устаноўленай для вобласці Саветам Міністраў, акрамя аднаго — уводу жылля з дзяржпадтрымкай. Рост ВРП склаў 105,2% пры заданні 103,3%.

— Сёлета ў рэальным сектары эканомікі назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Разам з ростам попыту на нашы тавары ўнутры краіны павялічыўся попыт на іх і на знешніх рынках, што дазволіла нарасціць экспартныя пастаўкі на 9% у цэлым — да 1,7 мільярда долараў, у тым ліку на рынках Расійскай Федэрацыі на 12,5% — да 1,4 мільярда долараў.

Анатоль Ісачанка звярнуў увагу на тое, што выдаткі бюджэту захавалі сацыяльную накіраванасць. На сацыяльную сферу накіравана 1,9 мільярда рублёў — 60% ад усіх расходаў. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 кастрычніка склаў 0,2 працэнта да колькасці працоўнай сілы пры прагнозе не больш чым 1 працэнт. Арганізацыямі Магілёўскай вобласці ў студзені—жніўні атрымана 968,5 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што на 236,6 мільёна рублёў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць стратных арганізацый у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года знізілася на восем.

Падчас пасяджэння былі заслуханы даклады намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара і начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Юрыя Ільюшчыца, якія адзначылі моцныя і слабыя бакі ў сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці. На жаль, існуюць і праблемныя пытанні. Для таго каб выпрацаваць неабходныя кіраўнічыя рашэнні і забяспечыць развіццё ўсіх без выключэння арганізацый Магілёўскай вобласці, на пасяджэнні аблвыканкама была разгледжана работа кожнай сферы рэальнага сектара эканомікі і заслуханы справаздачы асобных кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў, якія маюць пэўныя праблемы.

Вельмі важнае і адчувальнае пытанне — гэта рост узроўню зарплаты. Сярэднемесячная зарплата ў цэлым па Магілёўскай вобласці за дзевяць месяцаў склала 1847 рублёў з тэмпам росту болей чым 20%. Прыкладна такі ж тэмп росту паказваюць і даходы ў бюджэт Магілёўскай вобласці. Стабільная работа эканомікі дазваляе напаўняць бюджэт і рэалізоўваць намечаныя сацыяльныя праграмы. У вобласці капітальна рамантуецца і будуецца шмат дарог, аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі. Вялікая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі аб’ектаў адукацыі.

— Для нас важна тое, што мы выйшлі на траекторыю ўстойлівага росту, — падсумаваў у размове з журналістамі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. —Трэба адзначыць, што ўсе галіны рэгіёна дэманструюць рост. Што датычыцца прамысловасці, мы бачым рост парадку 7%, які абумоўлены ў асноўным за кошт экспартных паставак. Магілёўская вобласць, як і ў цэлым краіна, экспартаарыентаваная. Таму рост экспарту на 9% дазволіў дадаткова загрузіць магутнасці нашых прадпрыемстваў. А вось пастаўкі на экспарт павялічыліся за кошт павышэння якасці і мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў. У гэтым вялікую ролю адыграў працяг інвестыцыйнага цыкла нашых прадпрыемстваў. За дзевяць месяцаў тэмп росту інвестыцый у эканоміку Магілёўскай вобласці склаў 131%. Мы бачым, што выдаткі на набыццё машын і абсталявання склалі больш за 40%. Інвестыцыі ўкладваюцца не проста ў сцены, а ў мадэрнізацыю, у актыўную частку асноўных сродкаў.

На асобым кантролі ў аблвыканкаме знаходзіцца выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы па рэалізацыі інвестпраектаў «Адзін раён — адзін праект». У вобласці сфарміраваны пералік такіх інвестпраектаў, на сёння іх існуе 31. Рэалізацыя дзесяці ўжо завершана, да канца года плануецца рэалізаваць яшчэ тры. Астатнія будуць завершаны да канца наступнага года.

— Разам з тым мы не стаім на месцы, — адзначыў Руслан Страхар. — Ужо цяпер фарміруем новыя інвестпраекты, і гэтаму садзейнічае работа ўрада па даручэнні Прэзідэнта па стварэнні спрыяльнага інвестклімату. У нас карэктуецца заканадаўства па інвестдзейнасці, і гэта дазваляе аказваць большую падтрымку суб’ектам, якія рэалізоўваюць інвестпраекты. Акрамя гэтага, па даручэнні ўрада Банкам развіцця прадугледжаны цэлы шэраг ільготных крэдытных прадуктаў, якія дазваляюць суб’ектам гаспадарання прасцей, хутчэй і больш эфектыўна рэалізоўваць інвестпраект. Што датычыцца малога і сярэдняга бізнесу, у Магілёўскай вобласці, як і ва ўсёй краіне, існуе асобная праграма падтрымкі яго шляхам субсідзіравання на конкурснай аснове.

Па выніках пасяджэння выпрацаваны шэраг мер па паляпшэнні сітуацыі па кожным з кірункаў. Адстаючым раёнам даручана працягнуць работу па дасягненні мэтавых індыкатараў, устаноўленых планам развіцця асобных рэгіёнаў, з улікам дапушчанага адставання, а таксама разгледзець на пасяджэннях райвыканкамаў выкананне гэтага плана па выніках работы за 2024 год з ацэнкай работы кадраў і адлюстраваннем канкрэтных мер, накіраваных на яго выкананне. Кіраўнікам прамысловых арганізацый трэба забяспечыць да канца года выкананне асноўных параметраў бізнес-планаў развіцця і прыняць меры па зніжэнні запасаў гатовай прадукцыі.

— З тымі паказчыкамі, што складваюцца на сёння, мы атрымаем нядрэнны вынік у канцы года, але гэтага недастаткова, — рэзюмаваў кіраўнік вобласці. — Трэба клапаціцца і пра развіццё прадпрыемстваў, і пра працоўныя месцы, і пра павелічэнне заработнай платы. Гэтага можна дасягнуць толькі праз інвестыцыі і павелічэнне прадукцыйнасці працы.

Нэлі ЗІГУЛЯ